Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Шрифт:
* Кароткі меч.
І мужыкі тыя пусцілі яго ісці сваёй дарогай, а самі пайшлі да каплана, і шкаляр пайшоў.
Хлор Мамантовіч, шляхцюк, потым казаў мне, што гэта ён першы аб усім здагадаўся. Бо, вяртаючыся з горада ў засценак і сустрэўшы г э т а г а аднаго па дарозе ў сваім плашчы, аж жахнуўся, палічыўшы яго за Хрыста. Нібы раптам і на хвіліну здагадаўся — аж ногі да зямлі прыкіпелі і неба здалося з літоўскі кажух. Але тут здзіўляцца не трэба. Раніцай, здалёк, на гразкай дарозе — чаго не прыкінецца. Дый Хлор, вядома, як заўсёды, быў нападпітку. Усе ведаюць, чаго ён так рана з горада ходзіць.
…А потым бачылі я г о ўжо
СЛОВА ДВУХ СВЕДКАЎ
«Так лічылі людзі. Але мы нічога такога не заўважалі, калі яно і было. Іначай чаму б ён быў спачатку такі, як мы, чаму нікуды не ўблытваўся і не лез, чаму не дапамог людзям?
Наблытаў тут бессаромна ў адзіным сваім запісе аб ім, аб чутках, якія хадзілі пра пачатак ягоны, Андронік Лагафіл. І нічога болей не сказаў, спадзеючыся на іншых. Пра галоўнае не сказаў.
А было не так. Было вось як. Слухайце, людзі.
РАЗДЗЕЛ ІІ ГОЛАД, І ПОШАСЦЬ, І МОР
У тыя дні, калі кіравалі суддзі, здарыўся голад на зямлі.
«Кніга Руфі»
Зямля была чорная.
Уся ў сетцы трэшчын, у глыбокіх расколінах, сухая, як далонь земляроба і як порах. Рэдка, часам у палове сажэня адзін ад аднаго, варушыліся на ёй чэзлыя жытнія парасткі.
Вецер часам уздыхаў сярод гарачыні, але нёс толькі яшчэ большую спёку, бы з напаленай печкі. І тады полем блукалі карлікавыя смерчы. Яны неслі пыл, але такі чорны, што, здавалася, — попел.
І такі самы попел віўся з-пад капытоў паляўнічай кавалькады, якая імчала полем, а потым дарогай, да недалёкага сяла.
Людзі ехалі збольшага на чорных або мышастых злых мулах, і па гэтым можна было здагадацца, што едуць людзі духоўнага звання. Але, каб не пурпурная кардынальская мантыя аднаго, каб не біскупскі плашч другога, каб не шэрая дамініканская і не ліловая праваслаўная расы двух іншых, любы наглядальнік мог бы ўзяць гэта пад сумненне.
З-пад рас выглядалі кальчужныя каўняры, пад плашчамі былі залочаныя латы з сонцам на грудзях. (У сонца ператварылася галава Мядузы Гаргоны, якую любілі чаканіць на сваіх латах паганцы; ператварылася таму, што, вядома, не да твару было хрысціянам насіць на грудзях паганскі знак. І вось замест твара Мядузы гразіўся з лат ярасны сонечны дыск, а замест змей хваліста разбягаліся праменні.)
Здаецца, супраць таго, што гэта папы, сведчыла і іншае. Тут не было ніводнага чалавека, пры боку і ў руках якога не было б зброі.
Елянцовыя — палескія, цісавыя — заходнія і страшныя беларускія лукі з двух змацаваных рагоў шэрага ляснога быка, калчаны-тулы, пішчалі; гіганцкія, у чалавечы рост, двухручныя мячы з хвалепадобным або прамым лязом, без піхваў, бо з іх немагчыма выцягнуць самому лязо такой даўжыні; мячы сярэдняй даўжыні і кароткія корды. Азіяцкія, прамыя, як меч, шаблі і шаблі булатныя, змеепадобныя; персідскія, вузкія, як аер, і вострыя, як джала; турэцкія ялмані* са сталлю, якая ідзе блакітнымі зорачкамі; ятаганы, падобныя на сярпы і прызначаныя, як і сярпы, для ўдару ўвагнутым бокам; прыдняпроўскія беларускія дзіды паўтарачнай даўжыні і таму прызначаныя для кідання нагой, з пад'ёму ступака, і беларускія ж іклы, кароткія мячы з лязом шырокім і тоўстым, як каровін язык, і даўжынёю ў дваццаць пяць дзюймаў, з месяцападобным канцом рукаяці, для ўпору ў жывот або грудзі,
* Шаблі, пашыраныя і часам уцяжараныя на канцы.
Здзівіўся б такому толькі чужаземец. На працягу некалькіх стагоддзяў, а асабліва ў той час, дажджом сыпаліся дэкрэты, у якіх забаранялася духоўным асобам насіць зброю ў мірны час, выхваляцца ёю, злоўжываць ёю. І, аднак, ніхто не звяртаў увагі на дэкрэты і на пагрозы, што былі ў іх. У крайнім выпадку можна было спытаць нават і самога папу, дзе ён бачыў мір. І таму ўзброены былі ўсе, акрамя некаторых жанчын.
Так, жанчын. Трэцяе, што магло б прымусіць усумніцца ў тым, што едуць людзі, надзеленыя духоўным санам, было тое, што з імі на асобных конях, а то і проста за спінамі сядзелі кабеты. Размаляваныя, беленыя, з падплоенымі валасамі пад залатымі з алмазамі сеткамі, з аголенымі амаль да саскоў грудзьмі, на якіх прыслужніцы майстэрскі вывелі танюткімі пэндзлікамі сетку блакітных жылак. Зубастыя, відавочна драпежныя, відавочна неакрэсленых паводзін — усё адно знатная гэта была дама ці жанчына з бессаромнай вуліцы.
Некаторыя кабеты былі таксама ўзброены. У астатніх сядзелі на пальчатках сокалы.
З гікам, выгукамі, рогатам імчаў конны паязд. Беглі на сворках гладкія ваўкарэзы і хортыя.
Коннікі ўварваліся ў вёску, як арда. Замільгалі па баках шэрыя хаты, халупы, складзеныя з тарфяных цаглін, і проста зямлянкі.
Чалавек, што сядзеў ля дарогі на купе гною, працягнуў парэпаную, як зямля, руку. Той, што ехаў наперадзе, дастаў з-пад пурпурнай мантыі, з вацка*, прывешанага пад пахай, медную манету і кінуў.
* Вацок — каліта.
— Дарэмна вы гэта, — сказаў яму біскуп.
— Для вас у мяне ёсць прозвішча, пан Камар.
— Дарэмна вы гэта, пан Лотр.
— Чаму?
— Хіба хопіць на ўсё гэта быдла? Працаваць не хочуць, руку цягнуць. І потым… каб гэта ўбачылі іншыя — яны б кінуліся несамавіта. Маглі б і раздзерці. І, ва ўсякім разе, давялося б ужыць зброю… Лепей прыбавіць хады і цяпер.
Кавалькада пагнала ўнамёт. З-за купы гною з'явілася галава чатырохгадовай дзяўчынкі.
— Што ён табе даў?
— Два боханы хлеба, доцю. Чыстага хлеба.
— А хлеб смачны?
— Смачны.
Дзяўчынка зачаравана глядзела ўслед паляванню:
— Прыго-ожыя.
— Вядома, прыгожыя. Гэта ж не мы, мужыкі. Заступніку перад Панам Богам трэба быць прыгожым. Іначай яго Пан Бог і ў палац да сябе не пусціць.
Паязд зноў вырваўся ў палі, пакінуўшы за сабою хаты, падобныя на гнойныя сумёты, і гатычны спічасты касцёлік, падобны на гняздо горнага крышталю. Коні пайшлі павольнай ступою.
— Тое, што і дваццаць год назад, калі я пакінуў гэтую зямлю, — ціха сказаў Лотр. — Толькі тады тут было куды багацей. Багатая ж зямля.
Камар, нахмурыўшы цяжкія бровы, глядзеў на Лотраў твар: выпрабоўвае, ці што. Але гэты твар, усмешлівы, белы і румяны, высакародны, здавалася б, на самы неабазнаны позірк, быў проста зычлівы і гожы.
— Справа веры патрабуе ахвяр, — унікліва сказаў біскуп.
— Вядома.
— І асабліва, калі ўлічыць, як цяжка хворы гэты край схізмаю.
— Кіньце. Унь тая схізма, мітрапаліт Балвановіч, скача за намі. Неблагі чалавек.