Чтение онлайн

на главную

Жанры

Сэрца мармуровага анёла
Шрифт:

— Ну, што ж… Тады давайце налью вам яшчэ гарбаты… Тым больш дэтэктыўная частка сюжэта тут заканчваецца. Калі ажаніўся, Віту прапісаў да сябе, і аказалася, што цяпер у мяне н яма кватэры. Яе на законных падставах прадала па даверанасці клапатлівая жонка, і жылі там зусім іншыя людзі. Госць з дурдома зрабіў на іх тужлівае ўражанне. Людзі аказаліся някепскія, аддалі тое, што засталося з маіх асабістых рэчаў. Спакаваў я чамаданчык і пайшоў… Куды? Прыйшоў у сваю былую майстэрню. Сярод нашага брата хапае кліентаў псіхбальніцы, адзін Ван Гог чаго варты… Так што адхрышчвацца ад мяне не сталі, так я і пачаў жыць — у кутку. Нехта прыцягнуў старую канапу, нехта падзяліўся зімовым адзеннем… Кожны дзень прыходзіў хто-небудзь міласэрны з бутэлькай суцяшальнага рэчыва і, даведаўшыся, што я не п'ю, шматзначна ківаў галавою: ну так, «зашыўся» у бальніцы…

— А як жа карціны? — спытала я. — Чаму нідзе раней не бачыла вашых твораў? Іх немагчыма не запомніць, на любой выставе я іх вылучыла б…

— Карціны… — задумліва паўтарыў Вінцук. — Вядома, мне хацелася зноў пісаць, як хочацца выпрастаць доўга прывязаную ў сагнутым становішчы руку… Але я згубіў веданне — для чаго павінен гэта рабіць. Мусіць, я проста перарос самога сябе былога, як рак-пустэльнік перарастае сваю ракавіну… Тады ён выпаўзае з яе і, безабаронны, мяккацелы, паўзе і шукае новую, большую. Так зрабіў і я. Тым больш, пакуль я лячыўся ад наіўнасці, маё месца ў майстэрні было паабяцана аднаму графіку. Някепскі графік, дарэчы, толькі зануда. А тут я з'яўляюся… Графік палічыў, што гэта спецыяльна падстроена, каб яго пакрыўдзіць. Пачаў дабівацца справядлівасці. Палецкі, маўляў, хворы чалавек, нічога не піша, творча скончыўся, а яго выкарыстоўваюць, каб не даць развіцца магутнаму таленту графіка. П'янкі ўчыняюць кожны дзень, тлум… Пакрыўджаны нават прывёў цесляроў, каб яму адгарадзілі законную трэць майстэрні. Так што маю канапу не было ўжо дзе ставіць. Пасмяяўся я над гэтым змагаром і пайшоў у рэстаўрацыю.

— А як прозвішча графіка?

— Радаслаў Дудкоўскі.

Мне стала горача. Ну, Радзік, абаронца ісціны… Хаця… Хто абагаўляе мяшчаначку з кветкамі, хто захапляецца грамадзянскай пазіцыяй дробнага эгаіста…

Вінцук працягваў:

— Рэстаўрацыя — добрая школа. Я шмат ездзіў па краіне, па блізкім замежжы, працаваў у закінутых храмах, на вышыні, пад купаламі, калі, здаецца, за табой зблізку назіраюць вочы нябесных сіл. Стаў думаць пра Бога. І неяк па-новаму пераацаніў усё, што са мной адбылося. Я адчуў, што паступова набываю апірышча. Адчуў у сабе сілу пісаць… Але ніякага жадання вяртацца ў багемны асяродак у мяне не было. Знаёмая паэтка неяк казала мне: ёсць тры рэчы, якія нельга набыць стараннем. Мудрасць, мужнасць і пакора. Яны толькі даюцца нам звыш. У спрыяльны перыяд свайго жыцця я нічога з пералічанага не меў. Цяпер у мяне ёсць падставы чакаць, што мне нешта дасца. Прынамсі, пакора як абыякавасць да кар'еры ў любым выглядзе. Падчас працы ў адным з кляштараў Гродзеншчыны да мяне падышоў жвавы дзядзечка ў гадах. Пацікавіўся, ці я — Віктар Палецкі. У іх мястэчку быў княжацкі род з такім прозвішчам, можа, я маю адносіны да тых князёў… Гэта быў Нічыпар Хведаравіч Цудко. Нехта з мастакоў расказаў яму пра мяне, колішняга таленавітага юнака, які «загрымеў» у псіхушку, а цяпер зусім апусціўся. Слова за слова, і я пагадзіўся на месца вартаўніка школы і Наўеўскага краязнаўчага музея з правам мець майстэрню ў тэхнічных памяшканнях будынка. Нічыпар Хведаравіч быў душэўны чалавек, ён паабяцаў не афішыраваць, што я — з тых Палецкіх і што я — мастак, выдаў за сваяка, дапамог пазбегнуць некаторых фармальнасцей. Затое я не хацеў хаваць сваё мінулае. Цудко і сам лічыў мяне псіхам, ад якога няшмат толку. Напачатку я маляваў у сутарэннях. Потым, калі дах зусім абваліўся і школу перавялі ў новы будынак, абсталяваўся бліжэй да неба.

Я моўчкі глядзела на спакойны твар вартаўніка. Мне падалося, што дом Вінцуковых продкаў таксама задумліва маўчыць, нібыта ахоўваючы спакой свайго апошняга ўладара… На жаль, гэта была ненадзейная ахова. І прывідная ўлада.

— Слухайце, калі б вы пачалі прадаваць гэтыя свае карціны, вы б маглі купіць кватэру ў горадзе.

— А навошта?

— Тады дом у вёсцы, — раззлавалася я. Падумаеш, незразуметы Дыяген у бочцы з-пад мазуту.

Вінцук толькі ўздыхнуў:

— Справа ў тым, што мая эпапея яшчэ не скончаная. Але гэта доўгая гісторыя… А вам трэба працаваць. Ды і мне таксама.

Ну вось, зараз зноў замкнецца ў сваіх таямніцах… Я запэўніла вартаўніка, як магла, у сваёй шчырай зацікаўленасці. Або ён усвядоміў, што ад мяне не адмаўчыцца, або сапраўды яму трэба было выказацца, але зноў наліў у кубкі гарбаты і працягваў аповед.

— Цудко быў «завернуты» на адкрыцці мастацкіх шэдэўраў.

— Ведаю, нацярпелася ад яго энтузіязму.

— Ён натрапіў на след сапраўды каштоўнай, унікальнай рэчы. Ён жа збіраў сямейныя архівы, і сярод іх быў архіў павятовай паненкі Анэлі Дубовіч, сардэчнай сяброўкі маёй прабабкі Даратэі Вяржбіцкай.

— Гэта тыя паперы, што вы давалі мне чытаць?

— Так. Нічыпар Хведаравіч вычытаў у іх пра сямейны талісман Вяржбіцкіх — залаты крыж з вялікай чорнай перлінай.

— Пра перліну вы мне нічога не гаварылі, — пакрыўдзілася я.

— Зразумейце, чаму… Крыж падарыла аднаму з маіх продкаў, лоўчаму з-пад Наўя Грыню Вяржбіцкаму, сама каралева Бона. Нібыта за тое, што падчас палявання спыніў ашалелага каня, які ледзь не скінуў каралеву. Але была адна тагачасная плётка… Не ведаю, наколькі праўдзівая… Быццам на самай справе Грынь дагадзіў каралеве інакш. Узяў у яе маленькую бутэлечку з бясколернай вадкасцю і прыхапіў з сабою на баль да пана старосты мсцібогаўскага Рыгора Валовіча, які пра каралеву-італьянку дужа кепскія размовы вёў. Пасля таго балю пан Валовіч «смерцію хуткаю памрэ».

— Цалкам магчымая гісторыя, — пацвердзіла я. — Бона — з роду Сфорцаў, майстраў атручваць. І на нашыя землі прывезла італьянскія звычаі. Паатручвала ворагаў багата!

— Не ведаю, за забойства ці за выратаванне быў падораны крыж, але Грынь Вяржбіцкі загадаў пакласці каралеўскі падарунак сабе ў магілу. А ўдава была практычнай жанчынай… І крыж пачаў пераходзіць з пакалення ў пакаленне. Вось толькі шчасця не прыносіў. Род заняпаў, і ў дзевятнаццатым стагоддзі сапраўды дайшоў амаль да жабрацкага становішча. Крыж з перлінай быў фактычна адзіным пасагам прабабкі. Калі прадзед прайграўся ў карты дашчэнту, то прымушаў маладую жонку прадаць ейны крыж ці хаця б перліну з яго. Сума была б і на тыя часы досыць вялікая. Прабабка адмовілася. Яна была гордым чалавекам. Падобна на тое, што яна паклала крыж у магілу Грыня Вяржбіцкага, як той і наказаў.

— Вось адкуль ваша непрактычнасць! Успадчыненая ад прабабкі,— пажартавала я.

— Напэўна, — засмяяўся Вінцук. — Але… З мясцовых аповедаў вядома, што пасля ад'езду жонкі прадзед зацята шукаў магілу старога лоўчага.

— І не знайшоў?

— Мяркуючы па ўсім, не.

— Чаму? Хіба не захавалася помніка, архіваў?

— Дзіўна, але, відаць, так. Нібыта нехта паклапаціўся, каб і памяці пра майго продка не засталося. Нічыпар Хведаравіч «дастаў» мяне сваімі роспытамі. Корпаўся ў архівах, звяртаўся па парады да розных знаўцаў. Аднойчы трапіў да вядомага мінскага антыквара. У таго былі спісы каштоўнасцей, месцазнаходжанне якіх сёння невядомае, хаця яны недзе ёсць.

Там значыўся крыж каралевы Боны з чорнай перлінай. Нават вага той перліны значылася.

— Чакайце, гэта ж колькі год таму крыжу? Не менш як чатырыста?

— Выходзіць, так.

— Хіба перліна не папсавалася за такі час? Вінцук паціснуў плячыма.

— Я не спецыяліст па каштоўнасцях… Але гаворка пра асаблівы, дужа рэдкі гатунак перлін. Мусіць, і якасці ў яго асаблівыя. Прынамсі, антыквар дужа зацікавіўся. Цудко «расцвіў» ад таго, што прафесіянал нарэшце жадае паслухаць пра ягоныя вышукі. Расказаў усё, што ведаў. І тое, што ў іх школе працуе вартаўніком нашчадак Палецкіх і Вяржбіцкіх, які такія-сякія звесткі пра радавыя таямніцы можа распавесці… Небарака марыў пра шыльдачку з яго імем у сталічным музеі і артыкулы ў навуковых часопісах. І не падазраваў, што мае справу са звычайным мафіёзі.

— Ну вось, а вы казалі, што дэтэктыўная частка скончылася, — папракнула я Вінцука.

Той паморшчыўся:

— Які там дэтэктыў… Гэта хутчэй «мыльная опера». Антыквар меў неафіцыйную гаспадыню, пастаянную кліентку, якая вельмі цікавілася старажытнымі каштоўнасцямі і заўсёды ведала, чаго хоча. Так у Наўі пачала з'яўляцца прыгажуня Вера Сцяпанаўна, жонка мільянера Бутава. Якая ведала, што хоча займець каралеўскі крыж, і ведала нашчадка Палецкіх… Якога вельмі хацела нарэшце «паставіць на месца»… Каб зразумеў, што ісціна — на баку моцных, тых, хто мае ўладу і грошы. Каб убачыць, як ён локці сабе кусае, што страціў сваю «багіню» з-за ўласнага глупства, што не захацеў паслухацца яе… І каб нарэшце паслухаўся.

Популярные книги

Неудержимый. Книга IV

Боярский Андрей
4. Неудержимый
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Неудержимый. Книга IV

Новый Рал 4

Северный Лис
4. Рал!
Фантастика:
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Новый Рал 4

Потерянная пара альфы

Беж Рина
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.57
рейтинг книги
Потерянная пара альфы

Идеальный мир для Социопата 7

Сапфир Олег
7. Социопат
Фантастика:
боевая фантастика
6.22
рейтинг книги
Идеальный мир для Социопата 7

Некромант по вызову. Тетралогия

Лисина Александра
Профессиональный некромант
Фантастика:
фэнтези
9.39
рейтинг книги
Некромант по вызову. Тетралогия

На границе империй. Том 8

INDIGO
12. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
На границе империй. Том 8

Развод и девичья фамилия

Зика Натаэль
Любовные романы:
современные любовные романы
5.25
рейтинг книги
Развод и девичья фамилия

Лорд Системы 3

Токсик Саша
3. Лорд Системы
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Лорд Системы 3

Пенсия для морского дьявола

Чиркунов Игорь
1. Первый в касте бездны
Фантастика:
попаданцы
5.29
рейтинг книги
Пенсия для морского дьявола

Последний реанорец. Том III

Павлов Вел
2. Высшая Речь
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.25
рейтинг книги
Последний реанорец. Том III

Путь Шедара

Кораблев Родион
4. Другая сторона
Фантастика:
боевая фантастика
6.83
рейтинг книги
Путь Шедара

Кодекс Охотника. Книга IV

Винокуров Юрий
4. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга IV

Мимик нового Мира 6

Северный Лис
5. Мимик!
Фантастика:
юмористическая фантастика
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Мимик нового Мира 6

Релокант. Вестник

Ascold Flow
2. Релокант в другой мир
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Релокант. Вестник