Дэмакратыя i этычнае жыццё
Шрифт:
Тым жа антыплебісцытным ухілам характарызуецца і працэс фарміравання палітыкі федэральным урадам. Канстытуцыя прадпісвае падзел улады паміж выканаўчай, заканадаўчай і судовай галінамі. Каб законапраект быў прыняты, ён павінен быць зацверджаны не толькі ў абедзвюх палатах Кангрэса, якія складаюцца з прадстаўнікоў розных электаратаў у іх адпаведных штатах, але і падпісаны Прэзідэнтам. Кіраўнік выканаўчай улады, у сваю чаргу, павінен атрымліваць ад Сената адабрэнне некаторых сваіх важных крокаў, як, напрыклад, прызначэнне на высокія выканаўчыя пасады. У сваіх правамоцтвах «судовага аналізу» ці праверкі адпаведнасці дзеянняў Канстытуцыі ЗША Вярхоўны Суд ёсць кантралюючы і абмежавальны орган для абедзвюх папярэдніх галін улады. Суддзі Вярхоўнага Суда прызначаюцца Прэзідэнтам з адабрэння Сената і могуць быць зняты са сваёй пасады толькі пры надзвычайных абставінах і ў выніку прагаласаванага Палатай прадстаўнікоў імпічмэнту, які з'яўляецца надзвычайным правамоцтвам Кангрэса і можа быць выкарыстаны таксама і супраць Прэзідэнта. Яшчэ адной важнай рысай складанай сістэмы абмежаванняў і ўраўнаважанняў, якую я малюю вельмі няпоўна і не ўваходзячы ў дэталі, з'яўляецца падзел улады паміж федэральным
Уплыў часткі народа, якая ў дадзены момант складае хай нават і вельмі значную часовую большасць, жорстка абмяжоўваецца тым, што яна ніколі не зможа цалкам кантраляваць усе галіны ўлады. Нават калі ўявіць, што ў які-небудзь год прэзідэнцкіх выбараў народны настрой будзе мець настолькі выразную і аднадушную скіраванасць, што яго вынікам стане не толькі абранне прыхільнага такіх настрояў Прэзідэнта, але і гэткай самай прыхільнай большасці ў Палаце прадстаўнікоў і абранай у гэты год трэці месцаў у Сенаце, то і такога спрыяльнага раскладу будзе недастаткова, каб імкненне большасці было б адразу ажыццёўлена. Сенатары, якія складаюць дзве трэці раней абранага складу Сената, неабавязкова будуць пагаджацца з тым настроем, што ахапіў жыхароў краіны. Іх незалежнасць гарантаваная Канстытуцыяй, як і незалежнасць кожнага народнага абранніка на федэральным узроўні — сенатара, члена Палаты прадстаўнікоў ці Прэзідэнта. Пры адсутнасці згоды з боку большасці ў Сенаце ці нават вельмі моцных дзвюх трэцях яго складу спроба ажыццявіць спантаннае народнае волевыяўленне асуджаная на правал. Нават калі неабходная колькасць галасоў будзе ў Сенаце сабраная, застаецца Канстытуцыя, якая ўтрымлівае апісанне механізму ажыццяўлення ўрадавай палітыкі і адначасова абмяжоўвае яе.
Ідэя прадстаўніцтва, якая звязваецца з амерыканскай формай кіравання, заслугоўвае асаблівай увагі. Згодна з «Публіем» з «Федэралісцкіх нататак», прызначэнне прадстаўнічых інстытутаў, якія прадугледжвала Канстытуцыя, было не толькі ў тым, каб адлюстроўваць грамадскае меркаванне. Яны павінны былі спрыяць «наданню высакароднасці» народнай волі. У дзесятым нумары «Федэралісцкіх нататак», аўтарам якога з'яўляецца Мэдысан, дэлегаванне паўнамоцтваў прадстаўнічым інстытутам прызначана «авысакародзіць і пашырыць грамадскія погляды шляхам прапушчэння іх праз орган, абраны з грамадзян, чый розум лепш бачыць сапраўдныя інтарэсы краіны і чый патрыятызм і любоў да справядлівасці лепш забяспечваюць яе абароненасць ад ахвяравання на карысць часовых ці прыватных інтарэсаў»1.
Трэба адзначыць, што праз наданне большасці народных абраннікаў даволі значных тэрмінаў знаходжання на сваіх пасадах (шэсць год для сенатараў і чатыры гады для прэзідэнтаў) Канстытуцыя ў значнай ступені вызваляе іх ад ціску з боку грамадства. Чалавек застаецца на сваёй пасадзе незалежна ад таго, заўсёды ці не яго меркаванне супадае з грамадскім. Народныя абраннікі маюць магчымасць кіравацца ўласным розумам, нават калі іх погляды супярэчаць жаданням грамадскасці. Іх падтрымлівае надзея, што да той пары, калі выбаршчыкі будуць на выбарчых участках ацэньваць іх працу, мэтазгоднасць іх пазіцыі будзе даказана або іх прынцыповасць забяспечыць ім павагу з боку былых апанентаў. Аналагічнай свабодай у адыходзе ці нават адкрытым выкліку грамадскаму меркаванню карыстаюцца члены Палаты прадстаўнікоў, чыё імкненне да незалежнасці ў дзеяннях можа, аднак, быць не настолькі моцным, бо адносна кароткі тэрмін знаходжання на пасадзе прапануе меншую абароненасць ад незадавальнення з боку грамадскасці і ацэнак электарату. У цэлым характар і роля прадстаўнічых інстытутаў ЗША робяць выбары хутчэй не рэферэндумам па канкрэтнай палітыцы, а магчымасцю абраць асоб, якія, як лічыць грамадства, маюць дастатковую кваліфікацыю для прыняцця самастойных рашэнняў ад імя сваёй выбарчай акругі.
У выпадку Вярхоўнага Суда кантроль з боку грамадскасці мінімальны. Уплыў выбаршчыкаў на склад Суда абмяжоўваецца апасродкаваным абраннем Прэзідэнта і прамым — з 1913 года — абраннем Сената, якія ўжо сумесна прызначаюць суддзяў. Абраны ў склад Суда суддзя можа быць адкліканы з пасады толькі пры эсктрэмальных акалічнасцях. Відавочна, што ён мае значную незалежнасць ад грамадскай думкі, калі сам такой незалежнасці хоча.
Можна сказаць, што пры амерыканскай форме кіравання вярхоўная палітычная ўлада знаходзіцца ў руках народа. Але народ пазбаўлены ці пазбаўляе сябе права рабіць тое, чаго яму зараз хочацца. У дачыненні да большасці, якая склалася на пэўны момант, заўсёды дзейнічаюць абмежаванні і механізмы збалансавання інтарэсаў. Толькі тая большасць, якая з'яўляецца ці робіцца пераважнай і пастаяннай, можа цалкам здзейсніць сваю волю, у тым ліку — скасаваць канстытуцыйныя перашкоды на шляху поўнага ажыццяўлення сваіх імкненняў. У выніку такіх юрыдычных абмежаванняў на большасці, што склалася ў пэўны момант, ляжыць абавязак даказваць сваю пазіцыю. Каб атрымаць вырашальную перавагу, яна павінна зрабіцца больш чым проста часовым аб'яднаннем прыхільнікаў адной ідэі. На працягу даволі доўгага часу яна павінна даказваць, што яе волевыяўленне вартае шырокай падтрымкі. Уілмар Кэндал казаў наступнае: «У амерыканскай палітычнай сістэме ніколі не існавала і не існуе аўтаматычнага прызнання меншасцю ўлады большасці. ...Ва ўмовах амерыканскай палітычнай сістэмы большасць чакае таго часу, калі зможа дзейнічаць аднадушна»2.
Але ці не з'яўляецца гэта кплівай пародыяй дэмакратычных ідэалаў? Ці не павінна сапраўдная дэмакратыя заўсёды спрыяць максімальна магчымаму народнаму кантролю над грамадскай палітыкай? Ці не схаваны за ўсенародным выбарчым правам у выглядзе амерыканскай формы кіравання аўтарытарны характар сістэмы ўвогуле? Такі дасканалы механізм абмежавання волі большасці, безумоўна, несумяшчальны з ідэяй вяршэнства народа. Гэта супярэчнасць набліжае нас да стрыжня фундаментальнага пытання, на якое павінна даць адказ дэмакратычная тэорыя. Калі сыходэіць з таго, што вяршэнства народа — аснова дэмакратыі, то што трэба пад ёй разумець?
Здавалася б, што калі мы надзяляем людзей правам самакіравання, мы маем на ўвазе адну з наступных дзвюх рэчаў: поўную свабоду народа дзейнічаць у любы дадзены момант згодна са сваім імкненнем ці магчымасць дзейнічаць выключна ў рамках дапушчальнага. Сцвярджаць, быццам толькі першы шлях спалучаецца з ідэяй народнага вяршэнства, значыць упасці ў супярэчнасць з самім сабой ці далучыцца да ўтапістаў. Калі гэтая ідэя сапраўды мае на ўвазе поўную свабоду народа дзейнічаць на ўласны одум, то яна не выключае скасавання дэмакратыі і ўстанаўлення дыктатуры, што азначае марнасць самой дэмакратыі. Гэтую ідэю не выратоўвае і сцвярджэнне таго, што нават ва ўмовах сваёй свабоды народ павінен разам з тым захоўваць дэмакратычную форму кіравання — гэта будзе ўсё роўна, што перайсці да процілеглага пункту погляду, а менавіта, што вяршэнства народа заўсёды мае на ўвазе абмежаванне яго свабоды. У гэтым выпадку адзіным шляхам адстойвання ідэі поўнай свабоды застанецца русаісцкі падыход, які ўтрымлівае спробу даказаць, што ў пэўных абставінах людзям падабаецца дзейнічаць такім чынам, каб увекавечваўся грамадскі кантроль. Але як мы ўжо бачылі, нават Русо не надта перакананы ў сваім сцвярджэнні перавагі агульнай волі над тыранічнай воляй усіх у ідэальнай дзяржаве. Калі мы імкнемся ўнікнуць відавочна нерэалістычнага погляду на абавязковую наяўнасць у людзей моцных пачуццяў схільнасці да дэмакратыі, нам застаецца толькі тая ісціна, што абмежаванні народнага волевыяўлення не толькі сумяшчальныя з канцэпцыяй вяршэнства народа, але і маюцца ёю на ўвазе. Toe, да чаго мы можам ставіцца як да галоўнага прынцыпу канстытуцыйнага ладу, будзе, такім чынам, здавацца неад'емным ад самой канцэпцыі. Узнікае пытанне, кім павінен вызначацца памер абмежаванняў і кім яны павінны ўжывацца. Ва ўмовах дэмакратыі адказ, хутчэй за ўсё, павінен быць наступным: народам ці яго прадстаўнікамі.
Гэта гучыць парадаксальна, але канцэпцыя народнага кіравання (рэальнае паняцце, а не ўтапічная мара) мае на ўвазе кіраванне, якое ажыццяўляе народ у рамках самастойна прынятых абмежаванняў. Змест апошняга сцвярджэння трэба прааналізаваць вельмі ўважліва. 3 тае прычыны, што нашай мэтай з'яўляецца аналіз сумяшчальнасці дэмакратыі з патрэбамі этычнага жыцця, нас павінна ў першую чаргу цікавіць яе этычнае вымярэнне.
Ідэалам Русо з'яўляецца народ з адзінай палітычнаю воляй. I ён прытрымліваецца яго, паколькі сыходзіць з адзінства чалавечай прыроды. Але калі мы адмовімся ад гэтага погляду і будзем засноўваць свае разважанні на назіранні сучаснага грамадства, дык мы вымушаны будзем прызнаць існаванне пастаяннага канфлікту воляў па самых розных дробных і буйных пытаннях. У пэўных сферах паміж грамадзянамі часам забяспечваецца і падтрымліваецца згода, але паколькі верагоднасць аднадушнасці ў грамадстве малая, гэта тлумачыць частае выкарыстанне ў тэорыі дэмакратыі такіх паняццяў, як большасць і меншасць. Розныя палітычныя волі існуюць у народзе не толькі ў нейкі дадзены момант, але і на працягу часу. Грамадская думка ёсць зменлівае спалучэнне поглядаў і настрояў, асноўны акцэнт у якіх і інтэнсіўнасць таксама пастаянна мяняюцца. Супрацьстаянне раз за разам набывае новыя матывы. Большасць страчвае сваю шматлікасць, меншасць ператвараецца ў большасць. Да чаго павінна быць прывязана ідэя вяршэнства народа ва ўсёй гэтай разнастайнасці грамадскай думкі? Мы ўжо бачылі, што ніводнае волевыяўленне не мае на такое выключнага права. Адказ на гэтае пытанне можа ўтрымлівацца ў этычнай філасофіі, якая і прапаноўваецца мною.
Я казаў, што чалавек існуе на скрыжаванні двух сусветаў. Яго жыццё характарызуецца супрацьстаяннем паміж пастаяннай і заўсёды зменлівай плыняю імпульсаў і пачуццём вышэйшае мэты. Гэтая вышэйшая воля, як толькі чалавек дае ёй ход, дысцыплінуе і ўпарадкоўвае яго жаданні ў дадзены момант з улікам вечных нормаў маральнай дабрадзейнасці. Яна прыўносіць у яго жыццё адчуванне адзінства і гармоніі, пэўнае ўдасканаленне недасканалай натуры. Апроч як у тым сэнсе, што этычнае сумленне будзе адчувацца рознымі людзьмі ў розных абставінах, да яго нельга ставіцца як да ўласнага дапаможніка па пытаннях таго, што добра, а што — не. Яно сцвярджае наяўнасць агульнай для ўсіх людзей мэты, утрымліваючы ў сабе шматлікія чалавечыя ўчынкі. Дзеля азначэння такой самаапраўдальнай мэты я карыстаўся такімі словамі, як «гармонія», «шчасце» і «супольнасць», якія апісваюць розныя аспекты адной рэальнасці. Канчатковую мэту палітыкі можна акрэсліць як забеспячэнне супольнага існавання. Пад супольнасцю я маю на ўвазе асаблівы тып аб'яднання, такую форму цывілізаванага суіснавання, калі інтэлектуальнае, эстэтычнае і эканамічнае жыццё грамадства вызначаецца пэўным маральным прызначэннем, якое аб'ядноўвае ўсіх. 3 пункту погляду рэлігіі, мэтай гэтага лёсу з'яўляецца далучэнне да Усявышняга. Частковае ажыццяўленне гэтай мэты, якое магчыма з дапамогай палітыкі і якое менавіта нас і цікавіць, Арыстоцель вызначае як «дабрадзейнае жыццё».
Абавязак дзейнічаць маральна захоўваецца незалежна ад таго, маюць гэтыя дзеянні прыватны, «грамадскі» ці «палітычны» характар, як, напрыклад, галасаванне на выбарах. Тэрмін «народ», які выкарыстоўваецца ў дэмакратычнай тэорыі, не азначае нейкай таямнічай, незалежнай існасці над галовамі членаў грамадства — гэта зборная назва тых самых членаў, якія ўдзельнічаюць у палітычным працэсе. Этычнае сумленне вымагае імкнення ўсіх людзей да адзінае мэты і як мага больш шырокага ўсведамлення яе ў грамадстве. Як кожны чалавек мае высокае «я», так мае яго і ўвесь народ, што складаецца з асобных грамадзян. Высокае «я» народа — гэта этычнае сумленне ў дачыненні да «грамадскіх» ці «палітычных» спраў. У якасці агульнага «я» грамадзян, якія арганізаваліся дэеля сумеснага вядзення спраў, этычнае сумленне мае на мэце палітычны парадак, які спрыяе духоўнаму ўзвышэнню грамадства, а не аднабаковыя перавагі той ці іншай асобы або грамадскай групоўкі. Гэтай высокай волі, існаванне якой не патрабуе асаблівых доказаў, супрацьстаіць бясконцая колькасць уласных інтарэсаў, якія адымаюцца ад маральнай мэты і могуць быць вызначаны як нізкая воля чалавека.