Перуновага племені дзеці
Шрифт:
Не ведае хлапчаня, што Жыжа, Жыж, Жыжаль — гэта даўні бог агню, якога шанавалі нашы далёкія продкі. Акрамя таго, Жыжаль быў богам кавальскай справы — ці бачылі вы, якія снапы іскраў шугаюць, калі за працу бярэцца майстравіты волат-каваль? Іменна Жыжаль выкаваў для Сонца залатую калясніцу, а для Месяца — сярэбраную. І гуляюць Месяц з Сонцам на небе ў даганялкі — сабе на забаву, людзям на пацеху. Гэта Жыжаль пастаянна куе богу грому Перуну вогненныя стрэлы. Калі ж натоміць Жыжаль рукі і захоча адпачыць, то нябесны грамавержац не мае чым палохаць людзей, аціхае Перуноў запал. А над Жыжалевай кузняй заўсёды непагасны агонь свеціцца. Днём — гэта Сонца, ноччу — Месяц, а іскры зоркамі
З даўняга-прадаўняга часу ад пакалення да пакалення перадаюцца легенды пра «цёплага» бога Жыжаля. Жыве ён у глыбокіх глыбінях зямлі, куды ніводнае чалавечае вока не зазірала. Калі ціхенька ходзіць ён па сваім падземным царстве, тады проста сагравае зямлю. А калі пачне спяшацца ды бегаць, выбухаюць сапраўдныя пажары. Ажно на паверхню вырываецца полымя. Гараць тады лясы і нівы, загараюцца нават тарфяныя балоты, дзе чэрці з нячысцікамі ад людзей пахаваліся. Гэткім чынам бог агню Жыжаль дапамагае Перуну змагацца са злымі памочнікамі Чарнабога.
Бывае Жыжаль і ўпартым, злосным. Калі ўнадзіцца ды разахвоціцца, шмат шкоды наробіць людзям пажарамі ды засухай на палях. А як нагуляецца ўволю, калі надакучыць па свеце лётаць, супакоіцца, падабрэе, зноў у зямныя глыбіні апусціцца, каб знутры зямлю саграваць. На паверхні ж сёе-тое на памяць пра сябе пакіне. Таму і кажуць людзі, што Жыжаль пасяліўся ў кожнай хаце, спіць да пары да часу ў печы, хаваецца ў грубцы, туліцца на прыпечку. Не баіцца ён і на двары раскінуць свае цепланосныя шаты. Каб сагрэць людзей, ежу згатаваць — бо добра яму і ўсцешна разам з імі.
Не адно стагоддзе жывуць людзі ў згодзе ды насцярозе з агнём. Дзеля ўшанавання бога Жыжаля ладзілі цікавае свята Жаніцьба Пасвета, альбо Жаніцьба Коміна. Ад¬значалася яно ў верасні. Каб не Жыжыль, то бог холаду Зюзя памарозіў бы не адно малых дзетак, а і дарослых людзей, хатнюю жывёлу звёў бы са свету, выстудзіў бы жыллё. Але Жыжаль не дазваляе Зюзю разгуляцца, бо з кім жа тады застанецца бог цяпла? Так дагэтуль і барукаюцца Жыжаль з Зюзяй. Ніхто нікому не паддаецца, ніхто канчатковую перамогу не святкуе. Толькі на вясну ды лета выпраўляецца Зюзя ў свае халодныя краіны, каб там сілы набрацца, а марознай зімой разам з мяцеліцамі ды за¬вірухамі на запрэжанай ваўкамі брычцы вярнуцца назад.
А вось Жыжалю ніколі няма адпачынку — днём і ноччу шчыруе ахоўнік цяпла і жыцця, не спіць ні зімой, ні летам, ні на хвіліну вачэй не зводзіць. Ведае, што калі засне, то Зюзя адолее яго, і запануюць тады на свеце холад і смерць. Без цяпла, вядомая рэч, нішто жыць не можа. А дзе цяпло — там радасць, там згода, там жывое жыццё віруе. Таму людзі навучыліся шанаваць і падтрымліваць Жыжаля, паважаць ягоную старасць, моц і магутнасць. Шмат казак, песень, легенд, прыказак, замоў, выслоўяў, загадак скла¬дзена пра агонь, пра Жыжу. Лічылася, што агонь валодае незвычайнай ачышчальнай сілай. Таму купальскай ноччу палілі вогнішчы, скакалі праз агонь, а пасля шукалі чароўную папараць-кветку, збаўчы агеньчык якой павінен прынесці шчасце.
Людзі ведалі аберагальную моц святога агню. Мо таму ад магчымага пажару за¬сцерагалі сябе таксама агнём. Каб падчас навальніцы гром з маланкай не нарабілі шкоды, у хаце запальвалі грамнічную свечку. Лічылася, што найбольш карысны «жывы» агонь. Гэта агонь, здабыты трэннем дрэва аб дрэва. Ён найлепш лечыць хворых, яшчэ дужэйшымі робіць здаровых, спрытна праганяе з хаты нячыстую сілу, надзейна разганяе цемру і холад. Таму лічылася вялікім грахом пляваць у агонь — бо засярдуе Жыжаль і пакарае. Хто гэта зробіць, у таго губы папухнуць альбо вогнік нападзе — хвароба такая. Нельга было кідаць у агонь нічога дрэннага, нячыстага, бо гэта знявага бога агню, і таму на целе з’явяцца балячкі. Няможна было заліваць агонь вадой.
Некалі нашы продкі нястомна зберагалі агонь на язычніцкіх капішчах. Каля яго ачышчаліся ад благога і нядобрага, з ім дзяліліся сваімі жаданнямі, надзеямі ды спа¬дзяваннямі. Туды быў забаронены ўваход не адно чужынцам, а людзям без веры, без спагады, без душы. Гэты незгасальны агонь называўся Знічам, ён стаў для беларусаў своеасаблівым поклічным сімвалам, які вёў за сабой да лепшага жыцця. Ва ўсе часы вабна і прыветна свяціўся ён для змагароў за волю і шчасце народа.
Сёння ва ўсіх храмах, пад абразамі на покуці ў многіх дамах гарыць свечачка альбо лампадка — свяшчэнны агонь нашай праваслаўнай веры, сведка неўміручасці жыцця і заклік берагчы і шанаваць жыццё як найвышэйшы Божы дар. Згарае свечачка, а цяпло яе ўзносіцца да неба, дзе пануе магутны Пярун — першастваральнік агню.
Ласкавы агонь заўсёды дадаваў чалавеку радасці, добрага настрою, святочнасці. Нездарма так нязводна вабяць да сябе купальскае вогнішча, турысцкі касцёр, пастухова цяпельца, прыветны агеньчык у начным акне. Нездарма царква яшчэ больш пра¬святляецца і становіцца ўрачыстай ад трапяткіх агеньчыкаў свечак. А людская радасць, выкліканая агнём, дагэтуль жыве ў каляровых ілюмінацыях, квяцістых феерверках, маляўнічых салютах.
ЗЮЗЯ
Мама апранае сыночку цёплае футра, хавае ручкі ў цёплыя рукавічкі і толькі тады вядзе на вуліцу, дзе пануе мароз. На сынава пытанне, чаму трэба так апранацца, адказвае, што на дварэ Зюзя, а ад яго трэба бараніцца. І ўжо сярод белых снежных гурбаў мама расказвае пра таямнічага і загадкавага Зюзю.
Даўным-даўно, калі на нашай зямлі яшчэ не было праваслаўных цэркваў, нашы прашчуры пакланяліся язычніцкім багам. І калі іншых багоў шанавалі многія славяне, то бога зімы і холаду Зюзю ведалі толькі на беларускіх землях. Як зазначае вядомы даследчык П. Шпілеўскі, імя «халоднага» бога паходзіла ад слова «зюзець», гэта значыць, мерзнуць, калець ад марозу.
Ад гэтага, відаць, пайшло яшчэ адно слова — «акалець», што значыла памерці, ахалодаць, страціць жыццёвую сілу. Лічылася, што зіма з усім сваім воінствам прыязджае на зямлю на пярэстых кабылах альбо на ваўках. Пасля яна становіцца на ногі і пачынае сваю сцюдзёную справу: скоўвае зямлю, будуе на рэчках ледзяныя масты, ажно да неба дабіраецца, дзе ад холаду дрыжаць нават зорачкі.
Па-рознаму ўяўлялі людзі Зюзю. Але ўсе, бадай, сыходзіліся, што гэта стары тоўсты дзед. Нізенькага росту. У яго белыя, як снег, валасы і такая ж белая і доўгая барада. Паназірайце калі-небудзь, як апускаюцца з неба мяккія сняжынкі, як кружацца яны ў бясконцым танцы. Гэта бог зімы Зюзя ціхім снегавеем плыве над зямлёй. Здаецца, нябачны дзед сваёй пушыстай барадой замятае ўсе сцежкі і дарожкі, атуляе снегам дрэвы ў лесе і садзе, насыпае высокія гурбы, выраўноўвае палі і лугі.
І вось дзіва, гэты стары не зважае на мароз: чым ён мацнейшы, тым яму лепш. Ходзіць па сыпкім снезе босы, без шапкі — і радуецца. Здагадаліся чаму? Дык ён жа сам мароз і холад, каго яму баяцца? Апрануты Зюзя ў доўгае белае футра. Блукае па белым свеце з вялізнай жалезнай булавою ў руцэ. Калі нехта раззлуе яго, так стукне булавою ў пень, што несціханы гул да неба далятае, а пень на дробныя трэсачкі рассыплецца. Вось тады і пачынаюцца самыя маразы. Таксама траскучыя. Калі ў такім настроі Зюзя з’явіцца ў вёсцы, то і там наступае халадэча. Ходзіць Зюзя дзе хоча, па-груквае булавою па дрэвах, па платах, а то возьме і з усёй сілы смальне ў сцены хаты.