Прарок для Айчыны
Шрифт:
Бона знікае. Чалавек у чорным глядзіць ёй услед і ціха, злобна смяецца.
ХІ
З успамінаў Скарыны
Вільня. Да Гаштольда ўваходзіць Скарына.
Г а ш т о л ь д. Не скажу, доктар, што я рады вас бачыць...
С к а р ы н а. Я і сам сябе не люблю з самае раніцы. Нехта разыграў такі дурны жарт.
С к а р ы н а. А што ж яшчэ думаць? І жонка здаровая, і каралеўскае рашэнне адносна яе маёмасці ніхто не парушаў, а я кінуў усё на свеце і прыляцеў у Вільню, як той хлапчук... Такога стрэлянага вераб'я на мякіне злавілі.
Г а ш т о л ь д. Відаць, нядрэнныя лаўцы. Чытайце. (Падае пасланне з пячаткай.) Уголас чытайце, доктар!
С к а р ы н а (чытае). «Да пана Гаштольда. Альбрэхт, Божай міласцю герцаг прускі.
...Не вельмі даўно, калі мы былі ў Кракаве, звярнуўся да нас нейкі іудзей, заяўляючы, што займаецца медыцынай, і дакучлівымі просьбамі прыставаў, каб з нашай згоды і волі дазволілі яму паўсюдна ў нашым уладанні практыкаваць яго гаючае лекарскае мастацтва для карысці нашых падданых, прыгнечаных хваробаю. Палічыўшы яго прсьбы небескарыснымі для нашых падданых, мы міласціва падпісалі іх і дазволілі, і ён разам з намі прыехаў у наш горад Кёнігсберг, уладкаваўся і шмат хворых і іншых занядужалых узяў там жа пад свой дагляд. Між тым прыбывае таксама доктар, нейкі Францыск Скарына, якога мы прынялі ў наша прыдворнае акружэнне. Ён, адпраўляючыся адсюль з нашымі лістамі да Вашай Вялікасці па сваіх справах, якія меў у Вільні, дзе ён спадзяваўся затрымацца, зводніцкім сваім нагаворам гэтага чалавека, іудзея і нашага друкара тайна забраў з сабою, пакінуўшы тым часам тут без дапамогі мноства знясіленых і недалечаных... Нарэшце, з не меншай стратай і для нашых спраў, якія ён меў намер здзейсніць і надрукаваць у друкарні. Гэты дзёрзкі ўчынак чалавека выклікае ў нас прыкрасць э-за крыўды, нанесенай як нам, так і нашым падданым». (Адрываецца ад аркуша і збянтэжана глядзіць на Гаштольда.)
Г а ш т о л ь д. Чытайце. Чытайце, доктар...
С к а р ы н а (чытае). «Таму мы ветліва просім Вашу слаўную Вялікасць, няхай гэтага доктара Францыска Скарыну павучыць аб недарэчнасці тайнага вываду нашых людзей і асудзіць і зазначыць, што мы адносімся да яго з незадавальненнем і напрыхільнасцю і што мы ад яго не чакалі такога незаслужанага ўчынку, як гэты. І няхай чым хутчэй адашле ад сябе вышэйназванага іудзея да сваіх, тут пакінунутых і недалечаных хворых, і верне нам сюды нашага друкара. Гэтага, лічым, мы заслугоўваем за нашу прыхільнасць да Вашай слаўнай Вялікасці, каму найлепш з жонкай і мілымі дзецьмі жадаем жыць у здароўі.
Дадзена ў Кёнігсбергу 26 мая».
Скарына разгублены і прыгнечаны.
Г а ш т о л ь д (пасля доўгай паўзы). Як усё гэта разумець, доктар Скарына?
С к а р ы н а. Гэта загадка... Я і ў вочы не бачыў ні лекара, ні друкара герцага Альбрэхта. І загадка...
Г а ш т о л ь д (перапыняе). Ніякай загадкі, доктар. Вас проста справакавалі і тым самым назаўсёды адрэзалі шлях да вяртання ў Кёнігсберг.
С к а р ы н а (горача, усхвалявана ). Я пераканаю герцага! Хіба ў такое можна паверыць - доктар Скарына звёз лекара ад хворых?!.
Г а ш т о л ьд. Не пераканаеце. Тыя, хто звёў ад герцага лекара і друкара, пры неабходнасці лёгка іх знойдуць, і можаце не сумнявацца, што «ўкрадзеныя» пацвердзяць вашу несумленнасць і здраду герцагу... Нас перахітрылі, доктар. Друкарня Скарыны за межамі Каралеўства і Вялікага княства некага вельмі напалохала...
С к а р ы н а ( зусім разгублена ). Што ж мне цяпер рабіць?..
Г а ш т о л ь д. Чакаць нечага новага яшчэ больш брыдкага і каварнага. Здаецца, мы з вамі недаацанілі каралеву і тых, хто за ёю... І выйсце ў вас цяпер толькі адно: з'ехаць калі не ў Масковію, то ў Чэхію. Хоць і тое і другое мне не даспадобы.
С к а р ы н а. У Чэхію я яшчэ паспею...
Сцэна зацямняецца.
Дзея Трэцяя
ХІІ
З успамінаў Скарыны
Валакаламскі манастыр. Манаская келля нечым падобная да Скарынавай вязніцы. Адрозніваецца ад яе хіба тым, што чэсаныя палаці прыкрытыя мешкавінаю, а на
покуці вісіць абраз. Перад ім пры святле свечкі моліцца Максім Грэк, адбіваючы нізкія паклоны. Колькі яму год - не скажаш, твар пад густой барадою. Ціха ўваходзіць Скарына ў манаскім адзенні.
М а к с і м Г р э к (адчуўшы, што нехта стаіць за плячыма, не паварочваючыся ). Хто ўзяў грэх на душу, перашкодзіўшы малітве?..
С к а р ы н а. Я, Максім... Я...
М а к с і м Г р э к (уздрыгнуўшы ад незнаёмага голасу, але не паварочваючыся ). Калі ты не прывід, то хто, грэшны?!.
С к а р ы н а (амаль шэптам ). Францыск, сын Скарынін, са слаўнага горада Полацка, у навуках вызваленых і лекарстве доктар...
Максім Грэк таропка, але цяжка паднімаецца з каленяў, Скарына спрабуе дапамагчы яму.
М а к с і м Г р э к (уважліва разглядае Скарыну, не пазнае, вагаецца). Гэтага не можа быць!..
С к а р ы н а. Як жа не можа, кали вось ён - я. А не верыш, патрымай за бараду.
Максім Грэк бярэ Скарыну за бараду. Яна застаецца ў яго руцэ. Дакранаецца да вусоў.
А вусы мае. (Смяецца, адкідае манаскі капюшон - пад ім доктарскі берэт.)
М а к с і м Г р э к (у жаху). Ты загубіў сябе, Францыск! (Хрысціцца.)
С к а р ы н а. Што-што, а да самагубства мне яшчэ далёка.
М а к с і м Г р э к. Да мяне яшчэ ніхто не заходзіў незаўважаным...
С к а р ы н а. У нас кажуць: чорт не выдасць, свіння не з'есці. Даруй за чорта ў святым месцы.
М а к с і м Г р э к. Якраз ад свінні і не ўратуешся!
С к а р ы н а. Не бойся, Максіме, мае сябры купілі свінню з усімі вантробамі. Будзе маўчаць і толькі рохкаць.