Прарок для Айчыны
Шрифт:
С к а р ы н а. Мяне ж можа выратаваць толькі кароль, бо ўсе цянёты, як мне здаецца, сплецены на мяне за яго спінаю.
В а р т а ў н і к. І кім жа?
С к а р ы н а. Думаю, што каралевай.
В а р т а ў н і к. Во курва!
С к а р ы н а ( заціскае рот Вартаўніку ). Т-с-с!.. Мы дагаварыліся адзін аднаму да канца...
В а р т а ў н і к. Тады менш размоў! Пішы, што трэба, а я тым часам мальцаў папярэджу, каб коней у дарогу рыхтавалі. Мой яшчэ нічога, а куплены
вельмі... ( Выходзячы. ) Канакрады - пся крэўі..
Грымяць запоры. Скарына запальвае свечку, ставіць яе на лаўку, прымошчваецца на падлозе, каб напісаць пісьмы.
Сцэна зацямняецца.
V
Кракаў. Чалавек у чорным і Бона.
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Гаварыце. Там чакаюць. (Паўза. ) Што кароль?
Б о н а. Кароль без улады - не кароль...
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Дакладней!
Б о н а. Ён не можа распараджацца казною. Ён сядзіць у Кракаве, а ў Вялікім княстве верхаводзяць канцлер, гетман, ваяводы, кашталяны, маршалкі. Ён не можа адмяніць рашэнні сейма і паноў-рады. Канцлер у Вялікім княстве - большы кароль за караля ў Польшчы. Пад яго рукой сілы, якія маюць... усе магчымасці маюць...
Ч а л а в е к у ч о р н ы м (перапыняе). Што шляхта?
Б о н а. Непадуладныя каралю магнаты душаць шляхту, шляхта душыць мяшчан і сялян, а тыя шукаюць паратунку і бягуць з вёсак і маёнткаў у гарады. Шляхта бунтуе ў сеймах і судах, якія судзяць па асобных указаннях, па «сумленні» і «мудрасці», але толькі не па закону. Але калі шляхце даць закон, яна знясе самога караля... А на гэты раз яна, здаецца, атрымае закон. Як ні дзіўна, але
кароль гэтага хоча. А хутчэй за ўсё не мае сілы супрацьстаяць канцлеру.
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Што лютаране?
Б о н а. У Вялікім княстве іх адзінкі, у каралеўстве множацца, як саранча. Папскія эдыкты супраць ерэтыкоў ігнаруюцца. Умяшанні рымскай курыі выклікаюць выбухі нянавісці да каталіцкіх духоўнікаў. Тут і магнаты і шляхта яднаюцца. І тыя і другія гатовы адмяніць дзесяціну, павялічыць свае ўладанні за кошт царкоўных зямель і пазбавіцца залежнасці ад каралеўскай улады.
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Каму кароль не давярае і з кім у згодзе?
Б о н а. Не давярае ў першую чаргу мне...
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Мы не дзеля гэтага зрабілі Бону Сфорцу каралеваю...
Б о н а. Санта Мадонна! (Пасля паўзы.) У згодзе кароль з пасынкам Янам - епіскапам віленскім, пляменнікам Альбрэхтам - герцагам прускім, з Гаштольдам - канцлерам Вялікага княства і ваяводам віленскім. Менавіта ён і хоча наблізіць да
двара нейкага палачаніна Францыска Скарыну - у навуках вызваленых і лекарстве доктара. Праз яго канцлер і хоча надрукаваць Статут Вялікага княства пасля яго зацвярджэння сеймам.
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. А што кароль?
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Як даўно Гаштольд сышоўся з доктарам Скарынай?
Б о н а. У іх былі адны настаўнікі ў Ягелонскім універсітэце. А яшчэ Гаштольд быў ваяводам полацкім. Менавіта пры ім купцы Скарыны выйшлі на гарады Еўропы і Масковію. Цяпер Гаштольд карыстаецца вучонасцю аднаго з гэтых Скарынічаў.
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Адносіны каралевы з канцлерам?
Б о н а. Мы ворагі да смерці.
Ч а л а в е к у ч о р н ы м . Не пра тое я!
Б о н а. Канцлер Гаштольд усімі сродкамі змагаецца за незалежнасць Вялікага княства супраць уніі з Польшчай. Ён жа ўстанавіў адносіны з аўстрыйскім дваром і з прускім герцагам Альбрэхтам. Ён жа авалодаў маёнткамі ў Троках, Вільні,
Падляшшы, Любчы, Ашмянах, Біржы, Койданаве. Ён жа разам з Радзівілам пазбавіў мяне магчымасці набыць і адсудзіць маёнткі ў шэрагу паветаў Вялікага княства. І я прасіла б...
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Наша вока ўсё бачыць. Наша вуха ўсё чуе. (Падае руку для пацалунка)
Бона пакорліва цалуе руку і знікае.
VІ
З успамінаў Скарыны
Вільня. Скарына ў рэзідэнцыі Гаштольда.
С к а р ы н а. Даруйце, шаноўны канцлер, але я гляджу на Статут Вялікага княства як на своеасаблівую канстытуцыю незалежнасці слаўнай Літоўскай дзяржавы. І яго друкаванне на друкарскім варштаце стала б не толькі гістарычнай адзнакай высокай прававой культуры ў краі, але і важнай унутранай і знешнепалітычнай акцыяй на ўсходзе Еўропы. Надрукаваны Статут стаў бы першым сапраўдным сімвалам беларускасці. Ён засведчыў бы арыгінальнасць і еўрапейскую годнасць жывой беларускай мовы і пісьмовай культуры. Мова, што б мы ні гаварылі, жыве пад пагрозай паланізацыі.
Г а ш т о л ь д. Доктар, вы стараецеся пераканаць мяне ў тым, у чым я даўно ўжо перакананы, і я запэўніваю вас, што выданне Статута чакае большасць адукаваных і знакамітых людзей княства, не кажучы пра шляхту. Але гэтага баяцца дзяржаўцы
ў каралеўстве, гэтага не хоча каралева, гэтаму да апошняга будзе перашкаджаць каталіцкая царква, да якой я, дарэчы, належу.
С к а р ы н а. Даруйце, але гэта якраз тая "недарзчнасць", якой я не разумею.
Г а ш т о л ьд (пасля паўзы). Калі дасць вам Бог, некалі зразумееце. Між іншым, я пакуль так і не зразумеў, якому вы Богу самі моліцеся.
С к а р ы н а. Калі шчыра, то ніякаму, хоць гэта зусім не азначае, што я не маю цара ў галаве, а Бога ў сэрцы...
Г а ш т о л ь д. Брава, доктар!
С к а р ы н а . Я пра «недарэчнасць» толькі таму, што і польскім магнатам, і каралю, і каралеве, і нават каталіцкай царкве давядзецца лічыцца з тым, чаго хоча беларуская шляхта сваёй Айчыне. Чаго хоча люд паспаліты сваёй Бацькаўшчыне.