Беларускiя народныя казкi
Шрифт:
Лісіца спужалася і пабегла ваўка прасіць.
— А воўчанька ты мой, а кумочак мой, — хадзі, памажы маёй бядзе, паглядзі, хто гэта ў мяне ў норцы сядзіць.
Паслухаў воўк лісу, пайшоў зь ёю ў нару выганяць барана. Прыйшоў, ды сап, сап — носам нюхае.
— Хто там?
— Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, — як дам рагамі, дык ты паляціш уверх нагамі!
Воўк спужаўся ды ўцёк. Пайшлі яны зь лісіцай ды к медзьвядзю, пачалі медзьвядзя прасіць:
— Мядзьведзінка, бацінка, — хадзі, памажы нашай бядзе, паглядзі,
Паслухаў мядзьведзь, пайшоў зь імі да норкі, прыйшоў, ды пытаецца:
— А хто там? А баран яму:
— Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, — як дам рагамі, дык ты паляціш уверх нагамі!
Мядзьведзь спужаўся, ды ўцёк.
Ідуць яны, ідуць каля саду, ды бачаць — ляціць пчолка. Давай яны гэтую пчолку прасіць.
— Пчолка, душачка, — хадзі, паглядзі, хто гэта ў лісінай норцы сядзіць.
Паляцела пчолка зь імі, прыляцела і пытаецца:
— А хто там?
— Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, — як дам рагамі, дык ты паляціш уверх нагамі!
А пчолка ня спужалася, — у норку, ды давай кусаць барана за абарваны бок.
Баран спалохаўся, выскачыў з норкі, ды давай уцякаць.
Вол
Быў сабе вол, баран, гусак і пеўнік. Надыходзіла зіма, дык вол кажа:
— Ведаеце што? — зіма надыходзіць, холад будзе, — пастаўма хатку.
Дык тыя на яго як напалі:
— Выдумаў ліха знае што! Дык стаў сам, калі такі майстра. У нас ёсьць пер'е, у барана — воўна, то й не памерзьнем.
— Ну, як сабе хочаце, а я сваё зраблю.
Як тыя пайшлі, вол паставіў хатку, нанасіў сена, саломы й ляжыць сабе, як пан.
Вось надыйшла зіма з марозам. Прыбягаюць да яго пеўнік, баран і гусак.
— Пусьці нас, дзядзька, у хатку, бойся Бога, такі мароз, мы памерзьнем!
А гусак падняў ножку й кажа:
— Бач, дзядзька, якія ў мяне ножкі чырвоныя! — зараз паадпадаюць.
— А вы, — кажа вол, — гультаі! Ня пушчу! Як хаткі, дык няма каму паставіць, а як пагрэцца, то ёсьць каму!
Але тыя як пачалі лемантаваць, прасіцца: «А мой дзядзечка, а мой ты такі, а мой сякі, а мой гэтакі!» — вол пашкадаваў і пусьціў. Дык пеўнік зараз палез на печ грэцца, гусак ходзячы па хаце ўсё тупоча, каб ногі разагрэць, баран лобам у сьцяну лупіць — грэецца, а вол есьці ім варыць.
Ано-ж прыходзіць воўк, адчыняе ад хаткі дзьверы, а баран гэтта як вытне яму раз лобам, як не паправіць; гусак давай шчыпаць, вол рагамі, а певень на печы спалохаўся і ўсё крычыць: «Ка-ка-рэ-ку». Воўк як не панясецца наўцекі да сваіх і кажа:
— А мае-ж вы браткі, мае саколікі, гэта-ж у лесе кавалі хатку паставілі — паўнютка кавалёў! Як увайшоў, дык адзін як даў мне молатам, другі віламі зялезнымі, а трэці давай шчыпцамі ціснуць, а яшчэ адзін нейдзе зь печы ўсё крычыць: «Ды падавайце-ж мне яго сюды! Ды падавайце-ж мне яго сюды!» Мала я не абамлеў. Маю я шчасьце, што гэтак
Курачка-рабка
Жыў дзед, жыла бабка. Была ў іх курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосьцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся.
Плача дзед, плача бабка, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сарокі трашчаць, гусі крычаць, сабакі брэшуць.
Ідзе воўк:
— Дзедка, бабка, чаго вы плачаце?
— Як-жа нам ня плакаць? Была ў нас курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосьцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся.
І воўк завыў.
Ідзе мядзьведзь:
— Воўк, чаго выеш?
— Як-жа мне ня выць? Жыў дзед, жыла бабка. Была ў іх курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосьцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся. Плача дзед, плача бабка, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сарокі трашчаць, гусі крычаць, сабакі брэшуць… А я брахаць ня ўмею, дык і завыў.
Выслухаў мядзьведзь казку і адарваў сабе хвост.
Так з таго часу і жыве з куртатым хвастом.
Лісіца і дрозд
Жылі дзед і баба. Дзед у лес хадзіў дровы сячы, а баба дома была, пірагі пякла.
Аднаго разу злавіў дзед у лесе дзікага парсючка і прынёс яго дахаты. Харошы быў парсючок — стракаценькі ды паласаценькі.
Пачала баба парсючка карміць — і цестам, і мукою, і сьвежаю травою.
Але, вядома, дзік — яму жалудоў давай. Цягне яго ў лес па жалуды.
Нічога ня зробіш, пачала яго баба ў лес пускаць, жалуды зьбіраць. Цэлы дзень ён у лесе гуляе, а нанач дахаты бяжыць. Такі добры парсючок быў!
Аднойчы бяжыць ён у лес, а насустрач яму галодны воўк.
— Парсюк-парсючок, дзік-дзічок, — кажа воўк, — я цябе зьем.
Парсючок хітры быў, падумаў і адказвае:
— Ня еж мяне шэры воўк, лепш ідзі із мною на жалудовую палянку: там чарада гусей ходзіць.
А воўк да гусей вельмі ахвочы. Паверыў ён дзічку-парсючку і пайшоў за ім на жалудовую палянку.
На дарозе была вялікая воўчая яма. Парсючок яе ведаў ды абыйшоў, а воўк — бух у яму! І сядзіць там.
Назаўтра парсюк зноў пайшоў на жалудовую палянку.
Ідзе ды ідзе, сустракае яго лісіца.
— Куды ідзеш, парсючок?
— Па жалуды.
— Вазьмі і мяне з сабою.
— Хадзем.
Ідуць яны, ідуць, падыйшлі да ямы. Парсючок абыйшоў яму, а лісіца — бух! — ваўку на галаву.
На трэйці дзень сустракае парсюка заяц.
— Куды ідзеш, парсючок?
— Па жалуды.