Беларускі тэатр
Шрифт:
Далей селянін разсказвае аб сваім сыне і кажа, што хацеў-бы купіць для яго «розуму», калі гэта будзе каштаваць ня надта дорага. Вучань згаджаецца за плату даць селяніну крышку «розуму» для яго сына і пытаецца ўва што ён возьме. Той адказвае:
— Кажуць, маспане, што розум да галавы йдзець; дык гэта ты, вашэць, мне ў вуха накладзі, а я сынку свайму ўдома ўсё вытрасу.
— Sluchajze: Verbis coepi novi(s).
— Што? што? з вярбы цапы новыя? Не, мой галубчыку, з вярбы лядашча цапы. Вучы чаго іншага. Паруш і розуму лацінскага.
— Czy nie chcesz by'c matematicus?
— Гэта, гэта матаць на вус? Гавары больш.
— Dobrze. Sunt duo cardines coeli.
— Што? што? Дзьве карбоны цэлыя? Ня маю,
У гэтым родзе дыялёг вядзецца далей. Урэшце вучань хоча адтрымаць за сваю навуку ўмоўлены talar bity. «Не, галубчык, — адказвае мужык, — сам ведаеш, што глупы даець, а мудры бярэць, а я цяпер набраўся розуму з твае навукі й ня дам табе ні шэлега»…
Гэтая сцэнка магла мець вялікі пасьпех сярод слухачоў-вучняў і вызываць сьмех. Для нас цікаўна характэрыстыка мужыка, які на першы пагляд здаецца дурны й праставаты, ён не разумее самых простых рэчаў, сказаных у чужой для яго мове (папольску, палацінску), але мае сваю «мужыцкую хітрасьць», з якой дае сабе раду вучонаму студэнту і навет ашуквае яго. Нязвычайна для эпохі тая нітка спачуцьця мужыцкай бядзе, якая час ад часу прабіваецца праз дыялёг. Гэтак аўтар у рэпліках селяніна кажа аб дзетках, якія «ў хаце зубамі звоняць» (з голаду або холаду), аб тым, што «гароху й асьмінкі нету», што апошняе цялятка здохла, што «добра, каб сьвітка была на хрыбце», што «карбоны вытрасьлі вураднікі».
У інтэрмэдыі Colonus et studiosus fugitivus селянін выходзіць на рынак:
— Зноў я на торг з мяхом, з кісьцяном гэтым, купіць ня купіць, а патаргаваць вольна. Той шубравец скубэнт хацеў простага чалавека ашвабіць, ды й Мікіта цьвік ня дасца. Трэба — бы троху паальскему ензык пжэламаць, каб ня ўшэнды васпанства пазналі, жэ клоп простак. Слугаваў я кедысь і пад харунгвё Dragarsko, патрэба толькі сабе прыпомніць.
Падбягае да яго студэнт, які уцёк з бурсы ад строгага інспэктара, і просіць «пана мужа» схаваць яго ад пагоні, абяцаючы яму за гэта падарыць свой kontusik. «Панятка, мой салавейка, — з няшчырым спачуцьцём пытаецца селянін — ці не ад бакіламара ўцякаеш?» ды хавае яго ў мяшок, завязвае і папераджае, што: калі прыбяжыць інспэктар і спытаецца, што ў мяшку дык ён (селянін) скажа, што там «пляшкі, шклянкі, банкі»; а калі пачне біць, дык «ты, панятка звані, так, як шкло: дзін-дзін-дзін»…
Пасьля селянін, перамяніўшы голас, кажа папольску: «A co to, chlopie, masz w worze?» «Шкло, маспане!» адказвае сваім голасам. Пасьля йзноў чужым голасам: «Pokaz sam, jakie szklo niesiesz». Сваім голасам: «Не пакажу, мой лебедзю, гэта, бачыш, шкло рыцарскім вузлом завязаў гутнік». Пасьля, быццам раззлаваўшыся інспэктар, пачынае біць кіем завязанага ў мяшку студэнта, а той, як было ўмоўлена, крычыць у мяшку. «дзін, дзін, дзін»… Урэшце разьвязвае вузел і выпускае пабітага на волю, паказваючы від, быццам і самому дасталося: «Ахці мне! і зубы павыбіваў, і бакі паламаў, панёс яго бес ужо». Студэнт дзякуе селяніну за ратунак, аддае абяцаны kontusik і йдзе. Інтэрмэдыя канчаецца монолёгам селяніна, з якога прабіваецца яе ідэя:
«Ой так трэба гэтых жэўжыкаў розуму навучыць; накідаў я яму добра, няхай знае, што то ад бакіламара ўцякаць»…
Зьмест інтрэрмэдыі Literat, Wie'sniak, Samochwalski гэтакі: прыехаўшы з чужых краёў, Самахвальскі вызваў на дыспут Літэратара і хоча вясьці з ім спрэчку жэстамі (argumentowa'c na migi). Літэратар баіцца няўдачы, але мужык Гаўрыла бярэцца дапамагчы яго бядзе. Літэратар апранае яго ў вопратку вучонага і, прадставіўшы як свайго вучня, садзіць насупроць Самахвальскага. Самахвальскі важна працягвае руку і выстаўляе адзін палец. Гаўрыла з гэткім самым важным відам выстаўляе два пальцы Маўчанка. Самахвальскі падымае сваю руку ўгару. Гаўрыла сваю апускае ўніз. Самахвальскі паказвае Гаўрыле адкрытую далонь, а Гаўрыла яму сьціснуты кулак. Самахвальскі здаволены: «bonissime! bellissime!» і аб'ясьняе значэньне сваіх жэстаў з свайго погляду: падняўшы палец угару, ён гэтым хацеў сказаць, што Бог стварыў неба, а яго праціўнік, апусьціўшу руку, дадаў, што — й зямлю і г. п. А Гаўрыла на гэта адказвае: «Шуплю, маспане, гэта ты мудрэц, гэта ты місьцюк, нічога, бачу, ня знаеш; ось я цябе розуму наўчу гэтак: хацеў ты, вашэць, мне адным пальцам адное вока выкалаць, а я табе двома абадва; хацеў ты мяне на высокую шыбеніцу цягнуць, а я цябе ў зямлі закапаць; хацеў ты мяне ў шчоку ўдарыць, а я табе й зубы выбіць»…
Школьных драм, у каторых інтэрмэдыі былі-бы цесна зьвязаны з галоўным зьместам, было ня шмат. Звычайна ў тэксьце п'есы пасьля кожнага акту толькі пісалася: sequitur intermedium, самыя-жа інтэрмэдыі пісаліся асобна, і гэткім чынам рэжысэр меў свабодны выбар з асобнага досіць багатага рэпэртуару. Гэтая незьвязанасьць імпэрмэдый з паважнай фабулай школьнай драмы бязумоўна прычынялася да іх разьвіцьця, тым балей, што іх аўторы ня былі зьвязаны ніякімі тэорэтычнымі правіламі і маглі зусім свабодна апрацоўваць выбраную сабе тэму. Гэткім чынам інтэрмэдыя, спачатку кароценькая сцэнка, памалу расшыраецца ў цэлую «сьмяхотную камэдыю».
Народнае жыцьцё з усімі характэрнымі сваімі асаблівасьцямі ярка адбіваецца ў інтэрмэдыях, якія прарываюць між актамі нудную схолястычную драму і веселяць публіку, і дзеля гэтага яны расходзяцца далёка за школьныя парогі, здабываюць сабе папулярнасьць сярод шырокага грамадзянства і, ў іншых палітычных абставінах, маглі-бы зрабіцца асноваю для далейшага разьвіцьця народнага тэатру. У гэтам напрамку навет былі маленькія патугі.
У другой палове XVIII стал. паяўляецца «Komedya» ксяндза Каетана Морашэўскага, напісаная ў стылю старой школьнай драмы з дзеячымі асобамі ніжэйшага стану, як Селянін, Жыд, Чорт, Пакутнік і др., у якой Сялянін кажа пабеларуску. Таксама пабеларуску напісаны й рэплікі Жыда, але з некаторымі сьмяхотнымі перакручаньнямі дзеля захаваньня жыдоўскага прононсу.
Зьмест п'есы гэтакі: мужыку абрыдла вечная праца, ён пачынае скардзіцца на сваю долю і наракаць на прабацьку Адама, які, зьеўшы яблык з забароненага дрэва, загубіў увесь род людзкі. Зьяўляецца Чорт, які кажа, што дарма мужык кляне Адама, бо й сам ня ўстрымаўся-б, каб ня зьесьці забаронены яблык, і прапануе зрабіць спробу, прапануе мужыку памаўчаць праз нейкі мамэнт. Калі той ня ўстрымаецца, дык Чорт возьме яго душу. Мужык згаджаецца, але ня можа ўстрымацца ды праігрывае справу.
Галоўная дзеячая асоба — селянін Дзёмка. Ен, таксама як і падобныя тыпы ў школьных інтэрмэдыях, дурнаваты, гавора шмат лішняга, любіць гарэлку, але й хітры. Чорт тутка разумнейшы за таго чорта, які выступаў у інтэрмэдыях і вельмі часта быў надта дурны. Тутка ён хітры, магутны, усё можа зрабіць, калі прадаць яму душу. Але адначасна ён зьяўляецца й пэрсонай моралізуючай: праз яго вусны аўтор высказвае свае думкі. Чорт тут быццам прадстаўнік іншай вышэйшай клясы грамадзянства і шырэйшага пагляду, і ён гавора папольску [32] .
32
Карскій. Блорусы. Т. III.