Берагі Сакрамэнто
Шрифт:
Джэры адчуваў вялікі страх, усё замірала ў сярэдзіне, калені дрыжэлі, і гэтага страху ён ня мог перамагчы.
Але ён не адступаў ад свае пастановы. Кабель быў стары, пацёрцы, гострыя кавалкі дроту вытыркалі з яго. Рукі Джэры былі пашарпаны і скрываўлены, калі ён зрабіў перапынак і пачаў крычаць на ўсё горла Сьпілену.
— Рад-бы памагчы табе, — крыкнуў Сьпілен, калі ён зноў пасунуўся далей, — але мая жонка зусім занядужыла. Аднак, раю табе, хлопча— асьцерагайся. Я сам сябе засадзіў сюды, цяпер надзея на цябе, каб ты выратаваў нас.
— О, я зраблю гэта! — крыкнуў Джэры ў адказ. — Скажэце вашай жонцы, што праз адзін момант яна будзе на тым беразе.
Пад густым дажджом, гушкаючьгся то ў адзін, то ў другі бок, нібы скоры і няроўны маятнік, захліпаючыся ад патугаў і вялікага ветру, Джэры дабраўся, нарэшце, да пустой ваганэткі.
Адразу-ж ён убачыў, што не дарэмна перажыў гэтулькі страху.
Пярэдняе кола, што сьцерлася ад доўгага ўжываныя, сышло з кабелю, і кабель моцна заціснула паміж колам і шківам.
Першае было ясна — кола трэба зьняць з блоку, другое было таксама ясна — калі кола будзе зьнята, трэба будзе прымацаваць ваганэтку да кабелю вяроўкамі, якую ён ўзяў з сабою.
Праз хвілін пятнацаць яму ўдалося толькі ўмацаваць ваганэтку. Загваздка, якая трымала кола на восі, была ржавая і сагнутая, Джэры біў па ёй адной рукою, а другою з усяе сілы трымаўся, каб ня ўпасьці. Але страшэнны вецер гушкаў і згінаў яго цела, так што ён рэдка мог пападаць ключом па загваздцы. Усю сілу ён траціў на тое, каб трымацца. Баючыся, каб ня выпусьціць ангельскі ключ, ён моцна прывязаў яго хустачкаю да рукі.
Праз паўгадзіны Джэры крыху зварушыў загваздку, але ніяк ня мог выцягнуць яе. Часамі здавалася, што ён адмозіцца ад гэтай безнадзейнай работы і ўсе пакуты, якія яму прышлося перажыць, будуць дарэмнымі. Раптам у яго засьвяцілася думка: ён борзьдзенька агледзеў свае кішэні і знайшоў тое, чаго шукаў—вялікі цьвік.
Каб ня было гэтага цьвіка, які невядома калі і чаму трапіў у яго кішэню, яму прышлося-б вярнуцца на бераг і паўзьці зноў назад. Прасунуўшы цьвік у дзірку загваздкі, ён лёгка выцягнуў яе з восі. Потым з дапамогаю жалезнага бруска ён пачаў узьнімаць ваганэтку, каб вызваліць кола, прыціснутае кабелем да блоку. Пасьля гэтага Джэры зноў паставіў кола на месца і пры дапамозе вяроўкі пачаў узьнімаць ваганэтку, пакуль кола зноў ня стала як сьлед на кабель.
Усё гэта заняло многа часу. І толькі цяпер ён мог пакінуць сваё сядло і перасесьці ў ваганэтку. Джэры зьняў вяроўкі, які трымалі ваганэтку і яна павольна пакацілася. Ваганэтка бегла па кабелі, і ён ведаў, што недзе блізка, але ў другі бок, бегла так-жа сама ваганэтка Сьпіленаў.
Цяпер непатрэбен быў тормаз, бо вага Джэры даволі ўроўнаважвала груз другой ваганэткі, і праз некалькі хвілін перад ім праясьніўся бераг і стары знаёмы калаўрот.
Джэры выскачыў з ваганэткі і прымацаваў яе. Ён зрабіў гэта ўважліва і не сьпяшаючыся, а потым, зусім не па-геройску, асунуўся каля калаўрота і, не зважаючы на вялікі дождж, моцна расплакаўся. Прычын для гэтага было шмат: істрашэнная боль пакалечаных аб дрот рук, і перажытыя страх і пакуты, і, больш за ўсё, радасьць, што мужчына і жанчына былі выратаваны.
Іх ня было тут, каб падзякаваць яму, але ён ведаў, што недзе там, за гэтым дзікім бяздоньнем, яны сьпяшаліся сьцежкаю да Клувэр-Ліфу.