Гордасць (на белорусском языке)
Шрифт:
Увечары ён прыйшоў да мяне з гармонiкам. Я праглядаў сшыткi вучняў трэцяга класа. Васiль крышачку пачакаў, пакуль я закончу працу, а потым пачаў вучыць мяне iграць. Пачалося з самага элементарнага. Ён расказаў мне пра басы, пра другiя часткi гармонiка, паказаў, як трэба карыстацца мяхамi. Хлопец быў як нiколi жвавы i гаваркi. Шчокi яго пачырванелi ад задаволенасцi.
– Ну, на сёння можа i хопiць, - урэшце сказаў я.
– Як сабе хочаце, - адказаў Васiль i пачаў зашпiльваць гармонiк.
– А як у цябе з урокамi, можа, я табе буду перашкаджаць вучыцца? неўпрыкметку
– Ды што вы, падрыхтую...
– i Васiль гатовы ўжо быў пабегчы ад мяне.
– А ведаеш што?
– звярнуўся я да яго.
– Прыйдзi заўтра крышачку раней i захапi з сабой гармонiк i сшыткi свае.
– Добра, - узрадавана адказаў Васiль.
Так i пачалася ў нас з Васiлём узаемадапамога. Усю зiму амаль штовечар ён прыходзiў да мяне ў школу з гармонiкам, сшыткамi i падручнiкамi. Ён мяне вучыў iграць на гармонiку, а я дапамагаў яму спачатку рыхтаваць урокi, а пасля правяраў, цi правiльна ён iх падрыхтаваў.
Устанавiлася такая дружба, што Васiль нiколi не парушаў нашай умоўленасцi, заўсёды падаваў прыклад добрых паводзiн у школе, стаў добра вучыцца i на кожнай вечарынцы быў маiм першым памочнiкам.
З мяне гарманiст не выйшаў. Ледзь-ледзь я навучыўся iграць нейкi вальс ды страданне. Пад вясну ж у школе i ў калгасе было столькi спраў, што нашы з Васiлём заняткi па музыцы прыйшлося спынiць. Хоць, напэўна, i заўважыў ён мой гэты халадок да музыкi, а чацверты клас скончыў паспяхова. Паспяхова ён вытрымаў i экзамены ў сямiгодку. Пачуццё гордасцi за Васiля ахапiла мяне. Я адчуў першую здаволенасць сабою.
Яшчэ прайшоў адзiн навучальны год, i мяне забралi на работу ў раённы аддзел асветы. Летам я развiтаўся са сваiмi вучнямi i з усiмi жыхарамi вёскi. З раёна я паехаў вучыцца ў iнстытут. А Васiль, як мне паведамлялi пры сустрэчах калгаснiкi, паспяхова вучыўся ў сямiгодцы. Яшчэ праз год я зусiм згубiў з поля зроку свайго "настаўнiка" музыкi.
А час iшоў.
Неяк перад самай вайной атрымаў я камандзiроўку ў Гомель. Працаваў тады iнспектарам школ, i мне часта даводзiлася раз'язджаць. Давялося правяраць паспяховасць вучняў у адной са школ горада. Настаўнiца Марыя Маркаўна, з якой я вёў гаворку, пачала папракаць мяне, што я пайшоў у начальства, кiнуў настаўнiцкую дзейнасць. Яна ўспомнiла многiх сваiх вучняў, якiя сталi ўжо вядомымi людзьмi, часта прысылалi ёй удзячныя пiсьмы.
Мне хацелася даказаць Марыi Маркаўне, што я зусiм не вiнаваты ў тым, што не працую непасрэдна ў школе, а займаюся iнспектаваннем школ.
Яна i слухаць не хацела, усё распякала i распякала мяне. Час ад часу яна называла iмёны тых людзей, якiя пiсалi ёй самыя цёплыя пiсьмы, лiчылi яе самым дарагiм чалавекам.
Так мы прагаварылi з ёю аж да прыцемкаў. Потым я пайшоў у гасцiнiцу.
Настаў цiхi зiмовы вечар. Мяккiя пушынкi снегу ападалi на зямлю, лiплi да вопраткi, да твару.
Я iшоў па вулiцы Талстога ў прыўзнятым настроi. Вось i мост цераз чыгунку. Ён неяк непрыкметна з'явiўся перада мной. Пад iм, пыхкаючы, праходзiў паравоз. Я спынiўся, чакаючы, калi ён пройдзе. Насустрач iшлi людзi, але твараў iх я не заўважаў. Пайшоў павольна далей.
Адзiн з пешаходаў, чалавек рослы, у шынялi, крокаў за пяць перада мной спынiўся. Я прайшоў каля яго.
– Адам Ягоравiч, - не то паклiкаў, не то сам у сябе спытаў гэты вайсковы чалавек.
Пачуўшы сваё iмя, я таксама спынiўся. Чалавек стаяў нерухома. Я паглядзеў на яго i, не пазнаўшы, рушыў далей.
Той на гэты раз мацней сказаў:
– Не пазнаяце, Адам Ягоравiч?
Я зноў спынiўся i яшчэ больш пiльна паглядзеў на вайсковага. А людзi ўсё iшлi i iшлi цераз мост.
А той, хто спынiў мяне, усё ўглядаўся, нiбы здзекаваўся з мяне. Я не пазнаваў чалавека i ўжо быў памкнуўся iсцi.
– Ай-яй-яй, - наляцеў на мяне вайсковы. I не паспеў я павярнуцца да яго, як ён схапiў мяне ў абдымкi i, прыцiснуўшы да сябе, падняў. У мяне ажно дух заняло.
Але твар яго цяпер быў ля мяне зусiм блiзка, i я пазнаў Васiля, свайго першага з вучняў, што даўся мне ў знакi.
– Васiль, Васiль Якiмчук, - разгублена прагаварыў я.
– Ды я ледзь пазнаў цябе, мядзведзь ты гэтакi.
Той выпусцiў мяне са сваiх дужых рук i засмяяўся радасна, задаволена.
Я абрадаваўся сустрэчы.
Мы моцна пацiснулi адзiн аднаму рукi.
Васiль, даведаўшыся, што я ў камандзiроўцы, не адпусцiў мяне аднаго, а правёў да гасцiнiцы i там зацягнуў у рэстаран.
Мы прагаварылi амаль да гадзiны ночы.
I якая вялiкая настаўнiцкая гордасць ахапiла мяне! Васiль шчыра i адкрыта сказаў мне, што толькi мае тыя, выдуманыя, музычныя заняткi, мае адносiны да яго, Васiля, паставiлi яго на правiльны шлях, i ён стаў чалавекам. Цяпер Васiль быў адукаваным партыйным работнiкам у нашай слаўнай Савецкай Армii. Ён сам цяпер адказвае за выхаванне байцоў i малодшых камандзiраў. Ён не раз расказваў, а яго з захапленнем слухалi пра тое, як ён на трэцi год прабывання ў чацвертым класе паспяхова закончыў яго i як, адчуўшы сваю годнасць, даў сабе слова нiколi не падводзiць свайго настаўнiка.
Мы развiталiся, як добрыя i даўнiя дружбакi. Абмянялiся адрасамi i вялi перапiску аж да пачатку Вялiкай Айчыннай вайны.
...Я i цяпер працую iнспектарам школ. Тыя два гады маёй работы ў пачатковай школе, затым некалькi гадоў працы ў сярэдняй школе пасля заканчэння iнстытута даюць мне падставы не крыўдаваць на маю iнспектарскую працу, - яна быццам бы прадаўжае ўсю маю выхаваўчую дзейнасць.
I няхай не вельмi нападае на мяне Марыя Маркаўна, што я не працую непасрэдна ў школе.
Ды i я маю не аднаго, а шмат выхаванцаў, якiя мне, гэтак жа, як i Марыi Маркаўне, пiшуць пiсьмы, раяцца са мной, паведамляюць аб сваiх поспехах, аб сваiх радасцях, а часам i аб цяжкасцях. Я так мяркую, што колькi хто з нас нi працаваў у школе, але калi толькi працаваў добра, ён мае сваю гордасць, гордасць настаўнiка, выхаваўцы. Працуючы iнспектарам, я вельмi часта расказваў пра выпадак з Васiлём, пра iншыя цiкавыя эпiзоды са сваёй педагагiчнай практыкi, прыпiсваючы iх другiм настаўнiкам. Для мяне дастаткова было таго, што гэтыя прыклады робяць уздзеянне на маладых настаўнiкаў, дапамагаюць iм iсцi наперад.