Выбраныя творы
Шрифт:
Ну, а Валодзя Казак быў маім сябрам заўсёды, паміж усімі іншымі дружбамі.
12
Вясной і на нашу… ат сабе вёску, вяртаючыся хто з Паўднёвай, хто з Паўночнай Афрыкі, а хто з Заходняй Эўропы, апускаліся птушкі. Пара буслоў, шпакі і ластаўкі. Асталяваўшыся пасля выраю дома, любыя госці так і не ўмелі толкам расказаць, дзе былі ды што бачылі. Хоць і гаварылі яны — хто клёкатам, хто мітусліва-прастадушным шчэбетам, а хто гуллівым песенным перайманнем — даволі-такі многа, аднак усё, як здавалася нам, толькі пра радасць вяртання, сустрэчы з нашай, і для птушак роднай вёскай.
Шпакі і ластаўкі —
— Здаровы быў, божая птушка! Каб жа лета нам добра з табой пералетаваць!
І глядзеў на буслянку, задраўшы белую бараду, прыжмурыўшы вочы пад сівымі бровамі.
А мне было вельмі зайздросна, што не на нашым, а на іхнім гумне была адна ў Аўсяніках буслянка. І я туды, на прыгуменне да Богушавых, бегаў часта, балазе яны блізка жылі, і мамін крык: «Юрык! Цэвак няма!» добра даходзіў туды ад нашага парога.
У той час, напрадвесні, сама кросны па хатах ткаліся, і для малых была бясконцая, нудная работа — сукаць уток з вялікіх клубкоў на цэўкі, што намі ж і наразаліся з роўных, гладкіх прутоў малінніку ці сухадрэўка. Такую цэўку з праткнутым мякішам (сёння ўжо ўсю тую тэхніку трэба растлумачваць), насукаўшы на яе нітак, укладалі ў чаўнок. Сукала было драўлянае, з вялікай качулкай-махавіком, а ў рух яно запушчалася бясконцым ляпаннем насліненай далонню па валіку. Процьму тых нітак даводзілася перасукаць з клубкоў на цэўкі, — то шэрых, на будзённы шарачак, то святлейшых, на палатно кужэльнае, то каляровых, на мудрагелістыя дзяругі-перабіранкі. Далонь аб той гладзенькі валік абаб'еш да пухліны, а толькі што, здаецца, выбег за парог — ізноў: «Юрык!..» А тут жа на вуліцы, дзе падсохла ўжо, і «чыжык», і «лапта», і госці такія — бусел, шпакі!..
Ніколі нам не пазнаць было — той самы гэта бацян, што летась быў, ці, можа, сын яго з маладзіцай, а то і проста новыя, якім на гэты раз спадабалася якраз тут. Ці, можа, жонка ў каторага адгэтуль, з леташніх буслянят, што вось сюды свайго і прывяла…
Было і такое адным прадвеснем, што на нашу пару, так і не разгаданую, напаў адзінец. Бойка была заядлая — з пікіраваннем аднаго бусла на дзюбу, штыхам настаўленую буслам другім, з кумільганнем па скаце высокай страхі, калі яны счэпяцца як у грудкі, з пераможным клёкатам законнага гаспадара, калі той чужаніца адлятаў кудысьці, на іншую бойку.
Усё буслінае жыццё праходзіла навідавоку. І гняздо ён падрамантоўваў, і жаніўся, як на трыбуне, і буслянят выседжваў, толькі галава тырчала днямі над гняздом. Вярнуўшыся з балота з купінай ці ламачынай, а то і са спажывай на чатыры лапкі, ён радасна клекатаў, і клёкат гэты вёска спагадліва чула і познім прыцемкам, і на світанні. Часамі бусел саскокваў з гнязда на страху, абыходзіў яго з бакоў і выкідаў адтуль вераб'іныя гнёзды. Нашылася гэтых падсуседзяў многа, і хоць бы ж ужо ціха жылі, без валтузні і вэрхалу, далі б гаспадару ў свабодную хвіліну пастаяць, падумаць на адной назе…
Раней за бусла, а тым больш за ластавак, з'яўляліся ў вёсцы шпакі.
Днямі я думаў, а дакладней сказаўшы — у маіх гадах неяк зноў па-дзіцячы адчуў, які гэта цуд, якое шчасце — зрабіць вясною шпакоўню. І смешна стала, успомніўшы, як я вучыў дачку-пяцікласніцу рабіць «домік шпаку». Было ў яе такое хатняе заданне, па недарэчнай у гэтым выпадку політэхнізацыі. Так захапіўся бацька, паказваючы, што сам і пачаў, і кончыў. Не хапала толькі бярозы, каб разуцца і залезці найвышэй. Ды не ісці ж мне было за Таццянай у школу.
І другое ўспомнілася. Вохрысты, з белымі, светлымі вокнамі дом майго друга ў далёкім райцэнтры. Самаробны столік у садзе, вінёўка з яшчэ сакавіта-зялёнай лістотай і недаспелымі грушамі, а ў лістоце ды ў грушах, высока — шпакоўня. Упершыню для мяне такая пацешна незвычайная, бо аж на дзевяць паверхаў, суцэльная.
Зяма, спакойны і салідны Залман Хаімавіч, добры настаўнік беларускай мовы і літаратуры, быў ужо тады на заўчаснай пенсіі, па здароўі, падарваным двума франтавымі раненнямі. У Зямы ўнукі-школьнікі, шпакоўню гэтую было каму задумаць і змайстраваць, аднак я, гледзячы на яго безнадзейна бледны, дарэшты стомлены твар, спытаўся, кіўнуўшы галавой угару, на шпакоўню:
— Твая работа?
— Толькі праект, — усміхнуўся ён у адказ. Ціха было і сонечна, як быццам стомлена-ціха і сонечна і, разумеецца, журботна на душы. Мы даўгавата не бачыліся і, як гаворыцца, зноў богведама калі… Дый наогул… Мы, яго родныя і сябры, ужо ведалі тое, чаго ён як быццам не ведаў. А тут пахла садам і агародам адразу, бо стол стаяў у траве, паміж вінёўкай і яблыняй, побач быў агарод, і ў ім, з-за градаў з рознымі морквамі ды пятрушкамі, падсыхаў вяла-духмяны картаплянік, пах якога я вельмі люблю, з маленства. З самага верхняга, з дзевятага акенца шпакоўні лена, з паўзамі, цвыркаў уніз шэры кум-верабей, нібы маркотны ад безрабоцця камендант апусцелага на канікулы інтэрната.
Зяма ўспомніў пра іншае, не пра наш педінстытут.
— Вясной, як толькі шпакі вернуцца, гэтая іх вышынная будыніна пераліваецца… Як нейкая жалейка. Або той губны гармонік.
Ён не сказаў, чый гармонік, — мы з ім маўчалі пра адно, кожны сабе згадаўшы даўняе. Блазнаватага, добрага дзядзьку Шымана, пастуха, што быў калісьці, да польскай улады, паштальёнам у далёкім расейскім горадзе, але і там не растраціў свае вясковасці, не зжыў свайго маленства, і, вярнуўшыся ў Мілтачы, любіў і мог іграць, пасучы. Больш ніколі ў жыцці я не чуў, каб хто так хораша іграў на такой, здавалася б, дзіцячай забаўцы — на губным гармоніку. У адзіноце, самому сабе і таму, хто не жартам папросіць і добра слухае. Мы з Зямам слухалі, і ён уважыў нас два ці нават тры разы. Калі я ўжо ў іхнюю местачковую школу хадзіў і Зяма мяне часамі трохі праводзіў. Ціха, захоплена іграючы, Шыман стаяў, а мы сядзелі на траве, і нам было вельмі добра. Як і тады, калі мы ігралі ўдвух з Валодзем Казаком, ён на скрыпцы, я на мандаліне. Найбольш усё працяжныя, журботныя мелодыі…
Пакуль нам з Валодзем іграць удвух, ён пілікаў адзін, а яшчэ раней, да школы, ён не іграў.
Ігралі шпакі, берасцянкі, жаўранкі. Хто ў голлі дрэў, яшчэ без лістоты, а хто за гумнамі, над полем, яшчэ сырым, з рэшткамі шэрага снегу ў барознах.
Вось мы з Валодзем рэжам дровы, так сказаць, памагаем Раману. Забаўляемся — пакуль прыйдзе. Богушаў дзядзька Іван, які ўчора памагаў увесь дзень, а сёння, пра што сказаў увечары, крышку прыпозніцца, бо трэба хлеб у печ пасадзіць. Раман коле ўчора нарэзаныя круглякі, а нам з Валодзем дазволіў трохі пакоўгаць разаком. «Толькі пальцаў сабе не адпілуйце!..» Бярозавае палена мы выбралі з горбы каля плота самі — найлягчэйшае, каб няцяжка было падняць яго на козлы, ну, і яшчэ з адной думкай…