Чтение онлайн

на главную

Жанры

Сэрца мармуровага анёла
Шрифт:

Але каб Мастацтва не скончылася на гэтай стракатай ноце, феерверк ператварыўся ў струмень жывой крыніцы — пяшчотны і вечны, празрыстую кроў зямлі… Піяна… піянісіма… І апошні ўзлёт смычка адправіў душы слухачоў у такія вышыні, дзе яны яшчэ ні разу не былі і пра якія будуць успамінаць — з тугой і надзеяй — да канца жыцця…

Буйныя кроплі поту сцякалі па вытанчаным твары сталічнага скрыпача. Паліванаў адчуваў прыемную спустошанасць чалавека, які аддаў усе сілы, усё, што мог, і нават крыху болей, каб выканаць сваю справу, і цяпер не меў чым папракнуць сябе.

Што ж, крыкі: «Брава, маэстра!», «Бравісіма!» не былі ў навіну для спадара Паліванава. Ён зноў зрабіўся халодным і крыху насмешлівым і праз гадзіну сядзеў на абабітым аксамітам сядзенні цягніка Масква — Варшава.

Пра Гірша не ўспомнілі. Ён прайшоў праз натоўп, прыгорблены, стары, хаваючы прыніжаную скрыпку пад крысом камізэлькі… Гэта скрыпка была голасам горада Б*, ягонай душой і сумленнем… Цяпер горад Б* страціў свой голас, бо даведаўся, што ёсць гучнейшыя…

І Гірш назаўсёды знік з горада Б*. Яго шкадавалі, шукалі, але потым забыліся, і ўжо ніколі за цьмянымі акенцамі Бурыгавай карчомкі не зацвіталі на сухіх галінках бэзу блакітныя кветкі.

Арфей і Эўрыдыка

Каханая жонка вялікага спевака Арфея, чароўная німфа Эўрыдыка, загінула ад укусу змяі. Арфей спусціўся ў царства памерлых душ і моцай свайго мастацтва пераканаў Аіда, уладара гэтага царства, адпусціць Эўрыдыку на зямлю. Але на зваротным шляху, ля самага выйсця, Арфей азірнуўся, каб паглядзець, ці ідзе за ім Эўрыдыка, што рабіць яму было забаронена. І Эўрыдыка назаўсёды знікла.

Старажытнагрэчаскі міф

Горад Б* меў уласны тэатр. Сталай трупы ў ім не было. Дый адбываліся на кепска габляванай сцэне найчасцей канцэрты духавога аркестра ды хору гарадскога таварыства гігіены і санітарыі. Крэслы ў зале прысоўваліся да сцен, на вызваленай пляцоўцы танчыла моладзь, і пад хуткімі чаравікамі храбусцела шалупінне ад семачак.

Але час ад часу горад Б* наведвалі гастралёры. Гэта былі тыповыя правінцыйныя антрэпрызы, з героямі-палюбоўнікамі, засыпанымі пудрай, якіх за паўгадзіны да спектакля трэба было гвалтам цягнуць з Бурыгавай карчомкі; з гераінямі, трыццацігадовымі худымі істэрычкамі, з субрэткамі, харошанькімі пульхнымі дзяўчынкамі, чые ружовыя губкі пахлі табакай і грахом… Гастралёры прывозілі ў горад Б* вечнага Шэкспіра, нязвыклую мітусню і водсвет іншага, рамантычнага і грэшнага свету… Горад Б* памятаў сваіх траіх ахвяр, прынесеных на алтар мастацтва: мадам Кунаковіч, якая збегла ад свайго мужа, уладальніка галантарэйнай крамы масье Кунаковіча, з ніжнегародскім тэнарам; пажарніка Карацупу, які зараз іграў на трамбоне недзе ў кракаўскім аркестры, і юную выпускніцу прыватнага пансіёна мадам Касіо Ксеню Чычаловіч. Ксеня мела пышныя светлыя валасы, вялізныя блакітныя вочы, тонкі стан, гнуткую постаць, характар веснавой ручаіны і жаніха Стася Гарбузака, сына ўладальніка піваварні горада Б*. Усё вышэй пералічанае, акрамя апошняга, Ксеня і звезла з сабою ў пошуках вобразаў французскіх раманаў і ўласнай няўрымслівай фантазіі.

«Ксенечка, птушачка мая!» — роў няшчасны Гарбузак, седзячы пад кустамі бэзу ля Бурыгавай карчомкі, і буйныя, як бутафорскія дыяменты, слёзы каціліся па ягоным круглым добрым твары і блішчэлі на пышных рудых вусах…

У выніку настойлівых росшукаў Ксеніных сваякоў горад Б* даведаўся, што Ксеня Чычаловіч, пяшчотная кветка беларускай правінцыі, скончыўшы паскораныя курсы дэкламацыі (10 урокаў — 5 рублёў 30 капеек), была прынята ў нейкую антрэпрызу на амплуа гераіні і знікла ў невядомым напрамку ў вірах гастрольнага жыцця з чужым імем і свойскай жыццярадаснасцю, выхаванай на здаровым паветры горада Б*.

…І паплыў па вадзе сухі букецік Афеліі, і дарэмна спрабавалі затрымаць яго прыбярэжныя чараты… Карацей, прайшло тры гады. Стась Гарбузак успадчыніў бацькаву піваварню і цяпер выпрабоўваў на наведніках Бурыгавай карчомкі новыя гатункі свайго піва… Акцёрская трупа, у якой блішчэла фольгавая зорачка Клелія Лебедзева, яна ж Ксеня Чычаловіч, пасля няўдалых гастроляў па расейскай глыбінцы апынулася ў горадзе Б*. Клелія доўга сядзела перад цьмяным люстэркам нумара трэцяга разраду гатэля «Эсперасьён», прыдзірліва вывучаючы свой воблік… З таго часу як пакінула пышныя сады і крывыя вулачкі горада Б*, яна схуднела, са шчок сышла здаровая правінцыйная ружовасць, затое вочы пабольшалі і ў іх з'явіўся таямнічы, крыху ліхаманкавы бляск. Клелія правяла пухоўкаю па задзірлівым носіку: нічога! Ёй ёсць чым уразіць горад Б*!

Тым болей што Гарбузак ніколі не меў звычкі хадзіць па тэатрах.

Але звычкі мяняюцца не радзей чым грошы на келіх піва. І Стась Гарбузак не прапускаў цяпер ніводнага прадстаўлення ў горадзе Б*. Ці то ён спадзяваўся, што аднойчы ўбачыць на тутэйшай, кепска габляванай сцэне сваю зляцелую птушачку Ксенечку, ці то сапраўды прыхінуўся да вар'яцкага і таямнічага свету Мельпамены…

І калі з-за куліс паказалася натуральная бландзінка Дэздэмона, Гарбузак сядзеў у другім радзе партэра і ягоны паласаты пінжак упрыгожвала буйная астра з бела-чырвонымі стракатымі пялёсткамі. Вы, напэўна, думаеце, што Гарбузак ускочыў са свайго сумленна аплачанага месца, што ён узмахнуў рукамі, зароў: «Ксенечка!» і кінуўся да сцэны… Прымітыўна думаеце. Гарбузак успрыняў з'яўленне сваёй мары спакойна і натуральна, як чалавек, які жадаў і верыў з такой моцай, што не меў і ценю сумневу ва ўдачы. Хіба дзівіўся Майсей, калі воды Чэрмнага мора расступіліся перад ім? Гарбузак проста быў шчаслівы і штохвілі абціраў вялікай накрухмаленай насоўкай круглы чырвоны твар. Толькі калі чорныя рукі Атэла счапіліся на далікатнай шыйцы Ксені, Гарбузак не змог утрымаць гучнага ўздыху… Ксенечку трэба было ратаваць з небяспечнага пачварнага царства гастрольнага тэатра.

У маленькім пыльным пакойчыку-грымёрнай Дэздэмона спалохана ўглядалася ў заседжанае мухамі люстэрка. У цьмяным шкле адлюстравалася светлая палоска прыадчыненых дзвярэй, пасля мажная постаць півавара…

Пыхлівую ўсмешку прымадоны і гэтакі ганарлівы паварот галавы Клелія Лебедзева адрэпеціравала яшчэ на пачатку артыстычнай кар'еры… Але не паспелі сарвацца з яе вуснаў словы — гучныя і жорсткія, як, камячачы ў руках дарагі французскі капялюш, загаварыў Стась Гарбузак, і гаварыў ён проста і пераканаўча, як можна гаварыць толькі з каханай жанчынай, якую хочаш вярнуць, ці з панам суддзёю, які праз хвілю мусіць вызначыць табе прысуд.

— Ксенечка, птушачка мая! — казаў Гарбузак, і словы ягоныя мякка перакочваліся і блішчэлі, як марскія каменьчыкі ў празрыстай хвалі.— Тую альтаначку, дзе ты так любіла сядзець, усю абвіў дзікі вінаград; а на сажалцы пасяліўся цудоўны лебедзь — дзяўчаты любяць карміць яго хлебам і пірожнымі. А я купіў трох выдатных коней ангельскай пароды; яны рудыя, з белымі грывамі і хвастамі. Памятаеш, мы ездзілі да развалін старога замка і ты чытала мне там вершыкі Барана і Шулера? У нас цяпер дзейнічаюць курсы дэкламацыі, твае сяброўкі Зося і Марыя займаюцца там і на Каляды будуць выступаць у дабрачыннай вечарыне ў жаночай гімназіі. Зноў адкрыецца каток. Памятаеш, як ты каталася там у святле ліхтара, такая тоненькая, лёгкая, і сняжынкі падалі на цябе, як белыя кветкі? А я купіў фартэпіяна, нямецкае, чорнае, бліскучае, і з яго кожны дзень выціраюць пыл. Яно чакае дотыку тваіх пальчыкаў. У Данусі і Карповіча нядаўна хрысцілі дзіцятка… Дачушку… А я купіў саксонскі парцэлянавы сервіз, на дваццаць чатыры персоны. Ён такі ўвесь белы, і ружовы, і блакітны, і там анёльчыкі, і налепленыя кветкі, і залатыя разводы… Пойдзем, Ксенечка, мой вазок стаіць каля тэатра. Ты па-ранейшаму любіш шакаладны торт і мігдал у цукры?

Ксенія Чычаловіч павольна, як у сне, прыўзнялася. Старая распусная вядзьмачка Мельпамена, якая прыкрываецца прыгожай маскай і людской цікаўнасцю, з прыкрасцю пакінула маленькую грымёрную тэатра горада Б* і сваю ахвяру. Яблыневыя сады і месячныя ночы горада Б*, яго цэркаўкі і касцёлы, кавярні і карчомкі, драўляныя масткі і бэзавыя альтанкі паўсталі ва ўяўленні былой Дэздэмоны ва ўсёй сваёй натуральнай моцы і запатрабавалі да сябе яе душу. Гарбузак асцярожна ўзяў за руку амаль страчанае шчасце і павёў да выхаду з тэатра, працягваючы аднаўляць у словах салодкія рэаліі местачковага жыцця… Ксені было лёгка і спакойна, ёй нібы перадалася ўпэўненасць і вера амаль забытага жаніха.

Популярные книги

Светлая ведьма для Темного ректора

Дари Адриана
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Светлая ведьма для Темного ректора

По осколкам твоего сердца

Джейн Анна
2. Хулиган и новенькая
Любовные романы:
современные любовные романы
5.56
рейтинг книги
По осколкам твоего сердца

Ты не мой Boy 2

Рам Янка
6. Самбисты
Любовные романы:
современные любовные романы
короткие любовные романы
5.00
рейтинг книги
Ты не мой Boy 2

Аномальный наследник. Том 1 и Том 2

Тарс Элиан
1. Аномальный наследник
Фантастика:
боевая фантастика
альтернативная история
8.50
рейтинг книги
Аномальный наследник. Том 1 и Том 2

Идеальный мир для Лекаря 4

Сапфир Олег
4. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическая фантастика
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 4

Провинциал. Книга 4

Лопарев Игорь Викторович
4. Провинциал
Фантастика:
космическая фантастика
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Провинциал. Книга 4

Невеста

Вудворт Франциска
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
эро литература
8.54
рейтинг книги
Невеста

Драконий подарок

Суббота Светлана
1. Королевская академия Драко
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.30
рейтинг книги
Драконий подарок

Баоларг

Кораблев Родион
12. Другая сторона
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Баоларг

Вечный. Книга II

Рокотов Алексей
2. Вечный
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Вечный. Книга II

Поступь Империи

Ланцов Михаил Алексеевич
7. Сын Петра
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Поступь Империи

Земная жена на экспорт

Шах Ольга
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.57
рейтинг книги
Земная жена на экспорт

Предатель. Ты не знаешь о сыне

Безрукова Елена
3. Я тебя присвою
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Предатель. Ты не знаешь о сыне

Болотник 2

Панченко Андрей Алексеевич
2. Болотник
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
6.25
рейтинг книги
Болотник 2