Яго батальён
Шрифт:
— Паша, ты бачыш? — крыкнуў камбат. — Вунь мае вырваліся! Хутчэй накрый кулямёт! I праходы, праходы ў спіралі…
— Дзе ж ён? От чорт, не згледзець…
Кулямёт хлёстка біў па ўзводу Нагорнага, кулі з працяглым віскам несліся з вышыні над балотам, але кулямётнай пазіцыі згледзець не ўдавалася. Камбат да болю ўціскаў акуляры бінокля ў вачніцы, пакуль не пачуў, як ззаду задудукалі абодва яго ДШК, і цераз траншэйку і кустоўе да вышыні напяліся дымныя, прыкметныя ў небе струмені буйнакаліберных трас. Валошын падумаў, што Ярашчук бачыць цэль, і скіраваў позірк следам за трасамі, але прыкмеціць, дзе яны канчаліся, было немагчыма. Дымнатрасірныя чэргі імчаліся ў кірунку да вышыні і бясследна знікалі недзе на
Камбат напружыў зрок, чакаючы, што за балотам нарэшце пакажуцца ягоныя роты, але рот яшчэ не было відаць. Падобна было на тое, што Нагорны паспяшаўся, хаця гэта было лепш, чым калі б ён прамарудзіў — спазненне з атакай пляжыла ўсю задуму з гэтаю падманлівай вылазкай. Нагорны ўдарыў як трэба і чатырнаццаццю сваімі байцамі прыкрыў батальён. Нават калі ён і не ўварвецца ў траншэю, гэты манеўр зробіць для батальёна сваю добрую справу.
Аднак агонь з такой блізкай адлегласці быў для яго знішчальны, і Валошын унутрана сцяўся — чакаў таго непазбежнага моманту, калі Нагорны заляжа, наткнуўшыся на нябачную адгэтуль, дзесь там расцягнутую спіраль Бруно. Ён і сапраўды залёг — некалькі чалавек раптам упала на шэры задымлены схіл, ратуючыся ад кулямётнага агню, ці, можа, былі забітыя. Але тут жа, нібы па ягоным жаданні, на вышыні выраслі поруч тры пыльных прыземістых выбухі, якія, напэўна, не разбурылі траншэю, затое пылам засланілі ад яе распластаных на схіле байцоў. I ўзвод падняўся. Некалькі чалавек, што нядаўна здаліся яму забітыя, раптам падхапіліся з зямлі і адважна пабеглі ўгору, у падняты мінамі пыл, які бакавы вецер коса зганяў з вышыні.
— Маладзец! — сказаў Валошын. — Ну давайце ж, да-вайце!
Апошнія яго словы адносіліся да суседзяў-мінамётчыкаў, што нарэшце адкрылі агонь і так памаглі Нагорнаму. Камбата захляснула спазнелае пачуццё ўдзячнасці гэтаму непрыкметнаму працаўніку вайны, які без позы і лішніх слоў толькі за апошнія суткі столькі зрабіў для батальёна. А ён не знайшоў нават часу сказаць яму добрае слова, крыху пажартаваць у размове — усё звяртаўся з халоднай камандзірскай афіцыйнасцю, тонам загаду. Спазнелае шкадаванне на хвіліну варухнулася ў душы камбата і тут жа забылася, выцесненае іншымі клопатамі.
— Ага, во ён, падлюга! Бачу! — узрадавана сказаў Іваноў і закамандаваў тэлефаністу: — Лявей ноль-ноль два, уравень больш ноль-ноль адзін…
Пачыналася ювелірная стральба, дакладнасці якой мог пазайздросціць снайпер. Але Іваноў умеў, калі было трэба, наперакор артылерыйскай тэорыі, пакласці тры снарады ў адну варонку, у сваёй справе ён таксама быў снайпер.
Тым часам мінамётчыкі далі яшчэ некалькі ўдалых залпаў — на задымленай вышыні заскакалі кусцістыя выбухі мін, між каторых магутна і роўна нішчылі бруствер траншэі гаўбічныя разрывы Іванова. Пахілы бок вышыні завалакло дымнаю імглой, якую свежы ранішні вецер ужо не паспяваў здзімаць прэч, і рванае клочча пылу коса цягнулася ў хмарнае неба. Бачнасць рэзка пагоршылася, бой грукатаў ва ўсю моц, усё там бязладна ахала, трэслася, уздрыгвала, віскам і грукатам поўнячы сцюдзёны світальны прастор. Але роты, напэўна, ужо выходзілі з балота, і трэба было не даць ім спыніцца перад рашучым рыўком на схіл.
Валошын левай рукой выхапіў у Чарнаручанкі трубку.
— Алё, дзесяты! Няма дзесятага? Перадайце ад дваццатага з «Бярозы» — змена НП. Зразумелі? Мяняю НП.
I, кінуўшы ў рукі Чарнаручанкі трубку, ён з жвавасцю распарадзіўся ў траншэі:
— Гутман! Чарнаручанка! Зняць сувязь і за мной! Хутка! Чарнаручанка з неўласцівай яму паспешлівасцю адной
рукой ірвануў зазямленне, другой згрэб свой апарат; Гутман падхапіў катушку з напалову зматаным кабелем, зірнуўшы на якую, камбат з трывогай падумаў: не хопіць. Гэтага кабелю да вышыні не хопіць, як тады быць? Зрэшты, сувязныя ад рот ужо лезлі на бруствер, і ён крыкнуў Іванову, які
— Хвілін дзесяць паддай!
— Дзесяць паддам! — крыкнуў у адказ Іваноў.— Толь-кі не болып…
— А ты радзей, каб трапненька…
— Уравень менш ноль-ноль адзін, — камандаваў Іваноў. «Ну цяпер накрые», — падумаў камбат, збягаючы па мёрзлай траве на брудныя плахі падталага лёду. Першае радаснае адчуванне, выкліканае ўдалым пачаткам, аднак, хутка міналася, ён ведаў напэўна, што некалькімі кулямётамі справа не абыдзецца, што неўзабаве немцы ўдараць чым-колечы і больш адчувальным. Удараць з мінамётаў, і тады будзе горш. Але пакуль на вышыні магутна грымелі свае разрывы і дробным трэскатам заліваўся ручны кулямёт, хацелася думаць, што ўсё абыдзецца. Яму б яшчэ хвілін дваццаць, за гэты час восьмая пад прыкрыццём артагню, напэўна, дабегла б да бліжняга адростку траншэі. Асабліва калі за яго ўдалося зачапіцца Нагорнаму.
Валошын разгоніста бег па лёдзе, заследжаны бруднымі падэшвамі байцоў яго рот, за ім блізенька трымаліся трое сувязных. Чарнаручанка з Гутманам неўзабаве адсталі, заблытаўшы ў кустах провад, і ён крыкнуў аднаму з сувязных, худому хлопцу ў кароткім шынялі і блакітных да калень абмотках, хутка памагчы ім. Баец з напружаным недаўменнем зірнуў на яго, але затым адкінуў назад споўзшую на жывот процівагазную сумку і спыніўся. Камбат прыгнуў галаву, прадраўся праз лазняковыя зараснікі, выскачыў на льдзістую з падталым снегам прагаліну і азірнуўся; за ім з-за куста, няспрытна расстаўляючы ў бакі ногі і коўзаючыся, бег ветэрынар. Яго расшпіленая кабура апусцела боўталася на дзязе, вузенькі раменьчык цягнуўся да рукі з варанёным наганам, якім маёр нязграбна ўзмахваў, імкнучыся захаваць раўнавагу на слізкіх падэшвах.
— А вы куды? — не стрымаўшыся, злосна крыкнуў Валошын. Ветэрынар толькі раскрыў рот, каб нешта сказаць, як раптам абодва яны аглушана скалануліся, на імгненне страціўшы адчуванне.
«Ну во, нарэшце! — з дзіўнай злой радасцю падумаў камбат, інстынктыўна ўвабраўшы галаву ў плечы. — Нарэшце пачынаецца…»
У хмарнай вышыні над балотам аглушальна трэснула раз і другі, тугім звонам заклала левае вуха. Валошын паглядзеў угору — над балотам, нібы кінуты ўгару клок поўсці, плыло на ветры чорнае воблачка. «Прыстрэлачны!» — падумаў камбат і зноў азірнуўся. Ветэрынар ляжаў пад навіслым галлём альхі, нізка ўтупіўшы галаву ў падвязанай пад барадой вушанцы. Падумаўшы, што яму папала, Валошын кінуўся назад.
— Вы што? Паранены?
Маёр страпянуўся і з запытальным недаўменнем у вачах уважліва паглядзеў на камбата.
— Н-не, я не ранены, — выціснуў ён, заікаючыся.
— Устаць і бягом! Бягом! — скамандаваў Валошьга, ведаючы, што ад брызантных разрываў тут не схавацца, што трэба як мага найхутчэй выскачыць з раёна паражэння іх смяртэльных асколкаў.
— Бягом!
У наступнае імгненне з рэзкім аглушальным трэскам грымнулі яшчэ чатыры выбухі, трохі, праўда, далей, чым першы, бліжэй да краю балота, — якраз над тым месцам, дзе былі роты. Сотні сталёвых асколкаў гарачай віхурай абдалі кустоўе, зразаючы голле і наскрозь прапякаючы тоўсты, да самага дна, лёд. Ветэрынар зноў упаў, але тут жа падняўся; ззаду, ламаючы голле, яго даганяў Гутман.
Болей камбат не азіраўся, разам забыўшыся пра сябе і сваю бяспеку — трывога за роты, над якімі цяпер аглушальна загрукалі счацвяроныя выбухі брызантных, апаліла яго. Ён кінуўся наўпрасткі да блізкага ўжо краю балота, рашыўшы ў што б там ні было падняць батальён на апошні рывок, у якім было выйсце і адзіная магчымасць дасягнуць траншэі. Пад вышынёй на балоце яны доўга не вытрымаюць, у голым прамерзлым грунце не хутка акапаешся, ды і акопы ад гэтага агню не ўратуюць.
Чорт бы іх узяў, гэтыя брызантныя, ужо лепей бы агонь мінамётаў, збянтэжана думаў камбат, бегучы па кустоўі.