Званы Нямігі
Шрифт:
Пасяліўшыся на беларускіх землях, татары аказаліся адлучанымі ад мацярынскіх традыцый, паступова страцілі сваю мову. Але ў іх захоўваліся кнігі, выдадзеныя па-арабску. Каб далучаць да гэтай духоўнай скарбніцы моладзь, патрабавалася нейкае выйсце.
І яно было знойдзена. Арабскія кнігі сталі перакладаць на беларускую мову. Але не беларускімі літарамі, а арабскім пісьмом і, як правіла, рукапісным спосабам. Часам беларускі пераклад рабіўся проста на старонках друкаваных кніг.
У Кітабах захаваны найперш тлумачэнні малітваў, пастоў, апавяданні з жыцця Магамета і яго прарокаў, апісанні рэлігійных абрадаў і звычаяў. Як і ў іншых арабскіх кнігах, тэкст у Кітабах напісаны і чытаецца справа налева, пачынаецца ў нізе старонкі і ў самым канцы нашых звыклых
Найбольш багатым на Кітабы было ХVІ стагоддзе, якое, дарэчы, і для беларускай літаратуры сталася асабліва плённым. А вось з ХVІІІ стагоддзя пачала адчувацца паланізацыя грамадскага жыцця. Кітабы сталі пісацца лацінкай. Аднак і ў гэтых умовах татары не паддаваліся асіміляцыі. Не маючы мажлівасці ствараць новыя кнігі, яны актыўна перапісвалі даўнія. Тыя, што сталіся звыклымі ў кожнай сям’і. Бо ў іх былі знаёмыя легенды і казкі, паэмы і замовы, рэцэпты лекаў і парады, у іх жыў дух далёкай і ўжо незваротнай першарадзімы. Кнігі захоўвалі маральна-этычныя павучанні для моладзі, вучылі шанаваць бацькоў, гасцей, бедных. Яны мелі матэрыял, прыдатны на кожны дзень. Такія кнігі называліся Хамаіл – тое, што носіцца з сабой. Хамаіл быў самай папулярнай кнігай у беларускіх татар. А яшчэ існаваў Далавар – папяровы скрутак малітваў, які часта клалі ў магілу памерлым.
Тое, што мусульманскія пісьменнікі і перапісчыкі карысталіся беларускай мовай, сведчыць пра яе вялікія магчымасці. Арабскім шрыфтам было найбольш латва перадаваць асаблівасці нашай мовы. Калі ў афіцыйных дакументах Вялікага княства Літоўскага ўжывалася старабеларуская літаратурная мова, то ў Кітабах яна была жывой, мясцовай, размоўнай. Аднак ніякіх падручнікаў не існавала. Навыкі перадаваліся ад бацькі да сына. Паколькі агульных правілаў таксама не было, то розныя аўтары адно і тое ж слова маглі пісаць па-рознаму.
Так вось у беларускай культуры загадкава перапляліся татарскія матывы.
СМАРГОНСКАЯ МЯДЗВЕДЖАЯ АКАДЭМІЯ
Якіх толькі навучальных устаноў не сустрэнеш на свеце. Але сярод іх была адна – ці не адзіная і самая знакамітая на ўсю Еўропу. Месцілася яна ў беларускім горадзе Смаргонь і называлася мядзведжай акадэміяй. “Акадэмікамі” ў ёй былі, вядома ж, касалапыя мішкі з навакольных лясоў.
Заснавалі мядзведжую акадэмію ў ХVІІ стагоддзі князі Радзівілы. Адбор вучняў быў строгі. Іх адлучалі ад бацькоў яшчэ малымі. Часта рабілі гэта ўвішныя цыганы, якія пасля станавіліся гаспадарамі вучаных мядзведзяў. Вучылі артыстаў шэсць гадоў – не менш, чым у іншых вучэльнях. Так што і раней, каб стаць акадэмікам, даводзілася добра папацець. А мішкам – дык у прамым сэнсе гэтага слова.
Пасля таго, як іх на самым пачатку вясны адшуквалі ў вялізных сасновых лясах, што густа атулялі Смаргонь, не марудзячы прыступалі да справы. Дзеля гэтага будавалі спецыяльныя класы. Часта гэта была прасторная хата, падлогай якой служыў чэран вялікай печы. Мядзведзяў навязвалі да слупа ў цэнтры, а ў печы распальвалі агонь. Заднія лапы вучняў абувалі ў лапці, абгарнуўшы папярэдне анучамі. Печ награвалі да той пары, пакуль малады звер не станавіўся на заднія лапы. А калі не ўратоўвалі і лапці, ён пачынаў падтанцоўваць -- пераступаць з адной лапы на другую. Настаўнік у гэты час біў у бубен альбо граў на дудцы. Рытм музыкі супадаў з рытмам таптання мядзведзя. Заняткі праводзіліся штодзённа. Так доўжылася ад аднаго да двух месяцаў – у залежнасці ад здольнасці вучняў і настойлівасці дрэсіроўшчыка.
Пасля гэтага мядзведзяў выводзілі з хаты на волю. Тут іх зноў цешылі бубнам альбо дудкай. Але, навучаныя клеткай-хатай, звяры не чакалі, пакуль гарачы чэран падсмаліць пяты, і пачыналі адразу танцаваць. За такую стараннасць іх частавалі пернікам. Ды яшчэ пыталіся: “А скажы, Міхале, ты любіш пернікі?” Калі той ківаў у знак згоды галавой, атрымліваў яшчэ адзін.
Дзеля важнай справы навучання скарыстоўвалі і “французскія пагоркі”, якіх было шмат у ваколіцах Смаргоні. Казалі, што яны засталіся ад імператара Напалеона. Тут зрабіў ён апошні прыпынак, перш чым кінуў рэшткі сваіх маршалаў і гвардзейцаў і ў звычайных санях уцёк з негасціннай беларускай зямлі.
А “французскія пагоркі”, што засталіся ля Смаргоні, прыдаліся для акадэмічных класаў. На іхніх вяршынях капалі трохметровыя ямы. У іх апускалі жалезныя клеткі з мядзяным дном. Збоку пракопвалі ход і знізу раскладвалі вогнішча. У клетку ўпускалі 2 – 3 медзвядзянят. Далейшае навучанне вялося ўжо вядомым спосабам.
Вытрымаўшы выпускныя экзамены, акадэмікі-скамарохі разам са сваімі павадырамі разыходзіліся па гарадах, вёсках і мястэчках беларускай зямлі. Траплялі ў Расію, Польшчу, Францыю, Германію. Даходзілі нават да Венгрыі, дзе хапала і сваіх вучаных мядзведзяў. Аднак выпускнікі Смаргонскай акадэміі былі больш спрытныя і пацешныя. Чаго толькі яны не вытваралі. Умелі танцаваць, паказваць, як п’яны мужык з кірмашу дамоў вяртаецца, як чарку куляе, як бабы ідуць на паншчыну і з паншчыны. Умелі насіць ваду на каромысле, калоць дровы, частаваць гасцей, гнуць дугі. Заўзята барукаліся, абдымаліся і цалаваліся. Так французы, немцы, палякі і іншыя насельнікі Еўропы знаёміліся са звычаямі, характарам і заганамі беларусаў.
А калі заканчваўся пацешны сезон, недзе ў лістападзе артысты разам са сваімі павадырамі вярталіся дамоў. Гэта было абавязковай умовай захавання працаздольнасці чацвераногіх скамарохаў. Хоць прафсаюзаў тады і не было, а правы працоўных стараліся аберагаць. Дома іх чакалі загадзя падрыхтаваныя зімовыя кватэры, дзе, як і ў кожнай роднай хаце, было і ўлежна, і ўежна. Спячка доўжылася да пачатку вясны. З першымі цёплымі днямі ўсё пачыналася нанава. Кароткае паўтарэнне пройдзенага і разам з навічкамі бывалыя артысты выпраўляліся ў блізкія і далёкія паходы па гасцінцах, дарогах, сцежках. Смаргонскія вучні ішлі весяліць людзей, пацяшаць іх і разносіць па свеце славу пра знакамітую Смаргонскую акадэмію. І пра Радзівілаў, ейных гаспадароў і апекуноў, -- таксама. Апекуны ж мелі з гэтага не толькі маральнае задавальненне.
Ды і самі Радзівілы якіх толькі пацех і забаў не выдумлялі. Кажуць, самыя смелыя з іх, аматары паштукарыць ездзілі на запрэжаных у карэту мядзведзях ажно ў Варшаву. Іншыя звыкла прагульваліся на таптыгіных па сваіх вотчынах, адведвалі суседзяў. Некаторыя нават летам запрагалі мядзведзяў у сані, пасыпалі соллю дарогі і каталіся да знямогі. А соль тая пасля станавілася каштоўным здабыткам простых людзей.
Аднак часам гэткага здзеку не вытрымлівалі нават паслухмяныя мядзведзі. Аднойчы князь Радзівіл вырашыў наладзіць дочкам агляд спрыту і кемлівасці вучняў акадэміі. Прыехалі яны ў Смаргонь, мядзведзі перад імі стараюцца, як збяднелыя мужыкі перад панам. Але адзін, дужы і вялікі, быў чамусьці сярдзіты. Князь хацеў даведацца, у чым справа, а гэты Чорт (так звалі мядзведзя) усім сваім цяжарам накінуўся на князя. Відаць, паквапіўся на залатыя гузікі. Каб не вартаўнік Саўка са сваімі пудовымі кулакамі, не жыў бы князь. Аднак не дачакаўся Саўка падзякі за паратунак, а Чорта таго застрэлілі, каб іншым гузікі не абрываў.
Смаргонская вучэльня запачаткавала і яшчэ адну цікавую справу – выраб першых беларускіх абаранкаў, якія вельмі хутка набылі пашырэнне і ў Еўропе. Мядзведжым павадырам у дарозе патрэбен быў харч. Вось і прыдумалі яны замест хлеба смачныя і хрумсткія абаранкі.
Мядзведжая акадэмія ў Смаргоні існавала ледзь не да паловы ХІХ стагоддзя. Шмат таленавітых артыстаў выйшла з яе класаў. Яшчэ мо і сённяшнія цыркавыя мядзведзі з’яўляюцца праўнукамі тых славутых акадэмікаў.
Што ўсё тое не прыдумка, засведчыла выдадзеная ў 1896 годзе расійская Вялікая энцыклапедыя: “Смаргонь – заштатны горад Віленскай губерні. Некалі атрымаў даволі гучную вядомасць існаваўшым тут промыслам навучання мядзведзяў. Яшчэ сто гадоў таму мядзведзі, якіх у насмешку празвалі вучнямі “Смаргонскай акадэміі”, хадзілі з павадырамі не толькі па Расіі, а і па ўсёй Еўропе”.