Муштук і папка
Шрифт:
Шматпакутны ён быў чалавек, дзядзька Павел. Старэйшага сына, у грамадзянскую чырвонаармейца, белыя захапілі ў палон і замучылі. Таксама з маленства памятаю тое жахлівае, што чуў — пра пяцікутныя зоркі, павыразаныя на жывым чалавеку. Адзіная дачка памерла ад сухотаў, пакінуўшы бацькам малога сына. Ён памёр, калі ўжо нас у Адэсе не было, на тое самае, што і маці. Цётка Марта памерла ў акупацыю. Малодшы сын, ніколі мною не бачаны траюрадны брат, інжынер «по мукомольному делу», жыў далёка, у Данбасе. Забраў быў бацьку, калі той зусім састарэў, але ён там не прыжыўся: «Разведзены жаніўся з разведзенай, з дзецьмі ад першага мужа, — ну што яны мне за родзічы?..» Так ён пісаў у Загора Віліце.
Мы знайшлі яго на пероне. Сівы дзядок у форменнай
— Добрый день! Вы Павел Осипович Брыль?
— Да, я. А вы кто будете?
— Узнавайте.
Ён паглядзеў на мяне больш уважліва і абыякава крутнуў галавой:
— Не знаю вас.
— Я — Ваня, сын Антона Даниловича.
— Голубчик! — з усхліпам крыкнуў стары, нялёгка ўсхапіўся і працягнуў да мяне дрыготкія рукі.
І вось я ўжо плачу, пішучы гэта, убачыўшы побач з дзядзькам свайго бацьку, адчуўшы цеплыню іх адносін.
З усяго даваеннага ліставання Загора з Адэсай, цераз граніцу, для дарослых тады зусім незразумелую, нейкім цудам захавалася ў мяне бацькава пісьмо дзядзьку, напісанае 6 снежня 1923 года, вечарам на зімовага Міколу, роўна за тры месяцы да бацькавага перадсмяротнага «духовного завещания», якое таксама ёсць у мяне. Пісьмо чамусьці не адаслана было. Яно пачынаецца словамі «Дорогой братец, Павел Осипович», а далей, з усёй кранальнай непісьменнасцю бацькі адукаваных дзяцей (на ўвазе маю старэйшых братоў), яно расказвае, як жылося тады, калі чалавек вярнуўся туды, адкуль падаўся ў свет, як думалася — назаўсёды. Вось урывак з таго вялікага і шчырага, як апошняя споведзь, паслання:
«…А мне скажу Павлуша скажу откровенно живется несладко а хуже всего что здоровья нет больше болею чем здоров а еще досадно и трудно терпеть недостатки коник паршивеньки и его мучу и себя земля твоя запущена обрабатывать с трудом ох голубчик от жизни остались только воспоминания а жизнь похоронена не знаю как живется тебе там а здесь деревня была есть и будет деревней а нам разоренным и без денег приехавши в голые старыя углы это не жизнь а пытка все жалеем что уехали…»
«Голубчик Павел», нягледзячы на дружбу з «голубчиком Антоном», — а слова гэтае было ў іх як быццам адно на двух, — у Загора разам не вярнуўся. Ён быў па натуры яшчэ больш за нашага невясковы, хоць і не такі энергічны ды абароцісты. Можна сказаць: мядзведзь наадварот — бо ён, калі ажаніўся, мерыўся па нагаворы жонкі і радні заняцца гаспадаркай, але ўздыхаў: «Эх, каб гэта ж так, як мядзведзь на зіму, заснуць на ўсё лета, а на зіму прачнуцца і — на цёплую печ!..»
Праўда, карэнне вясковае ён, застаўшыся ў горадзе, не абсякаў. На сваю зямлю прыслаў нам заверанае польскім консульствам у Кіеве даручэнне на часовае карыстанне — усё ж з надзеяй на славуты «ўсякі выпадак». Польскія ўлады спрабавалі зямлю тую ў нас забраць, як маёмасць чужынца, а мы судзіліся з казной аж да прыходу іншай улады. Тады ўжо Міша, польскі салдат, які па абмену вярнуўся з нямецкага палону ў лістападзе трыццаць дзевятага, пайшоў з тым даручэннем у сельсавет: бярыце, таварышы, зямлю савецкага грамадзяніна. Шнуры тыя пайшлі па людзях, а Міша з Колем былі рады, што так цяпер не раскулачаць, не вывезуць, хоць на гэта і свайго ўласнага хапала, а на дадатак — я быў у Германіі…
Дарэчы, улетку сорак першага, калі прыйшла акупацыя, у пакінутым сельсавеце нашы знаёмыя бачылі спісы людзей, якіх не справіліся вывезці на ўсход. Там — з-за мяне — значылася і наша сям'я, і яшчэ дзве сям'і, у тым ліку і ўдовай бяднячкі Турчыхі з дзецьмі, два старэйшыя сыны якое таксама былі з польскага войска ў палоне.
Дзядзькавай хатай, каморкай, пограбам, хлявом і гумном карысталіся далейшыя сваякі, а потым яшчэ ўсё пры Польшчы, ён напісаў нам прадаць будынкі і пляц і грошы выслаць яму, бо і жывецца туга, і хварэюць жонка
Пасля вайны старому не палепшала…
Ды ён заставаўся самім сабою, усё яшчэ службістам.
Нам ён сказаў, што вызваліцца ў шэсць гадзін і будзе нас чакаць. А пакуль што, як мы зразумелі, ён на рабоце. Людзі зрэдку ідуць праз брамку, у каго трэба праверыць перонны, каму адказаць на пытанне, што ён тым часам, гаворачы з намі, і рабіў.
Здарылася так, што мы, без віны вінавата, увечары прыпазніліся да яго. І тут я ўспомніў тое, што чулася пра дзядзьку ад старэйшых сямейнікаў: што і нервовы ён, і крыўдлівы, і рэзкі бывае, хоць і душэўны чалавек, і любіў спяваць украінскія песні, асабліва са сваёю галасістай хросніцай, нашай Вілітай. Гэта і ў Загоры, калі ён туды прыязджаў, і ў Адэсе, дзе яна вучылася шыць, а ў вайну і ў бежанстве была. На нас ён пакрыўдзіўся, пабурчаў, што мы «знайшлі раднейшых», а тут і вячэра даўно гатова, і суседзі запрошаны. Мы з жонкай павінаваціліся, ён хутка адышоў, разгаманіўся. Пад смажаную скумбрыю, якая і сапраўды астыла, пад памідоры, кабачкі і іншую смакату мы выпілі маленькімі чарачкамі «Червоного міцного», ад чаго Адэса цяплей спалучылася з Украінай, а адтуль — і з нашымі роднымі мясцінамі.
Ён гаварыў па-адэску. «Я слышал за тебя по радио, но думаю: не напишу! Кто чей племянник — я твой или ты мой? Почему Улита мне пишет, а ты что — не можешь?» Хвалячы каго-небудзь, гаварыў: «Это — тот парень». «Слушай, голубчик, сюда…» Да Ніны маёй звяртаўся «мадамачка». «Внучаньку», як і на пероне, пагладзіў па галаве. Паскардзіўся на сваю пенсію: шэсцьдзесят гадоў у адным дэпо, а плацяць капейкі. «Обидно, голубчик Ваня! А все равно — приболею когда, не выйду, так и кажется, что там без меня все поезда постали!..» Праз мноства небеларускіх гадоў прарывалася і наша, загорскае. «Колхоз там хочуць рабіць? Так жа з нашых гор трактары к чорту пазвальваюцца!» А яшчэ і такое, зусім ужо сваё:
«Ванячко, сэрцо маё ўсё баліць. Стары я, адзін-адзіночанькі…»
Калі яго субкватаранты, пажылая бяздзетная пара, што і з падрыхтоўкай вячэры дапамагалі, сціпла развіталіся і пайшлі, я нарэшце спытаўся — пачакаўшы і прыцішана:
— Дядя Павел, как же это с Володей нашим случилось?
Стары, заслужаны рабочы, партрэт якога вісіць на вакзале, бацька двух камуністаў, старэйшы з якіх яшчэ і герой, ён адказаў мне зусім «па-старарэжымнаму», не вельмі і прыцішаючыся:
— Жидова партейная погубила его, вот как!..
Так мы з жонкай другі раз за дзень пачулі тое, чаго не было ў пісьмах. Што нейкі М., партыйны сакратар, жыд, калі Валодзя, загадчык саўгаснага аддзялення, па справядлівасці выкрасліў яго са спісу на ўзнагароджанне, спадцішка насмуродзіў у гістарычнае «куды трэба». Былі ў яго і сувязі, і памагатыя, на беспартыйнага «паляка», радня якога за мяжой, ды яшчэ і «памешчыкі», таго «куды трэба» хапіла…
Цяпер — пра тых, кім дзядзька папракнуў мяне, сказаўшы пра «раднейшых за яго».
Ігнат яшчэ вясной сорак пятага пісаў мне: «Дяде Павлу и Наде по некоторым причинам не пишу». Маё заходніцкае неўразуменне ён праясніў праз год пры сустрэчы. А нядаўна яго Шура, калі мы зноў закранулі гэтую тэму, яшчэ раз растлумачыў тыя «некаторыя прычыны». Сам ён, Ігнат, спачатку свяшчэннік, пасля «перековки» на Беламорканале са сваёй папоўскай маланадзейнасцю схаваўся за ўральскім хрыбтом, а Валодзя наогул «вораг народа» — што гэта за сваяцтва для дзядзькі з яго сынам-камуністам? А для Надзі — мужаў брат і поп былы, і зэк? А для самога Ігната — з адзіным сынам, за якога дрыжалася ўсю вайну, які павінен далей вучыцца? І асцярожнасць тут, і ўсемагутны таварыш Страх!..