Янук, рыцар Мятлушкі
Шрифт:
У пакой заходзіць Кадук. Ён зусім нястрашны. Таўшчэзны стары, які маладзіцца. Апрануты ў чорны сурдут і капялюш-цыліндр, відавочна з іншай эпохі. Белая кашуля, лакіраваныя чаравікі, у пятлічцы — кветка. У руках — вялікі прыгожы букет штучных кветак і куфэрачак.
Кадук (здзіўлены з’яўленнем Янука). Вось нечаканыя госці!
Янук (выхоплівае меч). Абараняйся, подлы выкрадальнік паненак! Я, Янук Шукайла-Залескі,
Князёўна Даратэя ўскрыквае і падае ў непрытомнасці на ложак. Што не перашкаджае ёй час ад часу прыўзнімаць галаву, каб сачыць за падзеямі.
Кадук (спакойна і лагодна). Ай-яй-яй, малады чалавек! Як не сорамна! Толькі ўвайшоў у чужую хату, адразу з мячом на безабароннага старога гаспадара… А яшчэ шляхціц!
Янук сумеўся. Не ведае, што рабіць, апускае меч.
Давай лепш прысядзем, спакойна абмяркуем усе прэтэнзіі і прапановы.
Жытнічак (выглядвае з-за трумо). Не слухай Кадука! Ён цябе падмане!
Янук сядае на прапанаванае крэсла, але адчувае, што не можа з яго ўзняцца. Дарэмна спрабуе юнак вырвацца.
Янук. Гэта несумленна! Не па-шляхецку!
Кадук (павучальна). Якія неспакойныя маладыя людзі ў наш час… Толькі ўсадзіш іх на ўтульнае месца — адразу кудысьці мкнуцца, то князёўнаў ратаваць, то Кадукоў забіваць…
Тым часам прыбягаюць Кадуковы слугі — Страхі, звязваюць юнака, адбіраюць у яго меч. Кадук са смехам кладзе букет і куфэрак на ложак, каля князёўны Даратэі. Ён скідвае цыліндр і сурдут, слугі падаюць яму чорны, з залатой аздобай плашч, карону і меч. Цяпер Кадук сапраўды падобны на злога чараўніка. Ён падымае меч і падыходзіць да Янука.
Даратэя (прыўзнімае галаву). Кадучок, няўжо ты так жорстка абыдзешся з гэтым прыгожым маладым чалавекам?
Кадук. А што зробіш, сонца маё? У маім становішчы нельга цярпець канкурэнтаў, асабліва калі яны маладыя і прыгожыя.
Даратэя. Але ж ён такі бескарыслівы, такі адданы… (Капрызна.) Мне яго шкада!
Кадук (падыходзіць да Даратэі, гаворыць напаўголаса). Падумай сама, дыяменцік мой. Калі я зараз не скончу з ім, ты можаш застацца не толькі без гэтага (дастае з куфэрка, які нёс у падарунак, прыгожае калье), але і без усяго гэтага (абводзіць рукою шыкоўны пакой). А ўспомні пра ўласны кілім-самалёт (паказвае), пра бурштынавы палац на беразе мора! А птушынае малачко, што спецыяльна для цябе прыносяць Мроі з Млечнага Шляху!
Даратэя кажа сваё штучнае «Ах!» — і зноў падае на ложак.
Жытнічак. Хутчэй пабягу па дапамогу! Мятлушка павінна нешта прыдумаць! (Выбягае)
Кадук зноў, не спяшаючыся, набліжаецца з мячом да Янука. Той глядзіць проста ў вочы свайму кату, сцяўшы вусны, спакойны і мужны.
Кадук.
Што перад бляскам золата і сталі Пялёсткі дабрыні, агеньчык веры? Хто ўбачыць хараство Мятлушкі шэрай? Хто непахіснасць рыцара пахваліць? Чароўнай Даме дораць дыяменты, А не ўздыханні, мой ты рыцар бедны…Падымае меч, але раптам чуюцца крыкі «Мятлушка, стой, ты загінеш!»
Улятае Мятлушка. Яркае святло асляпляе яе, яна прыкрываецца рукою. Кадук адтупае, бачачы, што Мятлушка трымае ў другой руцэ месячны прамень. Страхі таксама аступаюцца, з бояззю паглядаючы на чароўную зброю ў руцэ дзяўчыны.
Кадук. Не падыходзь! Табе тут не месца, дзіця ночы! Калі ты наблізішся да майго святла, загінеш! Пашкадуй сябе! Ляці назад!
Мятлушка. Мне ўсё роўна!
Лячу на прывідны агонь, Мая любоў зямная. Хай ночы цёмнае крыло Мяне не захінае. Імгненні ёсць — калі нішто І боль, і страх, і згуба.(Хістаючыся, набліжаецца да Кадука, з-за спіны якога зіхаціць яркае бязлітаснае святло).
Янук. Мятлушка, ты загінеш! Стой!
Мятлушка. Жыві і помні, любы!(Кідае ў Кадука месячны прамень.)
Зацямненне. Кадук падае. Сцены палаца разбураюцца. Страхі разбягаюцца. Мятлушка на хвіліну апраменьваецца яркім святлом і падае…
Зноў святло. Але не такое сляпучае, як раней. На месцы палаца застаўся толькі прыкаваны да слупка кілім-самалёт. Вакол — лес. Над ім узыходзіць сонца. Над Мятлушкаю схіліліся Жытнічак і Лесавічок.
Жытнічак (плача). Мятлушка!
Лесавічок(стрымлівае слёзы). Мятлушачка!
Янук устае. Яго нішто больш не трымае. Глядзіць на Мятлушку, на Даратэю.
Даратэя (азіраецца вакол). Ну вось! Нічога не засталося! (Глядзіць на свае пальцы, шукаючы пярсцёнкі, намацвае завушніцы.) Ніколі, ніколі ў жыцці ў мяне не будзе больш такіх скарбаў! Гэй ты, мой рыцар!
Янук паварочваецца да князёўны.