Дзе жыве Беларусь...
Шрифт:
Вось такі, здавалася нам, зусім незаменны на ягонай рэлігійнай і навукова-грамадзкай ніве чалавек, біскуп Часлаў Сіповіч пакінуў нас у самы ўрачысты дзень сьвяткаваньня дзесяцігодзьдзя заснаваньня бібліятэкі й музэю імя Францішка Скарыны ў Лёндане. Ён занямог, ці, дакладней кажучы, меў удар сэрца, выконваючы абавязкі гаспадара сьвята падчас мае прамовы й пару гадзін пасьля сканаў у шпіталі.
Мяне гэна катастрофа надта ўзварушыла і, ня гледзячы
— Калі ты верыш у Бога, дык трэба яму за ўсё-ўсё быць удзячным, за ўсё, што ён дае… навет і за такое вось…
Дакладныя словы ня прыгадаю, але айцец Алесь гаварыў нешта ў гэтым сэнсе.
— Усе мы ад Бога, Ён ведае што робіць і мы яго ня маем права квэст'янаваць.
І тады й пасьля шмат я думаў пра айца Алеся Надсана. Чалавек гэта надзвычайна сьціплы, працавіты, глыбока веруючы. У тым музэі й бібліятэцы працы шмат. Як казаў адзін з нашых пісьменьнікаў з Польшчы, — гэта "беларускае вакно ў сьвет". Туды прыяжджаюць і навукоўцы, і звычайныя людзі з цэлага сьвету, у тым ліку з-за ведамае "заслоны", каб вывучаць Беларусь. А тут яшчэ Англа-Беларускае Навуковае Таварыства. А гэтта ў айца Алеся яшчэ інвэнтар дамоў і царквы. Як сьвятар, ён яшчэ абслугоўвае Беларусаў Парыжа дый памагае тым, што ў Рыме.
Галоўна дзякуючы нястомнай працы айца Надсона ды перадусім Міхалюкоў, што жывуць тут-жа збоку, і трымаецца тая "маленькая Фінчлейская Беларусь". І прыходзяць добрыя, ці менш зычлівыя людзі, каб заглянуць у тое "беларускае вакно". І ёсьць ужо ня так сьціплыя плёны. Яны будуць расьці.
У часы фізычнай нямогласьці, ці якой духовай дэпрэсіі прыгадваю сьціплага й надзвычайна ахвярнага й пабожнага айца Алеся. Такога чалавека, відаць, ня вытлумачыш рознымі мудрасьцямі Пола Сартра ці Сьпінозы. Тут нешта большае, якраз тое, ад чаго ўсё да нас ідзе. І лягчэй жывецца й працуецца, калі ведаеш, што ёсьць у нас такія людзі, як айцец Алесь. І жадаеш, каб яму яшчэ больш памагаў у жыцьці і ў плённай працы Бог!
Малодшы Азарка, што паходзіць з выдатнай сям'і Азаркаў, з Самэрсэту, — старшыня Саюзу Беларуска-Амэрыканскае Моладзі, - паказвае мне рэклямную брашуру Дэпартамэнту Дарогаў штату Ню Джэрзі.
— Зірнеце, спадар Акула. Яны тут пішуць пра нашага Тадэвуша Касьцюшку, ды называюць яго Палякам. Гэта для нас крыўдна. Трэба было-б нешта напісаць і выдаць, каб вытлумачыць Амэрыканцам, што Касьцюшка не Паляк, а Беларус…
Малодшы Азарка — адзін з нашых парасткаў на чужыне. Ён ніколі ня бачыў радзімы бацькоў, але бароніць інтарэсы Беларусі. Хацелася-б, каб такіх парасткаў у нас на чужыне былі сотні тысячаў, мільёны, і каб далёка й шырака, на помач нашаму паняволенаму народу, чуваць быў іх магутны голас.
Але пра нашу моладзь на чужыне трэба пісаць яшчэ шырэй, ды асобна…
Разьдзел гэты, які можна было-б назваць "Пра нашых выдатных людзей на эміграцыі, ці на выгнаньні", можна было-б прадаўжаць. Хацелася-б назваць яшчэ шматлікіх, каторыыя даюць вялікі ўклад у нашу рэлігійную, культурна-навуковую, грамадзкую ці палітычную працу. Але паўстае небясьпека: а што калі пра каго забудзешся? І з другога боку пытаньне: чаму аўтар гэтых радкоў можа меркаваць, што ён зьяўляецца аўтарытэтам, які асьмельваецца клясыфікаваць людзей, няхай сабе і з найлепшымі намерамі?
Тых колькі асобаў, што згадаліся пры працы ці ў іншай сытуацыі, бязь ніякіх пабочных думак, паказаны ў сваей адданасьці ня толькі для вызваленьня паняволенай бацькаўшчыны, але й нашай эміграцыйнай грамады.
Каб жыла Беларусь!
Гэта — наш дэвіз, наша сьвятая сьвятых усякіх пачынаньняў на чужыне.
Некалі перачытваючы кадэбэшніцкую агітку "Голас Радзімы", я натрапіў на нейкага партыйнага паўзубна, каторы цешыўся з таго, што… выміраюць на эміграцыі Беларусы; што канкрэтна казытала ягонае партыйнае сэрца гэта тое, што адыходзяць ад нас людзі выдатныя, а бязь іх, вядома, справа дрэнь…
Прагныя канчатковай перамогі зла над дабром, паразіты-дармаеды трывожацца. Варта таго і іншых бальшавіцкіх паўзуноў папярэдзіць, што зьмена прыйдзе. Яна прыйдзе і тут, на эміграцыі, яна прыйдзе й дома. Няхай яны, партыйныя паўзуны, ворагі беларускага паняволенага народу не забываюцца, што народу нашаму ня раз ужо, дый ня меншыя, чымся яны, злыдні паніхіды сьпявалі, а ён выжыў, жыве дый вас, нячыстую бальшавіцкую хэўру, перажыве. І здабудзе запраўдную вольнасьць.
Бо станецца як сказаў паэт:
Яшчэ прыйдзе вясна, яшчэ прыйдзе!