Архіпелаг Беларусь
Шрифт:
Алесь Козік: Вы лічыце сябе філосафам ці про ста інтэлектуальна заангажаваным пісьменнікам?
— У акадэмічным сэнсе я не філосаф, а літаратар, схільны да аналітыкі і абстрактнага рэфлексавання… Іншая рэч, што ва ўсе часы прыналежнасць да філасофіі вызначалася не столькі прафесійным статусам, колькі наяўнасцю ўласна мыслення ў таго, хто хоць нейкім чынам спрабуе асэнсаваць падзею быцця…
5. Terra nihil
З’яўленне ўласнабеларускага філасофскага дыскурса, які пачаў фармавацца ўсяго толькі апрыканцы васьмідзесятых гадоў ХХ стагоддзя, сталася адной з самых буйных падзеяў у культуры сучаснай Беларусі. Але адразу мушу зазначыць, што тут я кажу менавіта пра беларускую філасофію, а не пра філасафаванне на Беларусі ўвогуле, якое, акрамя як у беларускім, адбываецца
Зміцер План: Ці ёсць увогуле філасофія на Беларусі?
— Філасофія на Беларусі, безумоўна, ёсць. Сведчаннем таму шэраг досыць цікавых як беларускіх, так і рускамоўных філосафаў… І ўжо іншая рэч, што было б нават абсурдна параўноўваць філасофскую сітуацыю на Беларусі з тым, што мае, скажам, Германія ці Францыя. Між іншым, культур, здольных прадукаваць адметны філасофскі прадукт, вельмі мала (іх лёгка пералічыць па пальцах адной рукі). Можна мець вялікую культуру, як руская, і пры гэтым не мець адметнай філасофіі.
Людміла Рублеўская: Беларуская нацыянальная філасофія. Калі яна ёсць, дык што з сябе ўяўляе, калі яе няма — дык чаму? Ва універсітэцкім курсе філасофіі мы, сярод іншага, вывучалі філасофію Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча і іншых беларускіх паэтаў. Гэта выклікала здзіўленне, і нам здавалася, што паэты патрапілі ў «філасофію» толькі таму, што не знайшлося «сапраўдных» філосафаў, накшталт Сакрата ці Гегеля…
— Філасофія — гэта мысленне. А мысленне — гэта перадусім мова. У сваю чаргу кожная мова ёсць ні чым іншым, як вербалізаваным досведам нейкага апрычонага адбывання быцця. Адсюль вынікае, што мысленне на беларускай мове хоць у нечым ды адрозніваецца ад мыслення на кітайскай, французскай ці арабскай мовах. Таму беларускай нацыянальнай філасофіяй можа называцца толькі тая філасофія, якая мысліць свет і чалавека ў гэтым свеце праз беларускую мову. Бо адно ў такім выпадку яна можа зразумець і вымавіць нешта такое, чаго немагчыма зрабіць у іншых мовах. Разам з тым, калі не да нацыянальных, дык да беларускіх я залічыў бы тых філосафаў, якія хоць і мысляць па-руску, але не тым дык іншым чынам суадносяць свае рэфлексіі з нацыянальным культурным кодам.
Зміцер План: Што, на ваш погляд, цікавага адбывалася і адбываецца ў нашай інтэлектуальнай прасторы?
— Цікавага, з майго гледзішча, адбывалася і адбываецца даволі. З нядаўняга ранейшага згадаю унікальны віцебскі часопіс «Дыялог. Карнавал. Хранатоп» (галоўны рэдактар — Анатоль Панькоўскі), прысвечаны выключна аднаму філосафу — Міхаілу Бахціну. Альбо першы беларускі філасофскі часопіс «Фрагменты» (галоўны рэдактар — Ігар Бабкоў).
Адносна нядаўна пабачыла свет «Анталогія сучаснага беларускага мыслення», якая падсумавала інтэлектальны плён паўставання дыскурса сучаснага беларускага мыслення (укладальнікі Алесь Анціпенка і аўтар гэтых радкоў). Дарэчы, ніхто з нашых суседзяў такой анталогіі не мае. Або возьмем часопіс «Перекрёстки» (галоўны рэдактар Ігар Бабкоў). Гэта межрэгіянальнае выданне, якое ставіць на мэце гуртаванне ў агульнай тэкставай прасторы інтэлектуалаў з Беларусі, Украіны і Малдовы. Але ягоная адметнасць яшчэ і ў тым, што ён цалкам прысвечаны адной з самых актуальных сёння праблемаў — праблеме «пагранічча» (краінаў, культураў, цывілізацыяў). Нічога падобнага няма не толькі ў СНД, але і ва Усходняй Еўропе… Ужо колькі год Таццяна Шчытцова робіць пры ЭГУ філасофска/культуралагічны часопіс «Топос». Працягваецца далейшае разгортванне яшчэ аднаго унікальнага праекта, які ладзіць Аляксандар Грыцанаў. Гэта шматтомны збор энцыклапедыяў (ужо выйшла дзевяць важкіх тамоў — ад «Истории философии» і «Постмодернизма» да «Социологии»). Усе гэтыя энцыклапедыі пераважна разлічаныя на расійскі кніжны рынак, а значыць сёння ў Расіі і многіх краінах СНД знаёмяцца з сусветнай філасофіяй у інтэрпрэтацыі беларускіх інтэлектуалаў. Але на гэтым Аляксандр Грыцанаў не спыняцца, у дадатак да энцыклапедыяў ён распачаў выданне серыі кніжак «Мыслители ХХ столетия».
Зміцер План: Кажуць, што эпоха тытанаў ад філасофіі скончылася?..
— Пра гэта ўпэўнена можна будзе казаць хіба год праз сто. Прынамсі ХХ стагоддзе было, бадай, самым багатым на «тытанаў» за ўсю гісторыю філасофіі. Да таго ж інтэлектуальна гэта было найбольш разнастайнае стагоддзе, якое сфармулявала цэлы шэраг вялікіх інтэлектуальных стыляў, найперш згадаем экзістэнцыялізм, псіхааналіз, марксізм, структуралізм, постмадэрнізм… Разам з тым, праблема, відавочна, ёсць. Толькі яна палягае не ў крызісе «тытанаў», а ў крызісе самой філасофіі. Сёння пастаўлена пад радыкальны сумнеў права на існаванне філасофіі ўвогуле, прынамсі, у яе «класічнай» версіі. Інакш кажучы, зусім верагодна, што тая філасофія, якой мы яе ведалі, у будучым (і не лішне аддаленым) можа быць выкінутай на сметнік гісторыі (больш мілажальны варыянт — засунутай у архіў гісторыі ідэяў).
Максім Жбанкоў: Ці з’явілася за гады нашай незалежнасці ўласна беларускае мысленне?
— Раней, калі нехта казаў «беларускі філёзаф», дык усе вакол пасміхаліся, як быццам яны пачулі нешта недарэчнае. Сёння азначэнне «беларускі філосаф» гучыць гэтаксама натуральна, як, скажам, «польскі філосаф». Цягам гэтых год былі закладзеныя падваліны сучаснага беларускага мыслення, магчымасць якога была толькі пазначаная на пачатку ХХ стагоддзя Ігнатам Канчэўскім і Уладзімірам Сулімам.
Максім Жбанкоў: Правакацыйнае пытанне: а навошта Беларусі свая філасофія? Вось не маюць яе Швейцарыя або Бельгія — і нічога, жывуць і някепска. Можа, сапраўды, за нас ужо ўсё напісалі Гегель, Ніцшэ ды Бадрыяр?
— Напрыканцы 80-х—пачатку 90-х гадоў, калі толькі пачынаў фармавацца дыкурс сучаснага беларускага мыслення, я лічыў, што без уласнай філасофіі беларуская культура заўсёды будзе заставацца не поўнай. Цяпер я разумею, што культура можа поўнавартасна функцыянаваць і без філасофіі, прынамсі, як такой…
Максім Жбанкоў: І беларуская культура таксама?
— І беларуская таксама. Але я б не выключаў, што Беларусь у гэтым плане яшчэ спраўдзіцца. Аб нашым не абы-якім інтэлектуальным патэнцыяле сведчаць тыя мысляры беларускага паходжання, што рэалізоўвалі сябе ў іншых культурах (у самыя розныя эпохі). Дарэчы, для таго, каб з’явілася адметная філасофія зусім не патрэбны сотні ці тысячы філосафаў. Аднаго Артэгі-і-Гасэта хапіла, каб Іспанія ўвайшла ў лік філасофскіх нацыяў.
Максім Жбанкоў: Айчыннае інтэлектуальнае жыццё фактычна падзеленае на два ўзроўні: карпаратыўна-бюракратычны і пазасістэмны, дзе знаходзяцца актуальныя, але з большага нелегітымныя аналітыкі і філосафы. Што азначае гэты расклад?
— Напрыканцы 80-х-пачатку 90-х у нас была парадаксальная сітуацыя: прафесійныя асяродкі, якія мусілі трансляваць філасофскую веду ў сучаснасць і адначасна разгортваць тут найноўшую веду, не займаліся гэтым у нацыянальна-культурным дыскурсе. Ні ў Акадэміі навук, ні на кафедрах філасофія не прысутнічала як падзея беларускага інтэлектуальнага жыцця. І рэч не ў тым, што не пісаліся тэксты «на мове» ці іх пісалася мала: скажам, была выдадзеная шматтомная «Гісторыя беларускай філасофіі» па-беларуску… Рэч у тым, што прафесійныя філосафы ў Беларусі не былі ўлучаныя ў нацыянальна-культурны космас і з гэтага іх філасафаванне было філасафаваннем людзей з ніадкуль. А мысленне (нават чыстае) ёсць мысленне праз апірышча на тыя ці іншыя культурныя знакі ды атрыбуты. Зразумела, быццё немагчыма памысліць толькі праз знакі і атрыбуты беларускага соцыакультурнага кода, але калі яны ў мысленні не прысутнічаюць татальна, дык пра якую беларускую філасофію можа ісці гаворка? Адраджэнская эпоха 90-х гадоў якраз і выявіла ўсю абсурднасць гэткай сітуацыі. Тады і з’явіўся шэраг людзей, патэнцыйна гатовых да інтэлектуальнай працы ў дыскурсе нацыянальнай філасофіі. Але яны рэалізоўвалі свой інтэлектуальны досвед не ў прафесійных філасофскіх асяродках, нават калі там працавалі. Гэта значыць, што сучаснае беларускае мысленне фармавалася не ў акадэмічных інстытуцыях, а ў вольных суполках і незалежных культурна-філасофскіх выданнях. Падзел на інстытуцыянальную рускамоўную філасофію і вольную ад усялякіх канонаў і дысцыплінарсцяў ўжо ўласна беларускую існуе і па сёння.