Дэмакратыя i этычнае жыццё
Шрифт:
Паміж мэтамі, якія атрымліваюць палітычнае ўвасабленне ва ўмовах канстытуцыйнай і плебісцытнай дэмакратый, існуе рэзкае адрозненне. Гэта не азначае, што часовае суіснаванне гэтых узаемавыключных схемаў немагчымае. Сапраўды, з канстытуцыйнай дэмакратыяй непазбежна звязана наяўнасць у грамадстве такіх палітычных і іншых элементаў, якія ў большай ці меншай ступені пагражаюць яе высокаму прызначэнню. Асэнсаванне такой непазбежнасці непарыўна звязана з усведамленнем высокай мэты палітычнай дзейнасці і адлюстравана ў тых арганізацыйных сродках, якія выкарыстоўваюцца дзеля яе дасягнення. I тым не менш, абслугоўванне інстытутамі канстытуцыйнай дэмакратыі плебісцытных інтарэсаў ставіць іх існаванне пад пагрозу ці нават у пэўнай ступені знішчае іх.
Мысляры, схільныя размяжоўваць сапраўдную этычную універсальнасць і абставіны жыцця, тэорыю этыкі і палітыкі, трактуюць абстрактна, не звяртаючы
Філасофія Русо служыць таксама добрай ілюстрацыяй таго, што сапраўдны змест канцэпцыі этычнага дабра раскрываецца толькі праз тыя дзеянні, на якія яны натхняюць і якіх патрабуюць ад чалавека. У палітычнай філасофіі Русо агульная карысць вызначаецца нібыта дабрадзейнай агульнаю воляй, уласцівай народу. Я хацеў бы звярнуць вашу ўвагу на тое, што дабрадзейнасць агульнай волі дэманструе той факт, што яна адмаўляе асобныя інтарэсы. Удзел грамадзян у агульнай волі патрабуе, каб іх сацыяльныя і палітычныя прыхільнасці былі адданыя аднаму цэламу. Пры разглядзе грамадскіх пытанняў грамадзяне павінны заплюшчваць вочы на магчымы ўплыў заканадаўчых актаў на тыя грамадскія групоўкі, якім яны спачуваюць, бо партыкулярысцкія інтарэсы па прыродзе сваёй супярэчаць агульнай волі. Акты ў імя вяршэнства народа павінны быць пазбаўлены групавых інтарэсаў. У «Грамадскім пагадненні» Русо шмат намаганняў прыкладае дзеля таго, каб ачысціць грамадства ад усяго, што аддзяляе грамадзяніна ад калектыву, і рашуча^адхіляе магчымасць існавання ў дзяржаве розных грамадскіх і палітычных аб'яднанняў. Адзінай крыніцай дабрадзейных народных рашэнняў можа быць толькі недыферэнцыяваная, аднародная народная маса. Русо адначасова паўстае як радыкальны індывідуаліст, які імкнецца да «вызвалення» чалавека зпад уплыву асобных аб'яднанняў, і радыкальны калектывіст, для якога аднамернае палітычнае асяроддэе з'яўляецца адзінай арэнай прыкладання дабрадзейных людскіх намаганняў3.
Вельмі важна ўсвядоміць, што, на думку Русо, ажыццяўленне імкнення да агульнага дабра не можа і не павінна ўлічваць разнастайных інтарэсаў у грамадстве. Барацьба за ўплыў з боку індывідуумаў і груп, якая характарызуе любую палітычную дзейнасць, выклікае ў яго агіду і адмаўленне як сродак вызначэння належнага палітычнага курсу. Сцвярджаючы поўную несумяшчальнасць агульнага дабра з партыкулярысцкімі інтарэсамі, Русо, па сутнасці, сцвярджае маральную неабходнасць забароны на палітычную дзейнасць.
Сутнасць канцэпцыі агульнага дабра Русо, такім чынам, ёсць наступ на партыкулярысцкія інтарэсы і сацыяльныя прыхільнасці. Важнасць майго аналізу будзе зразумелая лепш, калі погляды Русо разглядаць у параўнанні з развіццём амерыканскай палітычнай сістэмы. У сваёй працы аб найбольш адметных рысах амерыканскага грамадства Алексіс дэ Таквіль падкрэсліваў пераважнае значэнне груп і аб'яднанняў. Амерыканцы заўсёды імкнуліся да стварэння прыватных і мясцовых суполак, якія баранілі б іх інтарэсы. Амерыканскае грамадства, будучы схільным да перадачы права прыняцця рашэнняў тым, каго яны непасрэдна закранаюць, вызначаецца значнай дэцэнтралізаванасцю сацыяльных структур. Імкненне замацаваць ініцыятыву за людзьмі садзейнічала захаванню істотнага мясцовага кантролю над палітычнай уладай і абмежаванню ўлады цэнтральнай. У адрозненне ад нянавісці Русо да фракцый і аб'яднанняў і яго ідэалу недыферэнцыяванай народнай масы як адзінага аўтара дабрадзейных рашэнняў амерыканцы стварылі складаную і разгалінаваную сетку аб'яднанняў, інтарэсаў і улады — ад сямей, бліжэйшых суседзяў, рэлігійных суполак і раёнаў да федэральнай сістэмы і канстытуцыйных структур абмежавання і процівагі.
Гэтак сама, як канкрэтныя сацыяльныя і палітычныя рэцэпты Русо з'яўляюцца праявай яго этычнага ідэалізму, так і традыцыйныя сацыяльныя і палітычныя структуры Злучаных Штатаў грунтуюцца на канкрэтных прынцыпах зусім іншай этыкі. Будучы вынікам свядомых намаганняў ці натуральнага развіцця, амерыканская традыцыя сцвярджае, што чалавек рэалізуе сваё прызначэнне найлепшым чынам праз жыццё ў групах і праз сваю дзейнасць, якая ў першую чаргу скіравана на змяненне абставін уласнага жыцця. Думка, што людзі самі нясуць галоўную ці нават выключную адказнасць за сваё ўдасканаленне і паляпшэнне ўмоў свайго жыцця, а таксама за ўмацаванне супольнага жыцця з тымі, з кім яны ўваходзяць у кантакт, увасабляе даўнюю этычную традыцыю Захаду, якая вынікае з хрысціянскай запаведзі аб любові да бліжняга. Пачуццё адказнасці за канкрэтных асоб, якія знаходзяцца побач і, магчыма, добра знаёмыя чалавеку, істотна адрозніваецца ад добрых пачуццяў да нікога асобна ці тых, хто знаходзіцца на значнай адлегласці. Апошняя якасць больш нагадвае маральную позу і не патрабуе асаблівых намаганняў. А ў першым выпадку маральная пазіцыя вымагае канкрэтных і нялёгкіх дзеянняў і спрыяе выхаванню пэўнага маральнага характару.
Традыцыйная заходняя этыка натхняе тыя сацыяльныя і палітычныя структуры, якія ўвасабляюць прынцып любові да бліжняга, здзяйсняюць яго ці яму спрыяюць. Канкрэтную праяву этычная ўсёпранікальнасць атрымлівае ў дзеяннях і аб'яднаннях, якія развіваюць гуманістычную арыентацыю чалавека. Этычная мэта і канкрэтныя шляхі яе дасягнення неаддзельныя адзін ад аднаго, як любыя форма і сутнасць. Русаісцкая этыка рэзка адрозніваецца ад традыцыйных амерыканскіх этычных поглядаў сваім рашучым адмаўленнем супольнага прызначэння чалавека і вынікаючай канкрэтнай яго адказнасці і, такім чынам, дэманструе сваю сутнасць. Дабрадзейнасць, паводле Русо,— гэта калектыўная сфера, у якой адсутнічае канкрэтны сацыяльны абавязак. Наяўнасць жа сацыяльнага абавязку патрабуе маральных якасцяў у традыцыйным сэнсе.
Далей Русо тлумачыць, што дзеля адпаведнасці законаў агульнай волі яны павінны быць прадуктам усіх грамадзян у аднолькавай ступені і ў аднолькавай ступені да ўсіх іх мець дачыненне. Каб такая аднолькавасць мэты зрабілася рэальнасцю, грамадства павінна быць пазбаўлена традыцыйнай няроўнасці і падзелу. Пакуль грамадзян фарміруюць іх адпаведныя асяроддзі з рознымі ўмовамі жыцця, яны будуць мець рознью мэты і будуць у рознай ступені закранацца заканадаўчымі актамі — факт, які пазбаўляе законы іх універсальнага грамадскага характару. Традыцыйныя амерыканскія сацыяльныя і палітычныя погляды сыходзяць з таго, што ажыццяўленне чаго-небудзь на агульную карысць патрабуе існавання самых розных інтарэсаў і ўмоў. На думку ж Русо, агульная карысць вымагае аднолькавасці мэтаў і ўмоў жыцця. Гэта значыць, што сваю маральную існасць чалавек атрымлівае з усёўключнага, безаблічнага і недыферэнцыяванага калектыву з яго агульнаю воляй.
Два погляды на этыку і палітыку, якія часткова выкарыстоўваюць аднолькавую тэрміналогію, дэманструюць, такім чынам, сваё поўнае адрозненне пры іх увасабленні ў канкрэтных сацыяльных і палітычных структурах. Канстытуцыйная і алебісцытная дэмакратыя — гэта не два варыянты адной, па сутнасці, формы кіравання, а палітычныя адлюстраванні несумяшчальных падыходаў да прыроды і прызначэння чалавека.
Тут можа ўзнікнуць наступнае пярэчанне: нават калі погляд Русо на этыку ў палітыцы небясспрэчны ў сваім адмоўным стаўленні да асацыяцый і сацыяльнай разнастайнасці, то ці не занадта шмат увагі надае прапанаваная мною альтэрнатыўная этыка канкрэтным інтарэсам, чыю законнасць і імкнецца зацвердзіць. Калі дапусціць існаванне партыкулярысцкіх інтарэсаў, то законнасць іх прэтэнзій можа вызначацца толькі адносна крытэрыя, які ад гэтых інтарэсаў не залежыць. Пакуль за этыкай не будзе прызнана вяршэнства адносна партыйных і іншых прыхільнасцяу і не будзе вызначаны эталон ацэнкі этычнага ўдасканалення, далягляды агульнага дабра для грамадства зачынены. Можа здавацца, што погляд, які прадстаўлены ў гэтай кнізе, заражае канцэпцыю агульнага дабра вірусам партыйнага супрацьстаяння і захоўвае яе ў аморфным выглядзе без ніякага пачуцця напрамку.
Гэтай звычцы аддзяляць універсальнасць ад гістарычных асаблівасцяў, якой прасякнута заходняя думка, трэба супраціўляцца ў першую чаргу з тае прычыны, што яна настойліва прасоўвае тэндэнцыю ўстрымання ў жыцці ад пошуку і выкарыстання канкрэтных магчымасцяў маральнага ўдасканалення. Любоў да абстрактнай мадэлі ўдасканалення нараджае пэўную пагарду да рэальных умоў жыцця. Такі маральны ідэалізм абумоўлівае адсутнасць у індывідуума ўменняў вырашаць тыя маральныя праблемы, з якімі ён сутыкаецца. Схільнасць да ўяўлення этычнага дабра як інтэлектуальнай абстракцыі вядзе ці то да гідлівага выхаду з недасканалай палітычнай дзейнасці, ці да імкненняў сілай прывесці яе ў адпаведнасць з маральным ідэалам.