Янук, рыцар Мятлушкі
Шрифт:
Ты вызваліў мяне. Цяпер можаш правесці мяне дадому. Па меншай меры, кілім-самалёт застаўся… Не ісці ж мне пешкі! (Змяняе тон на какетлівы.) Урэшце, ты ж дзеля мяне столькі перанёс, праявіў такую мужнасць і вернасць! Дарогаю раскажаш мне пра свае подзвігі — ты так
Даратэя сама адчэплівае кілім-самалёт ад слупка, але Янук праходзіць паўз яе да Мятлушкі, схіляецца над ёю разам з Лесавічком і Жытнічкам, становіцца на калена.
Янук. Мая Чароўная Дама! Прысягаю табе ў вернасці і любові! Клянуся, што ніколі не забуду цябе і ні на кога не прамяняю. З тваім імем на вуснах, у тваю светлую памяць я здзейсню мноства слаўных подзвігаў!
Схіляецца над Мятлушкаю і цалуе яе. Раптам зноў гасне святло, а калі яно ўспыхвае, Мятлушка павольна падымецца. З ёй адбылася дзіўная змена: адзенне праменіцца яркімі колерамі, воы ззяюць, валасы зрабіліся залацістымі, вусны — яркімі, як маліны. Толькі крылы зніклі назаўсёды.
Жытнічак. Мятлушка, ты зноў жывая!
Лесавічок. Якая ты прыгожыя!
Жытнічак. У яе больш няма крылаў…
Лесавічок. Але яна зусім не баіцца сонца!
Мятлушка (кладзе руку на плячо Янука). Высакародны рыцар Янук Шукайла-Залескі! Ты верна служыў дабру, а значыць — мне. Я пасвячаю цябе ў свае рыцары!
Янук. Ад сёння — назаўсёды!
Даратэя. Ды што ж гэта такое — апошняе адбіраюць! Янук! Ты ж мой рыцар!
Янук не звяртае на яе словы ўвагі, бярэ Мятлушку за руку. Мятлушка і Янук глядзяць адзін аднаму ў вочы так, што Лесавічок і Жытнічак дружна ўздыхаюць.
Лесавічок. Эх, Мятлушка… А я думаў: будзеш ты некалі гаспадыняй майго ляснога маёнтка…
Жытнічак. А я марыў, што падару табе сваё залатое поле…
Янук. А яна будзе ўладарыць у замку маіх продкаў. Там няма золата і слуг, няма коней з каралеўскае стайні і дыяментаў з каралеўскага куфэрка, але я дару ёй сябе і сваё каханне!
Мятлушка. Дурненькі! У нас будзе ўсё зорнае неба, усё сонечнае святло, усе кветкі і крынічная вада! У нас будуць дні і ночы, песні і казкі, каханне і згода! Мы — самыя багатыя ў свеце!
Даратэя (стоячы на кіліме-самалёце, тупае нагой). Здаецца, пра мяне забыліся? Я не магу больш заставацца ў гэтым дзікім і пустэльным — па вашай міласці — месцы. Хачу дадодму! У свой палац! (Тупае нагою.)
Нечакана кілім уздымаецца. Князёўна ад нечаканасці нязграбна падае на яго і з віскам знікае разам з кілімам.
Янук. Хай сонца паліць…
Лесавічок. Хай дождж імжыць…
Жытнічак. Зліецца неба з зямлёй!..
Усе разам.
А рыцар мусіць заўжды служыць Чароўнай Даме сваёй!