Белае полымя
Шрифт:
Ледзь выдраўшыся са снежнай магiлы, ён, не трацячы марна час, уклаў i ўвязаў паклажу на нартах i пачаў шныпарыць па гурбах, шукаючы сабак. Iх выдавалі дзiркi, вакол якiх блiшчэлi крышталiкi лёду i курыўся пар.
Важак, цудоўная камчацкая лайка па мянушцы Джэк, шыракагруды, жаўтавата-рабы па беламу фону, выдраўся першым i пачаў будзiць астатнiх: пароцца да iх i хапаць зубамi за розныя далiкатныя часткi цела.
Нагадаваўшы сабак юколай i прасачыўшы, каб хтосьцi з iх, праглынуўшы сваю порцыю, не адабраў рыбы ў суседа, Андрэй запрог iх i рушыў у дарогу.
Нiзкае-нiзкае
Яшчэ да Завеi – Андрэй памятаў гэта – не вiдаць было птушак, не плямiлi снег сляды звяроў. I гэта азначала, што паблiзу няма жытла чалавечага i няма ракi. Жыццё зiмою цягнецца туды, дзе можна хоць штосьцi ўварваць з рук чалавека або мачыхi-прыроды.
Злева павiнен быць адзiн з прытокаў Калымы, але гэта вельмi далека: тры днi дарогi.
А пакуль снег ляжыць у туманным марыве, злiваецца з гарызонтам i страта гарызонту стварае нейкае дзiўнае адчуванне, адчуванне руху ў прасторы. Толькi праз каляровае шкло акуляраў бачыш ледзьве ўлоўную лiнiю небасхiлу.
Ветру няма за што было затрымацца, каб быць чутным, i таму вакол стаяла непарушная цiшыня, вялiкае маўчанне снягоў.
Андрэй размаўляў з сабакамi, i тыя слухалi яго i не звярталi ўвагi. Толькi пачуўшы знаёмую мянушку, азiралiся на iмгненне.
– Г’ё, Джэк! Г’ё, Сняжок! Ты што ж гэта лайдачыш, на важака не глядзiш, сабачая твая душа?! Чакай, дабяромся да эскiмосаў – Джэку дам сушанай iкры, а ты так i будзеш сядзець на юколе.
Сняжок пачынае хутчэй варушыць пушыстымi, бы ў валенках, лапамi. Усё наладжана, сабакi бягуць дружна, у вокамгненне слухаюцца каманды. Сiвуч, як заўжды, цягне за траiх, Воўк iмкнецца ўхапiць пярэдняга за лапу – жартачкi знайшоў.
Прыгнятае мёртвая цiша, а пачнеш спяваць, – голас нейкi глухi, застаецца тут, поруч, не адыходзячы анi на крок: тундра не дае рэзанансу.
Было дзве гадзiны дня, i Андрэй ведаў, што хутка пачне змяркацца. Трэба было яшчэ гадзiн дзве ехаць у цемры, а потым ставаць на начлег.
Калi першыя сiнiя адценнi ляглi на снег, ён заўважыў, што сабакi сталi неспакойныя. Вушы у iх насцярожвалiся, i было ясна, што яны нешта чуюць. I раптам, зусiм нечакана, перадавы пёс, Джэк, забрахаў i рвануў нарты ўбок. За iм з ярасным, захлынаючымся брэхам паiмчалi астатнiя сабакi. Падкова зразумеў, што хоць напрамак зусiм другi, але нюх нiколi не падманвае сабак: паблiзу жыллё або звер.
I ён пусцiў сабак. Ен ведаў, што ўзiмку буйных i страшных звяроў у тундры няма. Заяц, лiсiца, гарнастай, расамаха – гэта было бадай што ўсё.
Праз некалькi хвiлiн з ледзь прыкметнага ўзгорка Падкова пабачыў у кiламетры ад сябе гiганцкую стракатую пляму: вялiзны табун аленяў.
Сабакi цягнулi да яго, цягнулi з узбрэхам, з задыханнем, з ярасным вiскам. Гэтыя страшныя звяры, ездавыя камчацкiя лайкi, нашчадкi вялiкага ваўчынага племя, бязлiтасныя, як ваўкi i перавышаючы ваўкоў сiлай, – пры сустрэчы з будзь-якiм зверам шалеюць. Усё адно, хатнi гэта звер цi дзiкi. I забiваюць яны гэтага звера трапным ваўчыным кiдком на карак i паступовым перахватам да шыi. Некалькi год таму ездавыя сабакi Падковы, якiх ён не мог стрымаць, у некалькi хвiлiн расправiлiся з тройкай аленяў. Чукча-пастух прыбег з вартавымi сабакамi запозна i нават не лаяўся, толькi сказаў сумна:
– Э-эх, бачка. Вялiкi начальнiк, а сабак, прыяцель, трымаць не ўмееш. Дурны, аднак, як дзiцёнак.
Горш за ўсё было тэта спакойнае пахiтванне галавою.
Цяпер Андрэй быў ужо спрактыкаваным каюрам i таму, даўшы сабакам магчымасць наблiзiцца на палову кiламетра, спрытным рухам перакулiў нарту i сеў на яе.
Добра ўвязаныя пажыткi не маглi рассыпацца, i нарта ўсёй паверхняй забаранавала снег. Андрэй ведаў, што метраў праз 200 – 300 сабакi знясiлеюць i з iмi легка будзе справiцца.
I сапраўды, ён адолеў iх, калi зусiм блiзка закачалiся перад вачыма галiнастыя рогi аленяў.
Два цёмныя ценi беглi ад табуна: пастухi. Падкова, спынiўшы сабак, стаў перад
нартамi, прылашчыў сабак, i яны ляглi, супакоеныя.
Выявілася, што зусiм недалёка стойбiшча ў восем юртаў. Адзiн з пастухоў падсеў да Андрэя, i праз трыццаць хвiлiн яны пад’ехалi да цёмных конусаў.
“Чукоцкае таварыства па супольнаму выпасванню аленяў, – прывычна адзначыў Падкова, – сем’яў каля сарака (у кожнай юрце некалькi “полагаў”), насельнiцтва, пэўна, сотнi паўтары. Значыць, i дзяцей шмат”. Але дзяцей не было вiдаць. Толькi дарослыя, смуглявыя, вузкавокiя твары. Яны балбаталi нешта, усмiхалiся. Андрэй, дрэнна яшчэ ведаючы чукоцкую мову (астатнiя ведаў добра), разабраў толькi:
– Прыяцель! Чай пiць...
Высокі чукча, якi сяк-так ведаў па-руску, даведаўся ў Падковы, хто ён i куды едзе, i аддаў загад жанчынам. Лiтаральна праз дзве хвiлiны яны паставiлi нарту каля юрты, распрэглi сабак i прывязалi iх да нартаў i да аццяжак юрты.
Гаспадары прыязна ўсмiхалiся, запрашалi ў юрту. I Андрэй усмiхаўся iм. З некаторага часу ён схiльны быў думаць, што гэтыя жыхары бязлiтасна-халоднай краiны – лепшыя людзi на зямлi. Гасцiнныя, як беларусы i рускiя, але, акрамя таrо, шчырыя, як дзецi. Ён ведаў, што ў iхнiх мовах няма слоў для такiх паняццяў, як “крадзёж” або “хлусня”. I сапраўды, яны нiколi не хлусiлi i не кралi, здзiўляючыся да глыбiнi душы, калi бачылi такое ў iншых.
Ён, заядлы вораг рэлiгii, здзiўляўся яшчэ i таму, што ў многiх з гэтых народаў, асаблiва ў iтэльменаў, зусiм няма 6агоў. Гэта быў першабытны, прыродны атэiзм. I таму яны былi Андрэю як браты.
Трохi наводдаль ад правiльнага круга юрт Андрэй пабачыў групу людзей, якiя сядзелi проста на снягу. Поруч з iмi стаяла высокая фiгура у малiцы i кухлянцы з аленячых шкур.
– Гэта што такое, сябры?
Твар таго чукчы, якi разумеў па-руску, расплыўся, вачэй стала не вiдаць.
– Скола, Андруса... Цаеваць трэба.