Жалезныя жалуды
Шрифт:
Ен рыўком ускочыў на ногі, прыгінаючыся, пабег да сваіх дружыннікаў. Праз нейкі час вялікая грамада людзей рынулася з дубровы на Казлейку і Жэрнаса.
— Ату! — крычалі дружыннікі.
— Бі іх!
— Заганяй цемрукоў у балота!
Жэрнас ірвануўся быў на людскую сцяну, але сустрэлі дзідамі, сякерамі, дубінамі. З акрываўленым лычам, падціснуўшы хвост, ён адступіў задам да рачулкі. Маленькія, глыбока пасаджаныя вочы насцярожана сачылі за ўсім, што пагражала
У гэты час Казлейка, хлюпаючы па гнілой чорнай вадзе, перабягаў на супрацьлеглы бераг. Імкліва слізгалі, хаваліся хто-куды шматлапыя срэбна-шэрыя павукі, жукі-плывунцы. Атлусцелы вадзяны пацук не паспеў вывернуцца, піскнуў пад нагою. Страла дагнала Казлейку тады, калі ён ужо ўздзіраўся на грузкі, расквашаны дажджамі бераг.
Жэрнас краем вока ўбачыў, як спатыкнуўся, а потым апусціўся на калені і папоўз у хрусткі чарот ягоны сябрук, самы найлепшы, самы наймудрэйшы з людзей. Чорная злосць-ярасць, здаецца, разарвала галаву. Дзік ашалела кінуўся ўперад. Магутнае цела, як таран, ударыла ў натоўп, і людзі ў жаху расступіліся. Двух ці трох дружыннікаў дзік зваліў на зямлю, Далібору абадраў бок. Але зноў узвіліся і люта апусціліся на тлусты хіб і на чэрап дубіны з сякерамі. Жэрнас разявіў пашчу, і Бачыла, на якога ён ляцеў, паспеў укінуць, увапхнуць у гэту жахлівую пашчу скураную торбу. У торбе абачлівы меднік насіў хлеб, крэсіва, трут. Ляжалі ў ёй і жалезныя жалуды, якія падараваў у новагародскай коўніцы Бяссмертны Кандрат.
— Давіся! — крыкнуў Бачыла.
Агаломшаны Жэрнас павярнуўся, потым услед за Казлейкам рынуўся ў рачулку. Узнялася бурлівая хваля, калі ён, ужо няцвёрда, хістка, ішоў па вадзе.
— Не трэба даганяць, — сказаў Далібор.
Усе глядзелі, як гара мяса і сала выпаўзае на бераг, як марудна шыецца ў чараты, пакідаючы за сабой крывавы ручай. Праз два дні над балотам закружылася вараннё…
У гэты ж самы час дажываў свае апошнія дні Міндоўг. Яму здавалася, што мір і спакой наступілі нарэшце ў дзяржаве, што яго палюбілі ўсе: і сяляне, і купцы, і баяры, і ўдзельныя князі. Яму здавалася, што даўно высахла кроў ягоных праціўнікаў, ягоных родзічаў, усіх, каго ён забіў. Марфа дарыла ўначы вялікаму кунігасу сваю жаночую пяшчоту. Мякка свяціліся пад ранішнім сонцам жнівеньскія росы 1263 года…
Але падманным быў спакой. Усе, хто меў сілу, захопліваў і раздаваў налева і направа абшчынныя землі. Князі ненавідзелі адзін аднаго, а ўсе разам ненавідзелі Міндоўга. Рымская курыя дзень і ноч думала, як бы скрышыць, знішчыць апошнюю ў Еўропе паганскую дзяржаву. Упарты Войшалк зноў вярнуўся ў Новагародак і быў сустрэты ўсеагульным радасным крыкам народа. У Ваўкавыйску
У кунігаса апошнімі днямі балела галава. «Боль — таксама жыццё», — сашчаміўшы зубы, думаў ён і аб'явіў паход супроць князя Рамана Бранскага. Усіх сваіх падручных князёў і баяр прымусіў кунігас ісці на ўсход, каб заваёўваць новыя землі. Сам разам з сынамі, разам з дваром ехаў трохі ззаду…
Раніцой 5 жніўня 1263 года загрымела навальніца. Гняўлівыя зломы чырвоных маланак перасеклі неба. Міндоўг з сынамі Руклюсам і Рупінасам спаў у паходным шатры. Густа білі па туга нацягнутым палатне дажджавыя кроплі.
Раптам каля ўвахода дзіка закрычаў і адразу ж захрыпеў баярын-ахоўнік. Міндоўг вылецеў з туравай шкуры, у якой спаў, згарнуўшыся клубком, вылецеў, быццам страла з лука. А на парозе ўжо стаяў кунігас Доўмант з мячом у руцэ. Чалавек дваццаць — трыццаць, узброеных, злых, тоўпіліся за ягонымі плячамі.
— Чаму ты вярнуўся? — раздражнёна спытаў Міндоўг.
Ні слова не кажучы, Доўмант ударыў з усяго пляча. Ягоныя саўмыснікі пачалі секчы яшчэ сонных Міндоўгавых сыноў. Да апошняга ўздыху Міндоўг маўчаў, толькі голымі рукамі лавіў, перахопліваў чырвоныя ад крыві лёзы мячоў, сваім целам закрываючы дзяцей.
Вялікім князем зрабіўся жамойцкі кунігас Трайнат. Ен паклікаў Таўцівіла, каб той прыехаў з Полацка дзяліць «зямлю і дабытак Міндоўгаў». Таўцівіл, надумаўшыся забіць Трайната, прыехаў, але першым смяротны ўдар нанёс Трайнат. Войшалк зноў уцёк, у Пінеск, Далібор — у пушчу. А праз нейкі час Міндоўгавы конюхі зарэзалі Трайната, калі той ішоў у лазню-мыйніцу. Трайнат паміраў пакутліва, доўга крычаў страшным голасам.
Узнялася, забурліла Новагародская зямля і Літва. Далібор з дружынаю выйшаў з пушчы. Тысячы людзей сталі пад ягоныя харугвы. Трэба было ратаваць дзяржаву, якая нарадзілася ў агні і крыві. Адразу ж Войшалк з пінянамі рушыў праз лясы і балоты ў бок Новагародка. Недзе каля Ясельды два войскі сустрэліся.
— Слава вялікаму князю! — крыкнуў Далібор і схіліў перад Войшалкам калена. Войшалк абняў ваўкавыйскага князя, пацалаваў. Далей яны пайшлі разам.
Неадступна і грозна рухалася шматтысячнае войска на поўнач. Недзе там, у пракаветных пушчах, у зеленатраўных лугах, іскрыўся пад сонцам, клікаў да сябе Нёман.
І ў гэты самы час у Лукеры і Курылы Валуна нарадзіўся сын, прыгожы і здаровы. Шчаслівы Курыла ўзняў першынца на сваёй вялізнай далоні, сказаў:
— Расці, сынок. Расці, ліцвінок. Добрым воем будзеш.
Лукера смяялася. Сын залівіста плакаў. Сонца пазірала ў акно.