Трэцяя ракета
Шрифт:
— Ну, ерунда! Яны і ўтрох справяцца, — кажа ён. — Што таўчыся ўсім…
Вядома, Задарожны пэцкацца не будзе. Ён сядае ў самы кут акопа і пачынае свой любімы занятак — ссоўваць ніжэй на костачкі каляныя кірзавыя халявы сваіх новых ботаў. Гэта — дзеля таго фарсістага спрыту, які нябачна адзначае ўсю ладную Лёшкаву постаць — і яго кароценькую, з падрэзаным падолам гімнасцёрку, і шырачэзныя суконныя галіфэ колеру хакі, і ліха ссунутую на самае вуха пілотку — і поўніць бесклапотна-гарэзным выразам увесь яго зухаваты брывасты твар. Жаўтых, відаць, хоча нешта прыкрыкнуць на Лёшку, але толькі бурчыць сам сабе, яўна любуючыся нахабнаватаю прыгажосцю гэтага хлопца.
— Футбаліст!.. Гультаіна!.. Глядзі мне!
Я прымошчваюся на прыступкі, дзе сядзеў Лёшка, і асцярожна вытыркаю з-за бруствера востры
Мы стаім тут, на травяністым палетку з параскіданымі сям-там кучамі высахлай леташняй кукурузы. Адна такая куча, крыху большая за іншыя, хавае і нашу гарматку, да якой з аднаго боку прымыкае гэты кароценькі, крокаў на пяць, акоп-ровік.
Старшы сяржант, напэўна, ужо не злуецца. Згарнуўшы цыгарку памерам ледзь не з буйнакаліберную кулямётную гільзу, ён сядзіць на дне, курыць, і клубы шызага духмянага дыму напаўняюць акоп. Гэта нам тут даюць такі тытунь з трафейных румынскіх прыпасаў, — Жаўтых калі ўвечары прынясе кілаграмовую нізку вялікага зжоўклага лісця, і мы тыдзень курым яго ўсім разлікам. Вядома, каб накурыцца такому курцу, як наш камандзір, трэба згортваць цыгарку памерам ледзь не з гаўбічны ствол.
— Слухай, Лук'янаў, — кажа праз дым Жаўтых, — ты не палікмахерам да вайны быў?
— Не, — сур'ёзна адказвае Лук'янаў і ўзнімае на камандзіра вочы. — Я на архітэктара вучыўся, толькі… вайна.
— А-а… А я думаў, палікмахер. Ужо дужа далікатна ты анучку трымаеш, — кажа Жаўтых і раптам загадвае: — А ну, тры мацней! Не разарвецца, не бойся!
Лук'янаў відавочна бянтэжыцца, зацінаецца ў сабе, пачынае церці хутчэй, але слізкі снарад вышчоўквае з рук і падае ў пясок.
— Ну от, гарота! — махае рукой Жаўтых. — Ідзі сюды, другую работу дам.
Салдат змрочна выцірае ад пяску снарад, пасля — аб падол гімнасцёркі рукі, а Жаўтых дастае з свае кірзавае сумкі пацёртую, пакамечаную картку ПТА.
— Ты гэта вось… намалюй як трэба. А то прыходзяць — чапляюцца, чаму няма? Хаця б не было каму, а то поўны разлік грамацеяў: архітэктар, футбаліст ды настаўнік, — не забываецца ён намякнуць і на маю колішнюю вучобу ў настаўніцкім тэхнікуме. Я, аднак, змоўчваю.
Лук'янаў прыкметна весялее, новая работа яму, вядома, больш па характары. Падкурчыўшы пад сябе ногі, ён прысланяецца спінай да акопнай сцяны і пачынае чарціць схему нашых арыенціраў і агню. Жаўтых сядзіць насупраць і пільна, з затоенай цікавасцю назірае за кожным рухам ягонага алоўка.
— Во тут, бачу, ты майстар. І куст якраз такі, двайны, як спарыш… І танк — як «тыгр», далібог. Добра.
Я таксама пазіраю на невялічкі аркуш паперы, адарваны ад бланка «баявога лістка» — нічога асаблівага, звычайны чарцёж. Жаўтыху, вядома, не па сіле такія малюнкі, бо хоць ён і камандуе разлікам, аднак, здаецца, мае самую нізкую ад усіх нас адукацыю — два ці тры класы. Праўда, ніхто пэўна таго не ведае, але ва ўсякім разе ніхто ў нас ніколі не бачыў, каб Жаўтых што пісаў ці чытаў услых. Усякае пісьмовае афармленне, што трэба разліку (імянны спіс, картка ПТА, справаздачы на снарады), ён даручае Лук'янаву, Папову або мне, кажучы пры тым, што ў яго няма часу, а сам заўжды сядзіць побач і курыць. Лук'янаў, вядома, самы пісьменны тут і, напэўна, самы разумны — не бяда, што ён так няўмела-асцярожна ўпраўляўся са снарадамі. У нас ён прызнаны аўтарытэт наконт розных навук, і нават Задарожны,
Куды лепш ведаем Лёшку Задарожнага, ён хітрэц і лежабока — вунь і цяпер снарадаў так і не чысціць, а ўсё аходжвае, камечыць свае боты. Але Задарожны вельмі дужы хлопец, а гэта ў нашай артылерыйскай справе — немалаважная якасць. Праўда, ён мае прывычку часам злоўжываць сваёю сілай, памучыць каго, жартуючы, і тут перападае таму ж слабаку Лук'янаву і калі-нікалі Крывёнку. Адзіны, да каго ён адносіцца з нейкай павагай (пасля камандзіра, вядома), — гэта якут Папоў. Але Папоў асаблівы ў нас чалавек, і пра яго трэба сказаць асобна.
Асаблівы ён ужо хоць бы таму, што наводчык. Усе нашы розныя няўдачы адбываліся па розных прычынах, але ўсе нашы поспехі — падбітыя ў красавіцкіх баях два танкі, спалены аўтамабіль, расстраляныя два кулямёты — справа спрытных рук і зоркіх вачэй Папова. Вочы ў яго сапраўды вельмі відушчыя, такія маленькія, трошкі нават занадта вузенькія і скошаныя, як у мангола, але другіх такіх вачэй у нашай батарэі няма. Гэткія ж асаблівыя і яго рукі — спрытныя і даўгапалыя, нібы ў музыканта. Гэтымі рукамі ён увесь час майструе што-небудзь — то футарал для прыцэла, то наразае ўзор на дзюралевым партсігары, то са снараднае гільзы выпілоўвае камсастаўскую спражку з зоркай. І ўсё ў яго выходзіць такое ладнае, адмысловае, што не розніцца бадай з фабрычным. Яшчэ ён дужа ўжо рупны, клапатлівы і старанны, асабліва калі давядзецца часова застацца за камандзіра гарматы. Тады ўжо ён замуштруе і нас і сябе, і мы ў такі час трошкі наракаем на яго. Я зайздрошчу яго ўмельству, яго вытрымцы і тайна сам сабе мару стаць калі-небудзь гэткім наводчыкам, як ён. Жаўтых заўжды беражэ яго ад працы, ад сцюжы, ад стомы — калі трэба зрабіць што цяжкае, куды збегаць ці пастаяць лішнюю гадзіну на варце, — камандзір ніколі не назначыць на тое Папова, а ўсё болей мяне ці Лук'янава або Лёшку, калі той чым-колечы не аднекаецца.
Вось так мы і жывём тут — невялічкі артылерыйскі разлік, шэсць чалавек, — курчымся доўгія дні ў вузкім акопе і з нецярплівасцю чакаем змяркання, калі пачынаецца іншая пара сутак са сваімі справамі і сваімі, адметнымі ад дзённых, клопатамі.
3
Перш за ўсё: голад — не цётка. Пад вечар усе мы так нагаладаемся, што не памагаюць ні курыва, ні вялізныя цяжкія галовы сланечніку з мяккімі, яшчэ зялёнымі семкамі, якіх мы назапашваем з ночы. Хочацца есці. У гэты час рэдзенькая крупчастая кукурузная каша, якую пасля, паеўшы, усе мы дружна бэсцім, — гэтая каша цяпер здаецца нам незвычайным, жаданым прысмакам. Гэткім жа смачным уяўляецца нам і хлеб — чэрствы, калючы, напалам з кукурузнай мукой. Ад сняданку ў нас застаўся невялікі кавалак яго — рэшта нечае пайкі, — ён ляжыць на верхняй снараднай скрынцы, і кожны з нас міжвольна паглядае ў той бок. Першы не вытрымлівае Лук'янаў. Пакінуўшы на хвіліну сваю чарцёжную справу, ён неяк сарамліва дастае яго запэцканымі пальцамі і, не гледзячы ні на кога, пытаецца:
— Хлеба ніхто не хоча?
Коратка зірнуўшы на яго, мы ўсе маўчым. Тады ён аб'яўляе:
— То я з'ем.
І ён грызе гэты кавалак, ледзь не вывіхаючы сківіцы пад тонкаю скурай худых, нездаровых шчок, а мы глытаем слінку і адводзім позіркі ўбок.
Лук'янаў толькі нядаўна вылез з-пад шыняля, бо кожнага дня зранку і пад вечар яго трасе малярыя. Увечары ён трохі ачуньвае, жвавее, і мы даруем салдату яго галодную нястрымнасць, бо ведаем, што ён дужа нагаладаўся ў палоне і дагэтуль не можа наесціся. Хлебны кавалак ён зжоўвае ўвесь да крошкі і пазірае ў неба, на якім журботна дагараюць залацістыя водсветы сонца. На сцяне акопа і на брустверы няма ўжо ніводнага промня, дол увачавідкі засцілае цень, халадае — хутка змярканне.