Беларускiя народныя казкi
Шрифт:
Пасьля гэтага ён доўга лячыў свой нос, доўга хадзіў па леках, растраціў усё сваё багацьце. А калі абяднеў, то скаціна зноў ня стала вясьціся, дзеці зноў сталі хварэць і жонка больш ранейшага стала грызьціся. Музыка, каб разьвесяліць сваё гаротнае жыцьцё, пайшоў зноў на той самы камень іграць. І калі ён зайграў жаласную песьню, яшчарка зноў вылезла з свае норкі і стала спусьціўшы галаву слухаць дзіўную музыку. А калі музыка ізноў зайграў вясёлыя танцы, дык яшчарка пусьцілася ў скокі. Калі музыка перастаў іграць,
Аднаго разу музыка, пасьля свае ігры і танцаў яшчаркі, пачаў перапрашаць яшчарку:
— Выбачай, мілая яшчарка, што я, паслухаўшы сваей старой бабы, спаганіў тваю аздобу, адсекшы твой хвост.
А яшчарка кажа:
— Ат нічога, я ані ня гневаюся на цябе за тваю распусту, а даўно забылася праз гэта: толькі: — Як я гляну на твой нос, дык успомню пра свой хвост.
Лісіца-хітрыца
Жыў дзед ды баба. Нічога ў іх з гаспадаркі ня было, толькі адна курачка Чубатка.
Жылі яны, жылі, дажыліся — няма чаго варыць. Вось дзед і кажа бабе:
— Баба, а баба, звары хіба Чубатку, ці што?
Баба замахала рукамі:
— Што ты, дзед, надумаўся! Лепш мы галодныя будзем, а Чубаткі я ня дам варыць.
Пачула гэта курачка, пабегла на двор, знайшла там бабовае зерне і прынесла бабе.
Дзед кажа:
— Вось і добра. Звары ты, баба, хоць гэтую бобінку.
Паглядзела старая на бобінку:
— Дзеду мой, дзеду, што тут за наедак з аднае бобінкі? Я для яе і гаршка не падбяру. Давай лепш пасадзім яе. Як вырасьце, тады сьпячэм цэлы бабовы пірог.
— Дзе-ж мы яе пасадзім? — пытаецца дзед.
— На полі.
— На полі яе варона выдзяўбе…
— Дык на дварэ.
— На дварэ яе курыца выграбе…
— Тады давай пасадзім хіба ў хаце пад палацямі.
— Добра, — згадзіўся дзед і пасадзіў бобінку ў хаце пад палацямі.
Узыйшла бобінка ды давай расьці. Расла, расла, уперлася ў палаці.
— Што, баба, рабіць будзем? — пытаецца дзед.
— Трэба палаці разьбіраць.
Дзед разабраў палаці, а бобінка як расьці ды расьці — дарасла да столі.
— Што, баба, рабіць будзем? — зноў пытаецца дзед.
— Трэба столь разьбіраць.
Дзед і столь разабраў, а бобінка як расьці ды расьці — дарасла да страхі.
Дзед і страху разабраў. Выглянула бобінка на сьвет і давай расьці яшчэ весялей. Дарасла аж да неба.
Узяў тады дзед торбу, палез па сьцяблу на неба, абабраў сьпелыя струкі і вярнуўся назад.
Зарадавалася баба — цэлую торбу струкоў прынёс дзед!
— Ну, цяпер то мы ўжо наядзімся пірага!
Палузала баба струкі, высушыла боб на печы, змалола і расчыніла ў дзяжы цеста
Цеста як расьці ды расьці — зь дзяжы вон лезе. Палажыла яго баба на лапату, загладзіла пірагом, размалявала рознымі ўзорамі, каб прыгожы быў, ды ў печ. А пірог як расьці ды расьці — зь печы на прыпечак лезе. Адсланіла баба заслонку, а ён — скок на хату, з хаты за парог — і ўцёк…
Кінуліся дзед з бабай даганяць пірог. Ды дзе там! Так і не дагналі.
Прыкаціўся пірог у лес. А тут насустрач яму рыжая лісіца-хітрыца. Схапіла яна пірог, выела мякіш, у сярэдзіну шышак насыпала ды пабегла зь пірагом да пастушкоў.
Знайшла пастушкоў у полі і кажа:
— Пастушкі, пастушкі, дайце мне бычка-трацячка, а я вам дам за гэта пірог.
Бачаць пастушкі — добры пірог у лісіцы, жоўценькая скарынка аж блішчыць, так і хочацца яго папрабаваць. Згадзіліся яны на мену і аддалі лісіцы бычка-трацячка.
— Толькі-ж, глядзіце, ня ешце пірага, пакуль я не заеду за горку, — кажа лісіца.
Села яна на бычка верхам і паехала. Як толькі схавалася за горкаю, пастушкі і кажуць: «Сядзем на пясочку, зьядзім па кусочку!» Разламалі пірог, а там — адны шышкі яловыя… Падманула іх хітрая лісіца!
Едзе лісіца на бычку, бачыць — на дарозе пустая павозка стаіць, а недалёка чалавек арэ. Падкралася яна цішком да павозкі, запрэгла ў яе бычка-трацячка, села на мяккай саломе і едзе сабе далей, пугай бычка паганяе.
Прыехала ў лес. Насустрач ёй воўк ідзе. Зьбегаўся, змарыўся, ледзьве ногі валачэ.
— Куды, кума, едзеш? — пытаецца.
— За трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства.
— Чаго?
— Там, кажуць, курэй і каршуны не дзяруць…
— А бараны ў тым царстве ёсьцека? — аблізнуўся воўк.
— Ды іх там хоць гаць гаці!
— А лісічка, а сястрычка, вазьмі і мяне з сабою. Падвязі хоць мой хвост.
— Што адзін хвост везьці, садзіся ўвесь ты.
Сеў воўк. Едуць далей. Сустракаюць мядзьведзя.
— Куды, кумы, едзеце?
— За трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства…
— Чаго?
— Там, кажуць, курэй і каршуны не дзяруць, — адказвае лісіца.
— Там, кажуць, бараноў хоць гаць гаці, — падтаквае ёй воўк.
— А мёду там многа?
— Ды там, кажуць, мядовыя рэкі цякуць!
Мядзьведзь зарадаваўся:
— То вазьміце і мяне. Хоць адну лапу падвязіце.
— Што адну лапу везьці, садзіся ўвесь ты.
Уселіся ўтраіх, едуць далей. Аж раптам зламалася аглобля. Лісіца кажа мядзьведзю:
— Схадзі, кум, прынясі аглоблю.
Пайшоў мядзьведзь у гушчар, знайшоў вывярнутую елку і прывалок да возу. Убачыла лісіца, крыку нарабіла:
— Ах ты, мядзьведзішча, ах ты, дурнішча, ці-ж гэта лясіна для аглоблі!
І да ваўка:
— Схадзі, куме, прынясі тонкую аглоблю.