Архіпелаг Беларусь
Шрифт:
Аляксандр Адамянц: Слова «інтэлектуал» адсылае нас да еўрапейскага культурнага кантэксту. Адразу згадваюцца такія прозвішчы як Ж. П. Сартр, А. Камю, М. Фуко, Ю. Хабермас, Э. Саід, М. Хомскі ды іншыя. З гэтага і пытанне: ці ёсць падставы казаць пра «беларускіх інтэлектуалаў». Ці не з’яўляецца выкарыстанне гэтага тэрміну штучным, механічным пераносам заходніх рэалій на беларускую глебу. Магчыма, для нашага беларуска-расійскага культурнага арэала больш арганічным выступае слова «інтэлігенцыя»? Аднак феномен інтэлігінцыі, у прыватнасці, «рускай інтэлігенцыі» нясе на сабе цяжар гістарычнай адказнасці за бальшавіцкую рэвалюцыю 1917 года. Руская інтэлігенцыя, як вядома, вельмі жорстка крытыкавалася такімі выбітнымі філосафамі як М. Бярдзяеў,
— У мяне алергія на даведкавую літаратуру (а, можа, гэта нават нейкая лакалізаваная форма бібліяфобіі?). Таму я ніколі не даведаюся, як прэзентуюць дэфініцыі «інтэлектуал» і «інтэлігент» розныя тлумачальныя слоўнікі. Хаця, што праўда, у сваю пару я добра такі начытаўся ўсялякіх расійскіх кніжак, дзе феномен інтэлігенцыі слынныя аўтары аналізавалі ў самых неверагодных камбінацыях. Але і тады, калі я тыя кніжкі чытаў, тэндэнцыя вінаваціць расійскага інтэлігента ў «кастрычніцкай» катастрофе не падавалася мне лішне пераканаўчай. Тым болей не бачыцца яна слушнай цяпер, калі я ўжо даўно не чытаю, прынамсі мітуслівых, расійскіх кніжак.
Што да «злачыннай» сутвы інтэлігенцыі, дык у гэтам плане расійцы проста падхапілі і перайначылі на свой капыл наіўную еўрапейскую схему, згодна з якой першапрычынай Вялікай французскай рэвалюцыі аб’яўляліся «энцыклапедысты» — Вальтэр, Русо, Дзідро і г. д. (Дакладней, спачатку яны падхапілі схему самой рэвалюцыі, а ўжо потым прафанаваную версію яе як бы першапрычыны). Аднак вінаваціць інтэлектуала ў сацыяльный катастрофе не больш разумна, чым доктара ў той смяротнай хваробе, якую ён выявіў у пацыента. Нямецкі фашызм паспяхова паўстаў нават насуперак інтэлектуальнаму супраціву, а сталінізм — з татальнага вынішчэння расійскай інтэлігенцыі…
Вяртаючыся да «апазіцыі дэфініцыяў» інтэлектуал — інтэлігент, я б яе тут засведчыў не арыгінальна, але затое гранічна проста. Інтэлектуал — гэта эўрыстычная катэгорыя, а інтэлігент — этычная. Класічны расійскі інтіэлігент у сваёй масе быў не вельмі адукаваным чалавекам і гэтую сваю хібу кампенсаваў этычным імператывам. Але паколькі этычнае, як цэлае, ужо даўно апынулася спрэс інтэграваным у тэхналагічныя практыкі сучаснай цывілізацыі, дык інтэлігент застаўся без канстытуючай яго функцыі. (Тэхнакратычная цывілізацыя вызваліла этычнае з дыскурса ідэальнага, каб на ягонай базе сканструяваць паліткарэктнае сацыяльнае. Рэальнасць этычнага імператыва сёння — гэта турнікет на ўваходзе ў метро, рэгуліроўшчык на скрыжаванні дарог, прафсаюзны камітэт, сацыяльнае страхаванне, урэшце, будзільнік). Чым займацца ў такой сітуацыі інтэлігенту як інтэлігенту, я не надта сабе ўяўляю. Ды нічым сваім, інтэлігенцкім, ён даўно ўжо і не займаецца. Бо ад інтэлігента, як этычна-сацыяльнай падзеі, засталося адно толькі слова, якім, каб і хацеў, дык без іроніі і няма што назваць.
Зрэшты, не лепей справы складваюцца і ў «інтэлектуала» — толькі ўжо наадварот «не лепей». Паколькі ў шырокім сэнсе інтэлектуал — гэта той, хто займаецца разумовай (інтэлектуальнай) працай, дык ужо сёння інтэлектуалам можна назваць калі не кожнага, дык кожнага другога. А з улікам таго, што колькасць фізічнай працы, як толькі фізічнай, неўзабаве апынецца «блізу нуля», дык перспектываў у гэтай дэфініцыі таксама не бачна. Але паколькі яна мне падабаецца, дык для сябе я яе абараніў «эўрыстычнай катэгорыяй», каб як найдалей развесці інтэлектуалаў, якія займаюцца «механічнай» разумовай працай, ад тых, для каго інтэлектуальная дзейнасць ёсць формай творчасці і, шырэй, адбывання быцця.
Вольга Шпарага: У адным з сваіх эсэ вы сцвярджаеце, што той, хто заангажаваны лёсам Беларусі, мусіць,
Але, разам з тым, ці не азначае гэта і той факт, што ў Беларусі пакуль няма інтэлектуалаў? І ці лічыце вы сябе інтэлектуалам?
— Інтэлектуалаў (і ў маім, эўрыстычным разуменні) у нас даволі. Прынамсі, тыя асяродкі, у якіх я пераважна знаходжу сябе, складаюцца менавіта з іх. Магчыма і залішне самаўпэўнена, але сябе я таксама тарную з інтэлектуаламі. А як яшчэ можна назваць чалавека, які здольны закахацца ў прыгожую думку, як у прыгожую жанчыну? А можа і яшчэ мацней!..
Сёння, як вядома, адбываецца татальная мінімізацыя ролі інтэлектуала. Гэтаму свету інтэлектуал зрабіўся амаль не патрэбным. Яму даволі палітыка, паліттэхнолага і журналіста… Але нягледзячы на відавочнасць гэтай тэндэнцыі, мне ўяўляецца надзвычай істотным, каб у Беларусі выразна акрэсліўся яркі, адметны і эўрыстычны інтэлектуальны дыскурс. Без яго Беларусь назаўжды застанецца няпоўнай. Моцна няпоўнай. Поўнай адно напалову.
Вольга Шпарага: Акрамя мінулага і сучаснасці нам заўсёды хочацца мець будучае. Як мне ўяўляецца, інтэлектуал — гэта той, хто не перапаручае будучае іншаму, а сам яго стварае і сам адказвае за яго. Калі гэта так, дык якія сёння задачы мае інтэлектуал на Беларусі? На што мусяць арыентавацца беларускія інтэлектуалы? Ці патрэбная ім супольная дзейнасць і салідарнасць — у тым ліку і з іншымі стратамі грамадства?
— У інтэлектуала, што беларускага, што хоць якога яшчэ, адна задача — прарываць аблогу немагчымага. І ўжо іншая рэч, што для інтэлектуала, які аднойчы прачнуўся інтэлектуалам у Беларусі (у прасторы, якая для яго адкрылася як «terra inkognita»), за гэтым «немагчымым» не трэба далёка хадзіць, яно чакае яго літаральна «за парогам» і ён як бы a priori мусіць прарвацца праз яго, як праз сваю ўласную інтэлектуальную праблему, якую ніякім іншым чынам нельга абмінуць. Прынамсі, калі яму імпануе быць менавіта беларускім інтэлектуалам.
Вольга Шпарага: Так сталася, што ў еўрапейскай культуры, прынамсі да эпохі постмадэрна, інтэлектуаламі былі высокаадукаваныя людзі. Аднак інтэлектуаламі іх рабіла не толькі адукацыя, а разуменне неабходнасці свайго актыўнага ўлучэння ў тыя працэсы, што адбываліся ў грамадстве. У гэтым сэнсе, традыцыйным для еўрапейскага інтэлектуала быў удзел у палітыцы (аб гэтым, у прыватнасці, нагадвае і М. Фуко). Калі звярнуць увагу на філосафаў, дык сярод іх цяжка знайсці таго, хто б не кранаў пытанняў палітычнага ўладкавання і не ставіў сабе задачу асветніцтва суграмадзянаў у гэтых пытаннях. Тое ж самае можна сказаць і пра літаратуру: у ёй дзіўным чынам прыватныя калізіі прыватнай асобы адлюстроўваюць публічныя праблемы грамадства. Хаця, недзе з 60-х, сітуацыя на Захадзе мяняецца, і гэта звязана з тым, паводле Фуко, што масам робіцца непатрэбнай кіруючая роля інтэлектуала, паколькі цяпер яны і без падказак пачынаюць разумець, што адбываецца вакол. Тым не меней, праца інтэлектуала не страціла свайго значэння, паколькі ўлада і сацыяльныя сувязі патрабуюць крытыкі і асэнсавання, якія, аднак, могуць паставіць пад пытанне працэс атрымання масамі задавальненняў ад жыцця — і таму масы будуць пазбягаць гэтых пытанняў, а ўлады выкарыстоўваць гэтае адсланенне масаў ад праблемных кантэкстаў. «Новы» інтэлектуал таксама спажывае масавую культуру, але, застаючыся пры гэтым крытычным і самакрытычным, патрабуе зменаў ды інавацыяў, без якіх грамадству наканаваныя дэградацыя і гібенне. У звязку з гэтым у мяне будуць наступныя пытанні: ці магчымы інтэлектуал па-за палітыкай; ці абавязкова мусіць інтэлектуал быць гуманітарыем і філосафам; у якіх стасунках, на ваш погляд, сёння знаходзяцца філасофія і палітыка?