Беларускiя народныя казкi
Шрифт:
Падыходзяць да рэчкі. Кату піць захацелася. Паставіў ён мех ля мосту, гаспадара за каравульнага пакінуў, а сам палез у рэчку ваду піць. Напіўся вады, бачыць — паўзе рак у нару. Кот схапіў яго за вус і выкінуў на бераг.
Рак пачаў прасіцца:
— Пусьці мяне ў ваду. Можа, я табе таксама якую-небудзь службу саслужу.
Кот падумаў і кажа:
— Якую-ж ты мне можаш саслужыць службу?
— У вадзе, — кажа рак, — любую. Загадай, што хочаш, усё зраблю.
— Падкапай да раніцы маставыя слупы, — загадаў кот.
— Добра, —
Пусьціў кот рака, і той адразу-ж ухапіўся за работу.
— А ты, — кажа кот Марціну, — як толькі абваліцца мост, раськідай шапкі па вадзе і чакай мяне тут.
Сказаў кот гэтак, пераскочыў цераз мост ды пабег да цара ў палацы.
Прыбягае, дакладвае цару:
— Так і так, ваша вялічаства-вымператарства… Ехаў да цябе ў госьці мой гаспадар, пан Глінскі-Папялінскі, ды бяда здарылася: мост зламаўся, уся яго пяхота і коньніца патапілася, адзін ён застаўся голы, бо абмундзіраваньне з вадою сплыло…
Тут цар сеў у карэту, ката з сабою пасадзіў, прыехаў да маста. Глядзіць, і праўда: толькі шапкі ад войска па вадзе плаваюць.
Паспачуваў цар пану Глінскаму-Папялінскаму ды загадаў лепшым сваім краўцом і шаўцом пашыць яму новае абмундзіраваньне.
Як бачыш пашылі краўцы і шаўцы новае абмундзіраваньне. Адзеўся Глінскі-Папялінскі, прыхарашыўся і паехаў з царом у палацы.
Пагаманіў зь ім цар, пачаставаў, а потым і кажа:
— А цяпер хацеў-бы я паглядзець твой маёнтак: калі ты і праўда такі багаты, дык аддам за цябе дачку.
Спужаўся Глінскі-Папялінскі: якое-ж ён багацьце пакажа цару? Увесь яго маёнтак — адна гліняная печ, ды і тая развалілася.
Пачуў пра гэта кот Максім. Паклікаў ён свайго гаспадара ўбок і шэпча яму:
— Ня бойся! Усё добра будзе.
Запраглі царскія канюхі самых лепшых коней у самую лепшую карэту. Сеў цар у карэту і паехаў. А кот наперадзе пабег — дарогу паказваць.
Едзе цар, едзе, пад'яжджае да маёнтку Зьмея Гарынавіча. Кот наперадзе бяжыць. Бачыць: пастухі вялікую чараду кароў пасуць. Падбягае ён да пастухоў.
— Чые вы? — пытаецца.
— Зьмея Гарынавіча.
Кот натапырыў вусы, грозны стаў:
— Не кажыце нікому, што вы пастухі Зьмея Гарынавіча, а кажыце — Марціна Глінскага-Папялінскага. Бо за мною ляціць Гром зь Пяруном — ён заб'е вас.
Сказаў так кот Максім і пабег далей. Сустракае вялікую чараду коней. Падбег да канюхоў і пытаецца:
— Чые вы, канюхі?
— Зьмея Гарынавіча.
— Не кажыце, што вы Зьмея Гарынавіча, а кажыце — пана Глінскага-Папялінскага. Бо за мною ляціць Гром зь Пяруном — ён заб'е вас.
Тым часам царская карэта з громам пад'ехала да пастухоў.
— Чые вы? — пытаецца ў іх цар.
— Пана Марціна Глінскага-Папялінскага, — адказваюць пастухі.
— О, — дзівіцца цар, багаты пан Глінскі-Папялінскі!
Гэтак-жа адказалі і канюхі.
Пакуль цар ехаў, кот прыбег у двор Зьмея Гарынавіча. Убачыў самога Зьмея і крычыць.
— Хавайся, Зьмей
Спужаўся Зьмей Гарынавіч:
— Куды-ж мне схавацца?
Кот паглядзеў і ўбачыў вялікае дуплё ў старой ліпе.
— Лезь хутчэй сюды! — кажа Зьмею.
Залез Зьмей у дуплё, а кот забіў дуплё паленам ды яшчэ і глінаю замазаў. Потым пабег да Зьмеевых слуг.
— Чые вы? — пытаецца.
— Зьмея Гарынавіча.
— Не кажыце нікому, што Зьмея Гарынавіча, а кажыце, што пана Марціна Глінскага-Папялінскага. Бо за мною ляціць Гром зь Пяруном — ён заб'е вас.
— Добра, — кажуць напалоханыя слугі.
Прыехаў цар у маёнтак Зьмея Гарынавіча. Слугі кінуліся сустракаць яго.
— Чый гэта маёнтак? — пытаецца цар.
— Пана Марціна Глінскага-Папялінскага! — у вадзін голас адказалі слугі.
— Ну, што-ж, — кажа цар, — сапраўды багаты пан Глінскі-Папялінскі. Аддам за яго дачку.
Тут цар вярнуўся ў свае палацы, паклікаў музыкаў і загадаў іграць вясельле.
Усяго там было: хто хацеў, тое піў і еў. І я там быў, еў і піў, па барадзе цякло, а ў роце ня было.
Аб дурню і залатым птаху
Было ў ваднаго чалавека трох сыноў: двух разумных, а трэйці — дурны. Старэйшы ўмеў на скрыпцы йграць, серадольны — на дудцы, а найменшы — дурны, — усё, седзячы на печы, лучыну стругаў. Вырасла ў таго гаспадара ў садочку яблынка, а на ёй расьлі залатыя яблычкі. Аднаго разу агледзілі яны, што кажнаю ноччу не ставала аднаго яблычка. Выправіў бацька старэйшага сына пілнаваць, а ён прыставіў драбінку да яблыні і йграе сабе ды йграе. Адно-ж на раніцу яму спаць захацелася, ён задрамаў, а тымчасам нешта зашумела. Прачнуўся, аж нідзе нічога няма, толькі яблычка не стае. Пайшоў ён да бацькі змаркоціўшыся, што не дапільнаваў.
На другую ноч серадольны кажа:
— Пайду ўжо я, я дапільную.
Як прыйшла другая ноч, пайшоў ён із сваёй дудкай, сеў на драбінцы ды йграе сабе на ўсякія лады. Грае ён так, грае, ледз узыйшла зарніца, а яму спаць захацелася; ён задрамаў, аж чуе скрозь сон, што нешта зашумела. Пакуль ён прачнуўся, ізноў аднаго яблычка няма. Брыдка й яму ісьці ў хату, што не дапільнаваў яблычка.
А ўжо той дурны кажа:
— На чым стану то стану, а такі мушу дапільнаваць залатых яблычкаў. — Усе толькі ўсьміхнуліся на тую гутарку.
Прышла трэйцяя ноч, дурны, такі ўжо рызыкоўны, выбіраецца ўжо на драбіну, набраў із сабою лучыны ды й пачарапкаўся якраз на яблынку. Стругае ён сабе, стругае ды й падсьпеўвае. Ледзь пачало на сьвет займацца, аж чуе шчэ здалёк, што нешта шуміць. Прытаіўся ён на драбінцы, ажно-ж залаты птах вялікі, большы за жураўля, ляціць проста на залаты яблычак. Птах да яблынкі, а ён яго — цап за хвост. Птах вырваўся і яблычка ня ўкраў, толькі тры пярынкі засталося ў дурнога ў руцэ. Бяжыць ён з радасьцю ў хату: