Вар'ятка (на белорусском языке)
Шрифт:
Гi дэ Мапасан
Вар'ятка
Пераклад: Нiна Мацяш
Рабэру дэ Баньеру
– Ведаеце, - сказаў мсье Мацьё д'Андалэн, - гляджу вось на гэтых слонак, i прыгадваецца мне адна страшная гiсторыя часоў вайны.
Вы ведаеце мой маёнтак у прадмесцi Кармэйля. Там я i жыў, калi з'явiлiся прусакi.
Той парою маёй суседкай была адна пакутнiца, аслабелая розумам пад ударамi лёсу. Некалi - было ёй тады ўсяго дваццаць пяць гадоў - яна за адзiн месяц страцiла бацьку, мужа i немаўлятка.
Калi
Бедная маладзiчка, падкошаная горам, злегла i шэсць месяцаў была ў лiхаманцы. Потым бурны крызiс змянiўся глыбокай апатыяй: яна ляжала, як пласт, амаль нiчога не ела, толькi вадзiла вачамi. Кожны раз, калi хворую спрабавалi паставiць на ногi, яна ўзнiмала такi лямант, быццам яе мардавалi. I нябогу пакiнулi ў спакоi, краталi толькi дзеля таго, каб пераадзець яе цi пераслаць пасцель.
Даглядала няшчасную старая служанка, якая час ад часу прымушала яе папiць цi з'есцi кавалачак халоднага мяса. Што тварылася ў гэтай адоленай роспаччу душы? Бог яе ведае: хворая перастала размаўляць. Можа, яна ўспамiнала нябожчыкаў? Цi проста тужыла, не думаючы нi пра што? А можа, падцятая свядомасць яе ўвогуле знежывела, як застаялая вада?
У гэтакiм вось стане, не бачачы людзей i не рухаючыся, яна пражыла пятнаццаць гадоў.
I вось нахапiлася вайна; а на пачатку снежня прусакi занялi Кармэйль.
Я помню ўсё так добра, быццам гэта было лiтаральна ўчора. Стаялi лютыя маразы; я ляжаў у крэсле, абязножаны падаграй, i раптам пачуў цяжкi, размераны тупат. Глянуў у акно: iшлi варожыя салдаты.
Той калоне, здавалася, канца не будзе; прусакi ўсё iшлi ды iшлi, такiя падобныя адзiн да аднаго марыянетачнай скаванасцю рухаў... Потым начальства размеркавала iх па кватэрах. Да мяне пасялiлi ажно семнаццаць чалавек. Да маёй звар'яцелай суседкi - дванаццаць, у тым лiку i маёра, сапраўднага салдафона, чалавека жорсткага i грубага.
У першыя днi ўсё iшло нармальна. Афiцэру сказалi, што гаспадыня хворая, i гэта яго не трывожыла. Але неўзабаве пастаянная адсутнасць яе пачала раздражняць яго. Ён запытаўся, што ў панi за хвароба; яму адказалi, што яна злегла з вялiкага гора i не ўстае пятнаццаць ужо гадоў. Ён, мусiць, не паверыў i вырашыў, што няшчасная наўмысна, з гордасцi не жадае ўставаць, каб не бачыць прусакоў, не размаўляць i не сутыкацца з iмi.
Маёр запатрабаваў сустрэчы з хворай; яго прывялi да яе ў спальню.
Ён рэзкiм тонам загадаў:
– Прашу фстаць i сысцi фнiс, матам, фсе мус фас пачыць.
Яна паглядзела на яго цьмяным невiдушчым позiркам i прамаўчала.
Ён настойваў:
– Мой не пацерпiць цёрскасць. Калi фы не патнiмайся с пасцель уласнай воля, мой снойце сротак прымусiць фас прагуляцца пес староннiй тапамога.
Яна не зрабiла нiводнага жэста, нават не варухнулася, быццам i не заўважыла яго.
Палiчыўшы гэтае маўчанне за выяву выключнай пагарды, афiцэр раз'юшыўся:
– Калi сафтра фы не пуцеце сысцi фнiс...
– дадаў ён i выйшаў.
Назаўтра ранiцаю перапалоханая старая служанка памкнулася адзець вар'ятку, але тая дзiка залямантавала i стала адбiвацца. Афiцэр прыбег наверх. Служанка ўпала перад iм на каленi i загаласiла:
– Яна не даецца! Месье, яна не даецца! Злiтуйцеся над ёю, яна такая няшчасная!
Маёр трохi сумеўся: нягледзячы на ўвесь свой гнеў, ён не рашаўся паклiкаць салдатаў i сiлай выцягнуць гаспадыню з пасцелi. Але раптам ён зарагатаў i аддаў нейкi загад па-нямецку.
Неўзабаве з дома выйшла купка салдатаў, якiя неслi матрац, быццам насiлкi з параненым. На матрацы ляжала маўклiвая вар'ятка, i цяпер абыякавая да ўсяго, раз яе не прымушалi ўставаць. Замыкаў шэсце салдат, якi нёс клунак жаночай вопраткi.
Афiцэр, пацiраючы рукi, прамовiў:
– А фось цяпер пуцем пахляцець, цi мошаце фы самi адзявацца i срапiць маленькая прагулянка.
Працэсiя накiравалася да Iмавiльскага лесу.
Праз дзве гадзiны салдаты вярнулiся, але ўжо без ношы.
Звар'яцелая знiкла. Што яны з ёю ўчынiлi? Куды яны яе занеслi? Гэтага так нiхто нiколi i не даведаўся...
Снег падаў цяпер i ўдзень, i ўночы, ахутваючы наваколле халодным пушыстым саванам. Ваўкi вылi ледзь не каля парога дамоў.
Думкi пра тую кабету не давалi мне спакою; я некалькi разоў хадзiў да прускага начальства, каб хоць што дазнацца пра яе. Мяне ледзь не расстралялi.
Потым надышла вясна. Акупацыйная армiя адступiла. Суседчын дом стаяў замкнёны; сад зарастаў быльнягом.
Старая служанка памерла яшчэ зiмою. Нiкога болей не хвалявала гэтая гiсторыя, а мне яна не давала спакою.
Што сталася з жанчынай? Пэўна, яна ўцякла з лесу! Можа, яе падабралi i, не дамогшыся нiякiх тлумачэнняў, паклалi ў бальнiцу...
У той год, восенню, слонак наляцела проста безлiч; падагра дала мне маленькi пярэдых, i я так-сяк даплёўся да лесу. Я ўжо ўпаляваў з паўтузiна гэтых даўгадзюбых птушак, як неспадзявана чарговая падстрэленая птушка ўпала ў завалены галлём яр. Давялося спусцiцца туды, каб знайсцi здабычу. Птушка ляжала побач з чалавечым чэрапам. I тут мяне як хто ўдарыў кулаком у грудзi: я ўспомнiў пра вар'ятку! Канешне, той злавеснай зiмою ў тутэйшых лясах напэўна загiнула шмат людзей, але, богведама чаму, я быў упэўнены, разумееце, упэўнены, што натрапiў на чэрап няшчаснай вар'яткi.