Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)
Шрифт:
Фрыдрых Нiцшэ
Так сказаў Заратустра
Пераклаў Васiль Сёмуха
Кнiга ўсiм i нiкому
ПЕРШАЯ ЧАСТКА
ЗАРАТУСТРАВА ПРАДМОВА
1
Калi Заратустру споўнiлася трыццаць гадоў, пакiнуў ён радзiму i роднае возера i падаўся ў горы. Там ён шчасцiўся з духу свайго i адлюдненасцi i не стамляўся ад гэтага цэлых дзесяць гадоў. Але нарэшце перамянiлася ягонае сэрца, - i аднаго разу ранiцай, прачнуўшыся на золку, ён устаў перад сонцам i так сказаў да яго:
"О вялiкае свяцiла! У чым было б тваё шчасце, калi б не было ў цябе тых,
Дзесяць гадоў ты ўзыходзiла над маёй пячорай: ты стамiлася б ад свайго святла i руху, каб не я, каб не мой арол i не мая змяя.
Але кожнае ранiцы мы чакалi цябе, прымалi шчодрасць тваю i мiлаславiлi цябе за гэта.
Глянь! Я ўжо стомлены сваёю мудрасцю, як пчала занадта вялiкiм узяткам; i вось - мне патрэбныя рукi, каб разамкнулiся да мяне.
Я хачу дарыць i надзяляць, пакуль сама разумныя людзi зноў не нацешацца са сваёй дурасцi, а бедныя - з багацця.
Каб так сталася, я мушу сысцi ўнiз, як ты, калi кожнага вечара апускаешся ў бездань марскую, несучы сваё святло свету нiжняму, ты, сама багатае свяцiла!
Як ты, павiнен i я зайсцi - так гэта называюць людзi, да якiх я хачу спусцiцца.
Дык жа ўмiлаславi мяне, о спакойнае вока, якое непажадна ўмее глядзець на сама вялiкае шчасце!
Умiлаславi келiх, якi хоча пралiцца, каб каштоўная вiльгаць струменiлася з яго, разносячы паўсюль водблiск тваёй асалоды!
Глянь! Гэты келiх хоча зноў апаражнiцца, а Заратустра хоча зноў учалавечыцца".
Так пачаўся Заратустраў захад.
2
Заратустра спусцiўся з гары, не сустрэўшы нiкога на дарозе. А калi ён заглыбiўся ў лес, перад iм нечакана паўстаў старац, якi пакiнуў свяшчэнны будан, каб пашукаць у лесе карэння. I сказаў старац да Заратустры такiя словы:
"Не чужы мне гэты вандроўнiк: некалькi гадоў таму назад ён праходзiў тут. Яго iмя - Заратустра; але ён перамянiўся.
Тады ты нёс свой попел у горы: няўжо сёння ты хочаш несцi агонь у далiны? Няўжо не баiшся кары, якая бывае падпальшчыку?
Так, Заратустра, я пазнаю. Чыстыя вочы ў яго, i на вуснах нiякай агiды. Цi не таму ён iдзе, як танцуе?
Заратустра перамянiўся, Заратустра здзяцiнеў, Заратустра - той, хто прачнуўся: чаго ж ты хочаш ад тых, якiя спяць?
Як у моры, жыў ты ў самотнасцi, i мора насiла цябе. Шкада! Табе зноў хочацца выйсцi на бераг? Шкада, табе хочацца зноў самому цягаць сваё цела?"
Адказаў Заратустра: "Я люблю людзей".
"А чаму, - сказаў святы, - пайшоў я ў лес i ў пустэльню? Цi не таму, што занадта любiў людзей?
Цяпер я люблю Бога: людзей я не люблю. Чалавек, я лiчу, дужа недасканалая штука. Любоў да людзей забiла б мяне".
Заратустра адказаў: "Што я казаў пра любоў! Я нясу людзям дарунак!"
"Не давай iм нiчога, - сказаў святы, - лепей вазьмi ў iх частку i нясi разам з iмi - гэтым найлепш iм спасобiш, калi толькi дагодзiш сабе!
I калi хочаш даць iм, дай хiба што мiласцiну, ды яшчэ зрабi так, каб папрасiлi яе!"
"Не, - адказаў Заратустра, - я не падаю. Не такi я бедны, каб даваць".
Святы пасмяяўся з Заратустры i сказаў: "Дык парупся, каб яны прынялi твае скарбы! Не давяраюць яны адлюднiкам i не вераць, што мы прыходзiм да iх дарыць.
Нашыя крокi гучаць iм на вулiцах надта самотна. I калi ўначы, лежачы ў ложках, задоўга да золку пачуюць яны, што iдзе чалавек, дык, мусiць, пытаюцца самыя ў сябе: "Куды гэтаму злодзею закарцела?"
Дык не iдзi да людзей, заставайся ў лесе! Лепш iдзi да звяроў! Чаму ты, як я, не хочаш быць мядзведзем сярод мядзведзяў, птушкай сярод птушак?"
"А што рабiць святому ў лесе?" - спытаўся Заратустра.
Святы адказаў: "Я складаю песнi i спяваю iх; калi складаю - смяюся, плачу i спяваю: так я слаўлю Бога.
Спевамi, плачам i смехам я слаўлю Бога, майго Бога. А якi ты нясеш дарунак?"
Пачуўшы гэтыя словы, Заратустра пакланiўся святому i сказаў: "Што я мог бы вам даць! Лепей дазвольце мне хутчэй сысцi адгэтуль, каб я нiчога не ўзяў у вас!" I так яны развiталiся, старац i мужчына, уподсмех, як дзецi малыя.
А калi Заратустра застаўся адзiн, ён сказаў свайму сэрцу: "Цi магчыма такое? Гэты святы старац у лесе яшчэ не чуў, што Бог памёр!"
3
Калi Заратустра прыйшоў у блiжэйшы горад за лесам, ён убачыў натоўп, людовiшча на рыначным пляцы, бо было абяцана - пабачыце танцора на вяроўцы. I Заратустра сказаў люду такiя словы:
"Я дам вам навуку пра Звышчалавека. Чалавек - гэта нешта, што трэба адолець. Што зрабiлi вы, каб адолець яго?
Да сённяга ўсе iстоты стваралi нешта вышэйшае за самiх сябе; а вы хочаце зрабiцца адлiвам гэтай вялiкай хвалi i лепш вярнуцца да звяроў, чым адолець чалавека?
Што такое ў чалавеку малпа? Пасмешышча альбо пакутлiвы сорам. I тое самае павiнен быць чалавек у Звышчалавеку - пасмешышча альбо пакутлiвы сорам.
Вы прайшлi шлях ад чарвяка да чалавека, але шмат чаго ў вас яшчэ - ад чарвяка. Калiсьцi вы былi малпы, i нават цяпер у чалавеку больш малпы, больш чым нават у каторай малпы.
Нават сама мудры спамiж вас - гэта нейкая двухсэнсiца i двухполасць, нешта памiж раслiнаю i прывiдам. Але ж хiба я загадваю вам стаць прывiдам альбо раслiнаю?
Бачыце, я вучу вас пра Звышчалавека!
Звышчалавек - гэта сэнс зямлi. Няхай жа i воля вашая скажа: хай Звышчалавек будзе сэнсам зямлi!
Заклiнаю вас, братове мае, заставайцеся верныя зямлi i не верце таму, хто скажа вам пра надзямныя надзеi! Яны - атрутнiкi; няважна, цi ведаюць яны самi пра гэта.
Яны пагарджаюць жыццём; гэта тыя, што мруць i трацяць самыя сябе, ад якiх стамiлася зямля: хай яны прападуць!
Раней сама вялiкае блюзнерства было - зневажанне Бога, але Бог памёр, i блюзнерствы памерлi з iм разам. А сёння сама жудаснае злачынства - зневажаць зямлю i ўшаноўваць неспасцiгальнае вышэй за сэнс зямлi!
Калiсьцi душа з пагардай глядзела на цела; i тады чымсьцi найвышэйшым лiчылася гэтая пагарда. Душа прагнула бачыць зблажэлае цела, агiднае i галоднае, - так спадзявалася яна выбавiцца ад яго i ад зямлi.