Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:
Найміт удавана скрушна ўздыхнуў.
— Як вы засмуцілі мяне, ваша мосць. Бо маю даручэнне прывезці вас незалежна ад жадання панны, таму што воля вашага брата і жаніха маюць моц большую.
— Ягоная мосць Пац мне пакуль не жаніх! — адчайна выкрыкнула хрыплым ад застуды голасам Багінская. — Лепей у моры згінуць, чым з ім пашлюбавацца!
Пакой, дзе адбывалася размова, быў завешаны пастаральнымі пейзажыкамі: пастухі і пастушкі ў прыгожанькіх строях пасвілі авечачак, гайдаліся на арэлях, збіралі кветачкі… Так, што хацелася запусціць у іхні марцыпанавы свет натуральнага худога і злога ваўка… Ці хаця б з’едлівага прафесара
— А я замест панны з’езджу ў Ангельшчыну, дапамагу сваім дарагім сябрам панам Вырвічу ды Лёдніку ў дарожных цяжкасцях.
Прафесар пазмрачнеў, але пярэчыць не стаў: вядома, спрактыкаваны забойца за спадарожніка — справа нярвовая, але лепей мець яго пры сабе, чым ён будзе круціцца дзесьці каля Саламеі.
— Панна Багінская сама павінна вырашаць, ехаць ёй ці заставацца! — усклікнуў Пранціш. — Ваша мосць не можа яе прымушаць.
— А я тут пры чым? — удавана здзіўлена прамовіў Ватман. — Панна незамужняя, таму яе апекун — ейны брат. Збірайцеся, ваша мосць! Карэта чакае.
Паланэя збялела, як ліпіначка. Бездапаможна азірнулася ў пошуках ратунку.
— Калі вашамосць сцвярджае, што жаніх мае права вырашаць лёс сваёй нявесты, дык не бачу ніякіх перашкодаў для паразумення! — раптам ступіў наперад Амерыканец, так расправіўшы шырокія плечы, абцягнутыя аксамітным залацістым шлафрокам з пясцовай апушкай, што ўтульная хатняя вопратка падалася воінскай кальчугай. — Яснавяльможная панна зрабіла мне гонар назвацца маёй нявестай!
— Што? — Пранціш веры вушам не даваў. Панна Паланэя, падобна, таксама такога не чакала і цяпер не ведала, што рабіць.
— Вашамосць не шмат на сябе бярэ, называючыся жаніхом панны Паланэі Багінскай, сястры ягонай мосці князя Міхала Багінскага? — халодна і трохі насцярожана спытаў Ватман. Амерыканец задраў нос:
— Я — пан Гервасій Агалінскі, на сёння — старэйшы ў нашым родзе, мечнік Дрысвяцкі, паручнік войска ягонай мосці князя Радзівіла. Панна Багінская пад маёй абаронай, і калі вы, пан Ватман, будзеце настойваць на ад’ездзе панны, мы сёння ж з ёй абвянчаемся.
Герман Ватман ажно крактануў раздражнёна:
— Ну, панна, ну кручаная! Сама хоць разумееш, што нарабіла? Ды твой брат і з цябе, і з мяне скуру спусціць, калі даведаецца пра такога самавольнага жанішка!
Пагроза было не жартоўная. Бітвы за нявестаў з пасагам былі частымі і крывавымі. І слова згоды тут значыла шмат. Вунь пан Салагуб аднойчы гасцяваў у багатага суседа, ды не хацеў ад’язджаць, пакуль прыгожая дачка гаспадара не прап’е яму страмяннога кубка. Каб выправіць п’янога шумлівага госця, бацька папрасіў дачку не ўпірацца, ды яшчэ нешта такое неадмоўнае кінуў на настойлівыя просьбы пана наконт шлюбу… Госць з’ехаў, праспаўся, а абяцання гаспадара не забыў. І пад пагрозай суда, двубоя ці наезда бацька мусіў выдаць дачку за не самага выгаднага жаніха. Так што словы пана Агалінскага маглі мець сумныя наступствы. За кожным радавітым шляхціцам стаяла цэлая партыя — сваякоў, прыхільнікаў, а над тымі ў сваю чаргу — адзін з магнатаў, якога яны падтрымлівалі. Пане Каханку цалкам мог умяшацца і пачаць дапамагаць аднаму з альбанчыкаў пашлюбавацца з абранніцай. Ватман ажно пот з ілба абцёр…
— Пан Герман, а навошта майму брату-дабрадзею ведаць пра пана Агалінскага? Тым болей, я і перадумаць наконт шлюбу з ім магу… — хуценька ацаніла сітуацыю Паланэя. — Дапусцім, вы не знайшлі мяне, спазніліся… А з-за мора я вярнулася б, як была, цнатлівай і дабрадзейнай паненкай і адразу паехала б да свайго брата. А калі вы, пан Ватман, будзеце змушаць мяне зараз жа вяртацца, касцёл у канцы вуліцы…
Найміт абвёў вачыма кампанію, відаць, прымерваючыся, ці не перабіць усіх лішніх ды не звалачы шкадлівую паненку, але тут былі слугі, тут быў вольны горад Гданьск, тут быў пасланец князя Радзівіла, і найміт крыва ўсміхнуўся:
— Я заўсёды выконваю тое, што мне даручылі.
— Вось і выканаеце даручанае… Толькі трохі пазней, — міла прагаварыла Паланэя. — Баюся, лепшага выйсця ў вас, пан Герман, няма.
— І ты гатовы ўзяць такую за жонку? — з жахам папытаўся ў Агалінскага Ватман. Пан Гервасій падкруціў руды вус.
— А я люблю коней і жанчын з характарам.
На развітанне Ватман ледзь дзверы не вынес. Ажно пастухі і пастушкі на карцінах здрыгануліся.
— І даўно ваша мосць ведае, што я — не мужчына? — з некаторай няёмкасцю папыталася Багінская.
— Ну, у тамашоўскіх сутарэннях я канчаткова вырашыў, што пан Вырвіч з мужчынам абдымацца не стаў бы.
Панна Багінская пачырванела і чхнула. Зараз жа, нібыта ў адказ, чхнуў і пан Гервасій. І абодва весела рассмяяліся. А Пранціш… Пранціш развярнуўся і пайшоў… У дождж, вецер і адчай.
Слёзы засцілалі вочы… У чарговы раз шарачка ткнулі носам, хто ён ёсць. Няхай словы пра жаніхоўства былі шалберствам, спосабам выратаваць даму з няёмкага становішча… Але пан Агалінскі зрабіў лёгка, жартуючы тое, што Пранцішу не пад сілу. Бо памкненні Вырвіча да жаніхоўства нават прыкасцёльны юрад не прыняў бы ўсур’ёз. А пан Агалінскі, хоць і не магнат, меў дастаткова высокае становішча, каб ягоныя прэтэнзіі на руку князёўны Багінскай не выглядалі зусім неверагодна. Здаралася, такім шанцавала парадніцца з магнатамі. А Пранціш — так, паабдымацца ў цемры…
Ля фантану Няптуна, у якім шэрыя струмені змешваліся з дажджавой вадой, Пранціш раптам выхапіў шаблю, яшчэ не ведаючы, што зараз зробіць: сябе засячэ, ці кагось іншага… Лязо люстравала шэры халодны свет, у якім не мелася спагады і надзеі…
— Пан сабраўся біцца з мармуровым Няптунам? — задыханы голас Лёдніка прагучэў за правым плячом, нібыта азваўся анёл-ахоўнік. Пранціш, памарудзіўшы, усё-ткі схаваў Гіпацэтаўра.
— Як ты думаеш, яны ажэняцца?
Вырвіч сам не пазнаваў свайго голасу. Усе гэтыя гады студыёзуса падштурхоўвала далёкая мара дабіцца княжны Багінскай, стаць з ёю ўпоравень… І вось — гэтую мару мімаходзь адабраў руды, але багаты і радавіты невук…
— Ты што, таксама будзеш змушаць мяне гараскоп складаць? — Лёднік паклаў руку Пранцысю на плячо. — Павер, хлопча, не зоры вырашаюць лёс чалавечы. Самы дасканалы гараскоп — усяго толькі варыянт падзей… А малітва мае моц нават зрушыць шляхі планетаў. Таму на тваё пытанне ў мяне адзін адказ — не ведаю.
Пранціш закрыў твар рукамі. У фантане цурчэла вада, і па звычаі, выпраўляючыся ў царства Няптуна, трэба было кінуць да ног мармуровага марского бога манетку… Але Лёднік заўсёды так сувора ставіўся да забабонаў, што Пранціш не наважыўся праявіць ганебную слабасць. Так і не кінуў.