Постаці
Шрифт:
Земляроб-араты, хатні настаўнік, прыказчык, пісар, памочнік вінакура (а значыць, дзе патрэбна, і рабочы), бібліятэкар, журналіст, рэдактар адной з першых беларускіх газет "Наша ніва". А потым адзін з заснавальнікаў беларускага універсітэта, акадэміі, беларускіх выдавецтваў, нацыянальнага тэатра.
Але перш за ўсё Паэт. Шмат іх яшчэ будзе на Беларусі. А ён застанецца для нас першай любоўю, арганам, які мы стварылі, каб найбольш поўна выказаць саміх сябе, уладаром нашых дум, якога мы выбралі не пад уплывам абставін, а як адна душа і добраахвотна, па сваёй волі.
Гэта
Потым пайшлі першыя зборнікі вершаў "Жалейка", "Гусляр", "Шляхам жыцця". Але ж і бацькі нашы, бадай, ведалі Купалу часцей не па друкаваных радках (ім часам цяжка было прабрацца ў сельскую хату, на хутар, у дом гараджаніна ці фальварак). Ён уваходзіў у іх жыццё як калыханка, як шолах лістоты пад начным ветрам, звон трыснягу на лясных азёрах, сум балот і палёў і трывожнае зарыва далёкага пажару, як спеў ліры ў руках сляпога і як вочы тых людзей, што чыталі вершы Купалы на вечарынках і ставілі яго п'есы. Ён уваходзіў музыкай нават пад тыя курныя стрэхі, дзе ніколі не чулі яго імя. А гэта хіба не найвышэйшая ўзнагарода для песняра?
"Я не паэта", — сказаў ён у адным з вершаў. І сапраўды, калі ўяўляць паэта з сонечным німбам на галаве і лірай Апалона ў руках, — ён не паэт. На галаве яго — сялянская шапка, у руках — жалейка пастуха.
Але для нас ён больш чым паэт. Ён іграў на струнах нашай душы, як хацеў.
Вось ён шэпча:
Ці завылі ваўкі, ці заенчыў віхор, Ці запеў салавей, ці загагала гусь, — Я тут бачу свой край, поле, рэчку і бор, Сваю матку-зямлю — Беларусь.І парог хаты, заліты месячным святлом, адказвае яму.
А вось ён узвышае голас:
А хто гэта іх, не адзін мільён, Крыўду несць навучыў, разбудзіў іх сон? — Бяда, гора.І чуцён тупат мільёнаў ног, і бачны косы, узнесеныя ў зарыва.
…І вось яшчэ ледзь не самае галоўнае. З бегам часу Янка Купала ўсё больш нагадвае нам нашы маленства і юнацтва. Яны не былі ў нас бязвоблачнымі. Нашэсце, недаяданне, холад, цяжкая праца. Але цяпер… цяпер яны здаюцца нам шчаслівымі і поўнымі пазнання хараства. Бо гэта і сапраўды было пазнанне хараства свету, няхай сабе жорсткага і суровага. І ніхто ўжо не верне нам гэтых дзіцячых, шырока адкрытых на свет вачэй, гэтых усё ж шчаслівых, таму што беззваротных, дзён.
Хіба што Купала і лепшыя, хто стаяў з ім плячо ў плячо.
Ён — наш гнеў. Ён — наша асуджэнне прыгнёту і рабства, несправядлівасці і вайны. Але ён жа і наша ўсхваленне радасці. Я не ведаю ў славянскай (і, магчыма, не толькі ў славянскай) паэзіі такога па-язычаску дзёрзкага гімна шчасцю, каханню, сонцу, вольнай працы на вольнай зямлі побач з любімым, блізкім табе чалавекам, як паэма "Яна і я".
Сэрца чалавечае разарвалася б, калі б у ім заўсёды жыла адна лютасць. І грош цана сэрцу, якое ведае адну жорсткасць і не можа хоць падчас заліцца ў бяспамятнай ад захаплення песні.
Зайздросны лёс!
Але ў тым і ўся сутнасць, што лёс ніколі не дае геніям поўнага шчасця, быццам нават зайздросцячы ім. Не быў ён ласкавы і да нашага паэта. Не кажучы ўжо аб неўладкаваным юнацтве, аб тым, што першы зборнік толькі цудам не прывёў яго на тры гады ў выпраўленчы дом, на восем гадоў у катаргу, не кажучы аб паклёпах ворагаў і здрадніцтве фальшывых сяброў — ён яшчэ азмрочыў апошні год яго жыцця ценем самай страшнай вайны, якую давялося перажыць за ўсю сваю гісторыю яго Радзіме.
Яму давялося пакінуць родную зямлю, захопленую і бязлітасна скатаваную ворагам. Ён, праўда, не ведаў, што кожны чацвёрты яго адзінапляменнік загіне са зброяй у руках ці загнаны ў падпаленае гумно (гэта падлічылі пазней). Але ён яшчэ і не бачыў пералому вайны. Да перамогі на Волзе заставалася некалькі месяцаў, калі ён памёр. Ён верыў у тое, што ніякая сіла не зможа знішчыць ці паставіць на калені яго народ. Аднак гэта была вера, азмрочаная пакутай за яго.
Пакласці ўсё сэрца на тое, каб ён, родны народ, быў шчаслівы і вольны, і бачыць яго змаганне, пакуты, гібель — якое сэрца можа гэта вытрымаць?
І ў той дзень, калі перастала біцца сэрца паэта, — на захопленай ворагам радзіме аддавалі зямлі цела яго маці.
Больш за ўсё мне хацелася б супакоіць яго, што ўсё абышлося: нам неслі смерць, але мы не памерлі.
І ў глыбіні душы я веру, што ён ведае гэта. Не можа не ведаць, раз лёс даў яму ўсё ж найвышэйшае шчасце поўнай адпаведнасці і зліцця яго душы з душой народнай.
Гэты чалавек усім створаным вярнуў народу годнасць, годнасць за сваё мінулае, сілу жыць у сённяшнім, мужнасць, каб глядзець у будучыню.
Бываюць паэты большага ці меншага генія, больш ці менш моцнага ўплыву на розум і ўяўленне Чалавека, але для нас, беларусаў, ён адзін такі.
Ён — Купала. І гэтым усё сказана.
Князь і гусляр
З першага слова павінен папярэдзіць — гэты чалавек не абыякавы мне. З даўняга часу нас з ім звязвае трывалае сяброўства. Мы не часта заходзім адзін да аднаго, — хутчэй нават рэдка, — але досыць таго, што мы часта думаем адзін пра аднаго (я спадзяюся, што ён гэтую думку падтрымае).