Шрифт:
Вiтаўт Чаропка
Навь-Явь-Правь
То быў нядобры знак. Так лiчылi ўсе жыхары града Жоўны - ад простага пасынка ў князёвай дружыне да самога князя князёў лiцьвiнскiх Жывiнбуда. Сярод яснага дня на вачах люду, як лятавец, зляцеў з неба чорны каршук на галубоў, што сядзелi пасярод двара князёвых харомаў. Вострыя кiпцюры драпежнiка ўпiлiся ў белую галубку, i ў паветры растаў яе перадсмяротны ўскрык. Каршук панёс у кiпцюрах сваю здабычу.
К вечару пра гэта ведалi жыхары града. I ў мiрныя днi нiчога добрага не вяшчала такая падзея, а цяпер i зусiм. Вёў сваю раць князь рускi Яраслаў на зямлю Лiтоўскую. Вiжы, якiя прыйшлi з-пад Пiнска, казалi, што русаў раць незлiчоная, браня на iх моцная, конi пад iмi сытыя,
– Браты мае, - звярнуўся да ваяроў Жывiнбуд, - рускi князь Яраслаў са сваiм воiнствам апалчыўся бранню на Лiтву. Не пакiнем сваiм сынам у спадак вечную ганьбу. Не дзеля таго, каб стаць парабкамi русаў.
I, нахмурыўшы бровы, Жывiнбуд чакаў адразу другiх князёў.
Першым мовiў князь Завейка, зiрнуў у натоўп, перачакаў, пакуль сцiхнуць галасы, i загаварыў:
– Я хачу, каб мудрасць не пакiдала нас. Няма нiчога больш каштоўнага за мiр. Шмат нечаканасцяў на вайне. Нiхто з нас не ўпэўнены, што мы пераможам русаў. I што нас чакае, калi русы разаб'юць нас на полi сечы? Яны выведуць у няволю нашых жонак i дзяцей. Хiсткае ваярскае шчасце: учора перамога, а сёння паражэнне. Навошта нам выпрабоўваць долю? А цi не лепш браталюбна жыць з русамi, плацiць iм чорныя куны i бель срэбра i не пралiваць крывi сваёй. Худы мiр лепш за вайну.
Словы князя адазвалiся ў натоўпе незадаволеным гулам галасоў.
Не чакалi ад яго такiх слоў. Апусцiў Жывiнбуд вочы. Наперад выступiў князь Хвел.
– Няўжо ты думаеш, што перад табой сабралiся жанчыны, што ганьбiш наш слых сваiмi непатрэбнымi словамi?
– звярнуўся ён да Завейкi.
– У цябе жаночае сэрца. Калi баiшся загiнуць, дык можаш схавацца ў сваiх харомах, а мы пойдзем шукаць славы ў бiтвах з ворагамi. Браце, дык не зганьбiм свае iмёны, дык не купiм сваё жыццё бясслаўем. Цi нам палохацца русаў? У нас непераможныя памочнiкi - бацькоўскiя багi. Мы не згубiлi смеласцi i велiчы духу. I не скорымся перад русамi, каб не замучылi яны нас паборамi, як углiчаў.
– Так, так, - загулi ваяры, - не здрадзiм бацькоўскiм багам!
– не слухалi, калi Завейка ў роспачы закрычаў: "Вiхор губiць высокiя дрэвы, але бяссiльны ён перад травой".
Выбралi яны вайну з русамi. Пры першых зорках прынеслi Перуну ў ахвяру белага быка. Калi вялi звера да пагорка, ваяры бiлi яго кiямi i радасна прыгаворвалi: "Вось табе наша ахвяра, божа Пяруне. Просiм цябе даць нам перамогу над ворагам!" Са свяцiлiшча спусцiўся ўнiз па дванаццацi прыступках жрэц - ахоўнiк вечнага агню. Доўгая бялюткая сарочка з шырокiмi рукавамi, упрыгожаная вялiкiмi срэбнымi гузiкамi i ўзорамi на аплеччы, цягнулася па зямлi. Рухаўся ён павольна i велiчна. Прыцiхлi воi. Жрэц накiнуў на шыю быку пятлю, i тут жа канцы вяровак ухапiлi князi. Нядоўга змагаўся той за сваё жыццё: задушаны пятлёй, ён аслабеў i павалiўся на пярэднiя ногi. На iмгненне прысутныя знерухомелi - на якi бок упадзе Перунова ахвяра. На левы, значыць, гневаецца бог грому. Бык упаў на правы бок. Падняў рукi да неба жрэц i ўсклiкнуў:
– Радуйцеся, лiцьвiны! Чакае вас прыхiльнасць багоў! А пасля, калi адсеклi быку галаву i ўздзелi яе на кiй за стодам Перуна,
– Уладар мой, хай не станецца дапамогi ад цябе, хай не абаранюся шчытом сваiм, хай пасечаны буду мячом сваiм, хай загiну ад стрэл i ад iншай зброi сваёй, хай буду рабом увесь будучы век, калi пераступлю праз праўду сваю.
* * *
Падымалi чары i рогi з медавiнай на трэбiшчы, мо апошнi раз у жыццi. Хто ведае, як здзейснiцца над чалавекам воля багоў. Можа, прынясуць з сечы дадому на шчытах, а можа, i вып'е хмельную чару за перамогу над ворагам i на трызне па сябрах.
Сядзелi перад вогнiшчамi, пiлi медавiну. Князёвы отракi падносiлi кожнаму смажанае на вогнiшчы мяса ахвярнага быка. З'елi яго. Отракi тут жа паднеслi розную ядзь: мяса, рыбу, пiрагi, сыры, тварог i пра пiтво, не забывалiся, падлiвалi ў чары i рогi медавiну, пiва i квас.
Ударылi па звончатых струнах гусляры, i загучала песня.
У кроў ахвярнай жывёлы памачылi вестуны стрэлы i, узяўшы па патухлым вугольчыку, панеслi трывожную вестку па Лiтве. "Пагоня!"
* * *
Ранiшняе святло прагнала начную цемру i прадвяшчала ўсход велiчнага i дабрадайнага сонца, якое асвецiць зямлю.
Волак, якога празвалi Ваўком, ляжаў на мядзведжай шкуры, што ўсцiлала ложа, i паглядаў у кут, дзе на палiцы стаяў невысокi драўляны стол барадатага дзеда-хатнiка. На двары, нiбыта плакала немаўля, тужлiва вуркацеў голуб. Гэтай вясной у галiнах клёна, што рос побач з князёвымi харомамi, звiлi гняздо галубы, i з акенца ложнiцы княжыч пазiраў на птушак. Ён звыкся да гэтай галубiнай сям'i - белай галубкi i белага з сiнiмi пёрамi голуба, звыкся да iх вуркацення, шумнага трапцення птушыных крылаў.
Волак падняўся з ложа i зiрнуў у акенца. Птушка сядзела на галiнцы каля гнязда i, натапырыўшы пёры, вуркацела.
– Ты падняўся?
– прагучаў за спiнаю княжыча голас яго малодшага брата Вышака.
– Ну, то добра.
Волак азiрнуўся. Брат стаяў у дзвярах, апрануты ў белую льняную сарочку з вышытымi на беражку знакамi сонца - крыжамi, завязаную шнурком каля шыi. Iльняныя белыя парты былi ўвабраны ў мяккiя боты з астрогамi. На пасе са срэбнай спражкай вiселi ў шкураных похвах нож, капшук з крэсiвам. Вышакавы твар яшчэ не набыў суровага мужчынскага выразу. Невялiкi прамы нос, густыя бровы i выразна акрэсленыя вусны - матчына спадчына надавалi яго твару жаночую мiлавiднасць. У братавых вачах было больш хлапецкай гарэзлiвасцi, чым мужчынскай цвёрдасцi. Брат радасна ўсмiхаўся.
– Нiбыта плача, - прамовiў Воўк.
– А-а, гэты голуб, - махнуў рукою Вышак.
– Збiрайся.
Браты збiралiся на ловы. Цяпер штодня яны разам з паляўнiчымi ездзiлi ў пушчу бiць звера. Калi ўдавалася завалiць вепрука або лася, прывозiлi яго на возе ў горад, дзе звера свежавалi на князёвым падвор'i, салiлi i вэндзiлi мяса да паходу. Апошнiя днi Волак адчуваў стомленасць i без ранейшай ахвоты ехаў у пушчу. Падумаў, што i сёння давядзецца лазiць па гушчары, i добра, калi багi пашлюць якую здабычу.
Даволi хутка Волак памыўся над невялiчкiм драўляным карытцам з прынесенага слугой срэбнага рукамыйнiка. Калi слуга вынес карытца, Волак касцяным грэбенем расчасаў бараду i доўгiя валасы, адзеўся ў такiя ж, як братавы, белыя льняныя срачыцу i нагавiцы, нацягнуў на ногi боты, аперазаў сябе скураным пасам. I каб не залатая вiтая грыўна на шыi, дык княжыч быў бы падобны ў сваёй вопратцы на простага отрака. Аднак загарэлы i сур'ёзны твар з прамым носам, суровы погляд вачэй выдавалi ў Волаку чалавека, якi прызвычыўся ўладарыць над людзьмi.