Шрифт:
Янка Купала
Безназоўнае
1
Спачатку яно шалясцела
Вельмі нясмела,
А потым лізнула аконца
Ціха, як сонца.
Назаўтра ўзняло галасочак,
Нібы званочак,
Ды ў час празвінела так далей
Збуджанай хваляй.
На трэці дзень чуцен быў гоман,
Хоць і надломан,
Але ўжо больш вольны, дасціпны,
К сэрцу прыліпны.
А далей яно зашумела
Надта ўжо смела,
Аж
Здольна, разлегла.
Па пушчах пайшло бураломам -
Дома, за домам.
Бунтарскае грымнула слова
Аж да аковаў.
Скаваная сіла паўстала
Бурай… навалай…
Надзелі чырвоныя кветкі
Нашы палеткі.
Во як пачалося ў нас ціха
Тое ўсё ліха,
Што нат беларускія межы
Ўсталі з залежы.
2
Масты старыя спалены -
Старыя ланцугі;
Паложаны падваліны
Пад новыя сцягі.
Узводзіцца будыніна
На іншы склад і лад…
Вароты не зачынены:
Прыходзь і кум, і сват.
Ідуць, ідуць з аглядкаю,
Варожаць варажбу:
Ці доўга так пасвяткуе
Той лад сваю сяўбу.
Яшчэ не дрэме чорнае
Ў закутках груганнё
І душы непакорныя
Сачыць, як воўк ягнё.
Мяркуюць так і раюцца
Ідучы сват і кум…
Ніхто не дакапаецца
Да іхніх слоў і дум.
Ой, крыўда чалавечая,
Вякамі ты расла,
Пажарамі і мечамі
Паслася, як магла.
Калі ж ты забабонамі
Пакінеш нас карміць,
Над роднымі загонамі
Пятлю крутую віць?!
3
Ой, была ж бяседа, была
Вельмі гучная бяседа!
–
Не адходзіла ад стала
Плойма-чарада суседаў.
Як на рынак ці на кірмаш,
Ад нядзелі да нядзелі,
На каравай пшанічны наш
Машкарой ляцелі, елі.
А маковае малако,
Засалоджанае мёдам,
Пілі смагла, ажно цякло
Па губах іх мімаходам.
А закусвалі мёд і яду
Гаспадыньскай ласкай удзячнай,
Тут жа дзьмуў дудар у дуду,
Каб было піць, есці смачна.
Дый прыйшлося плаціць чарадзе
Той за гэта баляванне,
Бо дарма такога нідзе
Не бывае частавання.
Ой, пайшла расплата за доўг -
За яду й пітво адразу…
Задымеў, зацьміўся разлог,
Зварухнуў усю заразу.
Хто у рукі папаў - заплаціў,
Іншы ўцёк за многа міляў.
А найболей - кожны скруціў…
Так не ўсе і заплацілі.
4
Было яно калісьці,
Калі, як жаўталісце,
Жылі мы - не жылі;
Ішлі дні без карысці,
І сорам было выйсці
У свет з сваёй зямлі.
Гнаў лісце злосны вецер
Па полі, па ўсім свеце,
За вёску, за сяло;
На нас ляцела смецце,
Бязладдзе, беспрасвецце,
Пятлю віло сіло.
І гэтакая слава,
Як пошасці праява,
Буяла па людзях,
Пакуль жыццё ласкавай
Усмешкай і забавай
Не асвяціла шлях.
Забліскацелі лужы,
Бяда звілася вужам…
– Ідзе, - крычаць, - вястун!..
І ўзняўся нехта дужы,
І кінуў кліч дасужы -
Як помста, як пярун.
Ад воклічу прарока
Схіснулася памрока,
Сцяг падняла вясна,
І па зямлі шырокай,
Як можа змерыць вока,
Пабегла навіна.
Сяляне і сялянкі!
Цацанкі-абяцанкі
Збываюцца для вас;
Выходзьце на палянкі,
Як зоры, як заранкі,
І сейце ў добры час.
5
Мы ўсталі песняй-казкаю
Пад жудаснай павязкаю
Мінулых чорных дзён
І ўдаль ідзём, хоць ляскае
Звяр’ё ў кутах няласкаю -
На дальшы кліча сон.
Але, але не выламе
Ні клыкамі, ні віламі
Таго, што ажыло,
Што ўскрэсла над магіламі,
Над хатамі пахілымі -
Мінуламу назло.
Не ўзяць рукамі голымі
Таго жывога полымя,
Што, нібы агняцвет,
Вясёлымі саколамі
Над горамі, над доламі
Разносіць іскры ў свет…
… … … … … .
А гоні ўжо узораны,
І сілы распакораны
Ад паншчынных бядот.
Чакаюць стравы жораны -
Зярнятаў незамораных,
Чакаюць на ўмалот.
А лапці і анучыны
Адбэрсаны, адкручаны,
Нуда маўчыць ціхом;
Спраўляюцца заручыны
Вясельніцы засмучанай
З вясёлым жаніхом.
Лявоніха… Мяцеліца…
Без памяці вяселяцца…
– Гэй, дзьмі ў дуду, дудар!
Аколіца-аселіца
Пад ногі сонцам сцелецца…
Збудзіўся гаспадар!..
6
…пайшла, і пайшла -
Як бы хто набаяў -
Ад сяла да сяла
Гутарка такая:
Беларусь на куце
Ў хаце сваёй села, -
Чарка мёду ў руцэ,
Пазірае смела.
Сядзіць важна, сама
Сабе гаспадыня,
І прыбрана яна -
Ніхто не закіне:
На галоўцы вянок
З сініх васілёчкаў,
А чырвон паясок
Стан абвіў дзявочы.
Так сядзіць і глядзіць,
Ці усё, як трэба, -
Трэба ўсім дагадзіць