Чтение онлайн

на главную

Жанры

Здрада

Быкаў Васіль

Шрифт:

Прыбыўшы разам з папаўненнем у стралковы полк, Блішчынскі неяк не пайшоў у батальён. Пэўна, як мастака яго ўзяў да сябе начальнік артылерыі — там трэба было шмат што чарціць і прыгожа пісаць, а на тое Блішчынскі ўжо стаў сталы майстра. Так ён і прыжыўся пры штабе — насіў афіцэрам сняданак, уранку паліваў ім з кацялка ваду, клапаціўся пра ўтульнасць іхніх зямлянак, а астатні час знаўся з паперамі. I з усім, відаць, ён спраўляўся някепска. Калі пачалося наступленне і Цімошкін з прастрэленай голенню трапіў у медсанбат, Грышка ўжо меў медаль «За баявыя заслугі», да яго неўзабаве прыбавіўся «За вызваленне Бялграда», у які ён

уехаў на штабной машыне.

Цімошкін бачыў усё гэта, абураўся ў душы, але на людзях маўчаў. Ён думаў — чорт з ім, кожнаму сваё, урэшце, не Блішчынскі, дык хто іншы сядзе на тое месца ў штабе, бо патрэбны і пісары. Зноў жа, ці добра было хадзіць да начальства, нешта даказваць, выкрываць — усё ж яны былі землякі, свае людзі. Праўда, Цімошкін не меў да яго ніякае справы, у хлопца былі свае харошыя сябры, і ён толькі хацеў, каб гэты чалавек ні ў чым не датычыў яго. Але вось недарэчны вайсковы лёс звёў іх на адной сцяжыне, і Цімошкін падумаў цяпер, што з гэтага наўрад ці выйдзе што добрае.

3

Ісці станавілася ўсё цяжэй. Яны набрылі на нейкі палетак, пэўна, узараны ўвосень, боты коўзаліся, ногі падварочваліся на грудах і ямках, вецер сек снегам па твары і сляпіў вочы. Было няўтульна і сцюдзёна. Снег падтайваў, ліпнуў да твару і па шыі золкай макрэддзю сцякаў за каўнер. Шчокі ўсё больш дубянелі ад сцюжы, мерзла і балела ад холаду захутаная ў бінты рука. Рукавіцы Цімошкін недзе згубіў у баі і цяпер здаровую руку хаваў за пазуху або ў кішэню. Але тады спаўзаў з пляча рэмень аўтамата, трэба было прытрымліваць яго, і пальцы так закалелі, што ледзьве згіналіся.

Наваколле звузілася, адасобілася ад іх мільготкім полагам снегу, і хлопец ледзьве мог пазнаваць наперадзе цьмяныя постаці сваіх спадарожнікаў. Ён ішоў па іхніх слядах, ужо прысыпаных снегавой пацярухай, і думаў: хоць бы не спатыкнуцца, не пакаўзнуцца, бо тады наўрад ці знайшоў бы ў сабе сілы ўстаць. Надвор’е трохі абнадзейвала. Хоць і цяжка было ісці, але яны разумелі, што пад такім снегам лягчэй будзе мінуць перадавыя нямецкія часці, і калі яны дзе нечакана не наткнуцца на немцаў, дык заўтра будуць у нашых. Толькі б дабрацца да сваіх, пазбыцца адзіноты, і там ужо нічога не было б ім страшна.

Снуюць, мітусяцца сняжынкі, шапоча, віруе, імкне ля ног снегавая віхура, цягнуцца і цягнуцца ў доле бясконцыя ямкі хлопцавых слядоў. У Шчарбака след шырокі і роўны, боты вялізныя (сорак чацвёрты памер — такіх болей ніхто не насіў у батарэі), Блішчынскі ж свае трымае трохі навыверт, наскамі ў поле…

Раптам перад Цімошкінавым тварам — Шчарбак. Пэўна на хаду прыдрамаўшы, замковы не заўважыў, як хлопцы спыніліся, каб перавесці дыханне і дачакацца яго. Ён здрыгануўся, прахапіўся з санлявасці, і ўсё — непагода, хлопцы і снег — здалося нечаканым, як бывае, калі чалавека знянацку пабудзяць.

— Кажу, прыстаў, мусіць? — пытаўся Шчарбак, стоячы перад ім, увесь абсыпаны снегам.

— Нічога, — сказаў Цімошкін, адчуўшы ў яго голасе ледзьве прыкметныя ноткі спагады. Ад гэтага клопату хлопец зноў стаў мацнейшы, нядаўняя крыўда ўраз прапала — цяпер ён ужо разумеў, што ў такіх абставінах недарэчна залішне патрабаваць ад сябра. Шчарбак падышоў да яго і крануў на плячы аўтамат.

— Дай сюды, — упэўнена, як пра нешта дробнае, сказаў ён і зняў з яго зброю. На дзязе ў наводчыка вісеў пісталет, на спіне быў рэчмяшок з клінам, на правым

плячы хлопец нёс аўтамат Скварышава, цяпер на левае начапіў яшчэ зброю Цімошкіна. Блішчынскі тым часам стаяў побач, адвярнуўшыся ад ветру, і чакаў, каб рушыць далей.

— Так, хлопцы, пад вецер трымайце. Цяпер вецер — арыенцір, — сказаў ён з прывычнай сталай самаўпэўненасцю.

Зноў яны пайшлі па полі, супраць ветру, нізка ўгнуўшы галовы, каб трохі засцерагчыся ад сцюжы. I зноў Цімошкін пачаў патроху адставаць, а яны ўсе — Шчарбак, Блішчынскі і нават Здабудзька, няпэўнымі цёмнымі плямамі варушыліся наперадзе ў снегавым змроку. Добра, што ў доле заставаўся след, і хлопцу не трэба было дужа ўглядацца, каб не збіцца з кірунку.

Змораны і апанураны гэтай хадою, ён не адразу пачуў, як там, наперадзе, дзе ішлі хлопцы, нешта здарылася. Здаецца, хтосьці ўскрыкнуў, затым зусім блізка і трошкі ўбаку загрукацела чарга, да яе зараз жа далучылася другая з іншага месца — шэрую каламуць ночы над галовамі прарэзалі трасіруючыя агніста-зялёныя струмені куль. Гэта здарылася так нечакана і так блізка, што, не зразумеўшы яшчэ, у чым справа, Цімошкін распластаўся на снезе. У голаў адразу ўдарыла думка: «Прапалі!» I тады зусім непадалёк у заснежаным небе рассыпалася агаяная кветка ракеты. Яе блізкае дрыготкае святло, нядоўга патрымаўшыся ў снегавой высі, асвяціла белае пустое поле і тры цьмяныя постаці зводдаль. Па зеленаватым мільготкім снезе яны апантана беглі некуды ўбок, Цімошкін зараз жа ўскочыў і з новаю сілай ірвануў у змрок за таварышамі.

Некалькі трасіруючых чэргаў сцябалі ноч зялёнымі пісягамі куль. Ззаду засвяціла, другая ракета. У доле ад хлопцавых ног палахліва кінуўся ўбок доўгі хісткі цень. Ён упаў, пасля ўскочыў, азірнуўся — здаецца, за імі не гналіся.

Крышку адышоўшы ад перапалоху, Цімошкін зразумеў, што гэта стралялі з танкаў — гукі стрэлаў былі гулкія, нібы аддаваліся ў бочцы. Але неяк раптоўна ўсё змоўкла, пэўна, кулямёты дастралялі па стужцы і сціхлі. Ззаду яшчэ загарэлася ракета, пасля яшчэ дзве разам. Хлопец прысеў, углядаючыся ў змрок, трошкі падсветлены імі — наперадзе нешта цямнела. Калі ракеты згаслі, стала вельмі цёмна, і Цімошкін, як толькі мог, цяжка і нязграбна патрухаў туды, дзе яму паказаліся людзі.

Бегчы давялося доўга, а таварышаў усё не было, і ён ужо пачаў непакоіцца. Але вось з прыцемак невыразна пачулася: «Гэй!» Цімошкін угледзеўся — наперадзе праз снег чарнеў голы куст, і ля яго варушыліся людзі. Хлопец падышоў — ля куста стаяў Шчарбак. Ён чакаў сябра, аддаў назад ягоны аўтамат і запытаўся:

— Здабудзькі не бачыў?

Ля раскідзістай купкі галля, якое высвіствала на ветры сваю непрытульную песню, сядзеў на снезе Блішчынскі; Здабудзькі тут не было. Цімошкін таксама не бачыў яго, бо, калі пачуліся стрэлы, той ішоў наперадзе з хлопцамі.

Пакуль Шчарбак узіраўся ў ноч, Цімошкін падышоў да куста і паваліўся ў снег. Знямога, здаецца, скавала ўсё цела, хлопцу не хацелася ні думаць, ні варушыць нічым, толькі б ляжаць. Блішчынскі ж пасля хуткага бегу цяжка, зморана дыхаў, прываліўшыся на локаць к долу.

— Разумееш, ледзьве ў самыя іх лапы не ўлезлі, — задыхаўшыся, усхвалявана казаў сяржант. — Добра, што гэты салдат ваш неяк згледзеў і крыкнуў. Ось жа ліха яшчэ! Не хапала ўчарашняга…

Шчарбак, углядаючыся ў цемру, пратупаў каля куста і ціхенька, ледзьве не шэптам, паклікаў:

Поделиться:
Популярные книги

Истребитель. Ас из будущего

Корчевский Юрий Григорьевич
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
альтернативная история
5.25
рейтинг книги
Истребитель. Ас из будущего

Огненный князь 4

Машуков Тимур
4. Багряный восход
Фантастика:
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Огненный князь 4

Пенсия для морского дьявола

Чиркунов Игорь
1. Первый в касте бездны
Фантастика:
попаданцы
5.29
рейтинг книги
Пенсия для морского дьявола

Истинная поневоле, или Сирота в Академии Драконов

Найт Алекс
3. Академия Драконов, или Девушки с секретом
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.37
рейтинг книги
Истинная поневоле, или Сирота в Академии Драконов

Мимик нового Мира 10

Северный Лис
9. Мимик!
Фантастика:
юмористическое фэнтези
альтернативная история
постапокалипсис
рпг
5.00
рейтинг книги
Мимик нового Мира 10

Кровь на эполетах

Дроздов Анатолий Федорович
3. Штуцер и тесак
Фантастика:
альтернативная история
7.60
рейтинг книги
Кровь на эполетах

Я все еще не князь. Книга XV

Дрейк Сириус
15. Дорогой барон!
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Я все еще не князь. Книга XV

Возмездие

Злобин Михаил
4. О чем молчат могилы
Фантастика:
фэнтези
7.47
рейтинг книги
Возмездие

Ратник

Ланцов Михаил Алексеевич
3. Помещик
Фантастика:
альтернативная история
7.11
рейтинг книги
Ратник

Мимик нового Мира 3

Северный Лис
2. Мимик!
Фантастика:
юмористическая фантастика
постапокалипсис
рпг
5.00
рейтинг книги
Мимик нового Мира 3

Удиви меня

Юнина Наталья
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
5.00
рейтинг книги
Удиви меня

Идеальный мир для Лекаря

Сапфир Олег
1. Лекарь
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря

Наследник

Шимохин Дмитрий
1. Старицкий
Приключения:
исторические приключения
5.00
рейтинг книги
Наследник

Бездомыш. Предземье

Рымин Андрей Олегович
3. К Вершине
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Бездомыш. Предземье