Здрада

на главную

Жанры

Поделиться:

Здрада

Здрада
5.00 + -

рейтинг книги

Шрифт:

1

На быльняговы ўзмежак, няроўны бруствер акопа і адзінокую гармату з затуманенай вечарам высі сыпаў снег. Сцюдзёны сіверны вецер самаўладна гаспадарыў у непрыбраным кукурузным прасцягу, гойдаў, ірваў і матляў змёрзлыя паламаныя сцяблы, поўніў прастор беспрытульным шорхатам першай завеі.

Снег пайшоў надвячоркам, калі на вялізным раўнінным абшары не засталося нічога, апроч пакарэжаных гарэлых танкаў, пабітых коней, старых і свежых варонак і трупаў. Нямецкія танкі, учыніўшы гэты нечаканы разгром, глуха раўлі недзе на ўсходзе, хутка адносячы ў звечарэлую далеч шматгалосае грымоцце бою. Цяпер тое грымоцце ўжо выдыхалася, страляніна глухла, толькі калі-нікалі самы моцны або самы блізкі з выбухаў скаланаў зямлю. Дробныя камякі з бруствера каціліся тады ў акоп і глуха лапацелі там па лубяной плашч-палатцы, пад якой

ляжаў камандзір гэтай гарматы сяржант Скварышаў. Ён быў забіты раніцай, у час першай атакі танкаў. Як трохі пацішэла, яфрэйтар Кеклідзе зняў з сябе тую палатку і накрыў камандзіра. Праз якую гадзіну стала патрэбна накрыць і самога Кеклідзе, але зрабіць гэта ўжо не было чым і не было калі: усе адбівалі новую атаку, пасля наступную. Так, абсыпаны снегам, яфрэйтар і застаўся да вечара на ўскрайку стаптанай кукурузы, сярод параскіданых гільзаў і парожніх снарадных скрынак.

Яго трэба было б прыбраць, закапаць, каб ворагі не ганьбілі мёртвага чалавека, але замковы Цімошкін ужо не мог устаць з бруствера і дайсці да забітага. Гэты страшэнны дзень дарэшты адабраў усе яго сілы. Вельмі балела параненая рука, увесь час хацелася пакласці яе лепей, паправіць, знайсці дзе зручнае месца. Апоўдні, калі асколак нямецкае міны секануў па далоні, хлопец бадай не адчуў вялікага болю; не дужа дакучаў ён і пасля, калі наводчык Шчарбак двума індпакетамі перавязаў рану. У той час нямецкія танкі падышлі да самых прысадаў — за дзвесце метраў ад агнявой пазіцыі, і саракапятчыкі стралялі па іх падкалібернымі, пакуль тыя яшчэ былі ў іх. Пасля танкі ўсё ж прарваліся і шыбанулі на фальварак, у тылы палка. Яшчэ праз якую гадзіну пяхота адступіла, а яны засталіся. Пакінуць гармату хлопцы не мелі права, а вывезці яе не было як — абодва іх трафейныя біцюгі ўжо ляжалі ў кукурузе забітыя. Так яны і асталіся тут, двое жывых — Шчарбак і Цімошкін; пазней да іх з кукурузы прыйшоў ездавы Здабудзька. Апусціўшы голаў, ён вінавата стаяў цяпер на агнявой пазіцыі ў сваім кароткім, падпаленым знізу шынялі, туліўся ад ветру і маўчаў. Шчарбак, прысланіўшыся да шчыта гарматы, заклапочана глядзеў у заснежаную далеч, дзе ішоў бой. Гукі бою тым часам слабелі, выбухі цішэлі, ужо трэба было прыслухоўвацца, каб учуць праз вецер кулямётныя чэргі, якія паўгадзіны назад люта лупцавалі прастор. Пяхоты ў немцаў, пэўна, было нямнога, яна імкліва рванулася ля дарогі за танкамі, і цяпер тут, на полі бою, не чутна было нікога. Меўшы якое цягло, яны, пэўна, здолелі б уратаваць гармату і сябе. Але коней у іх не было, і віноўнікам тае бяды яны лічылі Здабудзьку.

— Ось дык лупанулі, сволачы! Кіламетраў на пятнаццаць — не меней, — сказаў Шчарбак, усоўваючы ў кішэні ватных штаноў вялікія скалелыя рукі. — Чортаў Здабудзька! — зазлаваў ён. — Запрэгчы б цяпер самога ды ўрэзаць пугай па боку!

Яны лаялі ездавога за пагібель коней, хоць самі разумелі, што невялікая была ў тым віна пажылога салдата Здабудзькі. Ці многа спагоніш з навабранца, які два тыдні назад прыйшоў у батарэю і толькі яшчэ пачаў асвойвацца на вайне, як здарылася гэтае ліха. Хіба ў такім пекле можна было зберагчы коней, калі гінулі батальёны і роты. Увесь дзень нямецкія танкі з ашалелай упартасцю таранілі іх абарону, гарэлі, узрываліся, канвульсіўна круціліся на перабітых гусеніцах і ўсё ж сунуліся і сунуліся ўглыб, дратуючы і пякельным агнём нішчачы ўсё ў акопах, на агнявых пазіцыях, у траншэях, кукурузе. Да самага цямна хадуном хадзіла ўмерзлая венгерская зямля, стагнала, выла, скуголіла хмарнае паднябессе, потам і крывёю адбіваліся жывыя абаронцы. Але сілы былі няроўныя, і ворагі дамагліся свайго.

Страшны вайсковы лёс нечакана і бязлітасна абышоўся з імі ў гэты студзеньскі дзень. Зморанасць і нейкае ўнутранае здранцвенне свінцовым цяжарам напоўнілі цела, яно прагла толькі спакою, а думкі марна таўкліся ў галаве ў пошуках выйсця з тае бяды, у якую іх загнала вайна. Трэба было нешта рабіць, недзе шукаць паратунак.

Валюхаста паводзячы тугімі плячыма, Шчарбак падышоў да гарматы. Гэта была маленькая саракапятка, якой не меней, чым людзям, перапала за сённяшні дзень. У яе сталёвым шчыце свяціліся дзве дзіркі ад буйнакаліберных куль, верх яго быў пашчэрблены нечым, пэўна, вялікім асколкам, на колах засталіся шматкі падранае гумы. Казённік так напёкся ад стрэлаў, што і цяпер яшчэ быў цёплы, і сняжынкі, асядаючы на ім, адразу збіраліся ў кроплі.

Трывожна шархацеў ды рваўся на ветры кукурузны палетак, нядобра каламутнела змрочнае неба — хутка насоўвалася халодная ноч. Нейкі час Шчарбак стаяў між станін, шырока расставіўшы

ногі, зацярушаны снегам, у ватоўцы і ссунутай набок шапцы — ладны, камлюкаваты, дужы хлапец. Вядома, яму шкада было гэтай гарматкі, з якой прайшлі яны ад Днястра да Балатона, якая нямала разоў ратавала ім жыццё і памагала пяхоце. Пад Кішынёвам, у часе прарыву з акружэння нямецкай групоўкі, нейкі гітлеравец шпурнуў у яе супрацьтанкавую гранату. На шчасце, не пацэліў: граната пераляцела шчыт, разарвалася ззаду і толькі перабіла станіну. Пасля станіну заварылі, прыладзілі сталёвую латку, і хлопцы казалі, што гэта — шчаслівы знак, з якім гармата дажыве да міру. Затым, ужо ў Венгрыі, буйнакаліберны кулямёт з бронетранспарцёра зрабіў на шчыце касую адмеціну куляй. На правым сашніку ў заклёпках была прабоіна ад чаргі «месершміта», якой ён забіў колішняга правільнага Нерчыка.

Людзі ў разліку мяняліся — параненых адпраўлялі ў шпіталь, забітых хавалі. Даўжэй за ўсіх аставаўся ў страі маўклівы сяржант Скварышаў. Але вось сёння не стала Скварышава і, пэўна, прыйшоў канец і гармаце.

Прастуджана высмаркаўшыся, Шчарбак пачаў завіхацца каля гарматы. Узяць яе з сабой яны не маглі, а кінуць цэлаю ворагам не мелі права. Добра, калі б была супрацьтанкавая граната ці хоць бы адзін снарад. У такіх выпадках варта было ўсыпаць у ствол жменю пяску і стрэліць, як яго разарвала б на часткі. Але снарада ў іх не было ніводнага. Шчарбак перакідаў ужо ўсе скрынкі, перагарнуў ботам усе гільзы ў доле — звонкія, смярдзючыя і пустыя. Заставалася адно — выняць клін. Нейкі час пакалупаўшыся ў затворы, Шчарбак зрабіў гэта і гукнуў Здабудзьку:

— Знімай торбу.

Не пытаючы навошта, ездавы зняў з-за плячэй свой рэчмяшок, развязаў лямкі, і наводчык укінуў туды паўпудовы клін і прыцэл.

— Ого, цяжкі які, — зазначыў Здабудзька.

— Не твой клопат. Сам панясу, — няласкава аб’явіў Шчарбак.

Ён паставіў тарбіну ля сашніка і паскроб патыліцу.

— Ну, а далей як?

— Давай кукурузай закідаем, — прапанаваў Цімошкін. — Усё схоўней будзе. Можа ж, вернемся.

Пастаяўшы трохі, Шчарбак выцягнуў з похвы разведчыцкі нож і пайшоў у кукурузу. Здабудзька, крыху ўжо ачуўшыся ад свае бяды і супакоіўшыся ад ушчування, падаўся следам.

Яны доўга шасталі ў палетку, пакуль набралі па абярэмку сцяблоў, прынеслі, кінулі на станіны і пайшлі зноў. Шчарбак адышоўся далёка, туды, дзе кукуруза была гусцейшая, а Цімошкін усё сядзеў на брустверы, туліў да грудзей сваю ляльку-руку і чакаў. Ад маўклівасці і шумлівай ветранай аднастайнасці яго думкі зноў запаланіла туга іхняй вялікай няўдачы.

…Яшчэ ўчора яны жылі тут, як можна, да пары да часу жыць на вайне — зрэдку стралялі па ворагу, падоўгу сядзелі ў вузкім акопчыку-ровіку, чакалі вечара, калі старшына прыносіў абед і вячэру, мерзлі і многа курылі. Уночы — хоць і нельга было, — паставіўшы вартавога, спалі, цесна прытуліўшыся адзін да аднаго. У здаравякі Шчарбака была шырокая цёплая спіна, Цімошкін накрываўся з ім адным шынялём, другі слалі ў сподзе. Заўжды ў ціхую гадзіну Кеклідзе прыпамінаў далёкую Грузію, шгшлык, віно і сваіх хлопцаў-блізнят. Скварышаў болей маўчаў. I вось цяпер няма Скварышава, няма Кеклідзе, уранку адправілі ў шпіталь Румкіна, разгромлены полк, невядома што засталося ад дывізіі… I як цяпер выбрацца з гэтага ліха, дзе напаткаць сваіх? Няўжо немцы на ўсю глыб прарвалі фронт і паперлі к Дунаю? Чаму гэта ўсё цішаюць, радзеюць далёкія выбухі? Мноства невясёлых пытанняў свідравала хлопцаву галаву, толькі адказу на іх не было.

Ужо добра сцямнела, а снегавыя крупінкі ўсё сыпаліся і сыпаліся з хмарнага нізкага неба. Раўнінны абшар збялеў, наперадзе невыразна шарэлі пакалечаныя дрэвы прысадаў: частыя варонкі на зямлі хаваліся ў снезе. Не стала відаць і немца, забітага апошнім пасля таго, як прарваліся танкі. Тады іх чалавек пяць ці болей рынуліся на гэту пазіцыю. Іншыя ўцяклі, а гэтага з аўтамата падстрэліў Шчарбак, і немец, закінуўшы валасатую голаў, да змяркання ўтрапёна пазіраў на іх ашклелымі вачамі. Цяпер яго шчыльна зацерусіў снег.

Раптам у кукурузе, прыглушаны непагаддзю, стукнуў адзіночны стрэл. Падумаўшы, што там немцы, Цімошкін ухапіў з бруствера свой аўтамат і ўстаў. Нейкі час было ціха, а пасля з таго боку паказаўся з абярэмкам сцяблоў Шчарбак.

— Хто страляў?

— Я.

— Што такое?

— Ат, што яшчэ будзе! — незадаволена буркнуў хлопец, цягнучы да гарматы абярэмак. — Сувязіста даканаў.

— ?

— З трэцяга батальёна. Ляжыць там, канае, жывот распораны, ногі перабітыя.

— Не трэба было, — вырвалася ў Цімошкіна. — Шкада ж чалавека.

Комментарии:
Популярные книги

Истребитель. Ас из будущего

Корчевский Юрий Григорьевич
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
альтернативная история
5.25
рейтинг книги
Истребитель. Ас из будущего

Огненный князь 4

Машуков Тимур
4. Багряный восход
Фантастика:
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Огненный князь 4

Пенсия для морского дьявола

Чиркунов Игорь
1. Первый в касте бездны
Фантастика:
попаданцы
5.29
рейтинг книги
Пенсия для морского дьявола

Истинная поневоле, или Сирота в Академии Драконов

Найт Алекс
3. Академия Драконов, или Девушки с секретом
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.37
рейтинг книги
Истинная поневоле, или Сирота в Академии Драконов

Мимик нового Мира 10

Северный Лис
9. Мимик!
Фантастика:
юмористическое фэнтези
альтернативная история
постапокалипсис
рпг
5.00
рейтинг книги
Мимик нового Мира 10

Кровь на эполетах

Дроздов Анатолий Федорович
3. Штуцер и тесак
Фантастика:
альтернативная история
7.60
рейтинг книги
Кровь на эполетах

Я все еще не князь. Книга XV

Дрейк Сириус
15. Дорогой барон!
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Я все еще не князь. Книга XV

Возмездие

Злобин Михаил
4. О чем молчат могилы
Фантастика:
фэнтези
7.47
рейтинг книги
Возмездие

Ратник

Ланцов Михаил Алексеевич
3. Помещик
Фантастика:
альтернативная история
7.11
рейтинг книги
Ратник

Мимик нового Мира 3

Северный Лис
2. Мимик!
Фантастика:
юмористическая фантастика
постапокалипсис
рпг
5.00
рейтинг книги
Мимик нового Мира 3

Удиви меня

Юнина Наталья
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
5.00
рейтинг книги
Удиви меня

Идеальный мир для Лекаря

Сапфир Олег
1. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря

Наследник

Шимохин Дмитрий
1. Старицкий
Приключения:
исторические приключения
5.00
рейтинг книги
Наследник

Бездомыш. Предземье

Рымин Андрей Олегович
3. К Вершине
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Бездомыш. Предземье