Багаты кватарант
Шрифт:
Алена Яўгенаўна (мужу). Ну, сурочыў! Ідзі, адчыняй! Нябось Рыгор прыцягнуўся… Даўно ж не было!
Васіль Васільевіч вінавата падхопліваецца, ідзе ў пярэднюю. Вяртаецца разам з Рыгорам. Той таксама з ружамі, з шампанскім, з нейкім пакункам. П'янаваты.
Рыгор. Алена Яўгенаўна — усё вам! (Цалуе імянінніцу.)
Алена Яўгенаўна (шчаслівая).
Рыгор. Добры вечар, Наташа.
Наташа. Добры. (Устае, прыносіць прыбор, фужэр.)
Рыгор. Здароў, Ган! (Падае Гану руку, глядзіць прама ў вочы і не адпускае яго рукі.)
Ган тузаецца. Невялікая паўза. Урэшце Рыгор адпускае руку, сядае.
Ган (беручы пляшку з шампанскім, Рыгору). Падай, калі ласка, свой фужэр.
Рыгор. Не, мне гарэлкі. Я сам сабе налью… Вось, глядзіце, поўны фужэр налью і вып'ю. (Налівае і выпівае адзін, зноў устаўляецца ў Гана.) А ў Швецыі п'юць гарэлку? Ці там сухі закон?
Ган (збянтэжана круціць свой фужэр у пальцах). Не ведаю…
Рыгор. Як так?! Пара б ужо і ведаць! Пра Швецыю табе, Ган, даўно пара ўсё ведаць…
Алена Яўгенаўна. Адчапіся ад чалавека!
Васіль Васільевіч. Праўда, Рыгор… Прыйшоў, дык гэта самае…
Рыгор (не звяртаючы ўвагі). Слухай, вазьмі мяне з сабою ў Швецыю? Я табе лёкаем там буду. Дзверцы аўтамабіля расчыняць, каву з каньяком у ложак прыносіць…
Наташа. Супакойся. Бо зараз я для цябе расчыню дзверы. Каб потым за табою зачыніць.
Рыгор (складае на грудзях рукі крыжам). Усё, маўчу! Калі Наташа просіць — маўчу! Слова Наташы для мяне закон… Адно-адзінае маленькае пытанне: ты, Ган, у газетах не друкуешся? Ці ў часопісах? Прозвішча ў цябе такое, што лёгка запомніць.
Ган. Магчыма. (У яго падае відэлец, ён нагінаецца, падымае. Ён бледны.)
Рыгор. Дурні! Сляпыя! Ды ён смяяўся з вас! Пацяшаўся з вас цэлы месяц, а вы слухалі! Якая ў яго спадчына?! Які шведскі дзядзька?!
Наташа. Ды замаўчы ты! Алесь, скажы лепш сам, цяпер! Раз свята ўсё адно сапсаванае… Не магу яго (ківае на Рыгора) слухаць!
Невялікая паўза. Ган устае, глядзіць у стол, гаворыць глуха.
Ган. Гэта… праўда. Прабачце… Я хлусіў вам пра спадчыну, пра дзядзьку… У мяне цяпер у кішэні няма нават на аўтобусны талончык…
Наташа (урачыста). І я даўно гэта ведала!
Рыгор. (насмешліва). Нічога, я найму яму таксоўку!
Ган. Я хацеў прызнацца ў канцы вечара… (Стаіць.)
Рыгор налівае сабе, але не п'е. Паўза — пакуль ашаломленыя Алена Яўгенаўна і Васіль Васільевіч асэнсуюць навіну.
Васіль Васільевіч. Ты хлусіў… Але навошта?!
Алена Яўгенаўна. Алесь, ты ж плаціў нам грошы! Сапраўдныя — я мяняла! Навошта ты хлусіў, калі і так…
Наташа (перабівае). Якая вам розніца?! А калі б наняў у нас кватэру зусім іншы чалавек? Які не хлусіў бы, але плаціў не трыста даляраў, а дзесяць? Вам ад гэтага лепш было б?
Рыгор. Стоп! Тут ты вельмі памыляешся. Якраз вельмі важна, навошта ён хлусіў.
Наташа. Алесь, ды скажы ты хоць што-небудзь!
Рыгор (Гану). А сапраўды, скажы. Навошта табе спатрэбілася плаціць заместа дзесяці — трыста даляраў!
Ган маўчыць, не падымаючы галавы.
Тады я за яго скажу. Ён пісь-мен-нік! Разумееце? Пісьменнік! Я не паленаваўся пайсці ў інстытут, затым — у інтэрнат, пагаварыў з хлопцамі, з якімі ён жыў, яны паказалі мне часопісы з яго апавяданнямі! Вы патрэбны былі яму як натура, як матэрыял для сюжэта!
Паўза.
Наташа. Алесь, гэта праўда?
Ган маўчыць.
Ты пісаў пра нас? Пра нашую сям'ю? І дзеля гэтага вывучаў нас? Выпытваў… Эксперыментаваў… Хлусіў… Не шкадаваў грошай, каб дабіцца ад нас шчырасці?
Ган (глуха). Я збіраўся расказаць у канцы вечара… (Ускідвае галаву.) Так! Я пісаў пра вас! Вывучаў вас! Так — гэта быў эксперымент! Але ж я заплаціў за яго! Не грашыма, не далярамі заплаціў! А тым, што я — чалавек з вуліцы — прыйшоў да вас, чужых людзей, якія жылі бедным, шэрым, беспрасветным жыццём, — прыйшоў і адкрыў вам прасвет! Падараваў вам трыццаць дзён казкі, надзеі, веры! Няўжо гэта не акупляе маёй хлусні? Паглядзіце, як вы за гэты месяц акрыялі, памаладзелі, як змяніліся адносіны паміж вамі!
Невялікая паўза.
Наташа. Чаму ты не сказаў гэтага тады, на лаўцы?
Ган маўчыць.
Я сама ведаю цяпер чаму. (Задумваецца на імгненне.) Пачакайце, я зараз…
Наташа выбягае. Чуваць, як яна набірае тэлефонны нумар, потым гаворыць з кімсьці.
Алена Яўгенаўна. Алесь, ты… вы і пра бацькоў хлусілі? Што вы сірата?