Постаці
Шрифт:
Вера ў сілу дабрыні, або Сын Беларусі, сын Прагі
Ёсць на свеце гарады, якiя, з самага пачатку, радасна i балюча раняць тваё сэрца. Або, калi выславiцца iначай, заражаюць тваю душу вечную тугою па сабе. I не толькi тваю душу. Усякую.
Прага — адзiн з такiх гарадоў. Я думаю аб ёй як многiя i многiя тысячы людзей восемсот… чатырыста… сто год назад… зараз. Я ўжо ведаю, што нiколi не здолею адкiнуць думку аб ёй, што гэты горад будзе вечна i ўладна прыцягваць мяне да сябе. I як першую данiну маёй новай (i старой) любовi да яго, я хачу прынесцi яму сцiплае апавяданне аб адным чалавеку, для якога ён стаў другой духоўнай радзiмай.
Аб Францыску Скарыне (каля 1490 — каля 1551 гг.),
Кнiга "Быцця" — i асвета? Кнiга "Царстваў" — i гуманiзм? Цi не замнога мы бяром на сябе, называючы Скарыну асветнiкам i гуманiстам? Дзеля таго, каб адказаць на гэта, трэба зiрнуць на эпоху, у якую жыў гэты чалавек.
Людзi нiбы ачнулiся ад шматвекавога чаднага сну, у якiм ледзь не памёрла самая iдэя Чалавека. Iхнiя галовы яшчэ баляць рэлiгiйнымi догмамi i феадальнымi нормамi. Але лёгкiя ўжо хапаюць свежае паветра, прагна, захлынаючыся, з той цягай да рэзкага, гаючага ветру, якая лепей за усё гаворыць, што Чалавек, што Чалавецтва будуць жыць, якiя б Гернiкi i Асвенцiмы нi былi яшчэ суджаны iм на iхнiм шматпакутным шляху.
З-за мораў плывуць караблi, гружаныя спецыяй i золатам, багацеюць i робяцца мацнейшымi за феадалаў гарады, з-пад рук рамеснiкаў выходзяць рэчы, якiя мы i зараз лiчым шэдэўрамi. Як трава пасля доўгай зiмы, паўсюль з'яўляюцца дзiвосныя па багаццю талентаў людзi: паэты, дойлiды, фiлосафы, iнжынеры, мастакi.
I аднак, на думцы чалавека яшчэ вiсяць кайданы. Царква паўсюль рэгламентуе гэтую думку (змянiлася толькi тое, што думка болей не жадае пакоры i слухмяна цярпець гэта i, застаючыся рэлiгiйнай, прынамсi ў фiласофскiм аспекце, хоча мець права сумнявацца, мець права на ерась, мець права не ўсё браць на веру, нават калi гэта сказалi Майсей або Хрыстос).
Яшчэ паўсюль гараць жывыя факелы, i ў Англii "авечкi з'ядаюць людзей", — але з'явiлiся ужо Рабле i Леанарда да Вiнчы, Томас Мор i Кампанела, Мюнцар i Гус.
Разгромлена войска Мюнцара. Пасля тытанiчнай барацьбы з сiламi ўсяго свету прыдушаны рух гусiтаў. Жыццё — як агонь i ноч: дзiўная сумесь гуманiзму, якi ўсё больш уладна разгараецца ў душах — i самага бессаромнага, трыумфуючага цемрашальства.
На беларускiх землях яшчэ горш. Большая частка людзей увогуле не прачнулася, не адчувае неабходнасцi змен. Яны ўжо выраслi са старой вопраткi, але не саромеючыся носяць яе. Самыя перадавыя з надезяй глядзелi на Рэфармацыю, на гусiцкi рух, але цяпер страцiлi надзею i яны.
Як пiсаў пазней наш паэт Мiкола Гусоўскi ў сваёй "Песнi пра зубра":
Братазабойствы, грызня, мiжусобныя войны — Iхнi занятак фiзiчны i свет iх духоўны. Б'юцца князi-ваяводы, а стогнуць народы. … … … … … … … … … … … … … Што iм той смерд — наша гора i нашы пакуты? I м свайго дамагчыся, а ты хоць залiся У горкiх слязах. За мурамi рыданняў не чутна… … … … … … … … … … … … … … Што iм значыць клiнком мацярынскае лона Выпусцiць разам з маленькiм? Усё ж па загаду: Сродкi — любыя, а мэта адна — вынiшчэнне. … … … … … … … … … … … … … …ён i не дбае, што голыя рукi адпомсцяць. Стогне i ў цемрадзi ночы злавеснай народ наш Вобмацкам долi шукае. Жахлiвыя здзекi… … … … … … … … … … … … … … Князь i баяры — усе, каму льга заступiцца, Глухi да нас i не горай, чым жорсткi татарын, Душаць пятлёй галасы абурэння ў народзе. Плаха i кат-выканаўца — вось доля любога, Хто пастаяць за закон i за бога азваўся.Рэфармацыя таксама пачала палiць людзей. Гусiтам не удалося збудаваць "царства божае" на зямлi. Свае бунтары пайшлi на плаху. Надзея ўжо нават не на бога — што ён зрабiў добрага? — а на дзеву Марыю.
Вымалiць краю тваю абарону-спагаду. О, заступiлiся за нас! Праз любоў к чалавеку … … … … … … … … … … … … … Ты наша мацi-заступнiца, мы — твае дзецi, Крыўдзяць, цкуюць нас i ганьбяць — утры нашы слёзы. … … … … … … … … … … … … … Нашым князям, што ў сваiх мiжусобiцах розум Нашай крывёй замуцiлi, падай на пахмелле… Цемра. Надзеi няма. Дабро стаптанае.У такі час трапляе ў Прагу Францыск Скарына, сын купца з горада Полацка.
Полацк у той час вялiкi i багаты. Ён плацiць каралю падатку ледзь не больш за усе гарады княства. У iм сыходзяцца артэрыi гандлёвых шляхоў, на вулках чуваць нямецкая, дацкая, iтальянская мовы. Затое слаба гучыць сярод вярхоў беларуская мова i, галоўнае, беларуская думка.
Насоўваецца нешта трывожнае. Раней нiкога не ганялi за чытанне "ератычных" iтальянскiх, нямецкiх i сваiх рукапiсаў. Раней была цярпiмасць. Калi ў 1413 годзе ў Полацкую епархiю i Вiцебск прыехаў славуты Iеранiм Пражскi i прапаведваў iдэi Гуса — нiхто не перашкаджаў яму рабiць гэта, i iдэi прапаведнiка з Гусiнца набылi ў Полацку i Вiцебску папулярнасць, iх слухалi i князь, i просты народ (мог слухаць iх i дзед Скарыны).
А тут пачыналася нешта дзiўнае. Пасеў быў зроблены. Рунь выйшла наверх. I тут жа гэтую рунь пачалi па-вар'яцку таптаць. Замест цярпiмасцi — барацьба нацый, вер, моў, паляванне за ведзьмамi. I ўжо справа iдзе аб тым, цi будзе народ малiцца, як ён хоча, дыхаць, нават проста жыць.
I народу гэтаму, галоўнае, няма адкуль даведацца аб "праўдзе" i аб "праўдзiвым богу". Мала, вельмi мала кнiг. Кнiгi — рукапiсныя. Кнiга — гэта вельмi дарагая маёмасць. Кнiга дарэмна займае месца ў багатых палацах, дзе ў яе не заглядаюць. Кнiга ў коранi не дэмакратычная.
I, магчыма, яшчэ ў той час зараджаецца ў душы юнака думка пра кнiгу адносна танную, даступную, кнiгу, якую мог бы трымаць у руках кожны i разумець — кожны. Кнiгу на роднай мове. Не на латынi, не на стараславянскай (абедзве незразумелыя i абедзвюма клiрыкi адгароджваюцца ад простага народа, каб i далей лiчыў кнiжную прамудрасць дарам божым, iх, клiрыкаў, людзьмi асобай, вышэйшай пароды, а сябе — няздатнай нi на што жывёлай, якой так i суджана век пражыць у цемры).
На роднай. Тут у Скарыны няма сумненняў. Пасля, у прадмове да адной з кнiг сваёй "Бiблii", ён скажа, што выдае кнiгi на простай мове таму, "Iжэ мя лiтасцiвы бог з той мовы на свет пусцiў".
Пачынаецца шлях. На ўсё жыццё. Упарты, настойлiвы. Вечны паход, вечная вайна за веды i культуру. Па гразкiх дарогах радзiмы, па дарогах чужых краiн. Пад дажджом, пад пякучым сонцам, пад навальнiцамi i снегам. Праз непрыхiльнасць, недавер, жорсткасць, падазрэннi. Нават праз смерць.
1504 год. Юнак у Кракаўскiм унiверсiтэце Ягелонаў. На факультэце свабодных мастацтваў. Гэта часы Капернiка. Гэта рэнесанс навукi i мастацтва, адраджэнне чалавечых душ, iх выйсце з пекла, у якiм гiнуў сам дух.