Чтение онлайн

на главную

Жанры

Шрифт:

IV

Быў якраз пачатак мая. Ну й была тады вясна! Ось такая, што бывае Можа ў сотні лет адна: Было ў меру ўсё і ў пору: Дожджык пройдзе, зноў цяпло, Травы, краскі гнала ўгору На прастору, на святло. Выйдзеш з хаты надасвеце, Так і піў бы дух зямлі, І раслі б, здаецца, дзеці, Каб іх кінуць на раллі. А дзянёчак як настане, Тая ранічка вясны! Кропля роскі на каштане Блеск запальвае дзіўны; У ёй зорчын смех блукае, І вясёлкі ў ёй дрыжаць, А лес радасцю гукае, Шчасцем вее сенажаць. А вакол так ціха-гожа, А паслухаеш — чутно, Як расце трава і збожжа — Нівак свежае руно. І з зямлі празрыстым парам К небу ўзносіцца туман, Як малітва сонцу, хмарам, І дрыжыць, гарыць пажарам Скат узгоркаў і курган. Ну, вясна была на дзіва! Не, Сымонку не забыць Той вясны, пары шчаслівай, Покі ў свеце будзе жыць! То было нейк у суботу. Слаўны выдаўся дзянёк! Моцна парыла, а потым Стаў павейваць вецярок Ды густы, падуў з заходу І засценьваў неба край. — Будзе нейкая прыгода, Ходу, хлопча, падбаўляй — Ці не пройдзе дождж, глядзі ты: Млявасць чуецца, цяжар; Так і спаў бы, як забіты, І так парыць, такі вар, Што насілу цягнеш ногі, Хоць лажыся дзе пад плот. Дзед з Сымонкам шлі дарогай Між палёў у свой абход. — А ўжо сонца невысока, Не мінуць бы хутароў. Бачыш ты іх? Ці далёка? — Тут, дзядок, няма двароў, — Паглядзеўшы, хлопчык кажа. Зноў маўчком яны ідуць; А на захадзе, як сажа, Хмары цёмныя ўстаюць, І варушацца клубы іх, Як жывыя, І сівыя, Нібы голавы на шыях Нейкіх волатаў дзіўных, З багна неба насланых, Ды, як змей многагаловы, Націскаюцца цяжэй; Глушыць землю шум іх мовы, І выконвае ім словы Гром выразней і мацней. Ідзе хмара. Бліскавіцы Палыхаюць і гараць. Сам пярун там грозналіцы Перайшоў зямлі граніцы І вядзе над ёю раць. Лук яго з маланак звіты, Хмара — шчыт, а стрэлы — гром, Бура — конь многакапытны; Ён віхрамі апавіты, Неба ўсё яму шатром. І ўеё ніжай і ўсё ніжай Абвісае хмар страха, І ўсё грозней ды ўсё бліжай Гром, зачаўшыся сціха, Забушуе, бухне ў боры Гукам-грукатам пярун І пагоніць гуды ў горы, Гне лясы, гудзе лясун, Як гудзе струна гітары. Пазіраў Сымон на хмары. Што ж яны там выраблялі! Як клубіліся яны! Як маланкі іх аралі! Як траслі іх перуны! — Дарма выбраўся ў дарогу, Дзе ж схавацца нам цяпер?.. Вер у Бога, але Богу Не заўсёды, браце, вер! — Дзед ісці хутчэй стараўся І Сымона падганяў, Шоў, на момант прыпыняўся, Хаты поглядам шукаў. — Ну, грымоты, ай, грымоты! І ўвалье ж нам, ого-го!.. — А скажы дзядок: чаго ты На гром хрысцішся? чаго? Толькі блісне бліскавіца, Ты і хрысцішся? Чаму? — Ты, Сымон, яшчэ дурніца, І тлумач усё яму. А затым, каб злога духа Гэтым крыжам адагнаць! Як жа гэтага не знаць? Каб не лез злы дух, псяюха, Бо Ілья яго, паганца, Лупіць стрэламі грамоў, Раз’язджаючы ў маланцы Над зямлёй між аблакоў; Вось ён схованкі шукае Пад хрышчонаю душой, Бо на свеце чорт блукае, Каб пакепліваць над ёй. — Хлопчык слухаў у здзіўленні, Вочы кідаў на карчы, А ў пужлівым уяўленні, Ўсталі чэрці-рагачы. Унь на дзераве з бярозы Рожкі вытырклі і хвост, Штось пабегла там у лозы, Нешта скокнула пад мост. А што там у пні за дзіва? Вушы, нос і капыток… Ну, напэўна там чарток Прытаіўся палахліва. А па хмарах на маланках Громы кідае Ілья, Аж калоціцца зямля, Цёмна стала на палянках. — Дзедка, бачыш, унь сядзіба, Па-над лесам хутарок! — На ачосы пойдзем хіба, Ды хутчэй, хутчэй, сынок. Са шляху яны звярнулі, Нацянькі ідуць мяжой. Хмары ж неба апранулі, Даль закрылася імглой. Як жывое срэбра, важка З хмар пярэдніх дождж упаў; За маланкай следам цяжка Гром страшэнны загучаў. І, здалося, не стрымала Хмара цяжару грамоў, Раптам ставы разарвала, Нібы лёд рака ўзламала І пабегла з берагоў. Слепіць вочы бліскавіца, Бура, громы, навальніца, Па зямлі бягуць крыніцы… Вайшлі ў хату дзед з Сымонам, Чэсць далі гаспадаром, Старасвецкім «пахвалёным» Прывіталі гэты дом. Стаў Сымонка каля лавы, Хату поглядам абвёў, А халацік безрукавы Цёк у дзесяць ручаёў. Загарэў, бядак, ад сонца, Твар лушчыўся і ліняў, І мізэрна так бясконца Гэты хлопчык выглядаў! Толькі вочкі асвячалі Твар замораны, худы І так многа прыдавалі Хлопцу гора і нуды. І было ў іх задумленне Не дзяціных яго лет, І адбітак засмучэння Палажыў на вочы след. І той погляд раз даволі Хоць на момант улавіць, Каб ужо яго ніколі, Назаўсёды не забыць, Бо жыццё прайшло няскладна Па дзяцінай паласе, — І на хлопчыка ўспагадна Пазіралі тут усе. — Што, дзядуля: гэны блазан Свой табе, чужы, ці як? — Не, панюхна, не сваяк, — Так нядоляй са мной звязан. — А радню ж якую мае, Ёсць бацькі, ці сірата? — Хлопчык вочы апускае, Падаецца ў бок кута. — Як сказаць вам? збег ён з дому! Выгнаў бацька яго вон. Што ж было рабіць малому? І са мною ходзіць ён. — Тут на хлопца вочы строга Сам ускінуў гаспадар. — Бацька выгнаў? бойся Бога! Эге, ты, відаць, штукар! Што зрабіў ты, прызнавайся? Мусіць, печаны ты гад? — Кінь ты, бацька, не чапляйся! Можа ён не вінават, — Кажа ціха гаспадыня: — Што карыць яго дарма? Ад дабра свой дом не кіне, Добра ведаю сама. — Як заплача тут хлапчынка! Як прарвецца яго жаль! Аж дрыжыць ён, бы націнка, — Ну, канчаецца амаль, Бо ён першы раз, няшчасны, Слова жаласці пачуў; Слова ласкі, погляд ясны Сэрца хлопцу павярнуў. Стала ў хаце ўсім нялоўка, Бо пачулі чэрствасць, стыд, Бо з-за ласкавага слоўка Гэтак плакаў ён наўзрыд. — Сціхні, годзе, а то брыдка: Хто не бачыў тваіх слёз? — Дзед тузнуў яго за світку, За плячук яго патрос; — А чыя ж то скрыпка гэта? — Зноў спытаўся гаспадар. — А яго! О, граць ён мэта: Першай гільдыі штукар! Ну, Сымон, утні ты, браце, Хай паслухаюць паны! — Зацікавіліся ў хаце — Больш Сымон ім стаў дзіўны. Ён уцёрся кулачкамі І ўжо плакаць трохі сціх, Больш вясёлымі вачамі Ён акінуў тут усіх. Мімавольна і выпадкам Чыйся погляд ён спаткаў, Хтось сачыў за ім украдкам І вачмі вачэй шукаў. Ён ніколі не забудзе, Покі жыць на свеце будзе, Пары ясненькіх вачок, Тонкіх бровак, тварык ветлы, І на губках такі светлы, Такі добранькі смяшок. Ён яшчэ раз вочкі ўскінуў, Зноў той погляд улавіў. Тут Сымонка скрыпку вынуў, Чуць галоўку пахіліў І зайграў, ды так прыўдала, Як ніколі не іграў, Скрыпка нібы вымаўляла — Душу радасць авявала, Душу смутак ахінаў. Змоўклі ў хаце ўсе дазвання — Зачароўваў ён усіх, Толькі зрэдку, без пытання, Сам сабою чуўся ўздых. Галаву рукой апёршы, Гаспадар прысеў за стол, Нерухомы, бы абмёршы, Апусціўшы вочы ў дол. Гаспадыня, як стаяла, І застыла так, маўчыць, Бы яе штось прыкавала, На твары сляза блішчала, А струна гучыць-гучыць! Грае хлопчык ды часамі Кіне вочкі ў той куток, Каб спаткацца зноў вачамі З парай ясненькіх вачок. А яны глядзелі пільна, І ўспагадна, і прыхільна, Ды так міла, ды так гожа, Як дзяўчынка глядзець можа. Ад тых вочак шлі праменні, Сэрца лашчылі цяплом, Адганялі мрок-суценне, Душу цешылі святлом. І тады струну раптоўна Ажыўляў вясёлы тон, Плаваў смык той лёгка-роўна Ды з струнамі палюбоўна Вёў суладны гоман-звон. Так на полі ў вечар мая Ветру лёгенькі павеў Чуць калосікі гайдае Ды з іх гутаркі складае Нейкі гожы-ціхі спеў. Скончыў ён, а вобраз грання Жыў, звінеў яшчэ ў душы, Як той голас развітання, Што гучыць табе ў цішы. — Хлопчык, родны ты мой, мілы! Як жа граеш ты, браток! Як завешся ты, пахілы, Залаты мой ты чаўнок? — Хваліць хлопчыка малога Гаспадар на ўсе лады. — Ну, хадзі за стол, нябога; Сядзь
і ты, стары, сюды,
Пасілкуйцеся з дарогі… Ты знімі, дзед, свой мяшок! — Крэхча, дзякуе убогі: — Не турбуйцеся, панок! От прысяду я тут з краю, Хай вас Бог усіх цаліць… Я, панок, нашто хлусіць, — Надта хлопца паважаю, Слаўны хлопец, малайчына, Як бы ў ім мая ёсць кроў, І гляджу яго, як сына, І люблю, каб я здароў! — Але ён худы да змору… Што ж, Сымонка, не ясі? Ганна, збегай ты ў камору, Сыру хлопцу прынясі!
Дык то Ганна! Ну й дзяўчынка! І прыўдалая ж яна! Станік тонкі, бы націнка, Тварык — ветлая вясна, А як гляне, вочкі ўскіне, Усміхнецца — ясны дзень! Хоць якая злосць астыне, Раптам згоніць з твару цень. — Ну, частуй музыку, Ганя! — Застыдзілася яна, Як цвет маку, ўся дазвання Шчочка стала чырвана. Але вочкі ускідае На Сымонку ды ізноў Іх саромліва спускае І ніяк не знойдзе слоў Папрасіць яго як трэба. І Сымонка сам не свой: З сырам сыр есць замест хлеба, Трэ галушачкі рукой, Ніжай гне свой стан сірочы, Рук не знае дзе падзець, І не смее ёй у вочы Смела, проста паглядзець. Дзед тым часам твар жагнае, Вочы ўзняўшы к абразом, І прад імі выслаўляе Ён прыветны гэты дом. — Дзякуй вам за падвячорак! — Кажа ён гаспадаром. — Ну, Сымон, да першых зорак Можа ў Ліпы сціганём? — Хлопцу стала нейк маркотна. — Пойдзем! — кажа, і ўздыхнуў І падняўся ды гаротна Хату тую азірнуў. І заныла, так заныла Сэрца беднае яго! І журбота падступіла, А па чым яна? чаго? Зноў ісці жабрачым шляхам І жыць гэтак дзень за днём, Калі тут, пад гэтым дахам, Ён авеяны святлом! — Тут начуйце, хто вас гоніць? Унь на небе колькі хмар! Ды ўжо й позна, — ім гамоніць, Іх спыняе гаспадар: — Клуня блізка, і на сене Можна добра адпачыць, Чым вы мелі па калені Гразь папоцемку мясіць. — О, няхай вам Бог спрыяе! Нам абы-які куток, — Кажа дзед ды зноў знімае Свае торбы і мяшок.

V

Адгрымелі час свой громы. Гром-пярун імчыцца далей З грознай раццю грознай хваляй, А па лесе бураломы Засталіся нерухомы; Хто ўцалеў, маўчыць зацята, Толькі дуб над трупам брата Роніць з лісцяў слёзы жалю. Дзесь на ўсходзе нікнуць хмары, Дзесь адсвечваюць зарніцы Блескам-ззяннем таямніцы; Скаліць зубы слуп пажару — Бляск над лесам, дзе стажары, Там няшчасце, там згінота: Нехта спален з тых грымотаў, Спален свечкай бліскавіцы. А ў бяздонні пас бліскучы, З туманоў і зор сатканы, У нябесных лёг палянах; Там зліліся зоры ў кучы. Неба ззяе, неба дыша, Як бы нейкі напіс піша, Неўчытаны і цякучы. Лёг Сымон з Дзядком на сене — Не змыкае вочак сон: Перад ім плывуць, як цені, І ўстаюць з усіх старон, Як улетку хмаркі тыя Над прасторамі палёў, Думкі-вобразы такія, Для якіх не знойдзеш слоў, Каб іх выказаць дакладна І ўлавіць іх рух дзіўны; То трывожна, то павабна Звалі-клікалі яны. І адзін з іх, вобраз Гані, Ад усіх ясней-ярчэй Ззяў, бы зорачка ў тумане, Мілым усмехам вачэй. Ён і вабіў і смяяўся, Ён гарнуў к сабе, ён зваў, Краскай майскаю вагаўся, Нейкі голас падаваў. І ў Сымонкі гожа ў сэрцы Песня пелася сама: Адчыніць ёй трэба дзверцы — Ёй спакою там няма, Хоча вырвацца з палону, Каб парушыць гэты сон. Волі песням і разгону! Здзек над песнямі — прыгон! І не можа хлопчык зладзіць Сам з сабою, каб не граць. Ён ціхутка з торпу [11] злазіць — Волю сэрцу хоча даць. Ноч зямельку агарнула, Лісцік дрэмле, спіць трава; Краска лісцечка згарнула, Дзесь кігікае сава. А над цёмнай паласою, Дзе стыкаецца з зямлёю Край далёкіх небясоў, Бы па слову чараўніцы, Вочы ўскідваюць зарніцы Над зямлёй паўзверх лясоў. Погляд тых вачэй іскраных Мрок калыша, мрок дрыжыць, Ды завесак тых цямраных Ён не думае злажыць, Каб не страціць панавання, Каб закрыць дарогу дню. А Сымонка слаў вітанне І вачамі на спатканне Ён імкнуўся да агню. І па струнцы па шаўковай Тромкнуў пальчыкам Сымон, — Адазваўся песняй новай, І панёсся стройнай мовай Чуткіх струн удалы звон. І казалі струны тыя, Струны чуткія, жывыя: Як прыгожа-павабны вы, зоры! Нібы высыпаў іней агністы, Нібы пацерак шнур прамяністы Асвятляе глыбіны-прасторы. Ці не вам чэсць-хвалу даюць горы І бясконцыя моры Даляў сонна-імглістых? Ці не вам гэтых хмарак зарніцы Песень блескаў звіваюць вяночкі?.. Выплываюць з усходу чаўночкі, Слугі сонца і яснай дзянніцы, Каб дзяньку адчыніць акяніцы, — Адсланяе граніцы Гэта песня паўночна. Быць хацеў бы я сонцавай коскай: Зазірнуў бы я ў надзор’е; Я гаманіў бы з чыстаю роскай, Я бы каціўся з хмарчынай слёзкай, Я б крынічкай бег з сузгор’я І праз гэты цёк бы двор я. Зоркі ў небе — неба вочкі, Месячык — вартаўнічок, Хмаркі — ветравы сарочкі, Неба шыр — пастаўнічок, Дзе ноч-цьма снуе красёнцы, Дзе чаўночак ладзіць сонца, Каб усплыў на іх дзянёк. А зарніцы — пыл агнёвы З панадземнага гарна; Громы — водгулле размовы Бліскавіц і перуна; Знічка — зорачак кананне, А вясёлка — выплыванне Златадзеннага чаўна… Але — ша! там штось мільгнула, Голька шурхнула лістком! Пад парканам каля шула Штось стаілася цішком! — Хто там? — ціха ён пытае. — Гэта я, Сымонка, я! — Цьма парушана пустая. — Не палохайся — свая! — І, як козачка лясная, Бы той лёгкі матылёк, Ганна вішні расхінае. Ён назад ступіў на крок.
Ганна
Скрыпку ўчула, не стрывала І, схаваўшыся ў кусты, З паўгадзіны тут стаяла, — Вельмі ж добра граеш ты: Век бы слухала, здаецца! — Так гаворачы, яна Села радам з ім, смяецца, Ціхай радасці паўна. Хлопчык здзіўлен, ён бязмовен, Ён таксама шчасця повен.
Ганна
Чаму ж ты маўчыш, Сымонка? Ці пашкодзіла? не рад?
Сымон
Мне здаецца — ўзышло сонка, Асвятліла гэты сад, Бо ты добрая, з душою, Ты ўся свецішся дабром, І здаецца, што з табою Я даўно-даўно знаём, Бо душа душы шукае, Бо ёй цяжка на зямлі.
Ганна
Не хвалі; я не такая, Не, мяне ты не хвалі!.. Паіграй!
Сымон
А як прагоняць?.. Лепей так паседзімо; Няхай ноч адна гамоніць, Няхай граецца само.
Ганна
Хіба ж ночка голас мае? Ночка проста — ноч і цень, Калі ўсё адпачывае, Ноч тады, як згасне дзень.
Сымон
І ні разачку ніколі Ты не чула, як жыва, Галасоў начных у полі, Ці як шэпчацца трава? Як у лесе дрэва з дрэвам Ціха, важна загудзе, І як жыта шумам-спевам Мову-песню павядзе? Ось прыслухайся, Гануся, Ды навокала ты глянь…
Ганна
А мне страшна, я баюся… Можа гэта толькі здань, Або нечысная тхлань?
Сымон
Ты не бойся: не пасмее Злыдзень нават падступіцца, Бо дабром і згодай вее, Ён той згоднасці баіцца. Спіць усё, а дух сусвету З духам лучыцца зямлі І адводзіць ліхасць гэту, Каб шчаслівы ўсе былі. І ўсім добранька: раслінкам, Пташкам, рыбе і звяром І тым беленькім хмурынкам, Дзе грымеў нядаўна гром, І тым зоркам нерухлівым, І тым зоркам, што дрыжаць, І прасторам тым маўклівым, Што над зорамі ляжаць; І цяпер, у часе згоды, Хоры песень іх чутны, Голас нейкай асалоды. Мы жывём — жывуць яны!
Ганна
Я не ведаю нічога! Ты ж гаворыш, бярэ дзіва. Так, на свеце ўсяго многа, Як размысліш унікліва І падумаеш над гэтым. А скажы: і краскі жывы? Ім баліць, як рвеш іх летам?
Сымон
Ну, напэўна, балець будзе. Можа нават яны плачуць, Толькі слёзак іх не бачаць, Ці не хочуць знаць іх людзі!
Ганна
Ах, Сымонка, вось цікава! Я не буду рваць іх болей: Хай жывуць сваёю доляй, Бо на гэта маюць права… Як дазнаўся ж ты, спытаю, Аб жыцці тым, што за намі?
Сымон
Я так, Ганя, адчуваю, Бачу ўласнымі вачамі. Быў я меншы, жыў я з дзедам, Ды не з гэтым, а з другім, І ён многа чаго ведаў, Шмат гуторылі мы з ім. Ён і скрыпку даў мне гэту, Навучыў вадзіць смыком. Ён памёр у канцы лета, Я ж вандрую жабраком…
Ганна
Ты — жабрак! Чаму ж так стала? І ці ж гзта справядліва? Ты павінен жыць шчасліва, А табе разгону мала!.. Мне так шкода цябе, шкода: Ёсць бацькі, ты ж сірата!.. Твая долечка люта, І пагана, ох, прыгода!
Сымон
Можа так, а можа й не: Служыць шчасцейка і мне. Вось паслухай, зрабі ласку: Раскажу табе я казку. «То няўдалы, Непрыкметны быў дубок, Нехлямяжы, заняпалы І пахілены набок. Хто быў дужшы і праворны, Той грунт лепшы карыстаў, А слабейшы і пакорны Жыцце толькі марнаваў. Дрэвы ўсе раслі, таўшчалі, А закіданы дубок За нямашто зневажалі, І ён быў так адзінок, Змізарнелы і адметны, Для другіх дубоў чужы, З ім быў кожны непрыветны, Як той камень на мяжы. Збоку глянуць — дуб нікчзмны І не варты нікуды. Ды чужы свет патаемны: Хто зірне ў нутро, туды? А ў яго быў кут багаты Думак розных, спеву, сноў, Казак вугал непачаты, З ім парады ветрык вёў, З ім размовы мелі хмаркі, Перасмейваліся з ім, Плывучы ў адзенні яркім, Тканым сонцам залатым; З ім улетку, дзень і ночку, Булькаў светлы ручаёк, А з палёў, з лясоў дубочку Нёс навіны матылёк. Углыбіўшыся ў плынь свету, З тым злучыўшыся жыццём, Часта ў жаль яго адзеты, Ён зрабіўся песняром. І спяваў ён так прыўдала У той час, як свет сціхаў, Што аж неба замірала, І зямля ўся замаўкала, І дух згоды ахінаў Тады ўсё яе стварэнне, І ўсё слухала той спеў; Чэзла зраднае насенне, І знікалі злосць і гнеў. Ажывала ноч глухая, Зноў займаўся ясны дзень, Затраслася сіла злая, Чуе — кепска; згіне цень. Сціхла песня — цёмна стала, Згаслі ўраз усе агні, І сякера заблішчала Пры дубовым карані! Ссеклі злыдні дзіва-дрэва, Сэрца вынялі з яго, Каб не чулі болей спеву Найдзіўнейшага таго, А дубок без сарцавіны Злосна кінулі на дол. Змоўклі песні з той часіны, Смутна стала навакол; Толькі зрэдку на світанні, Як павейваў вецярок, Журба чулася, стагнанне, — Плакаў ссечаны дубок. Шоў тым месцам падарожны І спыніўся: чуе ён — Не то голас чый трывожны, Не то струн балючы звон. Аглянуўся — нікагутка. Бліжай к дрэву ён ступіў — Што за дзіва? што за чутка? Дуб жалобна галасіў, Як бы скаргу слаў на кога Ці на долю наракаў. Падарожны з дуба тога Дудку жыва змайстраваў І пайшоў у свет ён Божы З тою дудкай жабраваць. Але ўжо не так прыгожа Гэта дудка стала граць. Бо не тое на ёй гралі, Чым душа яе жыла, Бо яе дар зневажалі, Бо нявольніцай была. Смуткавала дудка тая Аб тых родных каранёх, Аб праўдзівых песнях краю, Мілым лузе і палёх. Толькі ж раз яна пачула Родны голас, родны зык: Воля, ласка ёй вярнула Злымі выняты язык. А за момант ласкі, волі Ўсё гатова дараваць, І за гэта сваю долю Стала дудка выслаўляць. А як волю ўсю пачуе, Дрэва тое ажыве, Песня-радасць запануе, У прасторы паплыве, А на тых яго карэннях Дрэвы новыя ўзрастуць І другому пакаленню Тую песню дапяюць». Скончыў хлопчык казку-гора І галоўку пахінуў, Зноў Сымонку, як учора, Нейкі смутак агарнуў. Ганна слоўка не ўраніла І маўчала, як і ён, Бы жуда іх ахапіла, Надышла з усіх старон. І раптоўна Ганна ўстала, Міг — памкнулася маўчком, Абняла, пацалавала Крэпка-крэпка і прапала У садку за вішнячком. А на ўсходзе чырвань грае, Цень радзее, нікне мрок, І зямелька ўжо вітае Новы радасны дзянёк.

11

Торп — скірда.

Частка трэцяя

I

О, край родны, край прыгожы! Мілы кут маіх дзядоў! Што мілей у свеце божым Гэтых светлых берагоў, Дзе бруяцца срэбрам рэчкі, Дзе бары-лясы гудуць, Дзе мядамі пахнуць грэчкі, Нівы гутаркі вядуць; Гэтых гмахаў безгранічных Балатоў тваіх, азёр, Дзе пад гоман хваль крынічных Думкі думае прастор; Дзе увосень плачуць лозы, Дзе вясной лугі цвітуць, Дзе шляхом старым бярозы Адзначаюць гожа пуць? Гэй, адвечныя курганы, Сведкі прошласці глухой! Кім вы тут панасыпаны? Чыёй воляю-рукой Вы раскіданы па полі, Даўных спраў вартаўнікі? Эх, не скажаце ніколі, Што казалі вам вякі! Вы пуцінаю няроўнай Бежыце ўдалечыню, У бок Віліі чароўнай І пад светлую Дзвіну. Край мой родны! Дзе ж у свеце Край другі такі знайсці, Дзе б магла так, поруч з смеццем, Гожасць пышная ўзрасці? Дзе бы вобруку з галечай Расквітнеў багацтва цуд I дзе б з долі чалавечай Насмяяліся, як тут?.. Скрозь вяночкі дрэў вясёла Над мястэчкам ці сялом Цэрквы, стромкія касцёлы Вежы ўзносяць к небясом. А званіцы перад святам У касцёл, царкву завуць, Каб «прад Богам і прад братам Віны ўсе свае пачуць». Родны край! у Божа імя, У чэсць косцелаў, царквоў Паміж дзеткамі тваімі Многа легла камянёў; Многа выйшла трасяніны — Меч, агонь знішчалі край: З двух бакоў «айцы» дубінай Заганялі нас у рай! Кроў лілася ручаямі, Здрада чорная расла, Што папамі і ксяндзамі Ў сэрцы кінута была. I цяпер над намі, брацце, Яшчэ ў сіле той раздор — I папоўскае закляцце, I ксяндзоўскі нагавор. Брацце мае, беларусы! У той кнізе людскіх спраў Сам лёс, мусіць, для спакусы Гэты край нам адзначаў. Тут схадзіліся плямёны Спрэчкі сілаю канчаць, Каб багата адароны Мілы край наш звэяваць, А нас цяжка ў сэрца раніць, Пад прыгон узяць навек, Нашы скарбы апаганіць, Душу вынесці на здзек, Каб у віры той ашукі Знішчыць нашы ўсе сляды, Каб не ведалі і ўнукі, Хто такія іх дзяды. I лілася кроў нявінна, Швед набытак наш паліў, А ўрад царскі самачынна Тут гвалтоўнасці тварыў, Будаваў астрог народу I барбарскім капылом Мерыў волю і свабоду, А культуру нёс з калом. I без жалю капытамі Конь казацкі тут ступаў I збажынку з ярынамі Талачыў і драсаваў. Родны край! ты разарваны, I на захад ад мяжы Пан пыхлівы, надзіманы Моцна сцягвае гужы, Каб з варшаўскае майстэрні Беларусу сшыць халат, Ды ні ксёндз, ні пан не верне Плынь гісторыі назад! Эх, чаго нам не прыйшлося, Брацце мілыя, ужыць! Колькі талентаў звялося, Колькі іх і дзе ляжыць Невядомых, непрызнаных, Не аплаканых нікім, Толькі ў полі адспяваных Ветру посвістам пустым! Дык хіба ж мы праў не маем, Сілы шлях свой адзначаць I сваім уласным краем Край свой родны называць?
* * *
— Гэй, Сымон! Сымон! ты чуеш? Сонца ўжо ўзышло — пара! Ці забыўся, дзе начуеш? Час нам выбрацца з двара! — Дзед-жабрак прачнуўся рана, Будзіць хлопца. — Уставай! Хварэць нечага на пана, Хоць падзяку людзям дай! I збірае дзед манаткі Ды бубніць сабе пад нос: «Дзе ж ён дзеўся, небажаткі? Куды прах яго панёс?» — Эй, ты чуеш? дзе ты згінуў? I няма адказных слоў. Дзед трывожна погляд кінуў: — Мусіць, збег, каб я здароў! I затросся дзед ад страху, Думка мозг яго ажгла: «Абакраў, гад, і даў маху!» I сама рука лягла На мяшэчак пад пахвінай, Але цэл той вузялок. I мысленна прад хлапчынай Тут пакаяўся дзядок. «Але дзіва, што з ім стала?» — Сам сябе стары пытаў. А тым часам сонца ўстала, Промень першы завітаў У гуменца з-пад шчыцінкі, I ў палосцы залатой Незлічоныя пылінкі Закружыліся, як рой; Пташкі-ластаўкі ляталі То на двор, то са двара, Над гняздзечкамі снавалі I так міла шчабяталі, Як бы жычылі дабра. Злез дзед з торпу ў замяшанні: «Дзе ж падзеўся той Сымон? Ці дзе ходзіць спазарання, Непаседа-ветрагон?» Абышоў дзед двойчы клуню, Клікнуў раз, другі — няма! I напала на дзядуню Неадчэпная дума: «Кінуў хлопец яго, кінуў! Эх, не ўмеў з ім ладзіць ён!» I шкада яму хлапчыны — Збег музыка, збег Сымон! — А дзе ж хлопчык твой, дзядуня? — Няма, панюхна, няма Ні за клуняю, ні ў клуні, Вось шукаю, ды дарма, — Ну, знік проста, як кампора [12] Ой, праспаў яго, праспаў! Ой жа ліха, гора, гора! Я без хлопчыка прапаў! Гаспадар сам выйшаў з хаты, Устрывожыўся ўвесь дом, Абышлі ўсе клеці, спраты, Аглядзелі ўсё кругом, Нават збегалі к суседу, Каб напасці хоць на след, — Не знайшлося нідзе следу, Сіратою стаўся дзед. — Ось, як бы я страціў сына, Так шкада, каб я здароў! — Уцёк, дзедка, твой хлапчына Да другіх гаспадароў! Ганна смутна і маркотна, Яна думае аб ім. Дзе ж падзеўся ён, гаротны? I куды пайшоў? за чым? I чаму ён не паведаў? Хоць бы слоўка ёй сказаў! Эх, нядобры хлопчык дзедаў — Свет дзяўчынцы завязаў! А яна ж аб ім гадала, Думку марыла аб ім: Ці ж было б тут свету мала? Ён бы й тут быў не чужым. Папрасіла б яна тату — Так напэўна б і было, — Каб яго прыняць у хату Ці прыстроіць дзе ў сяло… А мо ён дзе спіць на сонцы У садку за вішнячком? Ёй надзеі ткуць красёнцы Залаценькім чаўначком. I дзяўчынка ў той надзеі Ідзе ў сад, ідзе сама. Але там, на санцагрэі, Пуста ўсё, яго няма! Пуста ў садзе і журботна, Як бы страціў нешта сад, Нават лісцечка дрыготна Шум вядзе на смутны лад. А вось тут, пад гэтай грушай, Ён сядзеў, а з ім яна. Ён тут сэрца ёй парушыў, Вымаўляла тут струна. Выйшла Ганна на дзядзінец, Сэрца сцісквае туга. Унь у свет бяжыць гасцінец, Над ім сцелецца смуга. Навакол ляжаць прасторы, Тчэ ім наміткі туман, I замлелі ў хлебным моры Хвоя тая і курган… Знаць, не вернецца ніколі, Там чужыя рубяжы, А на ростанях — таполі Ды збуцвелыя крыжы. Куды ж ён пайшоў? куды? Дзе ляглі яго сляды? Нікнуў зорак блеск халодны, I святлеўся неба край; Лёгкі пар, туман усходны, Апяразваў лес і гай; А Сымон, ачараваны Гэтай раніцы красой I выпадкам негаданым Добрай ночкі веснавой, Сам не ведаў, што з ім, дзе ён, Проста чуў, што ён шчасліў, Чымся новым быў авеян, Новых сілак чуў прыліў. Ён пазнаў тут асалоду, Ён пазнаў тут новы свет, То, чаго не ведаў зроду, — Ласкай хлопчык быў сагрэт. Ён цяцер, бы на граніцы, На высокім рубяжы; Па адзін бок — блеск дзянніцы, Па другі — цьма, дзе ён жыў. Ён цяпер — бядак, убогі, Выклікае толькі жаль. Ці ж зачынены дарогі У той край, у тую даль, Дзе здабыць ён можа долю, Шчасце талентам здабыць? Ён жаданням дае волю, Ён, як людзі, хоча жыць. Азірнуў ён і абмерыў Далі ветлыя палёў, Сіле ён сваёй паверыў, Зову новых галасоў. I Сымонка азірнуўся, Кій-крывулю свой узяў, У бок дому павярнуўся, Ганну ў сэрцы павітаў: «Будзь шчасліва, краска-зорка! Не пагардзіла ты мной, I ў маёй ты долі горкай Будзеш зданню дарагой. I вы будзьце ўсе здаровы, Будзь і ты здароў, дзядок. Няхай к вам з набыткам новым Новы з’явіцца дзянёк!»

12

Кампора (камфора) — цвёрдае лятучае рэчыва.

II

Я пайду, адзін пайду я. Вольны вецер хай гадуе Мае думкі, мае мары, Мае песні, казкі-чары. Я пайду, міну лясочкі, Што чарнеюць, нібы бровы: Там пабачу я свет новы, Там пацешу свае вочкі, Там другія ўчую словы… Я міну, міну лясочкі. За лясочкамі, за гаем Далі, лёгшы сінім морам, Вабяць душу мне прасторам I чаруюць новым краем, Клічуць к нейкім нрвым зорам Далі, злеглыя за гаем. На прасторы сэрцу люба! Прывітаюць мяне краскі I мне будуць баяць казкі, Мне ўсміхнецца постаць дуба, Чараў поўная і ласкі, — На прасторы сэрцу люба! Пабяжыць у свет дарога Праз узгоркі, праз лагчынку; Будзе ветрык гнуць былінку, I навеюць думак многа Мне пра мілую дзяўчынку Далі тыя і дарогі. Я пайду, адзін пайду я. Няхай дзед сабе сярдуе: Я яму цяпер не служка — Сам сабе хачу быць панам, Разлучыцца ўжо пара нам. Вольным быць хачу, як птушка. Ціхай ранічкай, да сонца, Хлопчык выбраўся з двара, Ідзе ён у свет бясконцы Пашукаць таго дабр’а, Каб змяніць свой лёс паганы, Новым спосабам зажыць, Каб увагі і пашаны Перад ёю заслужыць. У Сымонкі планаў многа. О, ён слаўна зажыве! Гэта новая дарога Родзіць мары ў галаве… Па баках палі ляжалі, Пападаліся гаі, I дарогі прабягалі Чыста срэбра-ручаі I шчасліва беглі далей Між высокіх беражкоў, Гаманіла хвалька з хваляй Спевам роўным галасоў, Хлопцу ў душу закідалі Водгук згоды і спакой; Іх алешыны віталі I ад сонейка хавалі, Стаўшы дружнаю сцяной. Беглі сцежкі між жытамі Па пагорках, па лагох, I ззяў гожа васількамі Поля жытняга разлог. Шоў Сымон адзін, свабодны I не звязаны нічым. Чуўся ён і полю родным I тым хмаркам веснавым; I вітаў іх, ім смяяўся Падарожны малады I ціхутка ў іх пытаўся: «А вы, мілыя, куды? Дзеткі сонца і зямлі, Клопат, думкі — ўсё пазбыта, Вас нягоды абышлі». А дарога у пяць нітак Павіваецца, бяжыць, Наабапал з ёю жыта Каласкамі гаманіць. I бягуць-бягуць малюнкі Поля, лесу і лугоў, I ляжаць, бы тыя стрункі, Зелень-засевы шнуроў. А вось там, на павароце, Дзе высокі крыж стаіць, Яблык вежы ў пазалоце Ззяе ў небе і гарыць. Хлопчык далып ідзе дарогай, Сонца стала прыпякаць. Разважаць пачаў убогі, Дзе б спажывы пашукаць. Убок сцежка павярнула, Лёгшы зграбнаю дугой, А з-за дрэў страха зірнула I два коміны на ёй. Падышоў Сымон — карчомка Са стадолай і дваром: Добра ўсім вядомы Шлёмка Быў даўно тут карчмаром. Шлёму лаялі і білі, Ды не моцна, не са злом, Бо яго такі любілі, Не міналі яго дом. I то: як з ім не паладзіць? Як бы ты ні быў з ім груб — I пасудзіць і парадзіць Ды і выпіць даць не скуп, Абы толькі былі грошы, Няма грошай — напавер, — Адным словам, быў харошы, Толькі й ты яму адмер. Дык не дзіва, што да Шлёмы Плыў народ, як у касцёл, Шоў і свой і незнаёмы, З хутароў ішлі і з сёл. Тут пасэсар [13] , арандатар, Дробны шляхціц, важны пан, Хто папіць, гульнуць аматар, Кожны міл быў і жадан. Затрымаўся тут Сымонка: Ці зайсці яму, ці не? Паглядзеў — пуста скарбонка! «А што зробіцца тут мне?» Хоць нясмела, ды ступае На карчомны ён парог I са страхам азірае Гэта логава-бярлог. Удоўж сцен стаялі лавы; За сталом — гурткі людцоў, На сталах — сляды патравы: Хлеб, агрызкі селядцоў. Пры бутэльках гоман яркі, Там і цесць, і сват, і кум; З рук у рукі ходзяць чаркі, А ў галовах бродзіць шум. Пах гарэлкі, дым махоркі Звіс пад столлю, як туман, I ад смеху і гаворкі Дрыгаціць карчма-майдан. — Го, музыка тут, музыка! Ану, хлопча, — тра-ля-ля! Патанцуем, сват Грамыка, Каб аж бухала зямля! — А музыка — дух у пятах: Як залучаць тут — бяда! Людзі п’яныя — вар’яты, — Аж бярэ яго жуда. Але тут падскочыў Шлёма. — Ну й чаго збаяўся ты? Тут, у карчме, мы ўсе дома! А ты ж, можа, не святы? Ідзі далей — месца хваціць, Ну не бойся: не з’ядуць! Паіграй жа, пане браце, У кішэню накладуць! Павярнуў Сымонка крута: — А чаго ж баяцца тут? Міг адзін, адна мінута — Талент вынесе на суд. Выняў скрыпку, смык падмазаў Ды па струнах як павёў — Ціха стала ўсё адразу, Моўкне бура галасоў. Павярнуліся галовы У той бок, дзе граў Сымон, I спыняе ўсе размовы Гэтых струн прыўдалы звон. оўна карчма тога звону, Ён яе рве берагі, I ківае ў тахт Сымону То адзін тут, то другі; А як пусціць лад вясёлы, Забірае рух мужчын: Разгарнуў Грамыка полы, Казака йдзе сам-адзін; I самога нават Шлёму Забірае гэты рух, Падае кійкі другому, А сам кажа толькі: «Ух!» Выйшла Хава, дзецяняткі Пазбягаліся сюды, Ходзяць плечы іх, лапаткі На вясёлыя лады. Кончыў граць, скідае шапку — Даказаў сваё ж такі! I працягвае ён лапку — Зазвінелі медзякі. Адараюць хлопца шчыра I грашыма і дабром, А Грамыка даў паўсыра I дзесятку серабром. А ў агульным шуме-крыку Выхвалялі яго ўсяк: — Чый ён, жэўжык? Ось музыка! Ось, псякроў яго, мастак! Першы крок — пачатак справы, Слова — Шлёмы самаго, Штось прамовіўшы да Хавы, Ідзе Шлёма да яго. — Слухай, хлопча, мой малойчык! Хочаш нештачка ты знаць? Да мяне зайдзі ў пакойчык: Маю штось табе сказаць. Што ж ён скажа? знаць цікава! Трохі цяміць і Сымон, Бы й на лад выходзіць справа, I ў пакойчык ідзе ён. Зашчаміўшы грошы ў жмені, Ён вайшоў у той пакой; У пакоі страхаў цені Мільгатнулі талакой. Вочы ўзняў ён, што за дзіва, А які ж там гэта дзед? Чаго ён глядзіць так скрыва? I дзіўны ж такі партрэт! Пойдзе ўлева, стане ўправа, — Рабін [14] поглядам жывым Так і цягнецца за ім! Вось праява, дык праява! Хіба ўгневаны ён чым? Але валіць тут кагалам Племя Шлёмава ў пакой I пастала цесным валам I гудзе наперабой То з Сымонкам, то з сабою, А з іх самы дасціпны Бярэ скрыпку і рукою Дакранаецца струны; I не рад Сымон той чэсці I кампаніі такой, — Хоць бы ногі як унесці, Горш астрога той пакой! А той Хаім змайстраваўся, Каб і смыкам павясці, — Тут Сымон усердаваўся Ды стаў Хаіма трасці. Хаім толькі скаліць зубы, Скрыпку ўжо бярэ Абрам. — Го, Абрамка! го, мой любы! Скрыпка кажа — ці-ра-рам? Ён да скрыпкі здольнасць мае… Ну, пайшлі вы! вон! авэк! — Шлёма новы тон прымае, Шлёма — спрытны чалавек! — Вось паслухай мяне, Шлёму: Знаю, хлопча, я твой хлеб! Кепска жыць вось так, без дому, — Я ўсё бачу, я не слеп. А ты б мог жыць так як трэба, Мець прыпынак, пэўны кут, I па бораду мець хлеба, I не мець вось гэты бруд. На табе ж адно лахмоцце, — Уй, які халат-рызман, На цябе зірнуць страхоцце, I сам высах, як таран. Трэба ж справіць і адзенне, I мець боцікі ў запас, I да квасу мець, і квас, — Трэба ў грунт пусціць карэнне; Трэба ж нешта мець на мэце, Калі маеш тут цара, А не шворыцца па свеце, У двор ходзячы з двара. А што выхадзіш? нічога! Проста… нельга тут маўчаць! — I пачаў, пачаў малога, Як той бацька, навучаць. — Хочаш быць ты чалавекам? Хочаш мець прыпынак-кут? Заставайся ў мяне тут! Пад маёю будзь апекай. У мяне бываюць людзі, Ды не простыя — паны, Любяць музыку яны; Вечарынка часам будзе, А ты возьмеш сабе скрыпку — Цім-та! цім-та! Ці-лі-лі! — Шлёма рукі ўскінуў шыбка, Як бы струны там былі, А ён сам мастак-музыка, Аж Сымона бярэ смех. — Ну, турбота невяліка, I адмовіцца тут грэх! Дык якое тваё слова? Ну, падумай і скажы! — А што ж? граць мне ўжо не нова, Скрыпка, смык мне не чужы, I я згодзен быць у пана, Я застацца тут гатоў! Так Сымонка негадана Там прытулішча знайшоў.

13

Пасэсар — часовы ўладальнік, арандатар маёнтка.

14

Рабін (яўр.) — духоўная асоба.

III

Дом карчомны быў вялікі, Месца хваціць хоць каму, А тым болей для музыкі: Чаго ж трэба больш яму? Кухня будзе сем на дзесяць, Там ёсць печ, за печчу — кут. Хоць прусы там куралесяць, Але Шлёма сказаў: «Гут!» Што там добра? — цёпла, суха, Спі сабе, як добры пан, А што ходзіць прус-псяюха Або злодзей-таракан, — Пагадзіцца з гэтым трэба: Многа ў свеце валацуг, Жыць дазволіла ім неба, Іх не возьмеш на ланцуг. У той кухні меў пасаду Шлёмаў парабак Яхім; Хлопца ўзяў ён пад уладу I памог яму сім-тым. — Ось цяпер ты князь, ды годзе! Пазайздросціць сам прусак, Той, што ў шчыліне-гасподзе Век праводзіць, небарак, — Жартаваў Яхім з музыкі, Як абладзілі пасцель. — I сам Шлёма, пан вялікі, А яшчэ большы круцель, Так не будзе з сваёй Хавай I ў пярынах спачываць, — Так казаў дзяцюк рухавы, Бо любіў пажартаваць. Агню няма. У кухні цёмна. Спіць Яхім, А думкі-дым Плывуць сукромна, Як і цьма. Не спіць Сымон. Карчма варожа. Рабін там I Шлёма сам. Тут нейк нягожа, Не йдзе сон. Але дарма — Пяройдзе ночка, Будзе дзень, I нікне цень У тым куточку, Нікне цьма. Яркім светам, Агняцветам Свеціць штосьці, — То — Яна! I з усмешкай Думак сцежкай Прыйшла ў госці, Бы вясна! Скробат мышкі, Крокат вышкі, Кашаль сценны, Звон крыла. А яна з ім Ходзіць разам Блескам дзённым… Прэч, імгла! Яны ўсюды Толькі ў пары, Але імі Повен свет. Песні-гуды, Думкі-чары… Яе імя — Агняцвет! I падхопяць зноў Сымонку Думкі-мары, мыслі-сны Ды ў яе нясуць старонку, Дзе спаткаліся яны. У вачох — садок прыветны; Бн авеены дабром, Звіс над ім спакой сусветны Дыяментавым шатром. А ў шатры тым — зор блісканне, Спеў музычны цішыні, Мілы голас, вобраз-ззянне, Вочак промені-агні. А ва ўсім тым карагодзе Думак-вобразаў і мар Выкрадаецца, як злодзей, Цемнік-сон, сон-уладар. I хлапчынка ўжо не знае, Дзе тут сненне, дзе тут яў, Дзесь далёка дух лунае, — Крыллі сон яму разняў. У аправе кос іскраных Дзень выходзіць з-за зямлі, Яснавокі і румяны, Паліць свечачкі ў галлі I пучочкамі скрозь лісце Разлівае ззянне-смех Для супольнае карысці I для радасці і ўцех. Ён зірнуў і ў кут Сымонаў I сказаў, відаць, па дружбе, Што Сымонка тут на службе, Каб службовы доўг выконаў. Ён пасцельку прыбірае, Думак поўна галава, Ён над службай разважае — Што ж за служба? Якава? А тым часам выйшла Хава, Аддае такі загад — Кухню вымесці рухава, На двор выгнаць куранят. Так зачаўся дзень тут новы — На паслугах хлопчык наш: Ён па воду, ён на дровы, Ён і ў пограб і ў салаш. I сам Шлёма дасць работу, Бо ўсё згодзіцца ў жыцці, На ўсё трэба мець ахвоту, Каб свой потым лёс знайсці. Праўда, хлопца прыадзелі, Далі Хаімаў каптан, Шлёма з Хавай аглядзелі I сказалі: «Ну, як пан». I Сымон быў рад і з тога; Зубаскал жа той Яхім Тут пасмейваўся з малога I пацвільваўся над ім. — Падарунак, браце, хвацкі! Ты цяпер — пан Лапсярдацкі. Эх, ярмолачку б дадаць! Кім ты стаўся б — не згадаць! Адна ганьба, што аблезлы, А так добры лапсярдак! — Хоць Яхім быў хлопец не злы, Ды на кеплі быў мастак. Хлопцу ўсё было тут нова: Шлёма, Хава і іх дом, Звычай іх, жыццё і мова, Іх трусенне над рублём. У карчомцы быў асобны, Свой уласны жыцця лад, Свой рахунак, брудна-дробны, Права, звычаі і ўрад. Карчма рэдка пуставала: Чуць развідніцца — сюды Хоць чыя душа вітала, Шоў стары і малады. Цэлы дзень рыпелі дзверы; I былі такія тут, Што ніяк не зналі меры I, сагнуўшыся, як склюд [15] , Вартавалі церпяліва Кампанейскіх малайцоў, Пазіралі так лісліва На заезджых тут людцоў. Так было тут у дзень будны, А ў святы і не прайсці: Брата, бацькі было трудна Тут разгледзець і знайсці. Але ўлетку, то нічога: Вось зімой зайдзі ў карчму! Тут падзівішся, нябога, Збудзеш смутную думу. Тут падчас трасуцца сцены, Лавы крышацца, як соль. Часта ў ход ідуць палены, Як разыдзецца тут голь. Сёмка тут пачне казанне, Як Мацюта лез на плот, Як Чылін спяваў літанне, Як жаніўся Лысы Дод; Пра шаўца пачне ён казкі, А як скажа — з смеху ляж! Як у Хасі з яго ласкі Нарадзіўся Масыяш. Два Антосі — Лузун, Лата — Пацяшаюць тут усіх, А Базыль, Карусь, два браты, Зводзяць двух братоў другіх. Тут зубамі крэпкі Сыса Ступу тоўстую насіў, А вар’яту Янка Лысы Пуза ботамі мясіў. А той жылы ўсе напружыць, Голы выпучыць жывот, Янку носіць ён і кружыць — З смеху поўзае народ. Тут, бывала, ў карк Піліпа. Жонка гнала з карчмы вон, I аб сына стары Клыпа Чапялу ламаў ці млён [16] . Тут ігрышчы адбывалісь Перад святамі зімой, I трасліся, калыхалісь Сцены, дошкі пад нагой. Дзецюкі, пабраўшы пары, Тут ляталі, як віхры, Як у полі на папары У гіз бегаюць валы. Верцяць дзевак, бы круцёлак, На паветры іх нясуць, Сцены, прыпек і пяколак [17] Іх хвальбонамі [18] мятуць; Аж падлога пад нагамі Гнецца, крэхча і рыпіць, I агонь у тахт з рубцамі Ў лямпе з подскакам гарыць. Патамяцца, папацеюць — Дзверы насцеж — на мароз, Покі лбы пахаладзеюць I пачне сінецца нос. Танцавалі маладыя, Весяліліся, пілі, Для іх скокі, гульні тыя Многа радасці няслі. А Сымонка, як пракляты, Ім да трэціх пеўняў граў, Толькі ён не ведаў свята, Светлай радасці не знаў. Без ахвоты-захаплення Ускідала смык рука; Не хапала і цярпення, Сіл падчас у бедака Граць праз цэлых тры гадзіны Несканчоную кадрьгль; Марнаваўся век дзяціны, Талент друзіўся на пыл. Рана хлопчык падымаўся, То каморкі падмятаў, То пры кухні завіхаўся, Шлёму, Хаве памагаў. I так кожны дзень заняты, А каб час не марнаваў, Ад Сымонкі Шлёма кляты Смык і скрытнсу адбіраў. — Так, мой браце, так, Сымоне, — Падбаўляў агню Яхім, — Не ў гуморы ты штось сёння; Шлёма — кепскі твой айчым. Ты — падкухцік, ты — музыка, Падмятайла, ваданос, Лупіць Шлёма з цябе лыка, Як каня запрог у воз! Бедны ты, брат, і няшчасны — Без кароны стаўся цар: Над скрыпуляй над уласнай Ты цяпер не гаспадар! Няма ў Шлёмы к табе ласкі, Не згрунтуеш ты, брат, з ім! Цяжка жыць з чужой папаскі, Лепш ідзі к бацькам сваім: Сэрца бацькава не камень, Бацькаў хлеб смачней віна, I не зломіць табе рамень [19] Праца бацькава гумна. — А ты служыш вось, Яхіме. — Ну, то я — другая справа: Шлёма мне духоў не выме I не возьме ў рукі Хава. Я, брат, знаю, што мне трэба, У мяне ёсць пэўны план: — Я вазьму кусішча хлеба, А не зношаны каптан! Я — салома, ён — мякіна, Мне гарэць, а Шлёме — гніць, I салома-сіраціна З вольным ветрам паляціць. Толькі ўскіну я вачыма — Мой і погляд робіць след, Ты пачуеш пра Яхіма I сам родзішся на свет… Эх, Сымон!.. ды ты не пара, Не таварыш ты мне, друг: Мой таварыш — воўк паджары, А быць можа, і ланцуг. Праўду кажа ці жартуе? Ці наводзіць ён туман? А мо шайку дзе гуртуе Ён, разбойнік-атаман? Не, у карчме штось няладна. А той рабін! Ён дзіўны, Вочы злосны, неспагадны I нянавісці паўны. Ляжа хлопчык у куце тым, Сон не йдзе. Ён там адзін; Эх, нямала тых гадзін Аддае ён думкам гэтым!

15

Склюд — тапор з выгнутым тапарышчам.

16

Млён — ручка, пры дапамозе якой круцілі жорны.

17

Пяколак — шырокі прыступак у бакавой сцяне печы.

18

Хвальбоны — аборкі на падале спадніцы.

19

Рамёны — плечы.

IV

План гатовы, Зложан цвёрда, Воля горда, Непарушна: У свет новы За дубровы, Бо тут душна! Сустрэнь, поле, Прытулі ты! Я пазбыты Твае ласкі! Хочуць волі, Просяць долі Песні-краскі. Сустрэнь, лесе, Ясным смехам, Гучным рэхам Загукай! I ў завесе Тваіх шатаў Голас братаў Мне падай! Глянь ты, сонца, З-за аблокаў Добрым вокам: Я — твой сын! Я ў палонцы, Лёдам скуты, Я прыгнуты, Я адзін! Разгарнуць хачу я крылле — Я ў свет вольны палячу, Бо мне тут не па плячу, Бо я тут — жывы ў магіле; Я пастаўлю сілу сіле, Волю сам я ўзяць хачу! Так, даволі! досыць здзеку! Не, павук, я больш не твой: Зведаў я тваю апеку, Час сквітацца мне з карчмой! Хітры ты, шынкару-Шлёма: Скрыпку ўзяў маю ў палон, Каб не кінуў твайго дому, Каб быў звязаны Сымон. У Сымонкі ўсё гатова, Абмяркована даўно. Ён жыццё пачне нанова, Гляне ў новае акно. Праўда, ён — не так і бедны: Грошай мае рублёў тры Да дзве грывенькі з гары [20] I траяк яшчэ той медны! I ён тыя заработкі Панясе аддасць бацьком, Хоць на момант на кароткі Завітае ў родны дом. Эх ты, родненькі куточак! Ці ж не думаў ён аб ім? Многа думаў, не спаў ночак Тут, слугуючы чужым! Сніўся родны дом хлапчыне, Вабіў моцна, бы святло. Млела сзрца па айчыне, Хоць і цяжка ў ёй было. Ды хто ведаў гэты смутак, Тугу хлопца-гаруна? Хіба гэты вось закутак, Печ да немая сцяна! Але гэта ўсё пазбыта: Ён не служка тут больш — квіта! Ён гадае аб дарозе, Сніць яе штоночку ў сне I яшчэ аб кімся грозіць — Ці ж ён дом яе міне? Так гадае наш музыка, Планы строячы цішком, Толькі вось дзе закавыка: Скрыпка ў Шлёмы пад замком! I ці ж гэта справядліва? Ашуканец ён і лгун! Каб той Хаімка саплівы Смеў крануцца яе струн! Эх, не раз агонь пякучы Па ўсіх жылах прабягаў, Калі Хаім скрыпку мучыў, А Абрам дапамагаў! Не знаходзіў хлопец месца. Зубаскал жа той Яхім, Як заноза, ў сэрцы ўесца, Кеплі строячы над ім: — Эх, Сымоне, мая рыбка! Ну, прапала твая скрыпка! Раз да Хаіма папала, Лічы смела, што прапала! Раве — чуеш? як карова! А ён, падла, б’е з-за вуха, Як тым цэпам, як абухам, — Ну, не грае — коле дровы! А ўсё рабін той насаты! А ўсё рабін: гэта ён Зацягнуў цябе ў палон! Ох, лахудра! ох, пракляты! — Не стрываў раз ён — балюча! Ён туды бяжыць з калом, А там Шлёма за сталом; Каб не Шлёма, была б буча. — Твая
скрыпка будзе цэла:
Я ж гляджу яе тут сам, Граць і тромкаць — яе дзела! Ну, больш Хаіму не дам! I Сымон не робіць шуму, Хоць вяліка тое зло, Ён стаіў у сэрцы думу, Каб дагадак не было. Як жа вызваліць з палону Скрыпку, сэрца яго часць? Як прабрацца за заслону? Хто памогу яму дасць? Там і дзеці, там і Хава, Шлёма сам і той вядзьмак… Не прыступішся ніяк, — Не, нялёгкая то справа! Ляжа ў запечку хлапчына, Абмяркоўвае свой план. Можа, здарыцца часіна, Як заедзе які пан I музыку затрабуе, Як бывала тут не раз, Шлёму ў лапці і абуе, Скарыстае гэты час. Ды калі яно што будзе? Толькі час звядзеш дарма, А ты ўсё служы паскудзе, Покі прыйдзе зноў зіма. Ды зноў будзь усю тут зіму, Абівай яго парог… Расказаць хіба Яхіму: Ён напэўна б дапамог. Але не: Яхім жартлівы — Смешкі будзе строіць, кпіць. Можа, Хаім той саплівы? Яго можна падкупіць… Ой, не, не! Ён скажа Шлёму, Тады будзе шмат трудней; Не казаць тут лепш нікому, Лепш зрабіць усё самому — Так надзейней, спакайней. Але як? Вось дзе загвоздка! Асцярога трэба, спрыт… Ну ты, Шлёма! ну, псякостка, Ашуканец, жываглыт! Але як бы ні было там, Ён паставіць на сваім, Ён пралезе хоць бы кротам, Бо пад Шлёмавым тут ботам Ён не хоча быць зусім. Ходзіць хлопец, выглядае, Вухам ловіць кожны крок; Цягне хлопца шафа тая, Што замкнёна пад замок.
Ён прыслухаўся — нікога! Ён у той пакой бягом! Сэрца стукае ў малога, А ў вушах гудзе, як гром. Ён паслухаў — ціха ўсюды, Шбы вымерла карчма; На дварэ дзесь Шлёма руды, Хавы такжа тут няма. Да дзвярэй ён крок ступае, Ён нямее, прыліпае. I скрозь шчылінку ў замок Той пакойчык аглядае… Стукнуў хтось — ён раптам скок! Прытуліўся ў кут у цёмны, Дух стаіўшы, ні мур-мур! Скуль жа стук той патаёмны? Ці прабег дзе проста шчур [21] ? Да дзвярэй ён зноў шыбуе, Міг адзін, і клямка — бразь! А скрозь цішу грабавую Хтось крычыць яму: «Не лазь!» Але хлопец не зважае, Ён да шафы — пад замком! Стукнуў злёгку кулаком, Стук насмерць яго пужае, А на стук той скрыпка — бом! Хтруны ціха зазвінелі, Адгукнуліся яны, Бы агонь прабег па целе, Трэпет палкі і дзіўны. Так вось дзе яе няволя! Але йдуць… Ён вобцас вон! З карчмы выскачыў на поле, А ў вушох — той струнны звон. I свідруе мозг пытанне: Ці замецілі, ці не? Момант страху і хістання Хлопца томіць, хлопца гне. Ён на карчму пазірае, Каб пытанню даць адказ, А яна маўчыць, старая, Пэўны маючы выраз. Не: там ціха, мёртва-глуха, Там нічога не чутно. Толькі Шлёма ў нейкім руху. Што б то значыла яно? Выйшаў хлопец за стадолу. Дзень надвечары. Цяплынь, А на полі па-над долам Жыта гойдаецца плынь; Там дарога так знаёма. Унь і дуб той і той клён… Ён стаіўся нерухома: Да стадолы ідзе Шлёма, Невясёлы, смутны ён. Ходзіць, чухае чупрыну, Штось мармоча, бы дурны, Штось сказаў Абраму-сыну, I кудысь ідуць яны. Пастаялі на дарозе, Шлёма зноў ідзе назад; Хава, хлопцы ўсе ў трывозе… Ці ж то ён іх зрушыў лад? Ці не знаюць, што ў каморцы Быў ён з замерам ліхім? Але чуе ў іх гаворцы Словы: «Ганаф» [22] і «Яхім». Пачынае хлопец цяміць: Знік Яхім кудысь з канём. Асвятлілі яму памяць Тыя словы, як агнём: «Я, брат, знаю, што мне трэба, У мяне ёсць пэўны план: Я вазьму кусішча хлеба, А не зношаны каптан; Толькі ўскіну я вачыма — Мой і погляд зробіць след, Ты пачуеш пра Яхіма I сам родзішся на свет!» Так, прыйшла яго часіна, — Ім цяпер не да яго! Але трусіцца хлапчына, Каб не вынікла чаго. Абыходзіць ён стадолу, Ідзе ў кухню са двара, Погляд кідае наўкола, Бачыць — постаць карчмара. Аглядае ўсё дарогу, А з ім Хаім і Абрам. Самы час прарваць аблогу — Толькі рабін адзін там. Ён падосак [23] бярэ ў рукі, Каб з тым справіцца замком; Ідзе ціха, ані гуку, Бы кот, крадзецца цішком. Стаў, паслухаў — мёртва-глуха. Дзверы штурхнуў, шусь туды; Прылажыў яшчэ раз вуха, Поўны страху і жуды, — Ціха ўсё. А рабін строгі Са сцяны глядзіць стражэй… Ці то вушы, ці то рогі? Бровы ссунуты ніжэй, Погляд злосны і нямілы. Тут да шафы хлопец — скок! Штурхнуў дзверцы з усёй сілы, — Бразь там зашчапка-кручок! Разышліся дзверцы самі, Чуе ён знаёмы гуд… Скрыпка родная! ты тут! Ён дрыготнымі рукамі Скінуў з вешалкі сурдут, Скрыпку борздзенька знімае, Скрыпка з ім! Цяпер — гайда! Ён скрыпулю абнімае… — У ты, рабін-барада! — Крок ступіў і на канапу! Кулаком яму патрос. — У ты, чортавая лапа! — I дзве пстрычкі даў у нос!

20

З гары — звыш таго.

21

Шчуры — мышы, пацукі.

22

Ганаф (яўр.) — злодзей.

23

Падосак — вузкая жалезная паласа знізу драўлянай восі (у калёсах).

V

Страшнавата, сцішна ўночы… Нібы ходзіць хтось, шалпоча, Пустым смехам дзесь рагоча… Ці то, можа, плача Шлёма — Не ўсё добра ў яго дома! А там нешта бы рухома… Ці то вочы, тыя вочы? Страшнавата, сцішна ўночы! Ноч так зманна, так варожа! Спатайку наскочыць можа Нехта страшны з свайго ложа… А там… што там? двое, трое, — Клубок страхаў, там іх роі, I не злічыш ты іх зброі, Многа іх! ён іх не зможа: Ноч так зманна, так варожа! Хоць бы месяц выплыў з хмары: Асвятліў бы ён абшары I развеяў тыя чары. Месяц выплыў, пасвятлела; З мроку цэркаўка бел-бела, Як і ён, глядзіць нясмела — Болей страху на іх твары. Месяц! лепш схавайся ў хмары, Бо ў тым блеску-асвятленні Больш замецен — менш збавення — Страшна гэтае суценне! Ці з кары старога дуба Нос высоўваецца, губа, Смех, ды страшны; рот бяззубы, Хтось вылазіць з-пад карэння… Ці то помста зневажэння? Страшна гэтае суценне! Хлопцу сцішна і маркотна… Ноч цянюецца дрыготна… Дзесь хтось свіснуў траякротна, Свіснуў!.. хто? для якой мэты? Ці то знак які? прыметы? Ці то страшны рабін гэты? Ці то пташка мімалётна? Хлопцу сцішна і маркотна. Ноч глыбее, поўнач скора; Свецяць ў небе бледна зоры, А карчма з-за касагору Выглядае так жалобна; На астрог яна падобна. Ён, яна стаяць асобна, Яны разам былі ўчора… Ноч глыбее, поўнач скора. Крыкнуў певень дзесь далёка. Ды так глуха, так глыбока, Так нясмела-адзінока! Ціш, глухота, нема ўсюды, У вушах бы енкі-гуды, У вушах той рабін руды… Што там бачыць яго вока? Крыкнуў певень дзесь далёка. Але блізка час світання, Знікнуць страхі ўсе дазвання, Дык жыві ж ты, вандраванне! Мрок радзее, ноч святлее, Ноч і добрай быць умее. Жывіць душу зноў надзея, Сэрца цешаць песні рання… Блізка, блізка час світання! Дрэмле чутка ў полі ніва, Выступае лес маўкліва З мроку чорнаю пілою; Хмарак шоўкавая грыва Рассцілаецца гулліва Агнячырванай мятлою. Тыя ж зоркі, бы дзяўчаткі, Дзесь бягуць у свае хаткі, I апошні раз іх вочкі Шлюць свой усмех развітання, — Промень ласкі і кахання, — Да наступнай яснай ночкі. Дзень праз цёмныя заслоны Падымае сцяг чырвоны, Каб сагнаць з зямлі туманы. Чырвань льецца на загоны, Нішчыць цьмы пасады-троны; Дню складаюць гімн паляны. Хлопец чуе адраджэнне; Ноч прайшла, пазбыта цьма, Волен ён, канец мучэнню, Не гняце яго карчма! Так прывольна, так прасторна! Што было — прайшло як дым; Ён ідзе, ідзе напорна Крокам смелым, маладым. Ён вітае яснасць неба, Сакаўное поле, лес, Пах зямлянай, свежай глебы, Каласкоў жывы навес, Мнагадумныя прасторы I шумлівыя бары… Унь і хвоі ў жытнім моры, Бы дзве родныя сястры, Ён пазнаў іх, ён ім рады — Ён замеціў іх тады. Скора будуць і прысады — Ці не іх унь то рады? Ён ідзе, падходзіць сонца, Лес агортваецца ў сінь… Будзе горача бясконца, Хоць садзіся адпачынь! Убок глянуў, там сунічкі, Бы каралі на траве. Ну, прыпынак невялічкі — Ён збярэ іх жменькі дзве! I лясок тут такі слаўны — Так і горне той лясок. I дзесь дрозд, знаёмы даўны, Падае там галасок, Як бы ў госці заклікае. I Сымонка не чакае: Ён з дарогі зварачае I на сонцы пад кустом Прысядае, спачывае, Потым моцна засыпае, Распасцёршыся пластом. Доўга спаў ён, як забіты; Сонца ўстала на паўдні, I гудуць над ім сярдзіта Дзеці лесу, авадні. — Устань, любы! — шэпча сонца. — Уставай! — шуміць дубок. — Абудзіся, галубок! — Кажуць травак валаконцы. — А-а! — Ён вочы раскрывае. — Дзе ж то я? — глядзіць вакол. Перад ім сцяна жывая, Над ім шапка баравая, Лес — зялёны частакол. I адразу ясна стала — Вольны ён, ён не слуга! Разышлася і прапала Гэта сонная смуга!.. Але што то? здань ці дзіва? Ці то лес навёў туман? Мільгатнула штось маўкліва, Промень кінуў смех шчаслівы, Бы ажыў унь той дзірван, Вочкам бліснуў дурасліва! Не, не можа быць, то — зман! То быў вобраз іскраззянны, Момант радасці, надзей, Сэрца гімн агнём параяным, Песня зорак, санцавей. Знікла здань — так сон знікае, Але водгулле яе У вачох яшчэ бліскае I спакою не дае. Ды якая ж то праява? Сон няўспомнены ці яў? Ці русалчына забава? Ці лясун пажартаваў? I задумаўся хлапчына: «Сон такі прысніў, знаць, я». Над ім гэтая хвіліна Вее чарамі жыцця. — Э! — махнуў Сымон рукою, Каб ход іншы думкам даць: — Не мне з доляю такою Аб ёй марыць і гадаць! Сеў і з клунка ён вымае Рыбу, хлеб, кладзе на дол; Няхай Шлёма прабачае: Шабасовы [24] гэта стол! Будзе снеданне, бы ў пана, На пахучым мурагу… Што за цуд? з таго дзірвану Хтось азваў: — Сымон! а-гу! Ён ускочыў, азірнуўся, Галавой абвёў вакруг; Бачыць — куст узварухнуўся, I адтуль, бы светлы дух, Тварык мілы выглядае, Здаваленне, смех на ім, Шчасце-радасць маладая Ззяе сонцам веснавым. — Ганна! Родненькая Ганя! Крок наперад ён ступіў, Так здзівіўся! і ў тым стане Рукі смешна апусціў. — Ай, Сымон! які дзіўны ты! — Ганна смехам залілася. Смех, бы зорамі спавіты, I галоўка самавіта З траўкі-зелені ўзнялася, I бліскаюць яе вочкі, Як у жыце васількі; Голас — срэбраны званочак, Шчочкі — макавы лісткі. — Дзе спаткаліся, Сымонка! Як жа ты папаў сюды? А як зыгнуў ад нас гонка — Помніш тую ноч… тады? — Ганна борзда гаварыла, Распытоўвала сябра, Нават трошкі пажурыла, Што іх выракся двара. — Я збірала тут суніцы, Зірк — аж бачу, нехта спіць! Я спужалася, дурніца: Злодзей, думаю, ляжыць! Я ўжо бегчы прэч хацела, Ды дай, думаю, зірну На «разбойніцкае цела». Крок ступаю я нясмела, Голькі ціхенька гарну, Як зірнула ж — і пазнала! I так шкода цябе стала — Не пасмела я будзіць, I гадзіны дзве чакала — «Няхай, думаю, паспіцы». Ці здароў жа? як жывецца? Скуль ідзеш? куды? зачым? Сядзьма тут! — Яна смяецца I садзіцца радам з ім. I так добра стала ў лесе! Ён бярэ яе руку, А зязюлька на суку У жывой зялёнай стрэсе Ім варожыць штось — ку-ку! Ён глядзіць дзяўчынцы ў вочы, Ён маліцца ёй гатоў. Ёй сказаць так многа хоча, Ды не знойдзе толькі слоў — Аж той дрозд з яго рагоча!
Сымон
Ах, Гануська, як я рады! I вось, Ганя, што дзіўно: Мяне гнала штось з прысады I шаптала мне адно: «Ідзі ў лес, у лес зайдзі! Адпачынь там, пасядзі!» I так выйшла ўсё да ладу!
Ганна
Ты ж адкуль ідзеш, Сымонка?
Сымон
Я ў карчме служыў, ды ўцёк. Ох, карчмар мне так дапёк — Ну, хоць кідайся ў палонку!
Ганна
Бедны! бедны! А ты вырас, Ну, зусім дзяцюк другі, I няма тае смугі… А ў вачох той самы выраз — След нязбыўнае тугі… А скажы: ты помніў нас? I мяне ці ўспомніў з раз?
Сымон
Не было тае часіны, Таго вечара і дня, Каб і ты й твая радня Не прыйшлі мне на ўспаміны. Я ляжу адзін, бывала, Ноч зацятая, жуда, I смяртэльная нуда Кіпці выпусціць і джала. Але ўспомню аб табе я — Чымся добранькім павее, Забываецца карчма; Зноў абудзіцца надзея, Што ў жыцці не вечна цьма.
Ганна
Дык ты помніў, што ёсць Ганна Дзесь на хутары ў глушы?
Сымон
Ты была ў маёй душы Заўжды міла і жаданна.
Ганна
Ты, здаецца, за сняданне Думаў сесці? Снедай, дружа! Чаго тут сціскацца дужа? Абы меў на то жаданне! А то хочаш: будзем разам Мы спраўляць маёўку тут?
Сымон
Я скажу, як Шлёма: «гут!»
Ганна
А мой полудзень пад вязам — Баль устроім, як паны! Там з суніцамі збаночак, Сыру смачнага кусочак I грачанікі-бліны. У цяньку старога дрэва Селі, снедаюць яны, I іх сэрцы згоды, спеву, Светлай радасці паўны. Не змаўкае іх гаворка: Расказаў Сымон аб тым, Як жылося яму горка, Хто быў Шлёма і Яхім, Як ён рабіну ліхому Там папомсціўся за здзек, I як пойдзе ён дадому — Ён, з грашамі чалавек! Павандруе ў свет з скрыпуляй, Песні будзе ён складаць, Ён людзей дабром атуліць, Каб палёгку людзям даць. Потым сціх Сымон панура, Смутак злёг яму на твар, — Так змаўкае перад бурай Поля стомлены абшар. Ганна голаву схіліла, Смуткавала і яна, Бы адным крылом акрыла Іх мысль нейкая адна.
Сымон
Што ж мы змоўклі? Эх, Гануся! Як падумаю, што зноў Я адзін павалакуся — Проста ў сэрцы стыне кроў. Я нядаўна быў шчаслівы, Не гадаў я ні аб чым, Не палохаў свет жахлівы, Як бы я не жыў у ім, Бо ў той міг перад сабою Меў цябе, цябе адцу. Сэрца білася табою, Бы сваю знайшло вясну Ў свеце гора і блукання; Ды канец ёсць усяму: Наша скончыцца спатканне, I мой дзень у сум змяркання Зноў апусціцца, бы ў цьму. Мы разойдземся. Дарогі Нашы розна пабягуць: Поміж намі ёсць парогі, I нам іх не абмінуць. Мы, Гануся, — каляіны, Адной скрыпкі дзве струны — Іх аднакі скрозь пуціны, Ды не сходзяцца яны…
Ганна
Кінь, Сымонка, смутак гэты, Ты «не ў родных каранёх», Многа ў свеце ёсць дарог, Дык шукай жа свае мэты, А парогі — Прэч з дарогі! Ты паслухай: хай у полі Роўна колейкі ідуць, Няхай дзве струны, дзве долі Песню ў згоднасці вядуць. Пойдзем вось да нас у госці — Не цурайся нашай хаты. А для мамы і для таты Многа будзе весялосці!
Сымон
Я зайду да вас, Гануся! Я найду к табе дарогу, Я прыйду к твайму парогу — Дом пабачу і вярнуея! Залатыя твае слоўкі — Мая песня ў час вандроўкі, Ты як бы дала мне крылле, Многа радасці дала, I забудзе чарнабылле, Краскі згледзеўшы, пчала.
Ганна
Ну, то хоць на развітанне Паіграй, Сымонка, мне, Каб мінута расставання Нам казала аб вясне. Слухаў ён, мацнеў душою, Свет хацелася абняць, На калені стаць прад ёю, Ёй жыццё сваё аддаць. I чароўна зыкаў хвалі Паліліся, пацяклі, А зязюлька кукавала Ім аб радасцях зямлі.

24

Шабасовы (яўр.) — святочны.

Частка чацвёртая

I

Дрыжыць агонь, як смех крывавы, Дрыжыць агонь у цьме густой, У цьме варожай і пустой, Як адбіццё даўнейшай славы, I зліўся з мрокам дым бялявы Над гэтай плямкай залатой. Дрыжыць агонь, як песня жалю, Дрыжыць агонь у цьме начной Пад адзінокаю сасной, Як плеск апошні рэчнай хвалі. У мроку нікнуць сонна далі, Крычыць сава ў цішы лясной. Дрыжыць агонь, як плач прашчальны, Дрыжыць агонь, забыты тут, Скрозь мрок нямы, скрозь чорны мут, Як звон жалобы пахавальны, Як песні голас развітальны, Як струн дрыгучых ціхі гуд. Гарэў агонь, былі тут людзі, Вянок плялі яму з галін. Цяпер загас ён тут адзін, I цёмна стала на тым грудзе. Ніхто і ведаць-знаць не будзе Яго апошніх тут гадзін. Цянюе мрок, густы, як сіта, На месцы тым, дзе быў агонь, I вецер попел знёс на гонь, Ад лесу дзьмухнуўшы сярдзіта. I ўсё вакол у цьму спавіта: Гарэў агонь — пагас агонь!
Ганна
— Ну, мой мілы! хоць і цяжка, Што ж? бывай здароў! бывай! Чаму я, чаму не пташка: Паляцела б я ў твой край. Ну, хай будзе час прыўдалы Долю добрую спаткаць, Каб лёс гэты заняпалы На лёс светлы памяняць. Я ж у думках сваіх буду Жычыць шчасцейка табе, Каб яно спрыяла ўсюды, Каб верх меў ты ў барацьбе. Выйду я ў садок вішнёвы Ясны месячык спытаць: Дзе Сымонка? як здаровы? Папрашу яго заслаць Мой паклон і прывітанне. Сам на месячык зірні, А ў цяжэнькі час блукання Ты наш дом успамяні. Не забудзь жа нашай хаты I мяне не забывай. Ну… бывай! Будзь шчаслівы, будзь багаты!
Сымон
Так вось і ён, час развітання… Бывай здаровенька!.. Бывай! Бацьком паклон мой перадай… Ды так — да новага спаткання! I помні, Ганначка: ніколі Я не забуду аб табе — Ні ў светлы час, ні ў час нядолі, Ні ў смутку, радасці, журбе! Ты мне будзеш запамогай, Сіл крыніцаю жывых. Я табе злажу дарогай Песню красак веснавых. Між зялёных нівак поля, Дзе калоссем звісла жыта, Бегла сцежачка сукрыта, — Ты глядзеў туды, саколе! Ходзіць ветрык на прыволлі, Носіць шолах мнагадумны, Бае казку лес разумны Аб няясным аб раздоллі. Ты глядзіш туды, саколе, Дзе імкнецца бег пуцінкі. Не відаць ужо дзяўчынкі — Дзесь схавала яе поле. Пахаджае ветрык вольны, Нібы лічыць ён загоны… Няма хустачкі чырвонай! Стаў маркоцен прастор польны. У бязмежным сінім доле Віснуць хмаркі, бы пушынкі, Сном паўднёвым спяць былінкі. А ты смуцішся, саколе… У той час ён, як ніколі, Боль расстання адчуваў, I пустэляй стала лоле, Лес і гай з ім смуткаваў. I пачула сэрца страту, Як не чула ўжо даўно; Ні па матцы, ні па брату Так не смуціцца яно. — Слухай, хлопча: што, каханы, Ты тут робіш? — Зірк Сымон — Госць прад ім неспадзяваны! Спужан хлопец і здзіўлён. Па абліччы — пан, не просты, А з вялікіх, знаць, паноў — I ў адзенні, так і ў росту, Так і ў тоне самых слоў. За плячыма — дубальтоўка, I ладуннік [25] ёй дадан, А шырокі пояс лоўка Аціскае крэпкі стан. Боты спрытны, за калені, Рог — бы чортава рабро. Завяршала ўсё адзенне Тое гордае пяро. Вочы грозны і ўладарны, Вуеы — ворагам на страх, А пры ім з найлепшай псярні Псіна шворыцца ў нагах. — А паведай мне, каханы, Хто тут граў? — пытае пан, Чарнавусы, надзіманы, Шыты золатам жупан. Што сказаць на запытанне? Ну, які тут даць адказ? Вось спатканне, дык спатканне! У бяду ўляціш якраз. Хлопбц топчацца і мнецца, А нарэшце прызнаецца: — Я! — На рамень хлапчука Тая панская рука, Тая белая кладзецца. — Гэта ты граў? ты, каханы? — Хлопцу ў вочы пан зірнуў — Нібы пан той і рахманы, Хоць вачыма нейк бліснуў. — А ты хто ж такі, каханку? — Я — вандроўнік… Ну, жабрак. Я хаджу ад ганка к ганку; Хто дасць хлеба, хто траяк. — Ага, так… Ну, ходзь за мною! — Зрушыў пан, у лес ідзе, А за Ім Сымон ступою. Лес штось ціхенька гудзе. Хлопец мысліць сам з сабою: «Куды ж ён мяне вядзе? Што рабіць са мною будзе?» I глядзіць у лес хлапчук. Пан спыняецца на грудзе, Стрэльбу вешае на сук. Хлопцу страшна і цікава: Што замысліў гэты пан, Гэта доўгая халява, Шыты золатам жупан? Пан узяў рог пакручасты, Пазалочаны, блішчасты, Важна выставіў нагу, Галаву крыху адкінуў Ды расправіў грудзі, спіну I ў ражок той — тру-гу-гу! I пабегла гучна рэха Ад сасонкі да дубка I замерла тонкім смехам, Мяккім покатам клубка. Чуць заціхлі гукі ў лесе, Як ім голасна ў адказ Рог дрыгучы раз-параз Загрымеў у тым навесе, Дзе суччо развесіў вяз. А дзесь збоку, яшчэ далей, Грае гучная труба, Нібы срэбранаю хваляй З гушчару плыве журба. Пераводзіць хлопец вочы То на пана, то ў гушчар, Дзе ражок, труба якоча. Што рабіць з ім пан тут хоча? Ён, відаць, тут гаспадар… Вось праява негадана, Не чакаў такіх навін! Ці не зызнуць лепш ад пана, Покі ён стаіць адзін? Вось джагнуць, разок-два лоўка Ды ў кусты пісаць вузлы! Але ў пана — дубальтоўка Дый сабака, можа, злы. Не, брат, позна: валяць з лесу Два паны і леснікі, Уцякаць тут не з рукі — Няма сэнсу, інтарэсу. Пан прысеў на пень дубовы I чакае тут паноў. Ён падняў на хлопца бровы, Вочы бліснулі нейк зноў. — Проша сядаць тут, панове! — Кажа пан у панскай мове, Як прыйшлі сюды паны. — Я злавіў у той дуброве Штуку добрай дзічыны. — На Сымона, як на дзіва, Пан паказвае паном, А Сымон стаіць маўкліва — Знаць, не трапіць у свой дом… Ой, пан нешта замышляе, Закід робячы дзіўны!.. А мо добры лёс трапляе? Дапамогуць тут паны? Ён гадае так і гэтак Ды глядзіць у гушчарняк, Як ваўчок, як той аблетак, Ды не вырвецца ніяк. — Ану, хлопча, мой каханы, Паіграй, як ты іграў! Хлопец злёгку задрыжаў I ўзяў скрыпку паслухмяна; Струны звонкія наладзіў, Раз-другі смычком правёў I аддаўся ўвесь абладзе, Чарам струнных галасоў. Льюцца гукі ў леснай цішы Срэбраплынным ручайком; Лес замёр, стаіць, не дыша, Не варушачы лістком; Прыпынілі спевы птушкі — Скрыпцы ім не ўзяць у тон; Толькі пчолкі, чмель і мушкі Далучаюць сюды звон. Ён іграў аб тым спатканні, Аб дзяўчынцы яснавокай, Волі вольнай і шырокай, Аб сваім іграў блуканні I аб долі адзінокай; Ён іграў аб родным дому, Аб жыцці сваім бязлетным, Аб імкненні тым сусветным, Што чуваць у буры, грому, I стаялі нерухліва I паны і леснікі; Вусы пан спусціў маўкліва, Іх пакусваў канчукі. — Дасканала, дасканала! Вось дзе талент захаван!.. Але здольнасць, якіх мала! — Адгукнуўся адзін пан; А другі маўчаў здзіўлёна Ды ўсхапіўся сакалом I трактуе ён Сымона Белым срэбраным рублём. А пан першы, пан вусаты, Да музыкі кажа так: — Ну каханы мой хлапак, На жупан ты зменіш латы, I ты болей не жабрак; Ты ж рабі, што загадаюць, — Я бяру цябе ў свой двор! Пан гаворыць, вагу маюць, Чэшуць словы, як тапор. Смутна ў лесе, нібы чары Напусцілі тут паны. Дзе ж лятункі? Дзе вы, мары? Адабралі ўсё яны. Мільгатнуўся вобраз Ганны, Такі родны і жаданы. I чаму ён не йшоў з ёю? А цяпер гадай, бядуй… Хлопца штурхнуў хтось рукою: «Руку, галган, пацалуй!» Шыі выгнуўшы дугою, Дружна коні дол сякуць, Толькі пыл курыць трубою, Насустрэч палі бягуць, Адзінокія курганы, Вёскі, фольваркі, крыжы, Лес, смугою чуць засланы, Сіняй далі рубяжы… Эх, дарога! Як прыемна На арлох тваіх ляцець, Не гадаць-бажаць [26] дарэмна, Думак клопату не мець, А сказаць: «Э, будзь, што будзе!» I не думаць ні аб чым, Толькі чуць, як лёгка грудзі Дышуць полем веснавым, А ў разлогах аксамітаў Дрэвы пышныя ўстаюць I дрыготна хвалі жыта Плыўкадымныя бягуць… Першы раз скрыпач убогі Зведаў гожасць той язды… Эх, дарогі! Эх, дарогі! Вы куды йдзяце? Куды?

25

Ладуннік (польск.) — патранташ.

26

Бажаць (укр.) — жадаць.

II

— Унь і замак, бачыш? вежы! — Пугаўём махнуў хурман. — А вось тут быў лог мядзведжы, Дзікі тут хадзіў кабан, Тут пладзіліся і сарны, Тут вадзіліся зубры… Эх, бары былі, бары! Але й ім прыйшоў час марны, — I ўздыхнуў хурман стары. Можа, ўспомніў век пражыты, Маладыя свае дні, Вечар, мрокам апавіты, Жыцця зніклыя агні. — Гэй вы, конікі малыя! Сакалы мае ўдалыя! Што прысталі? — Лейцы ён падцяў, махнуў… Коні шыі заламалі, Бы агонь іх жахануў, I панеслі! Брычка скача, Мякка бубенцы звіняць… Ці не песня ў іх бядача, Доля горкая чуваць? А Сымон глядзіць на вежы I на гэты замкаў пых… Эх, чужыя гэта межы! Не для іх ён, не для іх! Але трохі і цікава, Хоць нагледзіцца ўсяго, Калі ж кепска будзе справа, Хто ўтрымае там яго? А дзянёк у цішы-разважанні На спакой адыходзіць павольна; Задумленне ляжыць у блісканні, Як той усмех апошні расстання, Як той погляд кахання супольны. I вялікі ж дзянёк у прыгодзе! Надарыў ён Сымонку багата: Эх, дзе раніца тая зачата! Эх, дзе поўдзень прайшоў, яго свята! Эх, дзе вечарам з думкамі ходзіць! А на замку пазалота Грае ў чырвані, гарыць. А галота… Дзе ж галота? Сланяецца каля плота, У гразі яна ляжыць! Мрок ачнуўся, скулься глянуў I пасунуўся рупліва З таго лесу праз паляну Насустрэч якраз туману, Што з нізіны ўстаў маўкліва, Слепавочна, баязліва. Мрок няветлы і зацяты Жмурыць вочы з-пад карэння, Уздымае хіб кудлаты, Па палёх раняе латы I край неба тчэ ў суценне, Каб развесіць свае шаты. Хмаркі, неба, лес, зямліца — Усё сціхла, зорыць чутка: Штось замысліў мрок-сляпіца! З горак сходзіць багравіца, Дзесь галосіць-плача дудка, — Будзе сцішна, будзе жудка, Калі зляжа ноч-чарніца! Замак грозны і варожы, Так пануры яго вежы: I хоць ён здалёк пахожы На царкву, касцёл, «дом божы», Ды з залочанай адзежы Вее чымся злым і рэжа, Коле вочы ў падарожжы. Блеск у вокнах — смех фалыпывы, Ён не вабіць, ён не грэе; Тыя вокны — вочы змея. Пазірае замак скрыва, I ён душыць, гне маўкліва. «Куды ж еду? Дзе ж я? дзе я?» — Хлопец думае тужліва. Вось гара. Прыціхлі коні, Колы рэжуцца ў пясок, А з гары, як на далоні, Разам выплыў гарадок З яго цэрквамі, дамамі Розных постацей, ладоў, З мураванымі сцянамі, З яго купамі садоў, Вязаў пышных, паўнацелых, Ліп разложыста-густых I крыжоў, даўно збуцвелых На магільніках старых. Захад счырвана-ружовы; Дзень пахованы ўжо ім, Бы замёрлі яго словы На крыжы на залатым. I страх нейкі беспрычынны Душу хлопчыка абняў. Бы ён руку самачынна На той горад падымаў. Ці ж яму, палёў дзіцяці, Сыну лесу і дарог, На дарозе панскай стаці, Жыць у замку, гарадох? I ў Сымонкі прад вачыма Ўсталі родныя куты, Хата бацькава, радзіма, Грушы дзікія, платы… I якая гэта доля — Ласкі мацеры не знаць, Казкі, песні свайго поля На чужыя памяняць?! Дык не век быць пад прыгонам: Ён на свой лад зажыве — Думкі ёсць у галаве — Не жартуйце ж вы з Сымонам! А тым часам коні гулка Б’юць па бруку капытом. Вось масточак і рачулка З сітняком і чаратом. Ідуць домікі радамі З аканіцамі, садамі, Каля вокан геаргіні, Ружы кусцікі і мак I гарошак бледна-сіні Між тых красак, бы прымак. А там, далей, камяніцы, Рынак, крамы, пустыры, Манастыр, касцёл, капліца I муры, муры, муры… Ад касцёла іх дарога Убок крута павярнула, На падмурку мільгатнула Постаць нейкага святога У сутане, рукі ўздзеты, Вочы ўзведзены кудысь, Бы за грэшны замак гэты Шле малітвы ён увысь. Перад імі, як талерка, Ціха кругліцца, блішчыць, Ззяе возера-люстэрка, А над возерам стаіць Замак грозны, замак хмуры; Валы, бойніцы відаць, Непрытульна і панура Сцены гэтыя глядзяць. Замак меў адну дарогу — Вузкі насып між вады. «Тут не выйдзеш, як з астрогу… Эх, куды папаў! Куды!» — Так Сымонка сам з сабою, К замку едучы, гадаў. Нейкім страхам і жудою Гэты замак патыхаў. Вось і ўезд у двор замковы — У мурох нібы нара; Гучна стукаюць падковы, Бы дае тут знаць гара, Што сюды хтось уязджае — Госць няпрошаны, чужы. Вось збяжыцца стража злая! Калі вораг ты — дрыжы! Але зараз ціха стала, Грук замёр ад капытоў. А ноч косы расплятае, Мрок вылазіць з-за кустоў I на ліпы воўну сцеле, Іх мяняючы абрыс, — Нібы з прасніцы кудзеля, Голькі спушчаны наніз. Ціха ў замку і нялюдна, Бы ён вымер, бы пусты, Сном заснуўшы неабудна, Як той волат закляты. Ды дарожкі ўсе ў парадку I праведзены пад шнур, Гожы клумбачкі і градкі Розных выглядаў-фігур, I такі йдзе дух пахучы, Чуць-чуць ветрык патыхне. А там дзесь у старане То патухне, то мільгне Нейкі блеск, агонь бягучы… Дзіўна ўсё пад гэтым мрокам!.. Без канца вялікі двор — Не акінуць яго вокам, Шырыня, разгон, прастор! Брычка двойчы павярнула, Тры ўжо мосцікі мінула I спынілася — канец! — Ну, пабудзь жа тут, хлапец! Я на момант невялічкі У кантору забягу — Яна там унь, на рагу — Ліст аддам’. — Хурман злез з брычкі, Ідзе, ногі распраўляе, Бо дарога ж не малая. Хлопцу ж сцішна з непрывычкі, Знік хурман у сутуненні, I заціхлі яго крокі, А Сымонка, адзінокі, Ловіць зыкі ў натужэнні, Ды ўсё ціха. Дзесь блізютка Прамільгнуў кажан вушасты, У кустох лісток зашастаў, Нешта піскнула ціхутка, Тыя ж дрэвы, нібы зданні, Пазіраюць грозна-строга, Бы цікуюць на малога У маўклівым разважанні. Тут знаёмы толькі зоры I прыветны з ім, лагодны; Той жа вобраз мілы, родны, Той жа блеск іх у прасторы… Ша, ідуць! Замёр хлапчына: Глуха тухкае хурман, А за ім ідзе мужчына, Незнаёмы нейкі пан. — Ну, — сказаў хурман, — злазь, сынку! Тут табе і хлеб і дом. Дык служы ж цяпер паном! Што ж? у добрую часінку! I спытаўся пан замковы: — Гэта ён музыка й ёсць? — Ён, ён самы, ягамосць [27] ; Ну, сынок, бывай здаровы! Злез Сымонка і са скрыпкай За «ягомасцем» ідзе. Пан-ягомасць паліць піпку, Сам сабе пад нос гудзе; А калёсы мерным стукам, Коні гучным капытом Адклікаюцца адгукам, Як апошнім тым звяном, Што злучала хлопца з полем I з прасторамі лугоў… Зашчымела сэрца болем: Зноў чыясь чужая воля, Ўлада новых абцугоў! Колькі крокаў шлі маўкліва, Потым пан пачаў пытаць З насмяханнем і жартліва, Дзе вучыўся хлопец граць, Як натрапіў ён на князя, Як дабіўся ласкі там (Ды яму ва ўсякім разе Трэба помніць, што ён — хам). I з сабою пан мармоча: «Ну, пабачым, што за жог, Як ён заўтра засвяргоча I капусту і гарох». Хлопец толькі гляне скосу. Ой, відаць, нягодны, гад! Хоць цяпер бяжы назад, Але сціхнуў шум калёсаў. Ён адзін тут з гэтым панам. I куды ён завядзе? Лепш памерці пад парканам, Чым служыць такой брыдзе. Але йдзе за ім пакорна, Штось заныла на душы. Як і ночка, думкі чорны, Толькі зорачкі ў вышы Над панурым замкам ззяюць, Блеск іх ветла так дрыжыць; Зоркі хлопцу спагадаюць. Ну, што ж? трэба тут пажыць. Вось і домік мураваны Выплыў раптам з~за раслін. — Ну, Шапен ты калашманы, Ты тут будзеш не адзін: Там пры кухні жывуць «людзі», Як і ты, усе яны; Там прыпынак табе будзе. Заўтра знімем лахманы. Там і ложак ёсць свабодны, Раздзявайся, спі ўсю ноч; Калі ж часам ты галодны, Дык на кухню сам заскоч. Адчыніў Сымонка дзверы I адразу крок спыніў: Такой чыстае кватэры Ён не бачыў і не сніў. Ну, зусім пакой! прасторны, Светлы, чыста пабялян, Ніжай столі пасак чорны, Мусіць, пальцам правёў пан! На адной сцяне рысункі — Хтось наклеіў іх з газет — Роўна цягнуцца, як стрункі, То — не рабінаў партрэт, — Не пакой таго зладзюгі! Воч не зводзіць ён з сцяны: Калі так жывуць тут слугі, То ўжо як жывуць паны?!

27

Ягамосць — ваша міласць.

III

Абудзіўся хлопец рана. Ён не спіць ужо даўно; Промень сонца з-за каштана Зазірнуў яму ў акно. Сонца ўсюды ходзіць з ласкай, Сонца свеціць роўна ўсім; Сонца — радасць, сонца — казка, Што зганяе з сэрца дым. У Сымонкі думак многа, Не запішаш нават іх, У іх ёсць свая дарога, Сцежак тысяча крывых! Перадумаў ён нямала, Многа ўспомніў тут чаго, I пытанне вось займала: Што патрэбуюць з яго? Тут усе яму чужыя, I ён тут усім чужы, Толькі кухар таўсташыі З ім бы трошкі падружыў, Хоць прамовіў хлопцу слова, Хай сабе на свой фасон. Тут усё для хлопца нова, Як бы сніць ён нейкі сон. А мо гэта і ёсць зданне, I ўсё знікне, як туман? Аж тут зараз па сняданні Заклікае хлопца пан Учарашні, пан Галыга, Ды куслівы ж ён, псялыга! — Ну! музыка саматужны, Пакажыся, што за «грач» [28] . Жарты, смех пранёсся дружны. — Стасю, Вітак, Ян! пабач, Што за сурдут адмысловы Або майткі!.. Як се маш, Пан вяльможны, краль замковы! Нашу просьбу, пан, заўваж! — Так сустрэлі там Сымона Хлапчукі і гэты пан, Бы прыбілася варона Ў лебядзіны панскі стан. I які з яго музыка? Што за «фацата» [29] знайшлі? I ці можа быць вяліка Вартасць з гэтакага лыка, Сына торбы і зямлі? Ды Сымон не паддаецца, Скрыпку ён сваю бярэ, — Струнны звон чароўна льецца, То дужае ён, то мрэ. Адгукнуліся пакоі, Падхапілі гожы зык; Спалі жартаў тых настроі, Прыкусілі ўсе язык. А Сымон іграе-творыць, Ён забыўся, ён не тут, З ім цяпер той лес гаворыць, А там вочкі чыесь зораць, Разліваюць нейкі цуд I вяселяць струнны гуд, Адчыняюць ім прасторы. То не музыка — натхненне, Сэрца жар, агонь душы, Златаіскрае імкненне, Песня зорнае вышы. Пан Галыга збіты з тропу, I не верыць ён вушам, Ён вачэй не зводзіць з «хлопа», Чарам тым паддаўся сам. — Гм! цікава!.. Ну, здзіўленне! Але тэхнікі ёсць брак… Гм! праўдзівы ты мастак! — Пан сказаў у заключэнне. Ён музыкам быў у замку, Капельмейстра меў пасад. — Ты, відаць, хлапчына цямкі, А цяпер такі загад: Я зайграю на раялі, А ты ўтор мне падбяры. Вочкі ў хлопца забліскалі, Слухаў ён хвілінкі тры, Потым зразу ў тон цаляе, Падбірае гэты ўтор, Тахт ні разу не губляе, — Смеласць чуецца, прастор. — Маладзец! — сказаў Галыга. — А ты граматны ці не? — Дзе ж было вучыцца мне? Абмінула мяне кніга! — Хлопец кажа ў засмучэнні… — А што гэта вось, панок? — Гэта? нотавы станок… Але, хлопча, без вучэння Пуста будзе тлумачэнне. Гэта ёсць такое поле, Дзе арэ, але не плуг, Дзе скародзяць, ды не ролі, Дзе сявец, ды не пастух, I ён сее не насенне: Тут пакінуў след натхнення Іншы сейбіт — творчы дух. А збірае гэта жніва, — Зазначае пан пыхліва, — Той, хто ведае навукі. Слухай вось, глядзі, малы! — На раяль кладзе пан рукі, I марш грымнуў удалы. Льюцца гукі гучна, бурна, Віхрам кружацца-плывуць, Выкрунтасіста-бравурна, Аж паветра тое рвуць. — Чуў, што ў знаках тых замкнёна? Бач, як ноты ажылі! А Сымон глядзіць здзіўлёна I не чуе той зямлі. Вось дзівота, дык дзівота! У пыл зражаны Сымон; То на пана, то на ноты Пераводзіць вочы ён. Ну, ці ж гэта не здзіўленне? Гукі робяць там сляды! А той пан у здаваленні Вус пакручвае руды. — Ну, што скажаш? — Ой, паночку! Я хацеў бы ведаць ноты… Пашкадуй мае цямноты. Навучы, скінь з мяне ночку, Каб і я мог чытаць кнігі I па нотах граць, як пан! — Хлопец гне прад ім свой стан, Не шкадуе той фатыгі [30] . Пан Галыга ўставіў вочы, Нібы крануты быў ён. — Гм, вучыцца ты ахвочы! — Сам цяпер ён быў здзіўлён… — Ну, ты вольны… там пабачым… Ідзі ў сад сабе гуляй, Але, хлопча, памятай, — Помні ты свой лёс жабрачы! Выйшаў хлопец на дзядзінец. Ясны дзень… Багацце, пых, А ён тут адзін, чужынец, Ён адзін сярод чужых. А ў душы бы вір віруе, Новы свет устаў прад ім; Ён так горне, так чаруе Новым выглядам сваім. Уваччу ўсё тыя ноты, Кропкі, хвосцікі, кручкі… Ох, як многа ў ім ахвоты Расчытаць тыя значкі! Як жа выканаць жаданне? Як заслону тую зняць, Што хавае свет пазнання, Як заклятая пячаць? А тут што ні крок, то дзіва, Нібы баечны то кут! Хлопец стаў, глядзіць маўкліва — Хараство, багацце, цуд! А той замак — ух, махіна! Мур адзін наводзіць страх, I няветла яго міна; Перад ім ты — муха, прах! Страшны замак, цяжкі, грозны, Пара вежаў, як адна, А навокал роў глыбозны, I не згледзіш яго дна. Колькі ж трэба было працы, Каб тут вырасла гара? Хто дбаў князю на палацы? Хто назнёс яму дабра? Хто выводзіў тыя вежы? Хто той замак будаваў? Златаблескія адзежы Хто для сцен яго саткаў? Чые рукі з мазалямі Тут зняслі свае дары? Потам, кроўю і слязамі Сцамантованы муры! Колькі роскашы — страхоцце! А нашто яна? Каму? На сваё зірнуў лахмоцце, — Чаму стала так? Чаму? I гарчэча-адчуванне У ім кідае свой мут, I ўстае ў душы пытанне: «А дзе ж тая праўда тут?» Ім — усё, а нам — нічога, Адным жыць да панаваць, А другім — адна дарога: Сваё жыцце марнаваць!.. Не, не добра тут, журботна I нейк воража-маркотна. Ён ад замка ідзе ўлева. Парк. У парку весялей, I прыветней, і святлей; Там гуторыць з дрэвам дрэва, Між іх чуешся смялей. А дарожак тых як многа! I раўнюсенькі ж яны! Слаўна тут, няма нікога, Толькі спеў чуваць дзіўны. Ён прыслухаўся — гудзенне, Мяккі звон і роўны шум, Сугалоснае злучэнне Невыразных песень-дум. Ён успомніў ноты, пана I мелодыі ў знаках, Ці не тут пясняр нязнаны Ноты склаў у тых лістках? Ён паслухаў: у гайданні Гэтых голек спеў чуваць… Зноў гарыць у ім жаданне Мудрасць кніжную пазнаць. О, які б ён быў шчаслівы, Каб меў мудрасці той ніць! Ён пайшоў бы ў свет маўклівы Людзям вочы адчыніць… Слаўна ў парку! А там, далей, Лесу кудзерка відна. Збоку хвоя — краля-краляй, Так купчаста-зеляна! Прыпыніўся пад той хвояй, Лес успомніўся другі, Лес далёкі, дарагі. У тым лесе — яны двое. Была рада так Ганулька! Дрозд спяваў на ўсе лады, Кукавала штось зязюлька, Мо лічыла ім гады. Ды якія? хто згадае? Варажыла, ды пра што? Эх, вясна ты маладая! Хто не ведаў цябе, хто? Заглядала ціш лясная На льняныя дзве касы… Толькі ён да сонца знае Гэтых спеваў галасы. I знайсці ён хоча слова, Многа слоў, і слоў жывых, Каб тых гукаў сэнс і мова Ясна выліліся ў іх. Бліснуць у бяздонні вячэрнія зоры, Зямлю чуць авее таемная ціша, — Імя тваё ў сэрцы мне думка напіша, Імя тваё скажуць мне тыя прасторы, Дзе срэбраны серп пазірае са ўзвышша, I вочы твае мне паказваюць зоры. Калі ясным ранкам адвечнае сонца Запаліць у росах мільёны вясёлак, — Я чую твой голас у шолаху зёлак, Я чую твой голас у спевах бясконцых Травы прыбярэжнай, дзе мыецца золак, I усмех твой ясны адсвечвае сонцам. I поўдзень, і вёчар, і ззянне дзянніцы, Прасторы надзем’я, ружовыя далі, — У моманце кожным сустрэчанай хвалі Пакінуў мне вобраз твой след бліскавіцы; З табою я ў шчасці, з табою і ў жалі, Ты ўсюды мне ззяеш блісканнем дзянніцы. Ты — мая радасць, маё летуценне, Ты — песня натхнення, Ты — зорак блісканне, Ты — голас світання, Ты — краскавых струн дрыгаценне; Ты — водгук сэрца, душы парыванне, Ты — выплыванне Вясёлкі агністай, Ты — блеск прамяністы, Ты — сонцавых косак блуканне… Быў у замку дзед Даніла, Родам дзесь з-пад Мазыра. Ласка князя прыхіліла Дзеда тут паміж двара. Бацька князя маладога На Палессе наязджаў; Вепраў біў, ласёў біў многа I мядзведзяў паляваў. Але раз быў зроблен воступ, Пушча-цемра ў зімні час Чула рог і людскі поступ За ўсё жыцце першы раз. I пакрыўдзілася пушча: Хто ступіць смеў у яе? I знак грозны невідушча Верным служкам падае. Устае мядзведзь, вылазіць I, угнуўшы галаву, Садзіць просценька на князя — Разарву, моў, разарву! I, як бура, націскае. Князь злажыўся і — бах-бах! Звер на лапы прысядае, Зубы выскаліў і — шах! Хто быў блізка — прэч з дарогі! Князю некуды ўцякаць, «Аман», — думае нябога, Стрэльбу некаму падаць. А мядзведзь вось-вось аблапіць, На два крокі ўжо падбег, Падабраць ён князя квапіць, Ды ў той момант — шусь у снег! — Кінь ты, княжа, сваю жынку, Каб не смела пудлаваць! Вось дзе стрэльба! — Паядынку Стаў Даніла выхваляць. — Хай звязаў я лыкам рулю, Але пудла не дала, I глядзі, якую дулю У чмыс зверу паднясла! Князь Данілу абнімае. — Ты жыццё мне дараваў! Як аддзякаваць, не знае. — Што табе даць? — запытаў. Паляшук-ляснік абцёрся, Выняў люльку з капшуком, Крок назад ступіў, прыпёрся Ён да хвоі плечуком. — Памяняйма, князь, на люлькі, — Кажа проста паляшук. — А ў прыдачу да крывулькі Я табе, князь, дам капшук. Засмяяўся князь, вымае Сваю люльку, аддае, А Даніла разглядае, Рады, цешыцца з яе. З таго часу ўжо ніколі Князь яго не забываў, I пасаду, лес і поле, Ён яму падараваў. Прыязджае князь, бывала, На Палессе паляваць, — Па Данілу пасылалі Князя ў лесе праваджаць. I ніхто так, як Даніла, Не знаў пушчы той, лясоў. Гадавала і ўскарміла I Данілу, бы звяроў, Шыр балотаў несканчоных, Пушчаў дзікіх гушчары, I ў яе таемных лонах Чуўся панам у двары. Потым князь забраў Данілу, Прыпісаў яго ў свой двор, Хоць яму і болып быў мілы Бор палескі, родны бор. Дзед Даніла парк вартуе, Службу верна ён нясе, Ўсё агледзіць і прачуе, Ўсе куты ператрасе. Тая ж вопратка мужыча — Світка рудая і брыль. Дзед Даніла ціха смыча, Сам з сабою штось мармыча, — Мо Палесся казка-быль Дзеду думкі ўзварушыла, Пушча ў памяці ўсплыла, I душа па ёй тужыла, — Паляцела б, каб магла. Дзед пад хвояй штось зважае, Павярнуў, ідзе туды. — А ты хто такі? — пытае. — Баравік ты малады? — Я — замковы, дзедка, божы, Ці не можна тут пабыць? Тут так добра, гэтак гожа, Лес — што з небам гаманіць. Усміхнуўся дзед Даніла. — Любіш, хлопча, лес?.. Эге ж, Хараство ў лясочку, сіла… А ты тут даўно жывеш?

28

Грач — тут у сэнсе: музыка.

29

Фацат (фацэт) — весялун, забаўны чалавек.

30

Фатыга — клопаты, турботы.

123
Поделиться:
Популярные книги

Тайны затерянных звезд. Том 1

Лекс Эл
1. Тайны затерянных звезд
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Тайны затерянных звезд. Том 1

Кровь эльфов

Сапковский Анджей
3. Ведьмак
Фантастика:
фэнтези
9.23
рейтинг книги
Кровь эльфов

Барон нарушает правила

Ренгач Евгений
3. Закон сильного
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Барон нарушает правила

Я – Стрела. Трилогия

Суббота Светлана
Я - Стрела
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
эро литература
6.82
рейтинг книги
Я – Стрела. Трилогия

Штуцер и тесак

Дроздов Анатолий Федорович
1. Штуцер и тесак
Фантастика:
боевая фантастика
альтернативная история
8.78
рейтинг книги
Штуцер и тесак

Сын Петра. Том 1. Бесенок

Ланцов Михаил Алексеевич
1. Сын Петра
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
6.80
рейтинг книги
Сын Петра. Том 1. Бесенок

Имперский Курьер

Бо Вова
1. Запечатанный мир
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Имперский Курьер

Вечный. Книга I

Рокотов Алексей
1. Вечный
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Вечный. Книга I

Его маленькая большая женщина

Резник Юлия
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
8.78
рейтинг книги
Его маленькая большая женщина

Корсар

Русич Антон
Вселенная EVE Online
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
6.29
рейтинг книги
Корсар

Зауряд-врач

Дроздов Анатолий Федорович
1. Зауряд-врач
Фантастика:
альтернативная история
8.64
рейтинг книги
Зауряд-врач

Генерал Империи

Ланцов Михаил Алексеевич
4. Безумный Макс
Фантастика:
альтернативная история
5.62
рейтинг книги
Генерал Империи

Мерзавец

Шагаева Наталья
3. Братья Майоровы
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
короткие любовные романы
5.00
рейтинг книги
Мерзавец

На границе империй. Том 7

INDIGO
7. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
попаданцы
6.75
рейтинг книги
На границе империй. Том 7