Чтение онлайн

на главную

Жанры

Сэрца мармуровага анёла
Шрифт:

— Па-мойму, у нас абаіх цяпер аніякіх шанцаў… — прабурчэла я, прысаджваючыся на перакуленую скульптуру. — Як там абяцала ваша Віта, на кавалачкі нас настругаюць? І чаго вы прыбядняецеся наконт шанцаў? Такая жанчына вас любіць, ад кахання шалее. Праўда, з элементамі садызму, але ў гэтым можна нават своеасаблівую прывабнасць знайсці. Вінцука перасмыкнула.

— Не варта так жартаваць. Тым больш што… што я пакахаў іншую. Хаця апошнія восем гадоў не верыў, што гэта магчыма. Як у Булгакаўскага Майстра — каханне выскачыла з-за кута, як забойца, і ўдарыла нажом у сэрца… Не памятаю дакладна. Ну, нейкая такая рамантычная лухта. Ды не палохайцеся, Кася, я не збіраюся ўчыняць сцэну. І не хвалюйцеся, хутка ўсё скончыцца, вы вернецеся ў свой свет, напішаце доктарскую дысертацыю і наўеўскі дзікун выпарыцца з вашай памяці. Толькі не ўздумайце шкадаваць мяне. Я абсалютна самадастатковы.

Я хацела аджартавацца, але даўкі камяк перасеў у горле. А са мной што адбываецца?! Госпадзе, я ведаю яго ўсяго два дні!

«Самадастатковы»ў парванай кашулі стаяў каля стэлажоў, разглядаючы пыл на іх. Ды яшчэ пасля бойкі ён застаўся ў адным галёшы… Рамантычны, пасінелы ад холаду герой з ліхтаром пад вокам.

— Вось што, шаноўны князь у адной галёшы, калі вы не хочаце ў дадатак да кухталёў атрымаць які плеўрыт, прысаджвайцеся сюды і не пагрэбуйце накрыцца паловай майго футра. А то мяне ваш прывід па начах замучае.

Ссінелы князь Палецкі нейкі час павагаўся, пасля прысеў побач, абхінуўся маім футрам. І абняў, прыціснуў да сябе… Я адчула, як шалёна калоціцца яго сэрца… А можа, гэта стукае маё? Ці мы зрабіліся нечым адным, і сэрца ў нас адно, і адзін боль, і адно жыццё?..

…Толькі б гэтае імгненне ніколі не канчалася!

Наверсе бразнуў засоў.

— Сядзяць, як галубочкі… Давай, барадаты, выходзь, магілка твайго прадзеда даўно да нас абшуканая. І без фокусаў, у мяне электрашокер.

Мы зноў апынуліся пад позіркамі музейных партрэтаў — відаць, «прынцэсе» імпанавала арыстакратычная абстаноўка. Але я ўжо была іншай. Гэты дом і гэтыя партрэты не былі мне чужымі. Я стаяла каля дзвярэй, за маёй спінай дыхаў «прынцэсін» «хлопчык». Было страшна, вядома, але страх чамусьці згасаў перад дзіўным адчуваннем таго, што ўва мне ёсць нешта такое, што непадуладна нікому, агеньчык, які нельга загасіць нічым, нават смерцю…

Вінцук, зноў каменна-абыякавы, прытуліўся да грубкі. Языкі полымя, здавалася, хацелі выскачыць з адчыненых дзверцаў.

— «Прынцэса» злосна зірнула на Вінцука:

— Ты сказаў, што крыж ёсць. Некалі ты не ўмеў маніць. Навучыўся, ці што?

Ды ўжо наўрад ці навучуся, — спакойна сказаў Вінцук, раптам рэзка дастаў з кішэні руку з заціснутым крыжам, на імгненне затрымаў — каб усе пабачылі, што гэта, і кінуў крыж у агонь.

«Прынцэса» ахнула, «хлопчыкі»з лаянкай кінуліся да грубкі, але Вінцук нейкі час «трымаў абарону», адкідваючы іх прэч. Нарэшце яны, загіпнатызаваныя відовішчам знішчэнна багацця, уцямілі, што найперш трэба нейтралізаваць абаронцу. Зноў паўтарылася брыдкая сцэна з крутых дэтэктываў. Чаму я ніколі не займалася ўсходнімі адзінаборствамі! Чарнявы падонак! Я паспрабавала адцягнуць яго ад Вінцука, але ён адшпурнуў мяне, як кацяня. Тым часам падаспеў антыквар з нейкім прэнтам, пашарыў у вуголлях, і на падлогу ўпаў пачарнелы, аплаўлены крыж, з вугальком пасярэдзіне…

— Позна… — выгукнуў антыквар, падбег да паваленага Вінцука і з усяе сілы даў яму нагой у бок. — Паскуда!

«Прынцэса» маўчала. У яе быў нейкі разгублены выгляд. Я раптам убачыла, што яна ўжо не такая маладая і не такая ўпэўненая ў сабе… Яна глядзела на агонь, не ў змозе ўсвядоміць, што адбылося, як гэта чалавек спаліў трыста тысяч баксаў. Глядзела з нейкай наіўнай крыўдай, як дзіця, на вачах якога лопнуў цудоўны паветраны шарык. Нават рот у яе адкрыўся…

Можа, ад нерваў, не ведаю, але я рассмяялася. Вінцук прыўзняў галаву ад падлогі, паглядзеў падбітымі вачыма вакол, на твары, перакрыўленыя бяссільнай злосцю, і таксама засмяяўся. Так мы і хіхікалі, як два ідыёты, і не ведаю, чым бы скончылася гэтая сцэна, але ў дзвярах пачуўся магутны вокліч:

— Кася! Ты тут? Зноў прыгод шукаеш на сваю галаву? О, а народу колькі!

Гэта была Нюта, мая дарагая Нюта. Як яна пасля мне распавяла, сядзелі яны з Андрэевічам і Мацвееўнай да гадзіны ночы, прычым Нюта добра-такі апрацавала новага дырэктара наконт каштоўнасці музея і прэстыжнасці яго для ўсяго раёна, школы і Андрэевіча ў прыватнасці. І толькі калі Нюта пайшла класціся спаць, убачыла, што мяне няма. Андрэевіч успомніў, як учора я пацягнула яго ў музей ганяць гарадскіх бандытаў. Нюта ўстрывожылася. Безумоўна, пайсці ў такі позні час і так надоўга я магла толькі ў княскі дом. Але тут між Нютай і гаспадарамі разгарэлася спрэчка, ці я там бандытаў ганяю, ці ў мяне рамантычная прыгода, і іх прысутнасць будзе, мякка кажучы, залішняй. Мацвееўна была перакананая, што з кудлатым бажаволкам рамантычных пачуццяў у гарадской прыгажуні быць не можа. Нюта, з аднаго боку, ведала, што я не схільная да фліртаў і бегаць па начах на спатканні да малавядомых мужчын не ў маім характары. А з другога боку, перад ёй жа Вінцук выявіў сябе як адукаваны, хаця дзіўны чалавек. Яна нават лічыла яго цікавым. Нарэшце Мацвееўна паглядзела ў акно і сказала, што ў бок княскага дома едзе машына. І Нюта з Андрэевічам рушылі на выручку. Прычым Андрэевіч, якому надта не спадабалася фізіяномія ўчарашняга бамбізы, прыхапіў з сабою заспанага кума-ўчастковага.

«Прынцэса» на развітанне паглядзела на збіты твар свайго колішняга прынца, неяк сумна, тужліва паглядзела, і сур'ёзна прамовіла:

— Нешта не атрымліваецца ў мяне з табою. Мусіць, характары не супадаюць.

Гумарыстка. І пайшла на сваіх высокіх абцасіках у атачэнні панылай світы.

Вінцук нясмела зірнуў мне ў вочы — шукаў адказу: ці тое, што раптоўна нарадзілася між намі, яшчэ мае для мяне значэнне?

Паглядзеў, супакоіўся, нават заўсміхаўся.

А Нюта тым часам шчыра лаяла мяне, бязмозгую, за тое, што ўсё ў мяне не па-людску, усё я нарываюся на нейкія здарэнні і ніколі мне не пачаць нармальнае жыццё…

Мы ўгаварылі Вінцука пераначаваць у Андрэевічавага кума. Тым больш кум вельмі ўсцешыўся, што мы не збіраемся судзіцца з гарадской магнаткай, і абяцаў «спісаць» пабітыя вазы на няшчасны выпадак. Я вельмі баялася, каб бандзюгі не вярнуліся ды чаго не ўтварылі. Кум-міліцыянт уласнаручна зачыніў музей, засведчыўшы, што рэчы на месцы, агонь у грубцы патушаны, электраправодка ў парадку. Мы нават забілі акно, ля якога нас злавіў чырванаморды.

10

Раніцай падаў лёгкі снег, свяціла зімовае сонейка. Мы — Нюта, я і Андрэевіч — кіраваліся да панскай сядзібы. Насустрач нам няспешна, здзекліва няспешна праехала машына з зацемненымі вокнамі. Раптам у доме нешта выбухнула. З разбітых шыбаў паплыў чорны дым, такі недарэчны на фоне бліскучага снегу і блакітнага неба.

Мы на нейкую хвілю аслупянелі, пасля кінуліся бегчы… Я чамусьці была ўпэўненая, што Вінцук — там… Як жудасны акорд бязлітаснасці, ударыў царкоўны звон. Ад царквы бегла, спатыкаючыся ў снезе, знаёмая постаць… Вінцук! Ён быў на ранішняй службе! Дзякуй Табе, Госпадзе! І яшчэ дзякуй, што на вачах столькіх сведкаў — вартаўнік невінаваты! Ім не ўдасца «павесіць» на яго гэты пажар.

— Бензінам палівалі, сволачы, — безнадзейна заўважыў Андрэевіч.

Мы стаялі і глядзелі на полымя, якое высоўвала д'ябальскія языкі адначасова з усіх вокнаў. Вінцук паспрабаваў адчыніць дзверы і забегчы ў дом, але гэта было немагчыма. Заставалася стаяць побач і назіраць. Другі паверх, там, дзе знаходзілася майстэрня, ужо ўвесь выгарэў.

Я баялася глядзець на Вінцука. Яшчэ адзін удар пад дых… Ці вытрымае?.. Мне здавалася, ён зараз кінецца ў агонь. На ўсялякі выпадак я моцна ўхапіла яго за рукаў ватоўкі.

Популярные книги

Последний попаданец 5

Зубов Константин
5. Последний попаданец
Фантастика:
юмористическая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Последний попаданец 5

Сфирот

Прокофьев Роман Юрьевич
8. Стеллар
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
6.92
рейтинг книги
Сфирот

Убивать чтобы жить 2

Бор Жорж
2. УЧЖ
Фантастика:
героическая фантастика
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Убивать чтобы жить 2

Огненный князь 2

Машуков Тимур
2. Багряный восход
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Огненный князь 2

Бальмануг. (Не) Любовница 2

Лашина Полина
4. Мир Десяти
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Бальмануг. (Не) Любовница 2

Вечная Война. Книга V

Винокуров Юрий
5. Вечная Война
Фантастика:
юмористическая фантастика
космическая фантастика
7.29
рейтинг книги
Вечная Война. Книга V

An ordinary sex life

Астердис
Любовные романы:
современные любовные романы
love action
5.00
рейтинг книги
An ordinary sex life

Хозяйка лавандовой долины

Скор Элен
2. Хозяйка своей судьбы
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.25
рейтинг книги
Хозяйка лавандовой долины

Возвышение Меркурия. Книга 8

Кронос Александр
8. Меркурий
Фантастика:
героическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 8

Самый лучший пионер

Смолин Павел
1. Самый лучший пионер
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.62
рейтинг книги
Самый лучший пионер

Новый Рал 7

Северный Лис
7. Рал!
Фантастика:
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Новый Рал 7

Курсант: Назад в СССР 11

Дамиров Рафаэль
11. Курсант
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Курсант: Назад в СССР 11

Студент из прошлого тысячелетия

Еслер Андрей
2. Соприкосновение миров
Фантастика:
героическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Студент из прошлого тысячелетия

Жестокая свадьба

Тоцка Тала
Любовные романы:
современные любовные романы
4.87
рейтинг книги
Жестокая свадьба