Архіпелаг Беларусь
Шрифт:
Я не ўпэўнены, што Алесь Разанаў некалі зможа знішчыць мумію вечнасці ўнутры сябе (сваёй паэтыкі), але вось у чым я ўпэўнены, дык гэта ў тым, што ён, пакуль будзе, будзе і будзе біць тыя шыбы вітрынаў вонкі, за якія мы засоўваем яго, каб мець для сябе каштоўны экспанат.
Біце нашы вітрыны, Паэт! Я гатовы падносіць вам камяні.
Анатоль Івашчанка: Кніга Алеся Асташонка «Жоўты колер белага снегу» — нагода пагутарыць не толькі пра саму кнігу, але і звярнуць увагу на асобу яе аўтара: літаратара шчодра адоранага ва ўсіх яго творчых іпастасях. Без ведання гэтага імя, на нашую думку, не мажліва атрымаць поўнага ўяўлення
— У той час, калі Алесь Асташонак яшчэ быў жывы (і мы з ім сябравалі), мне раз-пораз здавалася, што праз яго прагнуў вымкнуць да чытача геніяльны празаік… Не атрымалася. Але калі ён наймацней грукаў у Алесевы рэбры, з’яўляліся тэксты, якія і стваралі падставу думаць пра гэта.
Зрэшты, падобна на тое, што ў Алеся да рэшты ўвогуле нічога не атрымалася. Што ні вазьмі: творчасць, сям’ю, кон, Радзіму — усюды і ва ўсім незавершанасць. Бадай і найлепшай характарыстыкай яму будзе: геній незавершанасці.
У гэтым сэнсе ён абсалютна супрацілеглы Анатолю Сысу. Пры «тыпалагічным» падабенстве бязладных жыццяў і неўпарадкаваных смерцяў, Анатоль Сыс вычарпаў свой творчы патэнцыял да астачы — і сышоў у невараць пусты, як цень.
Цалкам інакш у Алеся Асташонка. Ён — суплёт бліскучых пачаткаў (у прозе, драматургіі, эсэістыцы, перакладзе…), якія нідзе не спраўдзіліся напоўніцу. І рэч не ў тым, што яму не хапіла таленту, часу ці спагады жыццёвых абставінаў. Усё гэта ён меў, не раўнуючы з многімі. Калі чаго яму і не ставала насамрэч, дык гэта хоць трохі «таўсцейшай скуры».
У сваім жыцці не сустракаў, па-руску кажучы, больш «ранимого» чалавека. Пры гэтым ён аднолькава трагічна перажываў і пустую плётку пра сябе, і гвалт паноўнай улады над краінай. Неяк Алесь знік на некалькі дзён з рэдакцыі (тады мы разам працавалі ў часопісе «Крыніца»), а калі вярнуўся да справаў, дык патлумачыў, што ў адной незалежнай газеце пабачыў слова «клюб» і каб хоць неяк ператрываць гэткі здзек над мовай у яго не заставалася іншага выйсця, акрамя як тэрмінова бегчы ў краму. (Дзеля карэктнасці заўважу, што да мяккага варыянта «тарашкевіцы» ён ставіўся досыць лаяльна. Але гэтае сапраўды ідыёцкае змякчэнне «л» у замежных словах будзіла ў ім змрочнага шаленца).
У ідэале празаік мусімець грубую, як у насарога, скуру. Каб не тое што скразнякі, а нават і віхуры знадворку не збівалі з роўнага дыхання, якім трымаецца дыскурс яго ўласнага свету. Марсель Пруст такой скуры не меў, таму наглуха «атынкаваў» сцены працоўнага кабінета коркавым дрэвам, каб нішто не замінала ўслухоўвацца ў самога сябе. Алесь Асташонак нічога падобнага не зрабіў (хаця было, што імкнуўся) і з гэтага ягоныя лёгкія былі бітма набітыя смуродам эпохі. І адно калі задуха трохі адпускала, ён пачынаў ліхаманкава збіраць у словы сваю пашкамутаную і ўскрай разбэрсаную моўчу. Гэта значыць адчайна кідаўся да пісаніны, хрыплай, з надрывам і стогнам (што праўда, у самыя светлыя дні не пазбаўленай адметнага гумару) і не адыходзіў ад пісьмовага стала да наступнага прыступу задухі…
«Дзеяслоў»: У выдавецтве «Логвінаў» выйшла кніга Альгерда Бахарэвіча «Ніякай літасьці Валянціне Г.» (ці варта казаць, амаль не заўважанай у друку). Хацелася б пачуць вашае меркаванне і пра кнігу, і ўвогуле пра творчасць гэтага аўтара.
— Пачну, як гэта ні дзіўна, з п’есы «Мізантроп». Гэта не самая знакамітая з п’есаў Мальера, аднак мне яна найлепей запомнілася. І вось чаму. У маладыя гады я прагнуў любіць людзей — усіх! Калі заўгодна — тады гэты было першасным заданнем маёй жыццядзейнасці, якое я пэўны час нават паспяхова выконваў. Але потым са мной нешта здарылася і людзі мне раптам абрыдзелі — усе, разам. Я нікога не хацеў ні бачыць, ні чуць і ўвесь час думаў, куды б яно збегчы, каб нідзе нікога…
З гэтага свайго стану я добра такі пералякаўся, бо ў тадышнім маім даўменні не любіць людзей агулам маглі толькі злачынцы. І я, нечакана для самога сябе, апынуўся адным з іх. Натуральна, мне было вельмі блага…
На маё шчасце, якраз тады я чытаў п’есы Мальера і сярод іх — «Мізантроп». Галоўны герой быў адмоўным персанажам і таму не выклікаў асаблівых сімпатый. Але яго бязлітасная і бліскуча аргументаваная аналітыка чалавека, як a priori заганнай істоты, якая па азначэнні (з гледзішча мізантропа) не падлягае любові, мяне неверагодна ўразіла і разам з тым суцешыла. Бо я ў адначассе зразумеў некалькі надзвычай істотных для сябе рэчаў:
а) мой стан не ёсць нейкай паталагічнай хібай, паколькі паходзіць з досыць пашыранай з’явы, якая мае нават легітымнае найменне — мізантропія;
б) чалавек немагчымы як чалавек без свайго цёмнага боку, дзе прытоеныя зламыснасць, хцівасць, ненавісць, здрада, сквапнасць і яшчэ безліч усякага такога, што па сваёй прыродзе не можа ахоплівацца любоўю. З гэтага атрымліваецца, што любіць усяго чалавека па азначэнні нельга, а можна любіць толькі яго светлую перспектыву;
в) да таго ж любіць чалавека зусім і не абавязкова, бо не на любові чалавека да чалавека трымаецца свет (любоў яго толькі ўпрыгожвае), а на адказнасці кожнага з нас і перад другім чалавекам і перад быццём як такім.
Карацей кажучы, сваім «Мізантропам» Мальер досыць аператыўна вылечыў мяне ад мізантропіі і надалей падобных мітрэнгаў я ужо ніколі не меў…
Перакінулася шмат год, перш чым я зноў узгадаў «Мізантропа» ды сваё выбаўленне ад заганы чалавекалюбства — і гэтая згадка была з’ініцыяваная прозай Альгерда Бахарэвіча. Дзеля ўласнага карыстання я яе адразу пазначыў як мізантрапічную, бо апісанне чалавека ў Альгарда Бахарэвіча было такім жа бязлітасным, як і ў героя Мальера. Але паколькі панятак «мізантропіі» ў грамадскай свядомасці ўсё яшчэ поўніцца адмоўнымі канатацыямі, дык да гэтай пары я не выкарыстоўваў яго публічна. На тое ў мяне мелася як мінімум дзве грунтоўныя прычыны. Па-першае, Альгерд Бахарэвіч глыбока сімпатычны мне як чалавек, і я не хацеў каб які зласлівец з маіх развагаў прычапіў яму мянушку «мізантроп». А па-другое, ужо з дэбюта Альгерда Бахарэвіча відавочнілася, што гэта не проста яшчэ адна кніжка, напісаная прозай, а сакральны акт нараджэння Празаіка. І таму было б зусім неабачліва яшчэ кволы парастак сакральнага публічна выпрабоўваць прафанным.
Разам з тым, для сябе я зацеміў, што лічы кожны вялікі празаік, як мінімум, латэнтны мізантроп. Найлепшым сведчаннем таму агульнавядомы факт, што ва ўсёй сусветнай літаратуры адмоўныя героі эстэтычна куды больш выразныя, чым станоўчыя. Бадай пасля аўтара «Апакаліпсіса» самым вялікім мізантропам сярод пісьменнікаў быў Дантэ, з чаго мы і атрымалі геніяльнае «Пекла», куды ён паскідаў усіх ненавісных яму людзей («Чысцец» і «Рай» у той жа «Боскай камедыі» мала чаго вартыя раўнуючы з «Пеклам»). І нават такія, па чалавечы сімпатычныя героі, як Дон Кіхот і Швейк ёсць нічым іншым, як прыхаваным здзекам Сервантэса і Гашэка з лялечна абфарбаванага чалавека, якога грамадства нас прымушае любіць. Што ўжо тут казаць пра сучасную літаратуру. Згадаем хаця б Мішэля Уэльбэка, феномен папулярнасці якога цалкам абумоўлены татальна мізантрапічнай візіяй як кожнай людзіны паасобку, так і ўсяго сусвету агулам.