Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:
— Вось і цудоўна! — усклікнуў пан Гервасій. — Набудзем камяніцу — і ўсё!
— За якія шышы? — з’едліва папытаўся доктар. — Цана ёй — не менш пяцісот фунтаў. І трэба паспяшацца, бо выкупяць іншыя — тады ўвогуле невядома, што станецца. Новы гаспадар можа і знесці ўсё.
— А чаго чакаць? — выкрыкнуў Пранціш. — Давай вартаўніка аглушым — і палезлі ў той будынак! Замок я любы адчыню!
— Яно б і някепскі план, — адказаў Лёднік, — каб не адна акалічнасць. Будынак не пусты.
Нібы ў пацверджанне ягоных слоў у вакне змрочнага дома паказаўся чалавек
— Квакеры. Секта такая рэлігійная… Асабліва строгая… — патлумачыў прафесар. — Яны збіраюцца адплываць ці на Гаваі, ці на Карыбы, прапаведваць веру Хрыстову. А пакуль сядзяць і зацята моляцца. І ні за якія грошы нікога шнырыць па доме не пусцяць. Людзі суровыя, і да вайсковай справы добра прыдатныя, зброя ў іх маецца. Дом не іхні, належыць адной лэдзі, якая імі апякуецца і дэкляравала, што выручаныя за будынак грошы ахвяруе братам у Хрысце на іхні місіянерскі шлях. Так што як толькі будынак прадасца — яго і вызваляць.
Паланэйка, Амерыканец дый і Пранціш пазіралі на цагляную збудову, як закаханы на зачыненыя ваканіцы красуні.
Заставалася ў чарговы раз памянуць нядобрым словам лонданскіх злодзеяў.
Каб не тыя злодзеі — ліцвіны лацвей пачуваліся б спаміж мармуровых калонаў, што прыкрашалі вітальню шыкоўнага палацу ўладальніцы цаглянага бровара каля кляштара тампліераў. Неяк не верылася, што асоба, якая жыве ў такім палацы, мае інтарэс да малацікавага будынку ў Кларкенуэле. Імя ўладальніцы — лэдзі Кларэнс — нічога не гаварыла.
Сама лэдзі да гасцей не выйшла, аднак жа — што дзіўнага. Госці прыехалі без асаблівага шыку, гандлююцца за нейкія малыя грошы… Панна Багінская стаяла, ганарыста задраўшы нос — неадменна ўяўляла, як бы магла пад’ехаць сюды на шасцярні пародных коней у карэце з гербам, з лёкаямі і казачкамі на запятках, з герольдам, які абвяшчае прыезд… І выйшла б, ступаючы на пакладзеную пад прыступку карэты аксамітную падушачку, у неабдымным раброне з фіжмамі, усыпаная дыяментамі, у прычосцы вышынёй з купал сабора святога Паўла… Вось тады б ганарліўка з гэтага палацу адчула сваё месца! У Багінскіх не такія палацы ёсць!
А Пранціш круціў галавой, разглядаючы карціны-статуі-парцаляну-срэбра, і не мог пазбавіцца адчування, што за імі ўважліва назіраюць нечыя вочы, вывучаюць, як кузурак…
— Лэдзі пытаецца, навошта шаноўным панам з Альбарутэніі будынак у Кларкенуэле?
Паважны дварэцкі з абвіслымі шчокамі добра размаўляў на французскай мове, якой у кампаніі больш-менш валодалі ўсе, таму пан Гервасій з задавальненнем адсунуў убок доктара і ўзяў на сябе перамовы, няхай і завочныя, з высакароднай асобай.
— Няхай яе мосць лэдзі Кларэнс не сумняваецца, што ейная былая маёмасць будзе выкарыстоўвацца ў самых прыстойных мэтах… Мы… мы зладзім там склад найлепшых вінаў!
Пранціш ледзь стрымаўся, каб не зарагатаць. Амерыканец мог бы прыдумаць і больш прыгожую версію. Што ў галаве, тое і на языку…
Дварэцкі вярнуўся з яшчэ больш надзьмутай фізіяноміяй і паведаміў, што лэдзі Кларэнс на такіх умовах прадаваць не хоча. Тут жа выскачыла наперад Паланэйка ў абліччы пана Бжастоўскага.
— Няхай яснавяльможная пані прабачыць, але, можа, яна згодзіцца прадаць той будынак мне? Я выкарыстаю яго ў самых хрысціянскіх мэтах: учыню прытулак для бедных і шпіталь… Вось і доктар з намі, славуты на ўсю Еўропу прафесар сэр Лёднік, які дапаможа зладзіць найлепшае медыцынскае абслугоўванне абдзеленых лёсам няшчасных… Бо ён менавіта гэтым і займаецца ў славу гасподню!
Словы пана Бжастоўскага цяклі, як вадкі мёд. Ай да малайчынка Паланэя — правільна разлічыла, раз лэдзі такая святоша, што ўтрымлівае сектантаў-місіянераў, вядома, ідэя з віном яе абурыла… А дапамога бедным — самае то!
Але дварэцкі вярнуўся ад нябачнай лэдзі з тым жа адмоўным адказам… Пазалочаныя гіпсавыя амурчыкі па баках пакоя пасміхаліся над няўдалымі пакупнікамі самым непрыстойным чынам, і цэліліся ў іх з маленькіх лукаў, нібыта палкага кахання тым і не хапала да кучы.
— Перадайце лэдзі, — грымнуў Лёднік, якому апрыкраў гэты марлезонскі балет, — што асабіста мяне цікавіць таемная гісторыя спамянутага будынка, і я маю да яго навуковую цікавасць. І прывык усе свае эксперыменты даводзіць да лагічнага завяршэння. Таму няхай лэдзі назаве любую цану.
Кампаньёны паглядзелі на Лёдніка, як на вар’ята — панна Паланэя дык, падобна, гатовая была з ім абысціся, як з лёкаем, які вывернуў на яе сукню кубак з кавай. Амаль выкрыць іх таемныя намеры!
На гэты раз дварэцкі затрымаўся даўжэй, прынесены ім адказ усіх здзівіў: лэдзі згадзілася прадаць былы бровар доктару Лёдніку з увагі на ягоны навуковы інтарэс. Умовы — тысяча фунтаў, прынесці асабіста пазаўтра раніцай.
Лёднік цырымонна пакланіўся, абарваў Пранціша, які хацеў быў трохі пагандлявацца, па ўсіх свецкіх правілах падзякваў нябачнай лэдзі Кларэнс і вывеў кампанію з палацу.
На беразе Тэмзы з відам на новенькі Вестмінстэрскі мост, цуд інжынернай думкі, адбылася невялічкая стратэгічная рада.
— Каб не здарэнне ля гатэлю — я б тысячу фунтаў з аднаго куфра зачарпнуў! — раздражнёна сказаў пан Гервасій. Паланэйка ўздыхнула, разгладжваючы заплямлены і змяты рукаў нядаўна шыкоўнага камзолу:
— Зараз у Лондане ёсць колькі вядомых асобаў з Польшы і Літвы, але ж ісці, прадстаўляцца, выкрывацца, тлумачыць, што мы тут робім… А я ў такім выглядзе…
— Выключана! — адрэзаў пан Агалінскі. — Лепей бы мяне паслухаліся… Ды я адзін прыступам той дом вазьму! Квакераў шабляй нашаткую, і сутарэнні нашыя…
— У тых сутарэннях можа нічога не быць, васпане, — напружана папярэдзіў Лёднік. Пан Гервасій уважліва паглядзеў на прафесара:
— Я сваё слова стрымаю, не пераймайся. Твая справа — прывесці мяне ў пячору.
— Нас, пан Агалінскі, нас! — міла выскалілася Паланэйка. Вытанчаная такая, міленькая… Але Вырвіч адчуваў, што ў барацьбе за мэту яна будзе, бадай што, больш небяспечнай за Амерыканца. Той з прыхаванай насмешкай пакланіўся:
— Вядома, дарагая мая нявеста, у нас жа ўсё павінна быць агульным!