Дэмакратыя i этычнае жыццё
Шрифт:
3 гэтай ідэяй можна цалкам пагадзіцца нават калі адхіляць усю палітычную тэорыю Даля і яго арганізацыйныя прапановы, бо ў сучасных умовах яна істотна адраджае класічную ідэю субсідыярнасці. Тая аргументацыя, якую я і, сярод іншых, Нізбет прыводзім на карысць супольнасці, даказвае, што прынцып Даля, уласцівы і іншым сучасным мысліцелям, з'яўляецца неабходным прыдаткам да маёй тэорыі дэмакратыі. Відавочна, што калі дэцэнтралізаваны ўрад і жыццяздольныя аўтаномныя групы сапраўды патрэбныя для рэалізацыі супольнасці (а здаецца, што так і ёсць), то распрацоўка дэмакратычных канстытуцый павінна гэтую акалічнасць улічваць. Маім уласным укладам у гэтую тэму з'яўляецца думка, што незалежна ад узроўню і паўнамоцтваў урада яго дзейнасць дзеля спрыяння супольнасці павінна быць прасякнута духам канстытуцыяналізму. Гэта не значыць, што першым жа натуральным узроўнем супольнасці з'яўляецца нацыя. Мой погляд цалкам супадае з тым меркаваннем Бэрка, што ў аснове цёплых пачуццяў да дзяржавы ляжыць прыхільнасць да невялікіх грамадскіх
Некаторыя сучасныя тэарэтыкі лічаць, што надышоў час распаўсюдзіць дэмакратычныя працэдуры прыняцця рашэнняў на тыя вобласці грамадскага жыцця, якія на працягу доўгага часу лічыліся прэрагатывай «прыватнай» сферы, напрыклад прадпрымальніцкія структуры. У Злучаных Штатах галоўнымі прыхільнікамі гэтай ідэі з'яўляюцца Роберт Даль і Пітэр Бэхрач. Гэтае пытанне занадта вялікае, каб мы маглі тут даць на яго ўсёабдымны адказ, але каб удакладніць маю пазіцыю, я ўсё ж зраблю некалькі кароткіх заўваг. 3 адмаўлення рэзкага размежавання паміж «грамадскім» і «прыватным» вынікае, што я не збіраюся пагаджацца з тым нягнуткім і апрыярысцкім бачаннем ролі ўрада, якое дэманструюць некаторыя сацыялісты, лібералы-эканамісты і анархісты. Гэтаксама я магу толькі падазрона ставіцца да таго погляду, што ўратаванне сучаснай дэмакратыі залежыць ад больш шырокага выкарыстання пэўнага метаду прыняцця рашэнняў. Пры некаторых адрозненнях Даль і Бэхрач аднолькава сцвярджаюць, што мы надзвычай строга падыходзім да зместу «палітычнай» катэгорыі18. Па сутнасці, яны абодва робяць адну і тую ж памылку, калі ўяўляюць дэмакратыю перад усім як набор фармальных правілаў. Ім уласцівая зацікаўленасць у чыста працэдурнай форме народнага кіравання, якая, да таго ж, вызначаецца мажарытарным і эгалітарным ухілам, што больш адчувальны ў Бэхрача. Паказальна, што Даль вымушаны характарызаваць як «недэмакратычныя» некаторыя з тых шляхоў дэлегавання палітычных паўнамоцтваў, якія ён лічыць неабходнымі для забеспячэння эфектыўнага народнага кіравання19. Абодвум тэарэтыкам нестае яснага ўсведамлення адрознення паміж плебісцытнай і канстытуцыйнай дэмакратыямі і таго факту, што дэмакратыя павінна абумоўліваць цалкам увесь лад жыцця, каб быць больш чым абстрактнай ідэяй.
Палітычныя інстытуты нельга аддзяліць ад культурнага этасу народа. Такім чынам, калі грамадства пачынае ўсё менш аддана ставіцца да мэтаў, вышэйшых за кароткачасовыя эканамічныя паказчыкі і вузкія ўласныя інтарэсы, то распаўсюджванне пэўнага механізму прыняцця рашэнняў наўрад ці прывядзе да аднаўлення сапраўдных чалавечых каштоўнасцяў. Асвяжальны ўплыў погляду Даля і Бэхрача ў тым, што ён кідае выклік звычайным ліберальным і сацыялістычным меркаванням адносна ролі дзяржавы. Аднак і Даль, і Бэхрач не ідуць далей за новае спалучэнне гэтых поглядаў пад агульным кіраўніцтвам прынцыпу «больш дэмакратыі», на які разам з Ірвінгам Бэбітам можна адказаць, што значэнне мае не колькасць, а дасканаласць дэмакратыі20. Праблема вызначэння арганізацыйных сродкаў спрыяння лепшым бакам грамадства ў новых абставінах з'яўляецца, безумоўна, вельмі важнай. Падыходзіць да яе вырашэння трэба з прагматычнага пункту погляду, і тыя цяжкасці, з якімі сёння сутыкаецца дэмакратыя, могуць вымагаць неардынарных падыходаў. Але без усведамлення прыроды супольнасці разумнасць любога падыходу будзе вельмі сумніўнай. Заклапочанасць станам дэмакратыі ў сучасным заходнім грамадстве вынікае ў першую чаргу з адчування пагрозы асноўным чалавечым каштоўнасцям. На жаль, пераважная частка сучаснай дэмакратычнай тэорыі няздольная прадэманстраваць і даказаць, што да такіх каштоўнасцяў належыць. Інтэлектуальнаму аздараўленню ў гэтай галіне перашкаджаюць разнастайныя дактрыны маральнага рэлятывізму і нігілізму. Пакуль жа гэтая фундаментальная загана захоўваецца, любыя спробы ажыццявіць структурныя рэформы будуць нагадваць блуканне ў цемры. Недастаткова, як зрабілася модным сярод сучасных сацыёлагаў, сцвярджаць, што змест «каштоўнасцяў» павінен зноў быць перагледжаны вучонымі. Дэмакратычная тэорыя вымагае сёння не суб'ектыўных «класіфікацый каштоўнасцяў» у духу плебісцытарызму, а спробы пераасэнсаваць праблемы народнага кіравання ў святле трансцэдэнтных нормаў супольнасці.
Заўвагі
1 Thomas Jefferson. The Life and Selected Writings of Thomas Jefferson. Пад рэдакцыяй Adrienne and William Peden (New York: Modern Library, 1944), 492, 670, 324.
2 Ibid., 669, 670.
3 Ibid., 671. Гэты параграф заснаваны амаль цалкам на красамоўным лісце Джэферсана да Джона Тэйлара ад 28 мая 1816 г.
4 Ibid., 413.
5 «Ha аснове пачуццяў, якія ёсць матэрыя ў руху, мы можам пабудаваць усе патрэбныя нам дакладньм веды». Ibid., 700. Гэтае меркаванне Джэферсана, як і шматлікія іншыя, адлюстроўвае ўплыў філасофіі Джона Лока.
6 Ibid., 638.
7 Ibid., 322.
8 James MacGregor Burns. The Deadlock of Democracy (Tinglewood Cliffs, N.J.: PrenticeHall, 1963), 323, 33435, 41.
9 James MacGregor Burns. Uncommon Sense (New York: Harper & Row, 1972), 129, 173.
10 Burns. Deadlock of Democracy. 338, 3940.
11 Burns. Uncommon Sense. 175.
12 Уілмур Кэндал, напрыклад, піша наступнае: «Паколькі Бэрнс і яго аднадумцы не могуць атрымаць перамогу пры існуючых правілах, яны звяртаюцца да нас з прапановай змяніць правілы так, каб іх перамога зрабілася магчымай».— Contra Mundum. Пад рэдакцыяй Nellie D. Kendall (New Rockville, N.J.: Arlington House, 1971), 273 (выдзелена ў арыгінале).
13 Burns. Uncommon Sense. 173.
14 Cf. James Burnham. Congress and the American Tradition (Chicago: Henry Regnery Co., 1965), y асаблівасці Chap. 25. Гл. таксама Peter Viereck. The Unadjusted Man (Westport, Conn.: Greenwood Press, 1973), Chap. 15.
15 Гл., напрыклад: Reinhold Niebuhr. Moral Man and Immoral Society (TMew York: Charles Scribner's Sons, 1960); Hans Morgenthau. Politics Among Nations (New York: Alfred A. Knopf, 1959) i Raymond Aron. Peace and War ("New York: Praeger, 1967).
16 Пазіцыя Нізбета абагульнена ў Community and Power (New York: Oxford University Press, 1962).
17 Robert Dahl. After the Revolution? (New Haven: Yale University Press, 1970), 102.
18 Гл. Dahl. After the Revolution? i Peter Bachrach. The Theory of Democratic Elitism (Boston: Little, Brown and Company, 1967).
19 Dahl. After the Revolution? 8898.
20 Irving Babbitt. Democracy and Leadership (New York: Houghton Mifflin Co., 1924).
Народнае кіраванне без эфектыўных канстытуцыйных абмежаванняў ёсць недапушчальная з этычнага пункту погляду з'ява, але і існаванне такіх абмежаванняў не гарантуе выпрацоўкі і дасягнення маральных мэтаў. Канстытуцыйныя абмежаванні з'яўляюцца неабходнай, але не дастатковай для рэалізацыі супольнага жыцця ўмовай. Усё вызначаецца адсутнасцю ці наяўнасцю таго, што я называю духам канстытуцыяналізму, якім можа валодаць толькі народ з высокай духоўнай культурай.
Рэна дэ Вім Уільямсан сцвярджае, што «Канстытуцыя адлюстроўвае нацыянальнае сумленне»'. Спасылаючыся на Злучаныя Штаты, ён рабіў больш агульную заўвагу. Канстытуцыйная норма ёсць пастаянны напамін аб адрозненні паміж каштоўнасцямі, да якіх народ прыхільны ў лепшыя моманты сваёй гісторыі, калі палітычны курс вызначаецца ім у адпаведнасці з канчатковай маральнай мэтай, і недасканалымі, а часам нават і нізкімі, штодзённымі палітычнымі дзеяннямі. Закон, такім чынам, набывае маральную функцыю. Джон Мідлтан Мары пісаў наступнае: «Як дэмакратычнае грамадства праводзіць свабодныя выбары свайго ўрада, так і асобны яго грамадзянін павінен самастойна вырашыць выконваць свой абавязак на агульную карысць. Усе свае ўчынкі ён падпарадкоўвае сумленню. Яго законапаслухмянасць вынікае з разумення неабходнасці такога падпарадкавання яго лепшым «я», а не з загаду звонку»2.
Самі па сабе прадстаўнічыя інстытуты, якія з'яўляюцца стрыжнем любой канстытуцыйнай сістэмы, не гарантуюць маральнасці і годнасці палітыкі ва ўмовах дэмакратыі. Трэ6а, каб народ не толькі прызнаваў, але і падтрымліваў кіраўнікоў, якія імкнуцца дзейнічаць на агульную карысць, што патрабуе пэўнай маральнай сталасці, праніклівасці і даверу. Па словах Уільямсана, «людзі без ідэалаў не могуць мець прадстаўнікоў»3. Істотны з пункту погляду маралі сэнс такой з'явы, як прадстаўніцтва, ляжыць у агульным усведамленні канчатковай мэты жыцця і прызнанні таго факту, што з адных асобаў атрымліваюцца лепшыя кіраўнікі, чым з іншых. Галоўным крытэрыем з'яўляецца наяўнасць асаблівых здольнасцяў, а не забяспечанасць ці высокае становішча ў грамадстве ў выніку, напрыклад, належнасці да вядомага роду. Добрым прадстаўніком варта лічыць таго, хто прадстаўляе імкненне сваіх суграмадзян да супольнасці, a не нізкія своекарыслівыя інтарэсы асоб ці груповак. Ажыццяўленне вышэйшай мэты дэмакратыі немагчымае без гатоўнасці грамадзяніна давяраць абраным кіраўнікам ажно да паважання тых іх рашэнняў, якія супярэчаць яго ўласным жаданням у дадзены момант. Каб заслужыць такі давер, народны абраннік не можа быць шэрай, ардынарнай асобай. Апроч памяркоўнасці і ведаў, ён павінен у большай, чым яго выбаршчькі, ступені валодаць пачуццём маральнай накіраванасці палітыкі. Прызначаны на пасаду, якая дае яму права весці за сабой, а не толькі слепа выконваць чужую волю, ён павінен быць здольны стаяць вышэй за народныя страсці і настрой у дадзены момант і нават глядзець за межы свайго тэрміну ў гісторыі.