Пачвара (на белорусском языке)
Шрифт:
Разам з астатнiмi саветнiкамi Iнэш дабраўся да залы, дзе стаяў уваскрашальнiк. Тут iх прыкрыў другi сiлавы экран. З палёгкай схавалiся яны ў iндывiдуальныя гандолы, вылецелi вонкi i паспешлiва паднялiся ў зоркалёт. Калi вялiзны карабель узняўся ўгору, ад яго аддзялiлася атамная бомба. Вогненная бездань раскрылася ўнiзе над музеем i над усiм горадам.
– А мы ж так i не даведалiся, чаму загiнула раса гэтых iстот, - прашаптаў Ёал на вуха Iнэшу, калi грукат выбуху замёр удалечынi.
Бледна-жоўтае сонца паднялося над гарызонтам на трэцюю ранiцу пасля выбуху
– Як метэаролаг, - сказаў ён, - я абвяшчаю, што гэтая планета зусiм бяспечная i прыдатная для гэнейскай каланiзацыi. Не бачу нiякай неабходнасцi яшчэ раз рызыкаваць. Гэтыя iстоты пранiклi ў тайны сваёй нервовай сiстэмы, i мы не можам дапусцiць...
Яго перапынiлi. Бiёлаг Хамар насмешлiва сказаў:
– Калi яны ведалi гэтак многа, чаму ж не перасялiлiся на iншую зорную сiстэму i не выратавалiся?
– Думаю, - адказаў Iнэш, - яны не адкрылi нашага метаду вызначэння зорак з планетамi.
Ён абвёў хмурным паглядам кола сяброў.
– Мы ўсе ведаем, што гэта было ўнiкальнае, выпадковае адкрыццё. Справа тут не ў мудрасцi, - нам проста пашанцавала.
Па выразе твараў ён зразумеў: яны ў думках адхiляюць яго довад. Iнэш адчуваў сваё бяссiлле прадухiлiць непазбежную катастрофу. Ён уявiў сабе, як гэтая вялiкая раса сустрэла смерць. Мабыць, яна настала хутка, але не гэтак хутка, каб яны не паспелi зразумець. Занадта многа шкiлетаў ляжала на адкрытых месцах, у садах цудоўных дамоў. Здавалася, мужы выйшлi з жонкамi на двор, каб сустрэць гiбель свайго народа пад адкрытым небам. Iнэш спрабаваў апiсаць саветнiкам iх апошнi дзень многа-многа гадоў назад, калi гэтыя iстоты спакойна глядзелi ў твар смерцi. Аднак выклiканыя iм зрокавыя вобразы не дасягалi свядомасцi яго супляменнiкаў. Саветнiкi нецярплiва заварушылiся ў крэслах за некалькiмi радамi ахоўных сiлавых экранаў, а капiтан Горсiд папытаўся:
– Растлумачце, Iнэш, што менавiта выклiкала ў вас такую эмацыянальную рэакцыю?
Пытанне прымусiла Iнэша замоўкнуць. Ён не думаў, што гэта была эмоцыя. Ён не ўразумеў прыроды наслання - так неўпрыкмет яно авалодала iм. I толькi цяпер ён раптам зразумеў.
– Што iменна?
– павольна прамовiў ён.
– Ведаю. Гэта быў трэцi ўваскрэшаны. Я бачыў яго праз заслону энергетычнага полымя. Ён стаяў там, ля далёкiх дзвярэй, i глядзеў на нас, пакуль мы не ўцяклi. Глядзеў з цiкавасцю. Яго мужнасць, спакой, спрыт, з якiм ён нас абдурыў, - у гэтым уся справа...
– I ўсё гэта прывяло яго да пагiбелi, - сказаў Хамар.
Усе зарагаталi.
– Паслухай, Iнэш!
– дабрадушна звярнуўся да яго Мэярд, памочнiк капiтана.
– Не хочаце ж вы сказаць, што гэтыя iстоты храбрэйшыя за нас з вамi або што нават цяпер, ужыўшы ўсе меры перасцярогi, нам усiм трэба баяцца адной уваскрэшанай намi пачвары.
Iнэш змоўчаў. Ён адчуваў сябе пагана. Яго ашаламiла адкрыццё, што ў яго могуць быць эмоцыi. Да таго ж не хацелася выглядаць упартым. Тым не менш ён
– Я хачу сказаць толькi адно, -злосна прабурчаў ён.
– Мне здаецца, што высвятляць, што здарылася з загiнуўшай расай, не так ужо абавязкова.
Капiтан Горсiд падаў знак бiёлагу.
– Пачынайце ажыўленне!
– загадаў ён.
I, звяртаючыся да Iнэша, прамовiў:
– Хiба ты можаш вось так, не скончыўшы ўсяго, вярнуцца на Гэйну i параiць масавае перасяленне? Уявiце сабе, што мы чагосьцi не высветлiлi тут да канца. Не, мой друг, гэта немагчыма.
Довад быў стары, але цяпер Iнэш чамусьцi з iм адразу згадзiўся. Ён хацеў нешта дадаць, але забыўся пра ўсё, бо чацвёрты чалавек падняўся ў уваскрашальнiку.
Ён сеў i знiк.
Настала мёртвая цiшыня, поўная жаху i здзiўлення. Капiтан Горсiд хрыпла прамовiў:
– Ён не мог адсюль выйсцi. Мы гэта ведаем. Ён недзе тут.
Гэнейцы вакол Iнэша, устаўшы з крэслаў, узiралiся ў пустату пад энергетычным каўпаком. Ахоўнiкi стаялi, бязвольна апусцiўшы шчупальцы з прамянёвымi стрэльбамi. Бакавым зрокам Iнэш убачыў, як адзiн з тэхнiкаў, што абслугоўвалi ахоўныя экраны, нешта шапнуў Вiiду, якi адразу пайшоў за iм. Вярнуўся ён, прыкметна спахмурнеўшы.
– Мне сказалi, - прамовiў Вiiд, - што, калi ўваскрэшаны знiк, стрэлкi прыбораў скокнулi на дзесяць дзяленняў. Гэта ўзровень унутрыядзерных працэсаў.
– У iмя першага гэнейца!
– прашаптаў Шуры.
– Гэта тое, чаго мы заўсёды баялiся.
– Знiшчыць усе лакатары на зоркалёце!
– крычаў капiтан Горсiд у мiкрафон.
– Знiшчыць усе, вы чуеце?
Ён павярнуўся, блiскаючы вачамi, да астранома.
– Шуры, яны, здаецца, мяне не зразумелi. Загадайце сваiм падначаленым дзейнiчаць! Усе лакатары i ўваскрашальнiкi павiнны быць неадкладна знiшчаны.
– Хутчэй, хутчэй!
– жаласна пацвердзiў Шуры.
Калi гэта было зроблена, яны перавялi дух. На тварах з'явiлiся панурыя ўсмешкi. Усе адчувалi змрочнае задавальненне. Памочнiк капiтана Мэярд прамовiў:
– Ва ўсякiм разе, цяпер ён не знойдзе нашу Гэйну. Вялiкая сiстэма вызначэння зорак з планетамi застанецца нашай тайнай. Мы можам не баяцца адплаты...
Ён спынiўся i ўжо павольна закончыў:
– Пра што я кажу?.. Мы нiчога не зрабiлi. Хiба мы вiнаватыя ў тым, што здарылася з жыхарамi гэтай планеты?
Але Iнэш ведаў, пра што ён падумаў. Пачуццё вiны заўсёды ўзнiкала ў iх у падобныя моманты. Прывiды ўсiх знiшчаных гэнейцамi рас; бязлiтасная воля, якая натхняла iх, калi яны ўпершыню прызямлялiся; рашучасць знiшчыць тут усё, што iм перашкодзiць; цёмныя прорвы маўклiвага жаху i нянавiсцi, што раскрывалiся за iмi паўсюль; днi страшнага суду, калi яны бязлiтасна абпраменьвалi жыхароў мiрных планет, якiя нiчога не падазравалi, смертаноснай радыяцыяй, - вось што таiлася за словамi Мэярда.
– Я ўсё ж не веру, што ён мог уцячы, - загаварыў капiтан Горсiд.
– Ён тут, у будынку, ён чакае, калi мы здымем ахоўныя экраны, i тады ён здолее пайсцi. Няхай чакае. Мы гэтага не зробiм.