Цырк на ўсю Эўропу
Шрифт:
А тым часам мужычок (а можа ўсё-такі шах!) дабраўся да восьмай прыгажуні, але яго пілатаж больш нікога не цікавіў — усіх ачмурыла ўласная спакуса, і групавухай давалі такога дразда, што й сам драздоўскі шах мог пазайздросціць! Чулая душа артыста тонка ўлавіла падзенне свайго рэйтынгу (а можа і кар'еры). Магчыма, гэта акалічнасць і стала прычынай таго, што Дзевятую цытадэль ён штурмаваў ужо не з тым імпэтам. Дзесятая ўдалася яшчэ горш, а на Адзінаццатай
Што тут пачалося… Шаноўная публіка палічыла сябе жорстка падманутай. Такога падману яна б не даравала нават Філарэту. Пачуўся свіст і гнеўныя воклічы: «Халтура! За што мы грошы плацілі!!!», і ў адно імгненне кумір быў сапхнуты з п'едэсталу. Здрада не мае маралі! З-пад крэслаў выпаўзалі ўзмыленыя парачкі, і не паспеўшы падняцца з кален, крута мянялі галс — прымаліся бурна пратэставаць, хаця з падраных кофтачак-штанін яшчэ не выветрыўся дым былых баталій. Пад той шумок кабеты ліхаманкава шукалі: хто спадніцу, хто чаравік, хто падраныя калготкі.
Трохі астыўшы, партнёры гнеўна касіліся на колішні прадмет сваёй жарсці і гідліва пляваліся — масавае памутненне перарасло ва ўсеагульную нянавісць. Раптам натоўп кінуўся нішчыць усё навокал. На арэну паляцелі паламаныя крэслы, парасоны, мыліцы. Амазонкі хуценька рэціраваліся, і толькі голы шах (а можа проста мужык у чалме) яшчэ сіліўся нешта тлумачыць сваім колішнім прыхільнікам, але яго ўжо ніхто не слухаў. Больш за тое, раз'юшаны натоўп ледзь было не пазбавіў палавога гіганта яго гонару і багацця: некалькі фурый падкраліся з тылу, нечакана наваліліся і ўжо збіраліся славуты агрэгат парэзаць на пятакі, і толькі спрытныя ногі ўратавалі куміра ад народнай інквізіцыі.
Пасля бурнай вакханаліі ўсе неяк раптам зрабіліся гарачымі прыхільнікамі маралі, імкнуліся выглядаць свяцейшымі нават за Рымскага папу Зянона. Ім так карцела хутчэй загладзіць сваю мінутную слабіну калі не малітвай, то хаця б расправай з заганай. І тут натоўп, па закліку вядомага трыбуна Пашкі Якутовіча, рвануў за кулісы. Тады садыст Сівачкоў спускае з ланцуга мядзьведзя. Ваяры панічна рынуліся назад, топчачы слабейшых, губляючы па дарозе чаравікі, акуляры, імпартныя сківіцы, крылатыя пракладкі і іншую дробязь. На шчасце, побач не здарылася міліцыі, а то б не мінуць чарговай Нямігі.
Нарэшце народ схлынуў. Праўда, нейкая кабета, зашыўшыся ў кут, яшчэ доўга галасіла ды тупа далдоніла: «Што я дома скажу, — ён жа мяне заб'е!», і сілілася прыкрыць акрываўленыя лыткі рызманамі падранай спадніцы. Ёй далі выпіць мікстуры, якой звычайна супакойваюць сланоў, затым ласкава, нібы Чырвоную шапачку, выправілі дахаты.
У поўнай цішыні цырк уяўляў сумнае відовішча. Убачыўшы карціну пагрому, дырэктар у роспачы хапаўся за сэрца: «Я прапаў! Божа літасцівы, я банкрут!» І тут зноў накаціла насланнё, якое апошнім часам пазбавіла яго сну: разадраны бел-чырвона-белы, суровыя твары, лес ускінутых сціснутых у кулак рук, гатовых разадраць анціхрыста. Ціцянок задрыжэў, абмяк, стомлена плюхнуўся на бар'ер манежа і загаласіў як баба.
Жахлівае відовішча дапаўняў драўляны пратэз нейкага ветэрана, што журботна тырчэў сярод крэслаў цудам ацалелага шостага рада. Прысутныя моўчкі схілілі галовы над аблезлай гравіроўкай ветэранскай рэліквіі: «Славному воину от наркома Клима Ворошилова». Побач валяліся пачакі гумовых вырабаў № 2, - апошняя ўзнагарода ветэранам вайны ад імя ЦК кампартыі і Савецкага ўрада ў гонар дня Перамогі!
Паступова жарсці сцішыліся. Дырэктар ачуняў і загадаў выбітыя вокны заляпіць фанерай. Затым сабраў артыстаў, пайшла разборка палётаў. (Рэжысёра Зяму Таліна так і не знайшлі. Казалі, непатапляльны прафан-многастаночнік пазней выплыў недзе ў Чачні з новымі гешэфтамі).
Нядаўні кумір і пуп праграмы, карацей кажучы, былы шах толькі разводзіў рукамі:
— Пан дырэктар, я і сам не разумею, як такое магло стацца. Сёння з раніцы тры разы рэпетыравалі — усё атрымлівалася цудоўна!
Дырэктар аж вылупіў вочы. «Ну й кабель, — падумаў Ціцянок. — Колькі яшчэ вытрывае яго прастата?»
Праўдзівасць такога меркавання падцвердзіў увесісты камень, што скалануў фанерную шыбу. Так падлеткі, якіх не пусцілі на прэм'еру, выказвалі сваю ўдзячнасць. Абкураныя нейкім зеллем, яны, нібы ўз'юшаныя зубры, дзікім ровам аглушалі наваколле і крэмзалі на сценах цырка непрыстойнасці. Усю ноч пад тымі сценамі мітынгавалі фаны з патрабаваннем: «Далоў лядовы палац — даеш футбольны манеж!» Натоўп разрастаўся. З-пад палы ваўсю ішоў гандаль наркатой, парнухай, зброяй. Нейкі прапаршчык спрабаваў збыць гранатамёт, зенітныя прыцэлы і балістычную ракету. Хлопцы з бычынымі шыямі мянялі «даляры-марачкі, марачкі-даляры!», суцянёры прапаноўвалі свой тавар — начны горад жыў звычайным багемна-крымінальным жыццём. Пад раніцу да фанаў далучыліся алкашы з лозунгам «Цэнам на гарэлку разумную палітыку!»
Міліцыя хапун не ладзіла — палітыкай тут не пахла.