Адвечная песня
Шрифт:
Зіма
Як жыў, як дуж, як маешся? Ці жыці не дакучыла? Усюды я шатаюся I да цябе во лучыла. Кандалікамі звонячы, Іду к табе — ўсясільная, На долю тваю помнячы, Іду к табе — магільная. Над цэлай над старонкаю Я паняй разгасцілася; Мой снег ляжыць пялёнкаю, Ў мой лёд рака пакрылася. Гуляю я з марозамі, Гуляю я са сцюжамі, Смяюся я над слёзамі, IМужык
Ой, Зімка, пані ясная! Не варта наругаціся, Прытыкі кінь напрасныя: 3 кім тут за плечы браціся? Я з сілаю разлучаны: Ў палях, лугах загінута… Няўдачамі замучаны, Пацехамі пакінуты. Рукою чуць пакратаю; Не муч жа абарванага! Пад футры йдзі багатыя, Ў палацы мураваныя! Сям’я мая галодная, Хаціна мая хіліцца. Ідзі, Зіма нягодная! Не дуж з табою сіліцца.Зіма
Не дам ніколі веры я Тваёй брахні ап’янчанай, Што гора цябе мерае, Што слёзамі ты няньчаны. Каму ж тут хвойкі валяцца Рукою мазалістаю? I шуркі каму ставяцца На пасеку на чыстую? Ці ж хата з хвойкі зваленай Не грэта, не пастаўлена? Ці ж пасека не сеяна, Сахой тваёй абнесена?Мужык
Туды, ў краі далёкія, Як дні мінуць кароткія, Сасоначкі высокія Плывуць ракой-паводкаю. Гасцінцамі, дарогамі У горад шуркі цягнуцца,— Не за маймі парогамі Скарб пасечны хаваецца.Зіма
Табе жыццё, знаць, сцелецца, Як бы сама нуда тая; Пашлю ўдабаў мяцеліцу, Няхай з бядой рассватае.Адыходзіць. Пачынаецца мяцеліца. Цямнее. Хвойка, падсечаная, з трэскам і грукам валіцца і забівае Мужыка. Стада згаладалых ваўкоў прыбліжаецца к нябожчыку. Лес стогне.
XI. ХАЎТУРЫ
Хата. Насупроць дзвярэй у белай дамавіне ляжыць Мужык. Сталяр раскідае палок, бярэ дошкі з яго і робіць века к дамавіне. За сталом суседзі пяюць па нябожчыку. Жонка галосіць і прыгаварвае. Дзеці хліпочуць. Стары бацька, крэкчучы, злазіць з печы. Мяцеліца шуміць. У коміне жаласліва вые вецер.
Жонка
А мой ты сакалочак! А мой ты каралёчак! Ляжыш, не ўстанеш болей… О доля ж мая, доля! Без часу смерць-магіла Жыццё тваё скасіла; Ў няшчасную гадзіну Сіротачак пакінуў. Сіроткі ўсе малыя, I есць не маюць тыя, I дроў няма палена, I ў пуні няма сена. Як жыў, як ты свет бачыў, Усё ж было іначай, Ці ў полі ты… ці ў людзі… Што з намі цяпер будзе? Нашто на свет раджацца, Хто мае з ім расстацца, I горкі жаль кідаці Ўдаве, бацькам, дзіцяці…Бацька (уціраючы няўзнак слёзы)
Дзяржыць бяда старога, Хаваюць маладога; Забрала дамавіна Не бацьку, але сына. Не месца мне у хаце: Не дуж я працаваці; Пры кім дажыць тут веку Няшчаснаму калеку? Вазьму я хіба ўнука, Ці ў свет ісці навука? — Пайдзём ад хат да хаты I к бедным і к багатым. Збірай, стары, хатомкі, I зрыўкі, і атопкі: I жыва з хаты роднай На сівер на нязводны!(Выцягвае з-за печы лахманы і атопкі.)
Сталяр (кончыўшы века да труны)
Як згаварыці слова, I века ўжо гатова, Закрыць дамоўку можна, Падходзь прашчацца кожны. Падходзь, чужы і хатні, Заглянуць раз астатні Вось на таго, што дзетак Без часу кінуў гэтак. Не кепскім быў суседам: Шоў прадзедаўскім следам, Не крыўдзячы нікога; Цярпеў сам крыўдаў многа.Меншы сын (цалуючы нябожчыка ў руку — да маткі)
Чаму, скажы, матуля, Прыбраны так татуля Ляжыць у гэтай скрыні Такі халодны, сіні?Большы сынок
Не лезь ты без патрэбы: Душа ўжо таткі ў небе. Не ўстане і на лета; Памёр ён, значыць, гэта.Дзеці адступаюцца; падыходзяць прашчацца другія. Сталяр забівае векам дамоўку. Суседзі бяруць нябожчыка на плечы і выносяць з хаты.
Хор
Рай светлы, бесканечны На судзе астатэчным Дай, Божа, ўсім загнаным На векі векаў. Аман!Жонка і дзеці галосяць. Бацька, абвешаны торбамі, забірае ўнука і ідзе ў свет. Хата застаецца пустая. Чутны званы. Выюць сабакі.
XII. НА МОГІЛКАХ
Цёмная ноч перад Узвіжаннем. Могілкі. Лётаюць совы і кажаны. На паваленым крыжы сядзіць цень Мужыка.
Цень Мужыка
Што насып размыла жвіровы? Што спаць мне ў зямлі не дае? Чаго кажаны тут і совы Зляцелісь на косці мае? Прэч, гадзіны, сліўні, рапухі! Хоць згіньце ў праметнай на дне. Благія і добрыя духі, Прыблізьцеся жыва ка мне. Так спаць неахвота век цэлы; Мне хочацца ведаць, пачуць, Што чутна на свеце на белым? Патомкі мае як жывуць? Ці досыць ім хлеба, да хлеба, Як добра ім плаціць зямля? Ці ласкі ад свету, ад неба Не маюць, як некалі я? Ці песні пяюць, ці, як мухі, Ў цянётах гніюць павука? I ўсё гаварыце мне, духі, Што зроблена для мужыка.