Архіпелаг Беларусь
Шрифт:
Аляксандр Адамянц: Што вы думаеце аб праблемах мовы? Беларусь двухмоўная краіна, хаця гарадское насельніцтва ў асноўным размаўляе па-руску і ў многіх ёсць адмоўнае стаўленне да беларускай мовы? Якія перспектывы развою і ўзаемадачыненняў гэтых дзвюх моваў?
— Зусім нядаўна я нечакана для сябе зразумеў, што пасля маіх дзяцей самым дарагім для мяне ў гэтым жыцці з’яўляецца мова. Яна мне нават даражэйшая за свабоду і незалежнасць Беларусі. Чаму так? Можа таму, што быццё і нябыт у сваім цэлым размаўляюць са мной толькі па-беларуску (і ні на якой іншай мове яны са мной размаўляць не жадаюць). З гэтага вы лёгка можаце сабе ўявіць, як мне няўтульна ад той сітуацыі, у якой знаходзіцца сёння беларуская мова. Разам з тым, я выдатна разумею, што нават у спрыяльных умовах гэ-тая сітуацыя радыкальна не пераменіцца, і беларуская мова, бадай, ніколі не запануе спрэс. Я аб гэтым ужо шмат пісаў і таму не маю ніякай
«Трэці Шлях»: Дык што ў рэшце рэшт чакае беларускую мову, і на якой мове беларусы стануць размаўляць у будучым?
— Хацелася б верыць, што калі сённяшні рэпрэсіўны перыяд адносна беларускай мовы скончыцца, яна знойдзе сваё месца (і сваю ролю) у жыцці не толькі нацыянальна заангажаваных беларусаў, але і ўсяго грамадства. Разам з тым, найбольш пэўна, што Беларусь і надалей застанецца полімоўнай краінай (якой яна і была заўсёды).
Актыўна будзе пашырацца англамоўны дыскурс, патроху адсланяючы рускамоўны. Хаця, прынамсі ў бачнай перспектыве, дамінаванне рускай мовы бясспрэчна застанецца. А даўжыня гэтай перспектывы будзе залежаць ад заняпаду (ці росквіту) Расіі. У эпоху камунікатыўна адкрытых прастораў (глабалізацыі) з рускай мовай і ў Расіі неўзабаве паўстануць сур’ёзныя праблемы. І калі Расія ператворыцца ў глухую правінцыю глабальнага свету, дык хто захоча размаўляць мовай «дзярэўні», тым болей — не сваёй «дзярэўні»?
«Трэці Шлях»: Якую ролю адыгрывае родная мова ў нацыянальнай культуры, свядомасці, палітычнай стабільнасці і эканамічнай эфектыўнасці грамадства?
— Я не думаю, што, скажам, паміж мовай і эканамічнай эфектыўнасцю грамадства існуе хоць нейкая наўпроставая сувязь. Амерыканская нацыя на чужой мове стварыла самую магутную за ўсю гісторыю чалавецтва супердзяржаву. (Дарэчы, наўрад ці ў амерыканцаў атрымалася б падобнае, каб яны скарысталіся французскай альбо іспанскай мовамі, але гэта ўжо зусім іншая гаворка). А з іншага боку, немагчыма ўявіць немцаў у той значнасці, якую мы ведаем за імі, без нямецкай мовы (бадай, зусім невыпадкова немцы збудавалі сваю нацыю менавіта на этналінгвістычнай мадэлі). Адным словам, уласныя мова і нацыянальная культура камусьці дапамагаюць у палітычным і эканамічным уладкаванні, а камусьці і не (самымі беднымі і неўладкаванымі з’яўляюцца традыцыйныя грамадствы трэцяга свету, дзе родная мова і культура татальна дамінуюць).
Што да нацыянальнай самасвядомасці, дык адсутнасць уласнай мовы тут таксама адбіваецца па-рознаму. Аўстрыйцам, здаецца, не надта муляе, што яны яе не маюць (хаця, да свайго сораму, я пра гэтую праблему аўстрыякаў нічагусенькі не ведаю), а вось чэхі не супакоіліся, пакуль канчаткова не змайстравалі сабе ўласную мову. (Бачыце, суседзі, а як усё па-рознаму). У выпадку з беларусамі праблема мовы, як мне здаецца, чым далей, тым болей будзе муляць, але пры гэтым яна не будзе знаходзіць адназначнага вырашэння. Яшчэ праз нейкі (невялікі) час беларусы стануць спрэс ідэнтыфікаваць сябе беларусамі, аднак размаўляць будуць пераважна па-руску. Толькі ў адрозненне ад аўстрыякаў, унутры кожнага з беларусаў з гэтай «асіметрычнасці» запыніцца назаўжды трохі няўтульнасці, бо раз-пораз ім давядзецца перастракацца з беларусамі, якія размаўляюць па-беларуску. А ў тых яшчэ болей будзе няўтульнасці (і нязручнасці), бо бальшыня такіх самых беларусаў вакол іх гаворыць інакш.
Каб я быў палітыкам, дык узяў бы сабе адной з асноўных задач пазбавіць і тых і другіх беларусаў ад гэтай няўтульнасці.
«Трэці Шлях»: Як найбольш эфектыўна данесці да грамадзянаў Беларусі неабходнасць ведаць і размаўляць па-беларуску? Што для гэтага трэба рабіць? Ці можа тэлебачанне і кіно быць рухавіком гэтага працэсу?
— Рэч зусім не ў тэхналогіях і спосабах «беларусізацыі». Самыя дасканалыя з іх не будуць мець аніякага эфекту, пакуль улада і грамадства не адчуюць сантымент да «матчынай» мовы, як да таго, што палягае ў прычыне і гэтай дзяржавы і іх саміх, як беларусаў, нават калі яны і не збіраюцца вяртацца да мовы продкаў. Толькі паўсюдная сімпатыя і, магчыма (але не абавязкова), ціхі дакор самому сабе за тое, што адлучаны ад слова продкаў, створаць атмасферу прыязні, у якой «мова» зможа заняць хай сабе і не дамінуючую, але стабільную пазіцыю і спакойна функцыянаваць у меру таго рэальнага патэнцыялу, які яна мае насамрэч.
«Трэці Шлях»: Якую б нацыянальную ідэю Вы прапанавалі беларусам, зыходзячы з іх культурных і сацыяльных каштоўнасцяў?
— Калі нехта вам скажа, што ён вынайшоў «нацыянальную ідэю», дык вы пахваліцеся яму, што прыдумалі «перпетум мобіле», ці злавілі ў глухіх нетрах Белавежскай пушчы «снежнага чалавека». Верагодна, ён вам і паверыць, але вы яму не давайце веры. Немагчыма вынайсці тое, чаго ў прыродзе няма. А ў «прыродзе» беларусаў няма ніякай нацыя-нальнай ідэі. Ну калі ўжо некаму без яе хоць памірай, дык хай у гэтай якасці фармалізуе Беларусь як такую. Маўляў, нацыянальная ідэя беларусаў — Беларусь. Трохі дурнавата гучыць, але насамрэч даволі слушна. Бо калі што і яднае беларусаў, дык гэта топас. Таму ва ўсе гістарычныя эпохі, у якія б геапалітычныя канфігурацыі гэтая тэрыторыя не патрапляла, яна заўсёды патрабавала для сябе адметнага статусу (ВКЛ у Рэчы Паспалітай, «Северо-Западный» край у Расійскай імперыі, «Крэсы всходні» ў Польшчы, БССР у Савецкім Саюзе).
Але давайце пакінем праблему «нацыянальнай ідэі» штатным ідэолагам. Бо асабіста для мяне сапраўдная праблема Беларусі (і беларусаў) бачыцца зусім у іншым. Праз стагоддзі розныя палітычныя сілы мэтанакіравана прафанавалі і нашу зямлю, і ўвесь лад ды космас нашага жыцця. І дапрафанавалі да таго, што ўрэшце мы самі паверылі ў сваю прафаннасць (а цяпер і другіх пераконваем у гэтым). Таму сёння я бачу толькі адну сапраўды рэальную праблему, а менавіта: як нам сакралізаваць Беларусь (у сэнсе, як давесці беларускаму грамадству сакральнасць іхняга гістарычнага шляху і іхняга апрычонага топасу)? Бо не могуць не мець сакральнага зместу тыя тысячагоддзі, якімі поўнілася быццё гэтага краю. Прафаннае так доўга не існуе. Так доўга існуе толькі сакральнае.
Аляксандр Адамянц: У сувязі з мовай паўстае дадатнае пытанне. Як вам бачыцца праблема нацыянальнага самавызначэння і нацыянальнай самаідэнтычнасці беларусаў? Ці не з таго ўзнікаюць цяжкасці з нацыянальным самавызначэннем, што беларуская мова апынулася на перыферыі культурнай сітуацыі ў цэлым?
Вольга Шпарага: Я хачу зрабіць яшчэ адну заўвагу з гэтай нагоды, абапіраючыся на вашыя тэксты. Вы дастаткова негатыўна ацэньваеце нацыянальную ідэю. Па-першае, последам за бальшынёй еўрапейскіх філосафаў адзначаеце, што пара нацый у заходнім свеце прамінула. Гэты час прыпаў на мадэрную эпоху XVII—XIX стагоддзяў і характарызаваўся фармаваннем нацыянальных дзяржаваў. Крызіс гэтай эпохі звязаны з Першай і Другой сусветнымі войнамі, калі нацыі-дзяржавы распачалі змаганне адна з адной. Пасляваенны перыяд і наступ эпохі постмадэрна — гэта час фармавання новых надцыянальных — эканамічных, палітычных, культурных — структур, якія бяруць на сябе місію вырашэння міжнацыянальных і міжкультурных канфліктаў. Па-другое, канец нацыянальнай ідэі вы звязваеце з канцом «эпохі Ідэй», гэта значыць, нейкіх абстрактных і універсальных тэарэтычных канструктаў, якім мусілі падначальвацца лакальныя тэорыі і практыкі. Эпоха постмадэрна зрабіла лакальнае, ці актуальнае, у вашай тэрміналогіі, найвышэйшай каштоўнасцю. Па- трэцяе, вы адзначаеце, што ў мастацкім плане нацыяналістычныя ідэі нічым не розняцца ад камуністычных.
Тады напрошваецца пытанне: ці не пярэчыць беларуская нацыянальная ідэя сучаснаму цывілізацыйнаму развою? Другое пытанне, якое мяне хвалюе: калі падобная супярэчнасць насамрэч існуе, дык ці рэальна яе пераадолець? Інакш кажучы, ці магчыма народу альбо дзяржаве здзейсніць самавызначэнне, прамінуўшы этап нацыянальнай самаідэнтыфікацыі? І ці не ёсць менавіта гэтая праблема — фармаванне Беларусі як самастойнай нацыянальнай дзяржавы ў эпоху «пасля нацый» — генератарам усіх нашых сённяшніх бедаў?
— Уласна кажучы, вы, Аляксандр і Вольга, у гэтых апошніх сваіх пытаннях сфармулявалі і мае адказы на іх. Таму мне застаецца толькі дадаць трохі інтэрпрэтацыяў… У эпоху «выбуху мадэрнасці» нацыяналізм выявіўся універсальнай ідэалагічнай формулай для самых непадобных соцыумаў. Нацыяналізмам па-рознаму, але аднолькава плённа скарысталіся і даўно паўсталыя дзяржавы, і тыя, што ствараліся наноў (хаця дакладней было б сказаць, што гэта нацыяналізм імі скарыстаўся). Але трыумфальнае шэсце нацыяналізму было звязанае не з яго фантастычнай прыдатнасцю да гранічна розных сітуацыяў у якасці ідэалогіі, а з тым, што ён апынуўся найбольш эфектыўным інструментам у якасці тэхналогіі мадэрнага соцыуму. Дарэчы, на неверагодную тэхналагічнасць нацыяналізму амаль ніхто не звярнуў увагу… Зрэшты, сёння ўсё гэта ўжо амаль не мае значэння. Бо цывілізацыя культураў скончылася. Пачалася культура цывілізацыі, якая пакуль трымае назву «глабалізацыя». Зразумела, што глабалізацыя — гэта прынцыпова іншая (ад нацыяналізму) форма ідэалагічнага і тэхналагічнага ўладкавання быцця чалавека. І мы разам з усімі нацыяналізмамі (аформленымі, недааформленымі і толькі запачаткаванымі) ужо ўцягнутыя ў гэтую новую гульню ў жыццё, правілы якой, дарэчы, яшчэ толькі пачынаюць пісацца, і таму пакуль зусім не зразумела, хто ў канчатковым выніку ў ёй пераможа.