Чтение онлайн

на главную

Жанры

Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Шрифт:

Нехта крануў яго за плячо.

— Ты чаго тут, Марка?

— Выбраліся мы Шывальнай вуліцай на Заходні абход, а там духавенства ідзе. Дарогу перарэзала. Страшэнная сіла. Безліч. Калі вакол замка бегчы — не паспелі б. Яны вось-вось тут будуць. Хрэсным ходам разбараняць ідуць.

— Што рабіць? — спытаў суровы Кляонік.

— Ісці на гэтых, — змрочна сказаў Кірык. — Прашчнікаў сюды.

Народ павольна пачаў выціскацца з вуліцы на Ростань, расцякацца ў шэрагі.

— Вус, — сказаў каваль, — бяры дзесятак хлопцаў ды запры выхад з Заходняга

абходу. Не пускай гэтых папоў нас разбараняць.

— Не хопіць. Мала нас.

— Як напруць, то адступай сюды.

— А як яны між намі і імі разбараняць палезуць?

— Бі па галовах, — гыркнуў Кірык.

— Папоў? З розуму з'ехаў, ці што?

— Папоў. Чаго ім у мірскія справы шчаміцца? Мы ў цэрквы не ломімся.

Шалёна зараўла над галовамі дуда. Засвісталі над галовамі, заляскалі — пакуль тое, па бруку, каб напалохаць — каменні.

— Хлеб! Хлеб! Хлеб!

Два натоўпы сутыкнуліся якраз на мяжы Ростані і Старой. Доўбні мільгалі рэдка, ды імі і нязручна было дзейнічаць у цеснаце. Спадзяваліся галоўным чынам на кулакі. Біліся з ярасцю, аж храбусцела.

— Хлеб! Куды хлеб падзелі, навалач?!

Натоўпы віравалі.

— Хлеб?! Гной вам есці! — крыкнуў хлебнік.

Каваль навярнуў яму. Марка і Кляонік урэзаліся ў рады багатых плячо да пляча.

І тут Вястун убачыў, як з трэцяй вуліцы пачала выплываць залітая золатам, іскрыстая маса. Над ёю клубамі віўся дым ладану.

Ішоў хрэсны ход. Плылі праваслаўныя харугвы і каталіцкія пратэсы. У кранальнай еднасці. Нібыта ніколі не было і нават не магло быць іначай.

— Ах ты, ратуй, Пане Божа, людзі твае! — вылаяўся Турай.

Людзі Ціхона Вуса, хаця і вельмі павольна, але адступалі перад духавенствам. Ім нельга было біцца, яны стрымлівалі хрэсны ход дрэўцамі дзідаў, але вага тых, што ішлі, была нязмерна большая.

Вястун ледзь не застагнаў. Два натоўпы біліся ўпарта: чулася лясканне камянёў аб латы, з храбусценнем ламаліся дрэўцы дзід, мільгалі кулакі. Лаянка, крык, праклёны стаялі над натоўпам.

Але збіць гандляроў пакуль не ўдавалася. Яны стаялі насмерць, ведаючы, што калі адступяць са Старой на рынак — рамеснікі кінуцца да крам і складаў, а самім ім давядзецца змагацца на мосце, а там, як гэта не раз ужо было, будуць звяргаць з вышыні ў ваду, у роў.

Яны разумелі, што, адступаючы, можна страціць і тавар і жыццё, і таму пасоўваліся назад вельмі павольна.

Усё бліжэй плылі да месца бойкі рызы, пратэсы, крыжы, статуі на памостах. І вышэй за ўсё плыў над натоўпам убраны ў парчу і золата Хрыстос з усмешлівым васковым абліччам.

— Прымірыцеся! — закрычаў Жаба. — Калі бракуе апекавання, падае народ, а пры шматлікіх дарадцах…

— Яшчэ горш падае, — зарагатаў Кляонік.

— …працвітае, благадзенствуе. Ну, што вам трэба? Рай жа ў нас. Памятаю, выпівалі…

Лотр, замыкаўшы ад ганьбы, вельмі спрытна прыкрыў яму далонню рот.

— Браткі, браціе! — выгукнуў Балвановіч. — Мір вам! Мір! Што вам у гэтым хлебе? Не хлебам адзіным…

З адчаем заўважыў

Кірык, што бойка суцішылася. Шмат хто зняў магеркі. Рукі, якія толькі што крушылі ўсё на сваім шляху, пачалі класці крыжы.

— Пан Бог сказаў: царства маё не ад гэтага свету. А вы ў гэтым свеце хлеб сабе шукаеце.

— Гэй, бацька, спяваеш дужа салодка! — крыкнуў Дудар.

На яго гыркнулі. Невядома, чым гэта ўсё магло скончыцца, але сапсуў сваю ж справу біскуп Камар. Насупіўшы грозныя бровы, ён сказаў:

— А што хлеб? Тфу ён, хлеб!

І, нібы скарыстаўшыся з ягонай памылкі, раптам страсна залямантаваў Зянон:

— Язычнік ты! Паганец! На хлеб плюеш! А чым Ісус апосталаў прычашчаў?!

Другі раз за два дні здзівіўся мужыку Вястун. Але не толькі ён. Здзівіліся і астатнія. Блюзнерства сказаў біскуп. Па-простаму задумаў пагаварыць, халера.

Натоўп зароў. Друкі ўзляцелі над галовамі. Урэзаліся адна ў адну дзве масы, змяшаліся, спляліся. Шэсце, разубранае ў золата, ударылася аб жывы заслон, пачало свідраваць яго, імкнучыся стаць паміж тымі, што біліся. Гэта, аднак, не ўдавалася. Над месцам бойкі стаяў пах поту і пах ладану, вісела лаянка і дзікія гукі псалмоў, хісталіся — усё ўперамешку — крыжы, друкі, дзіды.

Зверху ўсё гэта моцна нагадвала тры стралы, нацэленыя вастрыямі адна ў адну, крыж з адламанай ножкай.

У крыжа не хапала адной часткі. Але ў самы разгар сутычкі з'явілася і яна: з Малой Скідзельскай вуліцы павольна выходзілі трынаццаць чалавек у радне. Трынаццаць, пакрытыя пылам усіх бясконцых беларускіх дарог. Такіх журботных, такіх манатонных, такіх пяшчотных.

— Стой-ойце! Глядзі-іце! — закрычаў нехта.

Крык быў такі, што бойка адразу суцішылася. Ашалелае маўчанне павісла над натоўпам. Кірык бачыў, што ўсе пераглядаюцца, але ніхто нічога не разумее. І раптам — спачатку нясмела, а потым ярасна — раскаціўся над гурмою багатых рогат.

Хлебнік паказваў пальцам на шэсце:

— Глянь, гэты ў мешкавіне.

— Крыж нясе, — рагатаў рыбнік. — І вянец. Гэй, дзядзька, лоб паколеш!

Рогат неўзабаве заразіў і бедных мяшчан.

— Морды ў іх штосьці мятыя, — скаліў зубы Зянон.

Кляонік трымаўся за жывот:

— Не, вы глядзіце, якая ў яго морда круцельская. Святы ваўкарэз.

Не рагатаў адзін Лотр. На вуснах ягоных была грэблівасць. Нават ён не зразумеў, што гэта містэрыяне.

— Гэтага яшчэ не хапала. Самазванцы.

— Сказана бо, з'явяцца лжэпрарокі, — прабасіў Камар.

Усё бліжэй падыходзілі да маўклівай гурмы тыя трынаццаць.

— Сотнік, вазьмі іх, — сказаў Лотр.

Карніла падаў знак варце і павольна рушыў насустрач ліцадзеям. Зачапіць чалавека з крыжам усё ж не пасмеў. Працягнуў руку да грузлага Багдана Роскаша.

— Не руш мяне, — наліўся крывёю Багдан. — Я беларускі шляхціц!

Але варта ўжо кінулася. На вачах у бяздзейнага натоўпу закіпела ярасная, кароткая сутычка.

— Мы ліцадзеі! — крычаў Братчык, але ніхто не чуў яго ў агульным шуме.

Поделиться:
Популярные книги

Последний попаданец 8

Зубов Константин
8. Последний попаданец
Фантастика:
юмористическая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Последний попаданец 8

Купеческая дочь замуж не желает

Шах Ольга
Фантастика:
фэнтези
6.89
рейтинг книги
Купеческая дочь замуж не желает

Я – Стрела. Трилогия

Суббота Светлана
Я - Стрела
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
эро литература
6.82
рейтинг книги
Я – Стрела. Трилогия

Последний Паладин

Саваровский Роман
1. Путь Паладина
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Последний Паладин

Горькие ягодки

Вайз Мариэлла
Любовные романы:
современные любовные романы
7.44
рейтинг книги
Горькие ягодки

Фиктивный брак

Завгородняя Анна Александровна
Фантастика:
фэнтези
6.71
рейтинг книги
Фиктивный брак

Отмороженный 6.0

Гарцевич Евгений Александрович
6. Отмороженный
Фантастика:
боевая фантастика
постапокалипсис
рпг
5.00
рейтинг книги
Отмороженный 6.0

Законы Рода. Том 5

Flow Ascold
5. Граф Берестьев
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Законы Рода. Том 5

Свет во мраке

Михайлов Дем Алексеевич
8. Изгой
Фантастика:
фэнтези
7.30
рейтинг книги
Свет во мраке

Кодекс Крови. Книга II

Борзых М.
2. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга II

Сын Петра. Том 1. Бесенок

Ланцов Михаил Алексеевич
1. Сын Петра
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
6.80
рейтинг книги
Сын Петра. Том 1. Бесенок

Довлатов. Сонный лекарь

Голд Джон
1. Не вывожу
Фантастика:
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Довлатов. Сонный лекарь

Странник

Седой Василий
4. Дворянская кровь
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Странник

Вечная Война. Книга V

Винокуров Юрий
5. Вечная Война
Фантастика:
юмористическая фантастика
космическая фантастика
7.29
рейтинг книги
Вечная Война. Книга V