Сэрца мармуровага анёла
Шрифт:
Хто расклеіў тыя афішы, і калі — сапраўды засталося за завесай таямніцы.
Тры дні ля касцёла, ля царквы і ля сінагогі жыхары горада Б* абмяркоўвалі нешараговую падзею, што мусіла адбыцца.
— Нізавошта не пайду! — крычала цётка Крыся, шаноўная ўдава ціхмянага ветэрынара Юзькі.— У Бібліі сказана — пакарай сідонскую вядзьмачку! Не пайду губіць сваю вечную душу! — і чорная, з блішчынкамі хустка цёткі Крысі ўзвышалася на сабраных у высокі вузел валасах як востраў непадкупнай дабрадзейнасці.
— Звычайнае шарлатанства! — паблажліва тлумачыў наведнікам кавярні выкладчык мужчынскай
— Тры рублі білет! Траціць такія грошы на ўсякае страхоцце! — паціскала плячыма мадэмуазель Гарабец, чарнявая незамужняя таўстуха, якая нядаўна перабралася ў горад Б* аднекуль з-пад Чарнаўцоў і адчыніла маленькую швейную майстэрню пад шыкоўнай шыльдай: «Пашыў элегантных сукенак і ўрачыстых касцюмаў». — Такія сеансы вельмі небяспечныя! На іх адбываюцца рэчы, невыносныя для слабых нерваў. Мой дарагі бацька, палкоўнік кавалерыі, не ўхваліў бы падобныя экзерсісы!
Меркаванню шаноўнага памерлага палкоўніка кавалерыі пана Гарабца, чые жыццё і смерць адбыліся, на жаль, па-за межамі горада Б*, нельга было запярэчыць…
І як вы думаеце, колькі прыйшло жыхароў горада Б* на падазронны сеанс пана Бурдэйкі? Правільна, прыйшлі ўсе.
Невялікая зала Таварыства аматараў цвярозасці аказалася набітая людзьмі, якія з усіх сіл дэманстравалі адзін аднаму выразамі твараў, тонка разлічанымі жэстамі і шмат-значным хмыканнем, што яны тут выпадкова і з вяршыні свайго навукова-прававернага кругагляду паблажліва пазіраюць на імпрэзу.
Пан Бурдэйка аказаўся лысым і невысокім. Вакол яго адчувалася магутная аўра таннага адэкалону і слівянкі, якая яшчэ пару гадзін таму знаходзілася ў графіне рэстарацыі гатэля «Эсперасьён». Чатырохраговага капелюша з кутасом не было.
Выйшла на сцэну і немаладая мадам Дэльмар з пукам чорных страусавых пёраў на галаве. Яна ўселася на крэсла пасярод сцэны, і магнетызёр загаварыў.
— Шаноўнае панства! Прыемна бачыць, што ў горадзе Б* столькі прагрэсіўных людзей са смелым мысленнем…
Пасля кампліментаў гастралёр распавёў навуковае абгрунтаванне існавання бессмяротнай існасці чалавека, будову іншасвету, карысць зносін з ім і горача прапанаваў прысутным аднавіць у памяці тых жыхароў іншасвету, з кім хацелі б паразмаўляць. Выключна навуковая тэрміналогія знізіла напружанне ў зале. «Біятокі», «экстрапаляцыя», «гіпермедыум» ды «кантактаванне» сваёй супакаяльнай незразумеласцю надавалі імпрэзе добрапрыстойны сэнс.
І ў гэтую падступную хвіліну кожны жыхар горада Б*, збяднелы на тры рублі, падумаў: «Чаму не?» або «Можа быць…».
— Вось вы, мадам, — звярнуўся магнетызёр да паважнай цёткі Крысі, чыя высокая прычоска пад чорнай хусткай з блішчынкамі ўзвышалася ў першым радзе. — У вас, напэўна, ёсць у іншасвеце блізкі чалавек, якога пяшчотна любілі і з якім марыце злучыцца ў вечнасці… Вы хацелі б задаць яму некалькі пытанняў, пачуць ягоны голас?
Цётка Крыся ўздрыгнула. Вышыня ўдовінай велічы не магла пахіснуцца на вачах горада Б*. І цётка няўпэўнена хітнула галавой на знак згоды.
— Памятайце толькі,— злавесна папярэдзіў Бурдэйка, — што душы, якія прайшлі скрозь браму смерці, могуць непазнавальна змяняцца, але і выяўляць сваю сапраўдную сутнасць…
Медыум стаў за спінай мажной Аманды і пачаў рабіць імклівыя рухі над ейнай галавой з чорнымі пёрамі, быццам плыў супраць небяспечнай плыні. Пёры на галаве мадам Дэльмар калыхаліся, азызлы набелены твар застыў, падобна антычнай масцы, вочы заплюшчыліся. Замагільным голасам мадам апавядала, што яе душа аддзяляецца ад цела і саступае яго ўсім жадаючым вольным духам, якія будуць прамаўляць з яго нетраў.
Пан Бурдэйка абвясціў, што бачыць, як цела асістэнткі насяляе дух, выкліканы палкім жаданнем глядачкі з першага рада.
— Я тут, каханая жоначка! — Хрыплы голас, зусім не падобны на няўпэўнены тэнарок нябожчыка ветэрынара, чуўся не з крывава-чырвоных вуснаў мадам Дэльмар, а, здавалася, аднекуль з ейнага жывата. — Ты чуеш мяне?
Цётка Крыся жаласна ўсміхнулася, паспрабавала зірнуць па баках у пошуку падтрымкі, але сустрэлася з прагнымі цікаўнымі позіркамі і сумелася. А голас усё заклікаў:
— Жоначка мая! Ці чуеш мяне? Цётка Крыся няўпэўнена вымавіла:
— Та-ак…
— Я сумую па табе, жоначка, — працягваў вяшчаць непазнавальны голас Юзькі.
А разгубленая цётка Крыся ўжо без унутранага супраціву прымала шматлікія прыгожыя словы, што прамаўляў нябожчык, які пры жыцці нічога падобнага не гаварыў, дый не ўмеў такога гаварыць. Часам дух памыляўся, напрыклад, калі расказваў, як часта дарыў каханай жоначцы кветкі,— праставаты Юзька быў да такога няздольны. Але цяпер ва ўяўленні ўдавы памерлы муж паўстаў іншым, і ўсе гэтыя словы пра кветкі і палкія пацалункі — вядома, усё было! Так, як марыла ў дзеўках! Усё было, проста яна забылася… І ветэрынар быў не прыгорбленым лысаватым недарэкам, а стройным мажным мужчынам з тым менавіта позіркам, ад якога ў сапраўднай жанчыны салодка шчыміць у грудзях… І ад раптоўнага ўсведамлення, што гэты прыгажун, на якога яна мела выключнае права, цяпер бясплотны дух, які сядзіць у жываце медыумавай асістэнткі, цётка Крыся нечакана гучна ўсхліпнула…
Пан медыум зараз жа перастаў махаць рукамі над галавой Аманды і аб'явіў, што ў цела рэцыпіента можа ўсяляцца наступны дух… Вось, напрыклад, той, пра якога так настойліва думае гэты малады пан з вусамі… Пан Вабішчэвіч не паспеў запярэчыць, як з жывата мадам Аманды пачуўся голас, па ўсёй верагоднасці, той, пра каго думаў пан Вабішчэвіч. А думаў ён пра сваё таемнае каханне. Чаму прыгажуня Мэры, якая ў гэты час сядзела за піяніна ці кніжкай у адным з пакояў губернатарскага дома, прамаўляла да яго з таго свету, — Вабішчэвіч і не думаў, ашаломлены хваляй пяшчоты і палкага пачуцця. Аказалася, недаступная Мэры пакутуе без настаўніка Вабішчэвіча, думае пра яго ўвесьчасна і марыць злучыць калі-небудзь свой вечны дух з ягоным…