Шрифт:
Каток зь Пеўнікам ды Ліска
Жылі-былі каток і пеўнік. Збудавалі яны хатку пры лесе.
Кажа раз каток пеўніку:
— Я пайду ў лес на ўловы, а ты зачыніся й нікога ня пускай у хатку. — І пайшоў.
Ажно прыбягае ліска пад акенца ды просіць:
— Пеўнік, пеўнік, адчыні! Памяла мне пазыч. Прыехалі госьці з Замосьця, няма чым печ вымесьці, пірагі пячы.
А пеўнік на гэта:
— Зводзіш ты мяне, зводзіш, — ты мяне абманеш. — Не адчыню я хаткі й табе нічога ня дам.
— Ах, які-ж ты злосны! — кажа ліска.
— А я не маню, каб я жыла. Ну,
Адчыніў пеўнік акенца і дае ёй памяло, а ліска не за памяло, а за яго ды наўцекі.
Стаў пеўнік галасіць:
Коціку-браціку, Мяне ліска схапіла, Зубамі крыльцы шчаміла, Ды нясе мяне ў цёмныя лясы, За высокія горы, У глыбокія норы! Ратуй мяне!Шкада стала коціку пеўніка. Ён, як мага ў пагоню пагнаўся. Лісіцу дагнаў, за валасы надраў, пеўніка адабраў.
— Ну — кажа пеўніку: — глядзі-ж больш нікому не адчыняй хаткі. Бо цяпер пайду далей, за горы.
І ў другі раз прыбягае ліска.
— Пеўнік, пеўнік, адчыні! Пазыч мне лапату, прыехалі госьці з Замосьця, няма чым пірагі ў печ садзіць.
— Не, — кажа пеўнік, — не адчыню, бо ты мяне зрадзіш.
— Не, не, пеўнічку, далібо не абману.
Дык пеўнік, як добры дурань, адчыніў дзьверы і дае лапату, а ліска за пеўнічка і ў ногі.
Яшчэ мацней стаў крычаць пеўнік:
Коціку-браціку, Мяне ліска схапіла, Зубамі крыльцы шчаміла, Ды нясе мяне ў цёмныя лясы, За высокія горы, У глыбокія норы! Ратуй мяне!Чуць толькі пачуў коцік пеўнікаў крык. Бегчы ды бегчы, бегчы ды бегчы — насілу дагнаў ліску зь пеўнікам. Калі-ж узлаваўся каток, як стаў лісіцу за патыліцу драць! Пусьціла лісіца пеўніка ды ходу.
Прывёў коцік пеўніка дахаты.
Назаўтра йзноў кажа яму:
— Сяньня я пайду яшчэ далей. А ты-ж глядзі, не ашукайся. Бо калі йзноў паслухаеш ліскі, дык яна цябе зьесьць.
Ліска пад акном пільнавала. Як толькі каток адыйшоўся, яна йзноў пад аконца прыбегла.
— Пеўнік, пеўнік, адчыні! Ехалі баяры, рассыпалі проса, няма каму пазьбіраць! Ідзі памажы.
— Хлусіш. Ты йзноў хочаш мяне ашукаць, — кажа пеўнік.
А ліска хітра сьмяецца ды кажа:
— А які-ж ты недаверлівы! Ды глянь-жа сам, калі ня верыш! А я пабягу хутчэй зьбіраць проса. — І сьхілілася за сьцяну.
Выхінуўся пеўнік праз аконца, а ліска — хоп — за яго ды ў лес.
Крычэў, крычэў пеўнік, але коцік яго ўжо не пачуў.
Прыходзіць коцік дамоў, а ў хатцы нікога няма, і аконца адчынена. Здагадаўся коцік, што ліска такі схапіла пеўніка.
Горка стала коціку. І пачаў ён у дарогу зьбірацца, пеўніка ратаваць. Надзеў боты-скараходы, да боку шаблю прычапіў, узяў з сабою скрыпачку й пайшоў.
Ішоў ды ішоў, ішоў ды ішоў, сустракае зайчыка.
— Зайчык, зайчык! Ці ня бачыў
— Бачыў, — кажа зайчык вось у тую нару пабегла.
А тым часам у лісчынай хатцы ўжо ў печы паліцца, ў сагане вада грэецца, нож ляжыць навостраны пеўніка рэзаць.
Сеў каток каля нары, на скрыпцы зайграў ды й запяяў:
Дылі, дылі, скрыпачка, Залатыя струначкі! А ў норцы лісачка, А ў ліскі новы двор, Тры дачкі на выбор.Ліска перапыніла работу на кухні. Пасылае старэйшую дачку Чучалку:
— Паглядзі, Чучалка, што там за паніч пад варотамі пяе?
Выйшла Чучалка, а коцік яе — хапець за карак, — ды ў торбу. А сам яшчэ гучней грае ды сьпявае:
Дылі, дылі, скрыпачка, Залатыя струначкі! А ў норцы лісачка, А ў ліскі новы двор, Тры дачкі на выбор.Пасылае ліска сярэднюю дачку Пачучалку.
— Схадзі, паглядзі, Пачучалка, чаму гэта Чучалка так забавілася, мабыць, дужа важныя панічы прыехалі?
Выбегла Пачучалка, падскокваючы, за вароты. А коцік яе — хапець за карак, — ды ў торбу. А сам яшчэ гучней грае ды сьпявае:
Дылі, дылі, скрыпачка, Залатыя струначкі! А ў норцы лісачка, А ў ліскі новы двор, Тры дачкі на выбор. Адна тая Чучалка харошая, Другая Пачучалка прыгожая А трэйцяя меншая, Мабыць прыгажэйшая.Ліска аж аблізнулася, так спадабалася ёй каткова песьня.
— Ідзі й ты, — кажа да меншай дачкі. — Пэўна там знатныя панічы прыехалі.
Выбегла й трэйцяя дачка. А коцік — хапець — за яе ды ў торбу.
Тады ў хату лісчыну ўбег ды закрычэў:
— Гэй, ты, старая лісіца! Дзе пеўніка падзела?
— А мой-жа ты, сакалочак! А мой-жа ты каласочак! А я й повідам ня бачыла, а я й почутам ня чула!
Але коцік яшчэ мацней крыкнуў:
— Аддай пеўніка, бо як бач сваіх дачок аглядаць ня будзеш! — І замахнуўся шабляю.
Спалохалася лісіца. Пеўніка аддала, а сабе дачок забрала.
З тэй пары разумнейшы стаў пеўнік. І сталі яны з коцікам дружна жыць.
А ліска й дагэтуль сватоў чакае. Ніхто яе дачок замуж не бярэ, бо дужа-ж яны хітрыя.
Баран бок абадран
Быў раз дзед, а ў таго дзеда баран. І захацеў той дзед зарэзаць свайго барана. Толькі пачаў рэзаць, трошкі бок абадраў, а баран усхапіўся ды ўцёк і схаваўся ў лісіную норку.
Прыйшла ліса ў норку, ажно там нехта сядзіць. Спужалася лісіца і пытаецца:
— Хто там?
А баран ёй адказвае:
— Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, — як дам рагамі, дык ты паляціш уверх нагамі!