Архіпелаг Беларусь
Шрифт:
Міхась Скобла: За савецкім часам беларусы не маглі свабодна выказвацца, а эмігранты жылі ў вольным ад палітычнай цэнзуры свеце. Ці напоўніцу скарысталася літаратура беларускай эміграцыі гэтай свабодай?
— Натуральна, на Захадзе магчымасцяў для свабоды выказвання было непараўнальна болей, чым у Краіне Саветаў — асабліва ў фармаце мастацкай творчасці. Але беларускай эміграцыі гэтая свабода, як выявілася, была цалкам непатрэбная. Страціўшы за камуністамі бацькаўшчыну, яна ўвесь патэнцыял свайго вольнамыслення ўклала ў антыкамунізм. А паколькі Захад тады таксама змагаўся з камунізмам, як са сваім галоўным ворагам, дык нашыя суайчыннікі ўсяго толькі дадаліся да майнстрыма змагання з «імерыяй зла». Інакш кажучы, адчайны антыкамунізм, спароджаны «тугой па радзіме», зняволіў іх можа
Таццяна Палякова: Існуе думка: усё беларускае мастацтва да самага апошняга часу было мастацтвам супраціву каланіяльным, камуністычным ці дэспатычным практыкам. А калі гэта сапраўды так, дык ці не прыводзіць падобная тэндэнцыя да спрошчвання мастацкай формы, пазбаўляючы яе філасофскай і псіхалагічнай глыбіні?
— Я з вамі згодны: сітуацыя супраціву, якая паўстае з прагі нацыянальна завершанай і дзяржаўна незалежнай Беларусі, і спрошчвае, і зніжае, і абмяжоўвае прыгожае пісьменства. Я схільны нават радыкалізаваць прыхаваную ў вашым запытанні тэзу. З майго гледзішча, нацынальная ідэя — гэта пятля на шыі беларускай літаратуры. Адсюль, перафразуючы Юліуса Фучыка, уся беларуская літаратура — гэта рэпартаж з пятлёй на шыі. Але нават усведамляючы ўвесь негатыў свайго становішча, беларускі літаратар не зможа выйсці з сітуацыі супраціву да той пары, пакуль гэтая праблематыка не будзе не тым, дык іншым чынам развязаная.
Сяргей Дубавец: 12 лютага 1974 года расійскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Аляксандр Салжаніцын піша свой зварот да сучаснікаў пад назвай «Жыць без ілжы». Нельга зменшыць ролю гэтага эмацыйнага закліку, які ў часы глыбокага застою перадаваўся з рук у рукі і падбухторваў людзей на супрацьстаянне таталітарнаму ладу.
Што да Беларусі, дык у нас артыкул Аляксандра Салжаніцына водгуку не меў, прынамсі, у хроніцы дэмакратычнай апазіцыі такіх звестак няма. Рэч у тым, што дысідэнцкія з’явы ў тагачаснай Беларусі мелі, бадай, выключна нацыянальна-дэмакратычны характар. Гаворка ішла пра адраджэнне культуры, а не пра змену палітычнага рэжыму… Сёння мы перачытваем зварот Аляксандра Салжаніцына «Жыць без ілжы» ўпершыню па-беларуску. Услухаемся ў яго і дамо магчымасць аўтару ды ягоным суайчыннікам услухацца ў нас.
— Тэкст варты, каб над ім задумацца, але не толькі ў тых аспектах, што нам прапанаваў Аляксандр Салжаніцын. І найбольш нецікавы з іх той, што вынікае з яго сённяшняга перакладу на беларускую мову, а менавіта: актуальны ці неактуальны ён для беларускай цяпершчыны? Відавочна, сёння на Беларусі казань «Жыць без ілжы» амаль гэтаксама актуальная, як і для савецкага чалавека ў пару «брэжнеўскага застою». Бо перад кожным з беларусаў зноў паўстала праблема: гаварыць ці не гаварыць праўду, маўчаць ці не маўчаць. Ці хаця б маўчаць няпраўду… Але мяне гэтая прамова турбуе зусім іншым.
Аляксандр Салжаніцын спадзяваўся, што калі адзін, два, а потым і ў мностве людзі пачнуць жыць не «по лжи», гэта значыць, калі не змогуць гаварыць праўду, то хаця б будуць асцерагацца гаварыць няпраўду, каб не ўдзельнічаць у татальнай хлусні, арганізаванай уладамі, дык гэтым свет адразу пераменіцца да лепшага.
Прамінулі гады, цалкам незалежна ад высілкаў праўдалюбцаў развалілася ці не найвялікшая ў свеце «імперыя зла», з чаго вуліцы, плошчы, газеты і тэлебачанне запоўніліся праўдзівым словам. І што? Хіба сёння расіяне і той жа Аляксандр Салжаніцын могуць сказаць, што вымаўленыя ў мностве праўдзівыя словы перарабілі іхні (і наш) свет да лепшага. Так, шмат у чым менавіта з тых словаў гэты свет стаўся іншым, але ці лепшым? Дык ці здольная «праўда выратаваць свет», ці можа жыццё не ў хлусні, а ў праўдзе нешта радыкальна змяніць у гэтым свеце? Тым і каштоўны для мяне тэкст Аляксандра Салжаніцына, што ў ягонай праекцыі вельмі выразна высвятляецца адзіна магчымы адказ: не! На вялікі жаль, свет калі і перарушвае да лепшага, дык нейкімі іншымі шляхамі, а не праз праўдзівае слова.
Аляксандр Салжаніцын піша: калі мы не можам выйсці на плошчу, калі мы не маем права вольна выбіраць сабе кіраўніцтва, дык давайце хаця б не будзем з гэтага самі сабе хлусіць. Гэта значыць, ён быў упэўнены, што з магчымасці вольнага выбару кіраўніцтва і публічна праўдзівага слова мы адразу здабудзем вартае чалавека жыццё.
Не здабылі. І плошчы для мітынгаў адкрытыя, і праўдзіваму слову хапае месца ў публічнай прасторы, і на выбарах каго хочаш выбірай (усё роўна выбярэш «Пуціна»), а праўды як не было раней, гэтаксама няма і цяпер.
Чаму так? Не ведаю. Можа рэч у тым, што праўда існуе дзеля змагання за жыццё, а не для ўласна жыцця.
Сяргей Дубавец: Дарэчы, у беларускай літаратурнай класіцы нічога падобнага на гэты тэкст няма. І тут зноў Салжаніцын вядзе нас да вывучэння ў саміх сабе той расійскай саборнасці, таго ўсеагульнага яднання людзей у духоўным ачышчэнні, якога беларусы ніколі не ведалі ані ў сваёй літаратуры, ані ў сваёй гісторыі…
І яшчэ. Перачытваючы гэты дысідэнцкі тэкст савецкай пары, я раптам зразумеў, чаму сёння ён стаў хрэстаматыйным у выданнях РПЦ. Бо гаворка ў ім не пра што іншае, як пра выратаванне душы.
— Аднак пры гэтым тэкст Аляксандра Салжаніцына страшэнна заідэлагізаваны. Яго рыгарыстыка палохае: калі ты жывеш не па праўдзе, калі ты, крый Божа, выступіў на камуністычным сходзе, валок транспарант на майскай дэманстрацыі ці зрабіўся сябрам партыі альбо хаця б камсамолу — значыць да канца свету гарэць табе ў «салжаніцынаўскім» пекле. Але ж гэткі самы радыкальны падыход да чалавека культывавалі і інквізіцыя, і бальшавікі, і ўвогуле ўсе таталітарныя ідэалогіі.
Калі этычны імператыў дапасоўваецца не да самога сябе, а да некага іншага, ён з этычнага адразу ператвараецца ў ідэалагічны. Калі б Аляксандр Салжаніцын гэты зварот напісаў як уласны этычны кодэкс (маўляў: усё, з 12 лютага 1974 года я буду жыць адно паводле праўды) — тады б меўся высокі маральны чын. Аднак тут мы маем нешта цалкам супрацьлеглае, а менавіта жорстка сфармуляванае патрабаванне да іншых: хопіць хлусіць! Гэта значыць ён патрабуе ад усіх астатніх, каб яны разумелі жыццё і паводзілі сябе ў жыцці адпаведна яго, Аляксандра Салжаніцына, крытэрыяў. Што, далікатна кажучы, і ёсць праявай адвечнай таталітарнай сутвы расійскага чалавека, на якой толькі і мог ўскаласіцца спрэс рэпрэсіўны бальшавізм.
Будзем карэктнымі, сам Аляксандр Салжаніцын абраны ім маральны фармат сцвердзіў усім сваім жыццём. Але той не абы-які грамадзянскі і літаратурны талент, што ён атрымаў ад уласнага кону не ёсць шараговай падзеяй і таму сфармаваны гэтым талентам кодэкс паводзінаў не можа быць ні натуральнай мерай, ні актуальнай задачай шараговага чалавека. Шчыра кажучы, асабіста для мяне рэпрэсіўная ідэалогія тэксту «Жыць без ілжы» патэнцыйна выглядае ці не больш страшнай за камуністычную.
І апошняе… Чалавек зрабіўся чалавекам перадусім таму, што раўнуючы з астатнімі жывымі відамі меў неверагодна магутны «ген» адаптацыі. І калі б чалавек у сваёй асноўнай масе не мог прыстасоўвацца да самых неспрыяльных і проста такі ганебных абставінаў, то як від, а тым болей як проста такі фантастычная цывілізацыя, ніколі не паўстаў бы. Таму кожная этычная максіма, якая патрабуе, каб людзі насуперак свайму адаптацыйнаму імператыву выступалі супраць паноўных канстантаў знадворкавага свету, выдае на правакацыю. І дзякаваць Богу, што нават у эру дамінавання этычных дактрынаў (хрысціянства) чалавек у сваім цэлым не паддаўся на гэтую правакацыю. Бо тады ад нас ужо пэўна не засталося б і знаку.
Павел Савоська: Ці можна ўпэўнена сказаць, што Беларусь мае сусветна вядомага пісьменніка? Ці, магчыма, яго няма? Ва ўсякім разе, на жаль, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі ніхто не стаў…
— Не можа быць сусветна вядомага пісьменніка ў краіне, якую мала хто ў свеце ведае. Калі ўся краіна з працай і творчасцю дзесяцімільённага народа ніяк не можа прыдбаць сабе пазнавальнае імя, то як можна спадзявацца, што гэта зробіць адзін чалавек? Дарэчы, сусветна знакамітых пісьменнікаў не так ужо і шмат, асабліва калі параўноўваць з колькасцю моваў. Ды і ўвогуле, сёння кожнае з’яўленне на літаратурным небасхіле новай «сусветнай зоркі» залежыць ад столькіх суб’ектыўных фактараў, што даволі праблематычна вызначаць у гэтай справе нейкія аб’ектыўныя крытэрыі. Скажам, я ўпэўнены, што калі б Кузьма Чорны, з тымі яго набыткамі, што мы маем, здзяйсняў сябе ў французскай літаратуры, дык, напэўна, быў бы сярод нобелеўскіх лаўрэатаў. Трохі перабольшваючы заўважу, што ў Францыі таго часу ці не кожны больш-менш адметны пісьменнік атрымліваў прэмію Нобеля.