Байкі жыцьця
Шрифт:
Валадар краіны Страхалюдыі вельмі ўстрывожыўся і ўсе страхавіцкія сілы кінуў на барацьбу з падрыўной ідэалёгіяй. Каб ідэя страху дзейнічала больш эфэктыўна, ён увёў сьмяротную кару нават за самы дробны амаральны ўчынак, калі той выклікаў сьмех. Злачынцаў стала звыш усялякай меры. Асабліва калі ў краіне пачаўся эканамічны спад, а затым крыза, і ня стала чаго есьці. Дайшло да таго, што аднойчы ў сьвяточны дзень на галоўнай плошчы сталіцы сабралася дэманстрацыя за права есьці. (Гэтыя нечуваныя раней прэтэнзіі на нейкія там правы таксама былі кантрабандай увезеныя з краіны сьмехавітаў). Валадар абкружыў войскам плошчу і перад сьвятыняй Страху наладзіў дэманстрантам крывавую лазьню. Былі сотні забітых і яшчэ болей параненых. Улады той лік перабольшылі ў дзясяткі разоў — у адпаведнасьці зь сьвятой і непарушнай ідэяй Страху. І падзейнічала. Усе ўбачылі, што Страх па-ранейшаму мае сілу і не абы-якую. Пачаліся размовы, што ня варта супраць яго выступаць, што перамогі ўсё роўна ня будзе, што трэба шукаць кансэнсус з Валадаром. Страх непераможны, бо ў ім ёсьць
І тады ў горадзе паявіўся Мірон.
Гэта быў малады хлапец родам з самай галоднай правінцыі, ён валодаў неверагоднымі здольнасьцямі. Вырасшы ў лесе, мог узьлезьці на самае высокае дрэва, нават на голы ствол пальмы. Як ён тое рабіў, ніхто ніколі ня бачыў. Звычайна яго заўважалі, калі ён ужо быў наверсе і шпурляў адтуль какосавыя гарэхі, якія вясёла падбірала дзятва. Характарам ён быў свавольнік.
І вось аднойчы па горадзе панесьліся чуткі, што на плошчы ў паўдзён адбудзецца штось неверагоднае. Людзі зранку пачалі зьбірацца да плошчы; блізка да ансамблю Страху не пушчала ахова. Здаля людзі назіралі, любаваліся зіхаценьнем залатога порціку, у якім зьзяў непераможны, сьвятарны Страх. Улады, вядома ж, не гублялі пільнасьці, узмацнілі ахову. Сотня закамуфляваных у жабскі колер «гарылаў» сачыла за публікай. Перад экранамі ў сутарэньнях гарбаціліся дзяжурныя. У дывэрсію ці сабатаж мала хто верыў — гісторыя краіны яшчэ ня мела выпадку, каб нехта пераадолеў вялікі татальны Страх або самохаць наблізіўся да яго.
Але во ў паўдзён, як гадзіньнік на крэпасьці адзваніў 12 разоў, усе зь перавулкаў, вуліц, дахаў і вокнаў згледзелі, што ля залатога порціку паявіўся чалавек. У сьветлай сарочцы, бяз шапкі, стаіць і штосьці махае ўсім унізе. І нават крычыць штось — зусім, аднак, ня сумнае.
Людзі не разумелі, што адбываецца. Не разумела ахова, якая замітусілася ў паніцы. З завулкаў, ад сквэру і палацу Валадара на злыдня нацэлілі рулі дывізіёны «Градаў», «Тунгузак», сотні руляў АК. Але ніхто не адважваўся пульнуць, бо там жа была сьвятыня — Страх. А хлопец тым часам штосьці там пакалупаўся, нахіліўся, і ўсе ўбачылі, як зьверху, куляючыся, бы какосавы арэх, ляціць уніз знаёмы кожнаму са школьных падручнікаў гаршчэчак Страху. Дапяўшы бруку, той з грамавым ляскатам разьбіўся на дробныя аскялёпкі.
Пасьля сэкундавага палярушу ўсе, хто быў блізка, кінуліся да тых аскялёпкаў — ці ацалеў хоць Страх? Ды дзе там — не аказалася ніякага Страху. Сярод груды аскепкаў ляжала на камянях жменька нейкай рудой зямлі — і ўсё. Калі, можа, гэта і быў некалі Страх, дык яго даўно стачылі мурашкі. А можа, ніколі й не было ніякага страху. Першы, умомант звар'яцеўшы, гучна зарагатаў, бы стары мул, начальнік валадарскай аховы, гарылападобны палкоўнік. За ім зьдзічэла, па-вар'яцку заіржалі яго падначаленыя — падпалкоўнікі, маёры, капітаны, лейтэнанты і прапаршчыкі, тайныя і яўныя сексоты, стукачы і таптуны, ахоўнікі. У дзікім істэрычным рогаце зайшоўся ўвесь зблытаны, перамяшаны, шматслоўны галодны люд. Людзі сьмяяліся, абдымаліся, рагаталі, сьцяміўшы, што доўгае валадарства страху скончылася.
Да пачатку новага валадарства — Сьмеху — заставалася небагата часу. Ды людзі ня ведалі пра тое.
2. Сьмех
На трэці дзень, калі грамадзяне больш-менш угаманіліся ад радасьці вялікай перамогі, было абвешчана, што кіраўніком дзяржавы робіцца той самы тоўсты палкоўнік, які першым засьмяяўся над паразай страху. Газэты пісалі пра «подзьвіг самага адважнага вайскоўца, грамадзяніна краіны». Першым дэкрэтам новага кіраўніка стала асуджэньне страху і запачаткаваньне барацьбы зь ягонымі наступствамі. У гарадах і вёсках выяўлялі плаксівых і напалоханых і бязьлітасна асуджалі іх. Упартых саджалі ў турмы — асабліва тых, хто не хацеў сьмяяцца, а тым болей, плакаў ад жалю па звыклым і любым страху. Мірона таксама пасадзілі, бо выявілася, што ён ня ўмеў сьмяяцца і нават адмовіўся вучыцца тое рабіць. Патомныя страхавіты ў масавым парадку пераходзілі ў стан сьмехавітаў. Самыя спрытныя зь іх сьцьвярджалі, што нават і ў змрочныя часы страху часьцяком сьмяяліся. Хто — зачыніўшыся ў прыбіральні, хто — на ўласнай кухні, хто — у сьне. І тое была праўда.
Сьмех паступова, але няўхільна рабіўся нацыянальнай ідэалёгіяй, урэшце абвешчанай у адмысловым дэкрэце кіраўніка дзяржавы. З нагоды абвяшчэньня на цэнтральнай плошчы адбыўся грандыёзны мітынг. Там жа на былым п'едэстале страху была ўстаноўленая постаць Сьмеху — мармуровая скульптура прывабнай дзяўчыны, якая аж кладзецца ад неспатольнага сьмеху-рогату. У горадзе адчыніўся ўнівэрсытэт сьмеху, дзе вывучаліся ягоныя аспэкты — псыхалягічны, фальклёрны, паліталягічны. У школах былі ўведзеныя ўрокі сьмеху (замест літаратуры і матэматыкі), якія вельмі падабаліся вучням. Зьявіліся першыя вучоныя — важныя профі ў галіне новай стваральнай навукі — сьмеху. Спакваля ў краіне распладзілася мноства ансамбляў сьмеху і весялосьці, якія, добра зарабляючы, езьдзілі па гарадах і электрамузыкай сьмяшылі публіку, асабліва моладзь. У іншых мясьцінах выступалі вучоныя-лектары, што распавядалі, як хутка добра будуць жыць людзі, што выклікала няспынны рогат у залі, і вучонаму добра плацілі. Усё тое надта падабалася, асабліва моладзі: канцэрты і лекцыі сьмеху часам доўжыліся да ранку. Вядомы пісьменьнік, патрыярх айчыннай літаратуры, нядаўні апалягет страху, стаў ня меншым апалягетам сьмеху і і напісаў новы раман, трохі гульліва названы «Хі-хі». Праўда, жаданы аптымізм аўтара ня спраўдзіўся: адмысловыя літаратуразнаўцы (вядома ж, у штацкім) знайшлі між радкоў замаскаваныя прыкметы страху, і аўтар быў падвергнуты грамадзкаму астракізму. Ён перастаў змушана ўсьміхацца і неўзабаве памёр. Па-людзку пахаваць яго не было за што.
Увогуле ж справа сьмеху ў дзяржаве разьвівалася добра. Арганізацыямі ды гурткамі была ахопленая ўся краіна — уся краіна заўзята сьмяялася.
Усё было б добра, калі б не адна неспадзяванка — стала не хапаць ежы. Сьпярша паасобныя грамадзяне, а затым гаспадаркі і цэлыя калектывы, захапіўшыся сьмехам і весялосьцю як асноўным спосабам існаваньня, амаль перасталі працаваць і адно — сьмяяліся. Але праваахоўныя органы супраць іх не маглі ўжыць аніякіх мераў, бо ўсё было законна. Незаконным быў страх і сум, супраць якіх міліцыянты, судзьдзі і пракуроры прымалі самыя жорсткія меры. Аднак парушэньняў закону ня менела, ад нялёгкага жыцьця нават стала большаць. З падачы органаў правапарадку кіраўнік дзяржавы ўгледзеў у гэтым небясьпеку для існаваньня дзяржавы і вырашыў узмацніць барацьбу зь перажыткамі страху. Але якім чынам? Было вызначана, што ў гэтай справе больш прыдатныя мэтады страху. Філёзафы пачалі казаць пра дыялектычнае разьвіцьцё папулярнай ідэі — дзеля аб'яднаньня нацыі, натхненьня яе на барацьбу за лепшае жыцьцё, калі нікога ня трэба будзе прымушаць сьмяяцца, а ўсе стануць сьмяяцца самахоць, ад душы. А пакуль што, сьцьвярджалася ў законе, трэба прымушаць сьмяяцца, не зважаючы ні на што, адно — у інтарэсах дзяржавы.
Тым ня менш, сьмяяцца людзям хацелася ўсё меней, часьцяком хацелася плакаць.
Уся рэч у тым, што жыцьцё сьмехавітаў катастрафічна пагаршалася — да недахопу харчу прыбавіўся недахоп адзеньня, абутку, паліва і гарэлкі. Зімой у кватэрах было надта халодна, купіць паліва ня мелі за што. З-за недахопу лекаў дактары пачалі шырока лячыць мэтадамі сьмехатэрапіі, але той мэтад чамусьці мала памагаў хворым, якія паміралі плачучы, што было недапушчальна. Ды й дактары перасталі сьмяяцца. Тады ўрад пайшоў на паслабку рэжыму сьмеху. Для некаторых катэгорыяў насельніцтва ўводзіліся прывілеі. Было дазволена плакаць тым з намэнклятуры, каго зьнімалі з пасады (адзін плач у месяц); жанчыны-вэтэраны органаў мелі права на 2–3 плачы ў квартал. Плач і нават публічны сум катэгарычна забараняўся працаўнікам праваахоўных органаў, міліцыі і вайскоўцам. Выключэньне рабілася толькі для бацькоў вайскоўцаў, якія атрымлівалі «груз-2000», і то на працягу аднаго дня з часу атрыманьня грузу.
Але харчу ўсё ня большала. Абставіны ўскладніліся яшчэ й тым, што заходнія высокаразьвітыя краіны перасталі даваць крэдыты. Замест крэдытаў яны разгарнулі ў сваіх СМІ паклёпніцкую кампанію, галоўным накірункам якой стала сьцьверджаньне, што ў краіне сьмехавітаў усе зьехалі з глузду. Гэта, вядома, было нечуванай абразай нацыі, кіраўніцтва, дыскрэдытацыяй вялікай сьмехатворнай ідэі. Урад угледзеў у тым непрыкрытую варожую вылазку і прыняў рашэньне ўзмацніць узброеныя сілы. Першай і галоўнай мерай стала прысваеньне вялікай групе афіцэраў званьня палкоўніка, а палкоўнікам — генэрал-палкоўніка. Усе іншыя, прамежкавыя званьні, былі зьліквідаваныя як непатрэбныя. Тое дужа спадабалася вайскоўцам. Па колькасьці генэрал-палкоўнікаў войска краіны пераўзышло арміі самых разьвітых краінаў Захаду. Гэта быў несумнеўны і вялікі посьпех!
Есьці яшчэ ўбавілася; ня стала хапаць жыльля — нават для генэрал-палкоўнікаў. А калі ў каго й было жытло, дык не ставала добраўпарадкаваных летнішчаў, што выклікала вялікае напружаньне ў грамадзтве, якое часам аж пераставала сьмяяцца. Не хапала таксама грошай, бэнзыну, транспарту. Ды сьмехавіты ня скардзіліся, адно сьмяяліся, разумеючы, што калі не задаволіць вайскоўцаў, дык тыя не абароняць ад ворагаў, якія ўсіх сьцяруць у парашок і панішчаць іхную самую жыватворную ідэю сьмеху.
Але так думалі, мабыць, ня ўсе. У сталічным горадзе пачалі ўтварацца падпольныя групы, названыя дысыдэнцкімі, якія выпрацоўвалі альтэрнатыўныя ідэі — таго ж сьмехатворнага кшталту, але не з вар'яцкім — з чалавечым тварам. Твар у некаторых падпольных выявах ужо не нагадваў ні чалавека спалоханага, ні чалавека-вар'ята, а меў нешта сярэдняе і па-навуковаму называўся гома-сапіенс. Гэта быў ідэал. А ідэал належала ўвасобіць, для чаго дысыдэнты сабраліся аднойчы ў сьвяточны адвячорак на прыватнай кухні і стварылі падпольны (ценевы) урад. Як кожную важную справу, тое належала абмыць, што і было неадкладна зроблена. У добрым настроі ўрадоўцы вярталіся дадому, але адзін зь іх (старшыня ценевага ўраду), што вёз сьпіс у кейсе, задрамаў у тралейбусе і згубіў кейс. На другі дзень урад у поўным складзе быў арыштаваны.